ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Малаверагодная бітва пад Койданавам, бо звесткі пра яе яшчэ больш супярэчлівыя. У «Хроніцы Быхаўца» сказана, што заволжскі татарскі цар Балаклай сабраў вялікую раць і пайшоў на Русь. А вялікі князь Скірмант, сабраўшы сваё войска ў Койданаве, перамог усю раць татарскую і самога цара забіў. У літаратуры гэта падзея адносілася да 1241 г. Апроч таго, указваецца яшчэ адна бітва пад Койданавам, у якой нібыта Міндоўг у 1240 г. разбіў татараў, якіх узначальваў Кайдан, і яго саюзнікаў галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васілька. Прычым сцвярджаецца, што Кайдан загінуў тут, і таму пайшла назва «Койданаў», які да гэтага называўся Крутагор’ем. Гэта найбольш пашыраная версія, і яна нават увайшла ў сучасныя падручнікі па гісторыі Беларусі. У «Запісках Кацярыны II» прыведзены звесткі аб бітве пад Койданавам у 1276 г., якія нагадваюць падзеі бойкі 1241 г.

Паколькі ўсе гэтыя бітвы звязаны з татарамі, то яны не маглі адбыцца ні ў 1241, ні ў 1249 гг., бо, як паказваюць даследаванні, першае ўварванне татараў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў 1258 г. Бітву 1241 г. мы наогул павінны адкінуць як выдуманую, бо ніколі не было ні вялікага літоўскага князя Скірманта, ні татарскага хана Балаклая. Нешта ёсць падобнае ў падзеях 1249 і 1258 гг. Сапраўды, князем літоўскім тады быў Міндоўг, разам з татарамі ішоў валынскі князь Васілька. Але татараў узначальваў не Кайдан, а Бурундай, і, што самае важнае, ніякай перамогі Міндоўг не атрымліваў: татары на чале з Бурундаем без супраціўлення занялі землі Літоўскую і Нальшчанскую. Гэта пацвярджае і Наўгародскі I летапіс, у якім сказана, што татары ўзялі ўсю зямлю Літоўскую, а саміх пабілі.

Трэба зазначыць, што ёсць яшчэ сумненні ў праўдзівасці існавання Кайдана. Сярод татарскіх ханаў, военачальнікаў і ваяводаў ён не значыцца. Праўда, у татарскага хана Менгу Цімура, які цараваў у Залатой Ардзе з 1266 па 1280 г. быў сын Кадан. Менавіта ў Менгу Цімура галіцкі князь Леў Данілавіч прасіў дапамогі ў паходзе на Новагародак. У 1274 г. Менгу Цімур даў татарскае войска, але яго ўзначаліў не Кадан, а ваявода Ягурчын. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, татары схадзілі на Новагародак і ў 1277 г. Таму можна меркаваць, што яны ішлі праз Койданаў. Але, па-першае, пацярпеўшы там паражэнне, яны б не пайшлі далей. Па-другое, узначальваў гэта войска татараў не Кайдан, а ваявода Мамшэй. Усё адзначанае сведчыць, што Койданаўскай бітвы не магло быць ні ў 1274, ні ў 1276, ні ў 1277 гг. Апроч таго, тапонім «Койданаў» на Беларусі не адзін: населены пункт з такой назвай быў таксама недалёка ад г. Паставы, што таксама ставіць пад сумненне паходжанне гэтай назвы ад татарскага хана.

3 вышэйсказанага вынікае, што Магільнянская і Койданаўская бітвы — гэта хутчэй за ўсё міфы, створаныя ў XVI ст. для ўзвелічэння літоўскіх князёў, якія быццам толькі адны маглі супрацьстаяць татара-мангольскім заваёўнікам, чаго ў сапраўднасці не было.

Вядома, нельга адмаўляць пагрозы татарскага нашэсця, якая вісела над беларускімі землямі, бо ўварванні татараў, як мы ўжо бачылі, сапраўды былі. Аднак і нельга справу паказваць так, нібы толькі Літва магла абараніць Беларусь ад татарскай заваёвы. Яна не магла абараніць і сваёй зямлі ад татараў, як гэта было ў 1258 г. Вось чаму беларускія феадалы не маглі бачыць у асобе літоўскіх князёў сілу, здольную абараніць іх ад татараў. Вось чаму беларускім феадалам не было патрэбы дзяліцца з літоўскімі феадаламі сваёй «рэнтай».

Тое, што Беларусь не ведала татара-мангольскага пагрому і панавання, мела для яе важнае значэнне, якое пакуль што яшчэ не ацэнена ў гістарычнай навуцы. Як вядома, мангола-татарскае панаванне перапыніла і замарудзіла працэс палітычнага аб’яднання рускіх і ўкраінскіх земляў, падарвала іх прадукцыйныя сілы. Усяго гэтага пазбегла Беларусь. Яе аб’яднанне не было спынена, а яе прадукцыйныя сілы ў выніку прытоку новага насельніцтва яшчэ больш узраслі. Усё гэта і было прычынай таго, што фарміраванне тэрыторыі Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці пайшлі хутчэй, чым аналагічныя працэсы ў іншых усходнеславянскіх землях. Так, калі ў першай палове XIV ст. пры Іване Каліце пачало толькі ўзвышацца Маскоўскае княства — ядро будучай Велікаросіі, то беларускія землі к гэтаму часу амаль усе былі сабраны і аб’яднаны ў Вялікім княстве Літоўскім. Беларускія феадалы выкарысталі ў сваіх інтарэсах выгадную для іх кан’юнктуру, у прыватнасці аслабленне рускіх і ўкраінскіх земляў у барацьбе з татарамі, і заваявалі значныя часткі іх тэрыторый.

Паколькі культурныя цэнтры Беларусі не былі разбураны, беларуская культура развівалася без перашкод, што было прычынай яе высокага ўзроўню. Таму яна і заняла пануючае месца ў ВКЛ, а беларуская мова стала ў ім дзяржаўнай.

Што да нямецкай агрэсіі, то яна сапраўды з’явілася цяжкім ударам для Полацка. У выніку яе Полацкае княства было адсечана ад Балтыйскага мора, што істотна паўплывала на далейшую гісторыю Беларусі. Аднак, гаворачы пра гэта, нельга справу паказваць так, нібы беларускія землі знаходзіліся ў бязвыхадным становішчы і іх магла выратаваць толькі Літва. Не меншую пагрозу нямецкая агрэсія несла і народам Прыбалтыкі, якія разам з Полаччынай сталі аб’ектам нападу «псоў-рыцараў». Апошнім удалося, пакарыўшы балцкія плямёны прусаў, куршаў і земгалаў, з трох бакоў акружыць Жамойцію. Над ёй, як над іншымі балцкімі землямі, навісла смяротная пагроза. Са сказанага відаць, што нямецкай агрэсіяй былі запалоханы не толькі беларускія, але яшчэ ў большай ступені феадалы балцкіх земляў. Калі Полаччына страціла набытыя ёю ў Ніжнім Падзвінні землі, то балты трацілі свае карэнныя землі. Дык хіба маглі феадалы Літвы ў гэты час адважыцца на заваёву беларускіх земляў, хіба маглі беларускія феадалы ў іх асобе бачыць абаронцаў ад нямецкай агрэсіі?

У даследаваннях па гісторыі адзначаецца, што нямецкая агрэсія прымусіла балцка-літоўскія землі аб’яднацца і гэтым самым паскорыла працэс утварэння Літоўскай дзяржавы. Гэта, маўляў, і дало магчымасць літоўскім феадалам заваяваць беларускія землі, якія нібыта былі раз’яднаныя. Аднабаковасць гэтай схемы відавочная, бо застаецца незразумелым, чаму тая ж самая нямецкая агрэсія не прымусіла аб’яднацца беларускія землі. Мы ўжо гаварылі, што раз’яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, земляў у XIII ст. надзвычай перабольшана. На горкім вопыце пазнаўшы смяротную пагрозу нямецкай агрэсіі, Полаччына шчыльней згургавалася для адпору ворага. Трэба сказаць, што Полацк не адразу разгледзеў сапраўдную сутнасць нямецкіх рыцараў. Полацкі князь Уладзімір у 1186 г. даў нямецкаму манаху Мейнарду, відаць, угледзеўшы ў яго дзейнасці толькі місіянерскі, а не захопніцкі характар, дазвол на права хрышчэння ліваў, якія залежалі ад Полацка. Яшчэ больш легкадумна паставіліся напачатку да рыцараў у іншых краінах Усходняй Еўропы. Літоўцы (летоны) у 1202 г. заключылі дагавор з біскупам Альбертам супраць земгалаў. Мазавецкі князь Конрад у 1225 г. запрасіў тэўтонаў для барацьбы з прусамі. Не раз сумесна з рыцарамі дзейнічалі пскоўскія і наўгародскія атрады. Гэтая бесклапотнасць і была адной з прычын першых поспехаў немцаў ва Усходняй Еўропе. Для Полацка яна абярнулася стратай Ніжняга Падзвіння.

Згуртаванасць Полаччыны ў барацьбе з крыжакамі вельмі добра выяўлена ў «Хроніцы Лівоніі». Так, паводле яе, для паходу на тэўтонаў «полацкі кароль Вальдэмар (Уладзімір) сабраў войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў (удзельных князёў Полаччыны), сваіх сяброў і з вялікай храбрасцю спусціўся ўніз па Дзвіне». Хіба ж магло быць такое пры міжусобнай барацьбе?

Смяротная пагроза нямецкай агрэсіі, якая навісла як над Полацкам, так і над балцка-літоўскімі землямі, патрабавала з’яднання іх сіл. Яскравым сведчаннем гэтаму можа быць тое, што войска Уладзіміра Полацкага, з якім ён у 1216 г. сабраўся ісці на Рыгу, напалову складалася з літоўцаў. Важным фактарам у арганізацыі адпору рыцарам было ўмацаванне сувязяў Полацкай зямлі з суседнімі рускімі землямі, у першую чаргу з Наўгародскай і Пскоўскай. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца жаніцьба наўгародскага князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава ў 1239 г. Саюз Полацкай і Наўгародскай земляў быў важнай умовай перамогі над нямецкімі агрэсарамі на Чудскім возеры ў 1242 г., што ў далейшым палегчыла і абарону беларускіх земляў ад крыжакоў. Адзінства Полацкай, Наўгародскай і Пскоўскай земляў прывяло да перамогі над немцамі і ў 1262 г. пад г. Юр’евам.

Што ж заваяваў Міндоўг?

Раздробленасць беларускіх земляў, літоўскія набегі на іх, татарамангольскае нашэсце і нямецкая агрэсія — усё тое, што ў гістарычнай навуцы прымаецца за фактары, якія нібыта абумовілі так званае літоўскае панаванне над Беларуссю, трымаецца, па сутнасці, на традыцыі, якая ідзе ад гісторыка-публіцыстычных твораў XVI ст. Аднак іх легендарнасць, як было паказана вышэй, не выклікае сумнення.

Немалаважную ролю ў жывучасці міфа аб літоўскай заваёве мела тое, што дзяржава называлася Літоўскай. Але мы ўжо паказалі, што ў час утварэння яе назва «Літва» адносілася не да сучаснай Літвы. Акрамя таго, не варта на ўсе выпадкі гісторыі пашыраць звыклае ўяўленне, што дзяржава атрымлівае назву ад той сваёй часткі, якая дамінавала падчас яе ўтварэння. Заходняя балцкая зямля Прусія была ў канцы XII ст. канчаткова заваявана немцамі і пасля анямечана. Аднак назвы сваёй яна не толькі не страціла, але і пашырыла яе на захад. У 1618 г. Прусія была далучана да Брандэнбурга, аднак і пасля гэтага захавала сваю назву, якая перайшла на Брандэнбург. Дык хіба на падставе яе назвы трэба лічыць Прусію дзяржавай не немцаў, а прусаў? Нешта падобнае адбылося і з Літвой. Заваяваная Новагародкам, яна таксама не страціла сваёй назвы і стала пашыраць яе на захад, у тым ліку і на сучасную Літву. I таму як нельга лічыць, што назва «Прусія» пашыралася з Берліна, так і нельга лічыць, што назва «Літва» пашыралася з Вільні. Цікава адзначыць яшчэ адну паралель. Як назва прусаў перайшла на ўсходніх немцаў і яны сталі называцца прусакамі, так і назва «літва» перайшла на панямонскіх беларусаў, якія доўгі час называліся ліцвінамі.

Прынята лічыць, што ў поўнай назве дзяржавы «Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае» другая ўключае ў сябе беларускія і ўкраінскія землі. Аднак ёсць падставы (на жаль, на іх не звяртаецца ўвага), якія могуць гаварыць пра тое, што паняцце «Рускае» стасавалася толькі да ўкраінскіх земляў, а паняцце «Літоўскае» — толькі да беларускіх земляў. Так, калі ў выніку Люблінскай уніі 1569 г. украінскія землі перайшлі да Кароны, г. зн. да Польшчы, і, такім чынам, больш не належалі Вялікаму княству, то летапісы апошняга, створаныя ў гэты час (Красінскага, Рачынскага, Румянцаўскі, Яўрэінаўскі і інш.), называюць сваю дзяржаву княствам Літоўскім і Жамойцкім. Таму можна зрабіць вывад, што пад Літоўскім тут разумеюцца беларускія землі, а пад Жамойцкім — літоўскія ў сучасным разуменні. Паказальна і тое, што беларуская мова тады часамі выступала пад імем літоўскай. Так, Л. Зізаній, тлумачачы значэнне загалоўка сваёй кнігі «Катэхізіс», гаворыць, што «по-литовски — это оглашение, русским же языком нарицается беседословие». Тут значэнне слова «літоўскі» тоеснае паняццю «беларускі», якое ў сваю чаргу адрозніваецца ад паняцця «рускі». Гэтак жа і Л. Бярында ў сваім «Лексіконе» (1627) беларускую мову таксама называе літоўскай. I ўжо ў XVIII ст. біскуп В. Садкоўскі пагражаў на слуцкім епархіяльным саборы мясцовым папам, якія ў сваёй практыцы ўжывалі беларускую мову: «Я вас скарэню, знішчу, што б і языка не было вашаго праклятаго літовского». Гэтыя і іншыя падобныя факты паказваюць, што паняцці «Літва» і «літоўскі» ў мінулым перш за ўсё адпавядалі сучасным паняццям «Беларусь» і «беларускі».

Застаецца яшчэ адзін довад на карысць версіі літоўскай заваёвы Беларусі, а менавіта тое, што ў канцы 40-х гадоў XIII ст. у Новагародскай зямлі стаў княжыць выхадзец з Літвы Міндоўг. Але ці з’яўлялася гэта толькі вынікам заваявання Новагародка Міндоўгам? Для высвятлення такога пытання трэба прыгадаць тое, што многія літоўскія князі і феадалы, пацярпеўшы паражэнне ў міжусобнай барацьбе, перабягалі ў суседнія краі (у Ордэн, Рыгу, рускія землі), дзе былі жаданымі людзьмі, там іх ахвотна прымалі, кампенсавалі страчаную маёмасць. Прыняўшы хрысціянства і атрымаўшы вайсковую сілу, яны нападалі на літоўска-балцкія землі, чынячы там пагром і разбурэнні. Нямала прыкладаў такіх перабежчыкаў у Ордэн прывёў у сваёй кнізе У. Пашута.

Поделиться с друзьями: