ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Як вядома, у 1397 г. Вітаўт, заключаючы мір з крыжакамі, абяцаў ім дапамагчы ў авалоданні гэтым горадам. Аднак, падначаліўшы Ноўгарад, ён, відаць, адмовіўся ад свайго абяцання і стаў лічыць Пскоў разам з Ноўгарадам сваім падуладным горадам. Як галоўную прычыну свайго намеру ён выставіў тое, што Ноўгарад прыняў да сябе яго заклятага ворага Юрыя Смаленскага. Летапісец, апісваючы падзеі нападу на Пскоўскую зямлю, характарызуе Вітаўта як «паганага», «сына д’ябла» і «няверніка». Вось на гэту характарыстыку трэба звярнуць увагу. Зыходзячы з яе, Вітаўта трэба лічыць язычнікам, хоць добра вядома, што ён быў хрысціянінам. Але ў гэты час таго, хто нападаў на якую-небудзь зямлю, лічылі паганым, бязбожнікам. У свой час вялікі князь Трайдзень, які неаднаразова нападаў на Валынскую зямлю, яе летапісцам таксама называецца язычнікам, што і дало падставу шэрагу даследчыкаў лічыць яго язычнікам. Але як і Вітаўт, так і Трайдзень не былі такімі.

А дзеянні Вітаўта на Пскоўскай зямлі былі вельмі жорсткімі. Захапіўшы г. Каложу і яго акругу, ён адных «нзсече», а іншых у колькасці 11 тысяч узяў у палон. Тое ж самае адбылося і на подступах да г. Вароніча, які яму ўзяць не ўдалося. Праўда, і пскоўцы ў адказ на дзеянні Вітаўта зрабілі набег на Полацкую воласць і ледзь не заваявалі сам Полацк. І ўсё ж, не змогшы процістаяць Вітаўту, Пскоў і Ноўгарад звярнуліся зноў па дапамогу да Васіля I, які больш не пасіўнічаў, а адразу аб’явіў вайну свайму цесцю. У чэрвені 1406 г. войскі аднаго і другога сышліся на рацэ Плаха, аднак без бою было заключана перамір’е. Гэтак жа закончылася сустрэча войскаў Вітаўта і Васіля I і ў 1407 г. пад Вязьмай. У наступным 1408 г. адбылася і трэцяя сустрэча войскаў ля ракі Угры (прыток Акі ў яе вярхоўі, зараз на тэрыторыі Калужскай вобл.). Знешнім повадам для гэтага паходу быў намер патрабаваць ад Васіля I, каб ён выдаліў Свідрыгайлу, які, будучы тады князем Северскім, уцёк у Маскву. Такі ўчынак гэтага князя некалькі можа здзівіць. Нам ужо вядома, што ў час заключэння Крэўскай уніі ён, як і Вітаўт, перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, змяніўшы праваслаўнае імя Леў на каталіцкае Баляслаў. I вось зараз, калі стаў назірацца ад’езд праваслаўных князёў у Маскву як адзінаверную краіну, у ліку іх і найбольш значным з’явіўся і католік Баляслаў. Па ўсім відаць, што ён нядоўга заставаўся ў каталіцкай веры, чаму спрыялі варожыя адносіны да яго католікаў Ягайлы і Вітаўта. Ён зноў вярнуўся ў праваслаўе, збег у Маскву, у якой хацеў бачыць сваю адзінаверную саюзніцу. Трэба зазначыць, па-першае, пераход адных беларускіх князёў і баяр у каталіцтва, што служыла ў канчатковым выніку Польшчы, па-другое, пераход шэрагу беларускіх князёў і баяр, якія заставаліся праваслаўнымі і станавіліся нераўнапраўнымі з католікамі, аддаваліся пад уладу Масквы, азначаў пачатак глыбокага расколу ў беларускім грамадстве, што ў далейшым і стала адной з прычын заняпаду нашай дзяржавы.

Сустрэча на Угры таксама закончылася мірна. Васіль I згадзіўся выдаліць Свідрыгайлу, праўда, з умовай, што яму нічога дрэннага зроблена не будзе. Вітаўт, са свайго боку, адмаўляўся ад умяшання ў справы Пскова і Ноўгарада. Такім чынам, у адрозненне ад Смаленска, барацьба Вітаўта за Ноўгарад не прынесла яму поспеху. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, наўгародская праблема як для Вітаўта, так і для яго наступнікаў канчаткова не знікла.

Але асаблівай увагі патрабуе яшчэ адна ўмова гэтага міру, а менавіта тое, што мяжа паміж BKЛ і Маскоўскім княствам ўстанаўлівалася па Угры, а гэта быў самы ўсходні рубеж нашай дзяржавы. У сувязі з гэтым можа паўстаць пытанне: чаму менавіта Вітаўт ішоў сюды, на гэта месца? Дык вось, некаторыя факты могуць сведчыць пра тое, што па Угры пралягала не толькі дзяржаўная мяжа паміж ВКЛ і Масквой, але і этнічная. Рэч у тым, што сучасныя расійскія дыялектолагі (у прыватнасці, М. Высоцкі) адзначаюць, што нават зараз жыхары, якія жывуць на захад ад Угры, у сваім вымаўленні ўжываюць «ў», чаго няма ў жыхароў на ўсходзе ад гэтай рэчкі. Як вядома, «ў» з’яўляецца характэрнейшай асаблівасцю беларускай мовы. Адсюль можна зрабіць вывад, што па Угры праходзіла мяжа між двума этнасамі, што і можа тлумачыць, чаму менавіта сюды прыйшоў Вітаўт і чаму тут пралягла мяжа паміж ВКЛ і Масквой.

Грунвальдская бітва: яе прычыны i вынікі

Хоць Вітаўт неаднаразова ў барацьбе са сваімі ўнутранымі і знешнімі ворагамі ўступаў у саюз з Ордэнам, аднак апошні для яго па-ранейшаму быў небяспечным ворагам. Крыжакі таксама выкарысталі паражэнне Вітаўта на Ворскле перш за ўсё імкненнем поўнасцю падначаліць сабе Жамойць, уступленую ім каторы ўжо раз Вітаўтам. Яны асабліва стараліся гвалтоўна навязваць жамойтам каталіцтва, а гэта выклікала ўпартае супраціўленне апошніх і прымушала іх уцякаць са сваёй зямлі. Рыцары ў лютым 1402 г. зрабілі спусташальны набег на Гарадзеншчыну (вотчыннае ўладанне Вітаўта). У адказ на гэта Вітаўт напаў на крэпасць Готэсвэрдэр і разбурыў яе, а жамойты напалі на горад Мемель, дзе прычынілі шмат шкоды і адкуль вывелі вялікі палон. Са свайго боку рыцары зрабілі паход на Вільню, але ўзяць яе не змаглі.

Ордэн, убачыўшы збліжэнне Польшчы і ВКЛ у выніку Віленскага з’езда і змяніўшы тактыку ў адносінах да іх, рашыў заключыць мір з Ягайлам і Вітаўтам. Апошняму гэта было таксама выгадна, каб канчаткова ўладзіць смаленскія справы. I ў сярэдзіне мая 1404 г. мір быў заключаны. Вітаўт пацвярджаў усе свае абавязацельствы, дадзеныя ім Ордэну на Салінскім з’ездзе ў 1398 г., у прыватнасці (у які ўжо раз!) уступіў крыжакам Жамойць. Больш таго, Вітаўт у 1406 г. прыслаў у гэту зямлю сваіх паслоў з даручэннем сказаць жамойтам, каб яны не супраціўляліся акаталічванню, бо гэта ні да чаго не прывядзе. Праўда, жамойты не паслухаліся Вітаўта і працягвалі сваю барацьбу. Трэба думаць, што гэта і прадбачыў Вітаўт, і яго пасольства патрэбна было толькі для таго, каб паказаць сваю вернасць мірнаму пагадненню з Ордэнам, што і зразумела. У гэты час, як мы ведаем, ён быў заняты наўгародскімі справамі. Аднак, закончыўшы іх, Вітаўт зноў уступіў у канфлікт з Ордэнам за Жамойць.

Закончыўшы пашырэнне дзяржавы на ўсходзе, Вітаўт убачыў магчымасць давесці гэту справу і на захадзе, г. зн. канчаткова і поўнасцю падначаліць сабе Жамойць. Для Вітаўта гэта было не толькі дзяржаўнай, але і асабістай справай, бо ён глядзеў на гэту зямлю як на сваё спадчыннае ўладанне, якое належала яго бацьку Кейстуту.

I Ордэн, і Вітаўт добра бачылі непазбежнасць канфрантацыі паміж імі. Але адначасова наспеў канфлікт паміж Тэўтонскім ордэнам і Польшчай, калі ў жніўні 1409 г. крыжацкія войскі ўварваліся ў Добрынскую зямлю. Усё гэта прывяло да агульных дзеянняў Польшчы i BKЛ супроць Ордэна, аб чым і дамовіліся Ягайла і Вітаўт пры сустрэчы ў Берасці ў снежні 1409 г. Ордэн таксама стаў рыхтавацца да рашучай барацьбы, збіраючы з усёй Еўропы вопытных рыцараў. I рашаючы момант наступіў.

У ліпені 1410 г. аб’яднаныя войскі Польшчы i BKЛ пад камандаваннем караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта перайшлі мяжу Прускага ордэна. Насустрач ім рухалася крыжацкае войска. Адны і другія сустрэліся каля вёскі Грунвальд, дзе 15 ліпеня і адбылася грандыёзная бітва. Хоць дакладных звестак аб колькасці ўдзельнікаў у ёй з аднаго і другога боку мы не маем, аднак аб іх вялікім ліку гаворыць колькасць харугваў, за кожнай з якіх стаяла поўная вайсковая адзінка. Дык вось, пад камандаваннем Ягайлы і Вітаўта было 90 харугваў, у крыжакоў — 51 харугва. У тым ліку з Беларусі мы бачым Полацкую, Віцебскую, Гарадзенскую, Берасцейскую, Пінскую, Новагародскую, Лідскую, Ваўкавыскую, Мсціслаўскую, Драгічынскую, Мельніцкую і інш.

Войскі Вітаўта занялі правы фланг, польскія — левы. Калі Вітаўт увесь час быў са сваім войскам, аб’язджаў і падбадзёрваў яго, Ягайла, даручыўшы камандаванне сваім войскам кракаўскаму мечніку Маскаржэцкаму, ад’ехаў назад і ніякага ўжо асабістага ўдзелу ў бітве не прымаў, а, стоячы на пагорку і акружаны шматлікай світай, маліўся Богу. Вітаўт каля палудня адкрыў наступленне на ордэнскае войска. Крыжакі пасля іх артылерыйскага агню таксама рушылі ў бой, у выніку чаго атака Вітаўта была адбіта. Тады вялікі магістр Юнгенген, падмацаваўшы свае войскі, сам перайшоў у наступленне і хутка расстроіў шэрагі Вітаўта. Татары першыя кінуліся ўрассыпную, пасля кінуліся бегчы ратнікі віленскія, троцкія, жамойцкія і валынскія. Частка польскага войска, якое прымыкала да войска Вітаўта, таксама пасунулася назад. Усе намаганні Вітаўта стрымаць уцёкі з поля бою і аднавіць бітву былі дарэмнымі. Рыцары нястрымна ішлі наперад, частка літоўскага войска была загнана ў балота і там знішчана, другая частка са страху бегла ў родныя месцы, абвяшчаючы аб паражэнні сваіх.

I яно было б непазбежнае, каб не смаленскія харугвы, якімі камандаваў мсціслаўскі князь Сямён-Лунгвень Альгердавіч. Менавіта яны стрымалі напор крыжакоў, уступілі ў рукапашны бой і тым самым далі магчымасць Вітаўту аднавіць баявы парадак. Гэта выратавала і польскае войска, ад якога ўжо была забрана немцамі галоўная харугва. Аб’яднаныя войскі BKЛ і Польшчы перайшлі ў наступленне і вечарам закончылі поўны разгром крыжацкага войска. У ліку шматлікіх забітых крыжакоў быў і вялікі магістр Юнгенген. Трэба зазначыць, што апісанне Грунвальдскай бітвы ў розных крыніцах не супадае ў дэталях, як, напрыклад, у «Хроніцы Быхаўца». Аднак усюды падкрэсліваецца яе вялікае гістарычнае значэнне як магутнага ўдару па крыжацкай агрэсіі.

На жаль, гэта бліскучая перамога не была даведзена да канца, да поўнага паражэння Прускага ордэна. Ягайла і Вітаўт прастаялі некалькі дзён на полі бою ў бяздзейнасці. Гэта дало рыцарам магчымасць зноў умацавацца і не дапусціць узяцця іх сталіцы Марыенбурга. На дапамогу Прускаму ордэну прыйшлі войскі Лівонскага ордэна. Ёсць нават звесткі, што адбылася сустрэча Вітаўта з магістрам гэтага Ордэна Германам, які быццам бы ўпэўніў вялікага князя ў небяспечнасці для яго дзяржавы канчатковага знішчэння Ордэна, бо гэта прывядзе да ўзвышэння Польшчы. І сапраўды, як убачым далей, апошняе і адбылося. Як бы там ні было, а Вітаўт у хуткім часе адмовіўся ад аблогі Марыенбурга і павёў свае войскі дадому.

Прычынай гэтага магло быць і тое, што заканчваўся тэрмін яго міру з лівонцамі, і таму ён мог чакаць іх нападу. Ягайла ў пачатку верасня 1410 г., пераканаўшыся ў немагчымасці ўзяць Марыенбург, таксама адвёў свае войскі. Аднак паасобныя вайсковыя сутычкі працягваліся да заключэння Торуньскага міру 1 лютага 1411 г. Паводле яго Вітаўту і вярталася Жамойць. А гэта азначала канчатковае фарміраванне тэрыторыі BKЛ. Жамойць, якая да гэтага часу была разменнай манетай у руках Вітаўта, складае галоўную і большую частку сучаснай Лeтувы, і яе канчатковае далучэнне да ВКЛ ў пачатку XV ст. — яшчэ адно яскравае абвяржэнне шырокараспаўсюджанага ў навуцы сцверджання аб BKЛ як Летувіскай дзяржаве, якая, маўляў, утварылася шляхам аб’яднання літоўскіх земляў Міндоўгам і заваявання ім беларускіх земляў. Аднак усё гэта абвяргаюць гістарычныя сведчанні. Яны пацвярджаюць адваротнае, а менавіта тое, што шляхам заваявання да ВКЛ былі далучаны найперш балцкія землі (Старажытная Літва, пад якой тады разумелася тэрыторыя Беларускага Панямоння, Нальшчаны і Дзяволтва), украінскія землі (Падолле, Чарнігаўскае і Кіеўскае княствы), велікарускія землі (Смаленскае і Северскае княствы). Аднак нідзе не гаворыцца аб заваяванні якой небудзь беларускай зямлі (Полацкай, Менскай, Турава-Пінскай ці Новагародскай). Яны аб’ядноўваліся ў XIII ст. мірна вакол Новагародка, які і стаў першай сталіцай ВКЛ. Таму нельга гаварыць, як гэта распаўсюджана ў навуковай літаратуры і ў падручніках па гісторыі, аб уваходжанні беларускіх земляў у склад ВКЛ, ды яшчэ шляхам іх заваявання, бо яны былі ядром утварэння гэтай дзяржавы, што і характарызуе яе найперш як беларускую. Жамойць з’явілася апошняй балцкай зямлёй, якая таксама была далучана да ВКЛ вайсковай сілай. Менавіта з гэтага часу да назвы «ВКЛ» далучаецца і назва «Жамойцкае», якая і супадае з сучаснай назвай «Літоўскае». Жамойць, канчаткова апынуўшыся ў складзе BKЛ, імкнецца заняць у гэтай дзяржаве вядучае месца і, у прыватнасці, прыпісаць сабе заслугу яе ўтварэмня, з чым і звязана ўзнікненне версіі ўтварэння ВКЛ як Жамойцкай дзяржавы.

Поделиться с друзьями: