ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Але ўся справа ў тым, што «Літва Міндоўга», як і ўся Літва, знаходзілася не ў Аўкштайціі, а ў Верхнім Панямонні, дзе і Варута. Ужо летапіснае паведамленне, што «Даниил возведе на Кондрата Литву Миндовга Изяслава Новогородского», дае зразумець, што «Літва Міндоўга» і Новагародак знаходзіліся блізка адна ад другога. Відаць, гэта блізкасць была прычынай таго, што Э. Гудавічус, які прысвяціў «Літве Міндоўга» спецыяльнае даследаванне і які лічыць, што яна знаходзілася на поўдні сучаснай Літвы, нават не ўказаў, дзе і ў якім кантэксце яна ўпамінаецца. Блізкасць «Літвы Міндоўга» ад Новагародка дае магчымасць вызначыць (хоць прыблізна) месцазнаходжанне Варуты. Хаця яе атаясамліванне з сучасным Гарадзішчам не можа з’яўляцца бясспрэчным, аднак яно можа быць блізкім да ісціны. Мы са свайго боку пра месцазнаходжанне і назву Варуты выказваем такое меркаванне. Між рэкамі Сэрвеччу і Валоўкай ёсць невялічкая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такой назвай. Магчыма, на месцы аднаго з іх і знаходзілася Варута. У першапачатковай рэдакцыі летапісу, створанай, як меркаваў У. Пашута, у Новагародку, магло быць напісана, што Міндоўг «вниде во град во Руту». Паўтарэнне прыназоўнікаў характэрна для Новагародскага летапісу: «на реце на Немне», «за Домонтом за Нильшанскім», «На Романа на Брянского». Пазнейшы рэдактар, устаўляючы Новагародскі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова і, зрабіўшы іншыя рэдакцыйныя змены, напісаць «вниде во град нменем Ворута». Магчыма, што Варута знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаны на р. Руце і дзе ёсць гарадзішча.

Менавіта «Літву Міндоўга» разам з правабярэжнай Літвой і Нальшчанамі ваяваў у 1258 г. татарскі ваявода Бурундай. Але Р. Батура мяркуе, што пад «зямлёй Літоўскай» у летапісе трэба разумець Новагародскае княства, якое нібыта ўжо належала Літве. Аднак ён не ўлічыў таго, што ў гэты час Новагародак не атаясамліваўся з Літвой, пра што сведчыць згаданае вышэй летапіснае паведамленне аб заснаванні Войшалкам манастыра паміж Літвой і Новагародкам. У 1262 г. Міндоўг помсціў валынскаму князю Васільку за яго ўдзел у паходзе Бурундая нападам на валынскія гарады. Паказальна, што атрады літвы і ў гэты раз адступалі праз Пінскую зямлю, што яшчэ раз сведчыць аб знаходжанні «Літвы Міндоўга» паміж Пінскай і Новагародскай землямі. 3 гэтага вынікае, што Бурундай не мог ваяваць адзіную ў той час Літву, якая знаходзілася ў Верхнім Панямонні і з якой ён перайшоў у Нальшчанскую зямлю. Хоць апошняя пакуль што даследчыкамі дакладна не лакалізавана, аднак бясспрэчна, што яна, мяжуючыся з Літвой, знаходзілася на паўночным захадзе сучаснай Беларусі. I калі Бурундай, рухаючыся з паўднёвага ўсходу, прайшоў праз Літву ў Нальшчаны, то лівонцы і рыжане, якія рухаліся з паўночнага захаду, праз Нальшчаны (durch Nalsen) праніклі ў Літву. Гэта яскравае супадзенне ў паказаннях Іпацьеўскага летапісу і Лівонскай Рыфмаванай хронікі — яшчэ адно відавочнае сведчанне, дзе была Старажытная Літва. Суседствам Новагародка і «Літвы Міндоўга» тлумачыцца факт з’яўлення апошняга ў гэтым горадзе.

Гэты вывад зроблены намі, як бачна, на падставе пісьмовых сведчанняў X–XIII стст., якія не заўважаліся ранейшымі даследчыкамі і якія пацвярджаюцца тапанімікай. I толькі яны могуць пацвердзіць сапраўднае месцазнаходжанне пачатковай Літвы. Таму трэба адкінуць спробы некаторых ранейшых і сучасных даследчыкаў рабіць гэта на падставе пісьмовых звестак пазнейшага часу (XV–XVI стст.), бо тады ўжо назва Літвы пашырылася, у тым ліку і на ўсход сучаснай Летувы ў сувязі з пераходам сталіцы ў Вільню. Так, А. Краўцэвіч у сваёй кнізе «Стварэнне ВКЛ» (Мн., 1998. с. 114) называе прыведзеныя намі сведчанні ўскоснымі і таму непераканаўчымі. Гаворачы аб тапонімах «Літва», прыведзеных намі пры лакалізацыі Старажытнай Літвы, ён заўважыў, што яны не з’яўляюцца дастатковым аргументам у такім дэталёвым раяніраванні. Але ён чамусьці не заўважыў, што ўсе ўказаныя тапонімы супадаюць з прыведзенымі намі пісьмовымі звесткамі і што нідзе ў наяўнасці такіх тапонімаў няма. А. Краўцэвіч, напрыклад, гаворыць, што тапонімы «Літва» маглі ўзнікнуць на мяжы з Пінскай зямлёй як перыферыйныя айконімы на мяжы гістарычных раёнаў ВКЛ «Літва» і «Палессе». Але гэтыя тапонімы ўзніклі не толькі на мяжы з Палессем, a і на мяжы з Менскай і Полацкай землямі, і ўсе яны, як было бачна, знаходзяцца ў згодзе з пісьмовымі дадзенымі XI–XIII стст. Хаця наша лакалізацыя Літвы абапіраецца на шмаглікія факты, тым не менш А. Краўцэвіч лічыць яе самым слабым месцам нашага даследавання. Аднак гэты папрок трэба аднесці да самога А. Краўцэвіча. Ён лакалізуе Літву на тэрыторыі ад правых прытокаў Нёмана да Віліі. 3 усходу на захад яна размешчана ад Крэва (крыху на ўсход ад яго) і да Вільні (крыху на захад ад яе). Але гэта бачна толькі на карце, бо дэталёвага абгрунтавання гэтага ў кнізе няма. Праўда, зроблена спасылка на М. Любаўскага, але той абапіраўся на звесткі XV–XVII стст., якія не могуць быць прызнаны верагоднымі ў гэтым пытанні, бо ў той час назва Літвы значна пашырылася. Паўтараем, толькі на падставе звестак XI–XIII стст. можна лакалізаваць пачатковую Літву.

Зараз, калі больш дэталёва пачало разглядацца пытанне ўтварэння ВКЛ, шэраг даследчыкаў, асабліва летувіскіх, пачалі з асаблівай настойлівасцю даказваць, што пачатковая Літва і знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Летувы. Пры адсутнасці на гэта пісьмовых доказаў упор робіцца на археалагічныя матэрыялы. Так, у Вільні знойдзены рэшткі каталіцкага храма, і сцвярджаецца, што ён быў пабудаваны Міндоўгам у сваёй сталіцы, калі ён прыняў каталіцкую веру. Або сцвярджаецца Т. Баранаўскасам і Г. Забелам, што дваром Міндоўга з’яўлялася Латва (Анікшчанскі р-н, Летува). Аднак археалагічныя дадзеныя могуць толькі сведчыць аб характары культуры, ступені яе развіцця, але яны не могуць устанавіць тагачасную назву той ці іншай тэрыторыі, бо на гэта могуць ўказваць толькі пісьмовыя звесткі.

Было зроблена пярэчанне, што тэрыторыю, паказаную намі як Літву, з IX ст. займалі славяне і што тут з X ст. існаваў старажытнарускі горад Ізяслаўль. Аднак славяне на гэтым месцы, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не былі аўтахтонамі, бо да іх, як зазначае Ф. Гурэвіч, «тут жылі балцкія плямёны культуры штрыхаванай керамікі». На гэта ўказваюць і археалагічныя помнікі, такія, як Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), Бяздоннае, Кабакі, Ніз (Слонімскі р-н), Валожын (Валожынскі р-н), Дзяржынск, Навасады, Старая Рудзіца (Маладзечанскі р-н) і інш.

Трэба зазначыць, што першапачаткова ў канцы X ст. падпадала хрысціянізацыі толькі славянскае насельніцтва, а іншапляменнае заставалася ў язычніцтве. Вось чаму астравы балцкага насельніцтва яшчэ доўгі час існавалі на Беларусі, як, напрыклад, у раёне Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н) і інш. Насельніцтва іх было ахрышчана ў каталіцкую веру па ўмове Крзўскай уніі 1385 г. Між іншым, гэтым і тлумачыцца, чаму ў Абольцах і Гайне былі пабудаваныя першыя касцёлы на тэрыторыі Беларусі. Не выключана, што насельніцтва гэта, у тым ліку і Старажытнай Літвы, акружанае славянамі, у значнай ступені асімілявалася і было не столькі балцкім, колькі язычніцкім. Як убачым, Міндоўг і Войшалк спачатку былі язычнікамі. Нездарма ж пазнейшы Хлебнікаўскі летапіс у адрозненне ад «Аповесці мінулых часоў» Літву змяшчае сярод славянскіх плямёнаў.

У святле прыведзеных намі фактаў цяжка пагадзіцца з думкай, што найбольш раннія ўпамінанні Літвы адносяцца да ўсходняй, цэнтральнай і занямонскай частак сучаснай Літвы. Гэта адхіляецца першым жа ўпамінаннем Літвы пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах. Ужо тое, што ў гэтай лацінамоўнай крыніцы назва «Літва» выступае ў славянскай форме і што тут гаворыцца аб яе сумежжы з Руссю (in confinio Rusciae et Lituae), сведчыць аб тым, што гаворка тут можа ісці аб Літве ў Верхнім Панямонні, бо толькі ў такім выпадку яна магла межаваць з Руссю, ад якой тэрыторыя сучаснай Літвы была адгароджана яцвягамі. Між іншым, у Летуве ўжо зараз пачалася шырокая падрыхтоўка да святкавання ў 2009 г. 1000-годдзя з часу ўпамінання Літвы ў пісьмовых крыніцах, прычым лічыцца, што яно адносіцца да тэрыторыі сучаснай Літвы. А гэта раўназначна таму, калі б 4 ліпеня 1957 г. беларусы адзначылі 800-годдзе першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах Белай Русі, паколькі ў адной з іх пад 1157 г. гаворыцца: «По смерти Юриеве (Даўгарукага) ростовцы, суздальцы и владимирцы со всеми городы здумавше пояше Андрея (Багалюбскага), старейшаго Юриева сына, и посадиша его на отчим столе во всей Белой Руси иуля 4 дня». 3 гэтага асабліва відавочна, што як Андрэй Багалюбскі не можа лічыцца беларускім князем у сучасным значэнні гэтага слова, бо ў той час пад Белай Руссю разумелася іншая тэрыторыя (цэнтр сучаснай Расіі), так і Міндоўга і іншых так званых літоўскіх князёў нельга лічыць за такіх у сучасным значэнні гэтага слова, бо ў той час пад Літвой разумелася іншая тэрыторыя (Верхняе Панямонне).

Сапраўднае месцазнаходжанне Старажытнай Літвы пацвярджаюць і наступныя паведамленні аб Літве, звязаныя са згаданымі вышэй паходамі на яе Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг. У Я. Длугаша знаходзім дадатковыя звесткі аб гэтым, а менавіта тое, што кіеўскі князь «разбіў на палях слонімскіх (прыгадаем, што тут ёсць таксама тапонім «Літва» — М. Е.) і завалодаў ёй да Нёмана», г. зн. захапіў яе левабярэжную частку. Прыведзеныя факты абвяргаюць і думку, што тапонімы «Літва» ва ўказаным намі рэгіёне з'явіліся ў выніку прасоўвання сюды пазней (калі менавіта, не ўказваецца) літоўскіх паселішчаў. Аднак падзеі 1009, 1040 і 1044 гг. паказваюць, што ўжо ў XI ст. гэта мясцовасць называлася Літвой.

Некаторыя даследчыкі, каб даказаць знаходжанне Старажытнай Літвы на поўдні сучаснай, з назвы рэчкі «Летаўка» (правы прыток Віліі ў раёне г. Кернаў) выводзяць назвы «Летува — Летава — Літва». Аднак гэта вельмі праблематычна, бо ў самых ранніх пісьмовых звестках, як і ў тапаніміцы. адлюстравалася назва «Літва», а не «Летува» і не «Летава». Ва ўсякім выпадку нельга бачыць толькі ўказаны спрэчны гідронім і не заўважаць цэлае гняздо адзначаных вышэй красамоўных тапонімаў «Літва» ў Верхнім Панямонні. Нельга прызнаць удалай і спробу лакалізаваць на тэрыторыі сучаснай Літвы ўладанні літоўскіх князёў XIII ст., згаданых у пісьмовых крыніцах. Справа ў тым, што тапонімы, падобныя на імёны названых князёў, ёсць не толькі на тэрыторыі Літвы, але і ў іншых мясцовасцях, у прыватнасці на Беларусі, як, напрыклад, Таўтвілы (Пружанскі р-н), Юткі (Мядзельскі р-н). Даўяты (Браслаўскі р-н), Руклі (Аршанскі р-н) і інш. Спасылка Р. Батуры на грамату Міндоўга ад 1253 г.нічога не дае для высвятлення месцазнаходжання Старажытнай Літвы ў Аўкштайціі, паколькі ў гэтым дакуменце пералічаны землі, якія нібыта належалі Літве, але што разумелася пад ёй, тут не відаць. Тое і ў адносінах дагавора Гедзіміна ад 2 кастрычніка 1323 г. Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён заключыў дагавор, назваць Аўкштайцію і Жамойцію, гаворыць аб іх такім агульнавядомым найменні ў той час і што тытул караля Літвы, такім чынам, паходзіў не адсюль. Гэта ж пацвярджае і П. Дузбург, у якога Аўкштайція паказана ў сувязі з падзеямі 1291–1300 гг. як «уладанне караля Літвы» (terra regis Litowia), з чаго відаць, што Літва і Аўкштайція — розныя ў той час геаграфічныя паняцці. Як доўга яшчэ трымалася назва «Аўкштайція» ўжо ў час існавання BKЛ, сведчыць упамінанне яе Вітаўтам у пісьме ад 11 сакавіка 1420 г. Тое, што ў 1268 г. Нальшчаны названы «правінцыяй Літвы», не гаворыць аб пашырэнні назвы апошняй на гэту зямлю, а толькі аб прыналежнасці яе да Літвы, што і адпавядала сапраўднасці, паколькі Войшалк заваяваў яе разам з Дзяволтай у 1264 г. Калі Вартберг паказаў Кернау ў Літве, то гэта зразумела, бо ён пісаў сваю хроніку пасля 1378 г., калі назва «Літва» ўжо замацоўвалася ў іншым месцы. Выказана яшчэ думка, што з тэрыторыі, якая нібыта з’яўлялася цэнтрам утварэння феадальнай літоўскай дзяржавы (г. зн. усходу і цэнтра сучаснай Літвы), у пачатку XIV ст. знікла назва «Літва» і заменена там назвай «Аўкштайція». У такім разе незразумела, чаму гэта назва адтуль знікла і калі і чаму яна там зноў з'явілася і замацавалася.

Аднак усё адбывалася інакш: спачатку ўсходняя частка сучаснай Літвы называлася Аўкштайціяй, пра што могуць сведчыць і такія тапонімы, як «Аўкштайцы», «Аўкштыня», «Гаўкштаны», «Аўкштадворы», «Аўкштэлі», і ім падобныя ў былых Быстрыцкай, Міляцкай, Міцкунскай, Няменчынскай, Рашанскай, Шырвінскай і Янішскай валасцях Віленскага пав., у Жосельскай, Алькенішскай і Сумілішскай валасцях Троцкага пав., у Аляксандраўскай воласці Лідскага пав. і ў Лынгмянскай воласці Свянцянскага пав. I толькі пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы ў Вільню ў пачатку XIV ст. назва «Літва» з Верхняга Панямоння паступова пачала пераходзіць на ўсход сучаснай Літвы і замацоўвацца там. Але адначасова яна прадаўжала захоўвацца і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі. У Магілёўскай хроніцы пад 1695 г. гаворыцца, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Менска і Слуцка. Наколькі гэта назва ў Верхнім Панямонні мела ўсеагульнае прызнанне і нават афіцыйнае, можа служыць той факт, што дзекабрыст А. Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага р-на, даў у Пецярбург такі свой адрас: «Литва, д. Выгоничи, в 40 верстах от Минска». Дзе знаходзілася ўласна Літва ў старажытнасці, добра ведаў і рускі гісторык М. Надзеждзін: «Уласна ў Літве ёй (літоўскай мовай. — М. Е.) гавораць ужо вельмі нямногія, і менавіта: адно паселішча ў павеце Вілейскім, некалькі сёл у паветах Навагрудскім і Слонімскім». Слушна адзначалася, што ў часы А. Міцкевіча Літвою называлі не толькі сучасную Літву, але і пэўную частку славянскай тэрыторыі. Аднак апошняя насіла такую назву не таму, што яна калісьці ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, а таму, што менавіта тут і была ў далёкія часы ўласна Літва.

Са знаходжаннем летапіснай Літвы ў Беларускім Панямонні звязана і тое, што насельніцтва яго, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе па-ранейшаму ліцвінамі. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць гэта ўжо з канца XIII — пачатку XIV ст. Так, П. Дузбург, напрыклад, у сваёй хроніцы два разы (пад 1296 і 1305 гг.) піша пра змаганне нямецкіх рыцараў з літоўскімі і абодва разы заўважае, што апошнія былі рускімі, г. зн. толькі па назве былі ліцвінамі, а па сутнасці з’яўляліся славянамі. У «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» пад 1405 г. гаворыцца пра Андрэя Літвіна, які раіў Вітаўту не ісці на згоду з непрыяцелем, крыкнуўшы пры гэтым: «Не мири, Витавте, не мири». 3 прычыны гэтага Вітаўт празваў яго Нямірам, ад якога і род такі пайшоў. Як бачым, ні гэты ліцвін, ні вялікі літоўскі князь не гаварылі па-літоўску. У інтэрмедыі драмы Георгія Каніскага «Воскресение мертвых» (1746) пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін. А. Міцкевіч (1798–1855), які нарадзіўся пад Навагрудкам, сваю айчыну называў Літвой. Нават беларускі пісьменнік ХІХ ст. В. Дунін-Марцінкевіч (1807–1884), якога таксама нельга западозрыць у адсутнасці беларускай нацыянальнай свядомасці, лічыў, што ён вырас сярод ліцвінаў. Гэтак жа ўраджэнец Гродзеншчыны К. Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60-я гады XIX ст. і які заўсёды звяртаўся да свайго народа на беларускай мове, як правіла, называў родны край Літвой. Называе сябе ліцвінам і адзін з герояў трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (у ёй паказваюцца падзеі пачатку XX ст.) Баранкевіч, хаця ён і беларус. Мы не будзем больш прыводзіць аналагічныя прыклады, бо Я. Юхо пераканаўча паказаў, што назва «Літва» на працягу многіх стагоддзяў адносілася да Беларусі і была, па сутнасці, яе гістарычным найменнем. Толькі на пачатку XX ст., калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назва «Беларусь» замацавалася і за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы адтуль назву «Літва», якая з таго часу стала адносіцца толькі да сучаснай Літвы.

Поделиться с друзьями: