ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Менавіта пашырэнне каталіцызму ў BKЛ і стала галоўнай дарогай польскай экспансіі ў гэтай дзяржаве. Як бачым, гэтыя дзве відавочна здзейсненыя ўмовы Крэўскай уніі цалкам забяспечвалі інтарэсы Польшчы. I таму калі ў далейшым была фальсіфікацыя ўмоў Крэўскай уніі, то яна істотна нічога не змяняла, бо галоўнае для Польшчы было здзейснена адразу.

Хаця знешне Крэўская унія насіла характар персанальнай дынастыі, якой яе і лічаць некаторыя даследчыкі, аднак маюць большую рацыю тыя, хто называе яе інкарпарацыяй BKЛ у Польскае каралеўства.

Трэба адзначыць, што ў Крэве толькі была распачата справа аб’яднання дзвюх дзяржаў. Канчатковыя рашэнні па гэтых пытаннях былі прыняты на Ваўкавыскім з'ездзе, які адбыўся 12 студзеня 1386 г.

Зноў паўстае Андрэй Полацкі

Па ўсім відаць, вузкае кола князёў у заключэнні Крэўскай уніі не магло ўлічыць інтарэсаў як усёй дзяржавы, так і паасобных сваіх частак. Зразумела, што гэта не магло не выклікаць незадаволенасці уніяй іншых князёў, што не прысутнічалі пры падпісанні яе або, магчыма, не пажадалі ўдзельнічаць у гэтай акцыі, каб не падтрымаць яе.

Тое самае трэба сказаць і аб прыняцці каталіцкай веры, якая станавілася дзяржаўнай у BKЛ паводле Крэўскай уніі. Як вядома, спроба Гедзіміна ў гэтым кірунку ў свой час прывяла да няўдачы, а магчыма, і да трагічнага канца гэтага князя, што і зразумела. Для дзяржавы, дзе большасць насельніцтва было праваслаўным і частка язычніцкім, такія спробы не маглі мець поспеху, бо выклікалі супраціўленне з боку большасці насельніцтва.

Вядома ж, такая рэакцыя была непазбежнай і пасля Крэўскай уніі. I яна пачалася найперш у Полацкай зямлі, што не было выпадковым. Яна, па сутнасці, з’яўлялася найбольш важнай у эканамічных і культурных адносінах вобласцю дзяржавы. Яна найбольш трывала захоўвала шматвяковую традыцыю дзяржаўнай самастойнасці і праваслаўнай веры. Таму ў заключэнні Крэўскай уніі першай адчула небяспеку для далейшага існавання дзяржавы. I рашучыя дзеянні супроць яе не прымусілі доўга чакаць з боку Полацка, і ў першую чаргу яе князя Андрэя Альгердавіча.

Ён быў адным з тых, хто не прысутнічаў пры заключэнні Крэўскай уніі і з’яўляўся даўнім праціўнікам Ягайлы, які, стаўшы вялікім князем пасля смерці Альгерда, адразу пачаў барацьбу супроць полацкага князя, у выніку чаго на некаторы час вымушаны быў пакінуць Полацк. Аднак пасля часовай перамогі Кейстута над Ягайлам Андрэй зноў вярнуўся ў Полацк і зноў апынуўся ў стане барацьбы з Ягайлам, толькі ўжо па сваёй ініцыятыве. Вядома ж, нельга і адмаўляць асабістых амбіцый Андрэя, якія штурхалі яго на змаганне, бо ён быў старэйшым сынам Альгерда і меў большае права, чым Ягайла, стаць вялікім князем, і тым больш зараз, калі Ягайла станавіўся польскім каралём. Менавіта цяпер, захапіўшы велікакняскі пасад, ён мог бы паспяхова змагацца за самастойнасць дзяр...

(у ісходніку няма адной старонкі — Polochanin72)

...што не выключана. Трэба думаць, што дзеянні Святаслава Іванавіча былі выкліканы не столькі тым, каб дапамагчы Андрэю Полацкаму ў яго барацьбе, а каб выкарыстаць яе ў сваіх інтарэсах, а менавіта вярнуць Смаленску Мсціслаўль, які быў адабраны ад яго Альгердам. Вядома ж, гэта магло нанесці вялікую шкоду дзяржаве, вось чаму некаторыя князі (Канстанцін Чарнігаўскі, Дзмітрый Карыбут і, што зразумела, Сямён-Лунгвень Мсціслаўскі) выступілі на баку Скіргайлы і Вітаўта. Не прыйшоў на дапамогу Святаславу і Андрэй Полацкі. Зімою 1386 г. у вялікі пост са сваім войскам Святаслаў пайшоў да Мсціслаўля і аблажыў яго.

Трывожныя весткі аб гэтых падзеях дайшлі да Кракава і моцна ўстрывожылі Ягайлу. Таму 12 сакавіка 1386 г. Скіргайла і Вітаўт адправіліся ў княства. Заслугоўвае асаблівай увагі тое, што разам з імі адправіўся і польскі атрад. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што палякі ў гэтых падзеях бачылі пагрозу і для сябе і таму былі зацікаўлены ў іх ліквідацыі.

Паколькі вайсковыя сілы Андрэя былі сканцэнтраваны ў Лукомлі, то Скіргайла перш за ўсё і накіраваўся туды, узяўшы гэты горад, ён вынішчыў яго гарнізон. Захапіўшы іншыя гарады, Скіргайла з Вітаўтам накіраваліся супроць Святаслава, войскі якога знаходзіліся ля Мсціслаўля. У выніку жорсткага бою на р. Віхры смаленцы пацярпелі паражэнне. У ліку шматлікіх ахвяр аказаўся і сам Святаслаў, а два яго сыны Юрый і Глеб трапілі ў палон. Першы з іх быў цяжка паранены, яго лячыў сам Скіргайла. (Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ён быў дасведчаны ў медыцыне.) Мела значэнне ў гэтым і тое, што Юрый быў жанаты на пляменніцы Скіргайлы, а гэта ў сваю чаргу паспрыяла і таму, што Юрый у хуткім часе атрымаў княжацкі пасад у Смаленску. А Глеб 13 верасня 1386 г. даў прысягу вернасці каралю Ягайлу і абавязаўся «с Ондреем и с Полочаны миру не держать и с ним не ссылатися». 3 гэтага бачна, што Андрэй яшчэ не быў пераможаны, што ён пасля паражэння ў Лукомлі ўмацаваўся ў Полацку, і таму Глеб абавязаўся не дапамагаць яму.

Супроць Андрэя і былі скіраваны сілы Скіргайлы ў пачатку 1387 г. I хоць супраціўленне палачан было моцным, іх горад быў узяты, а Андрэй захоплены ў палон. I тое, што ён зняволены быў у польскім Хенцінскім замку, зноў такі гаворыць, што ў барацьбе полацкага князя бачыла сабе пагрозу найперш Польшча. Але, як мы убачым далей, жыццёвая дзейнасць Андрэя Полацкага на гэтым не закончылася, тым больш што праз тры гады, г. зн. каля 1390 г., па хадайніцтве Вітаўта і другіх князёў ён быў вызвалены з палону.

Апроч таго, прыхільнасць да Андрэя палачан не страцілася. Ягайла ў сваім прывілеі ад 28 красавіка 1387 г. перадаў захоплены Полацк і яго зямлю Скіргайлу. Нам ужо вядома, як раней палачане варожа адносіліся да гэтага ненавіснага ім князя, таму і зараз яны не змірыліся з яго ўладарніцтвам, і ў наступны год пачаліся іх хваляванні. Гэта зноў абудзіла ў Ягайлы, які ў гэты час быў у Вільні, вялікае абурэнне, і ён неадкладна рушыў з войскам у Полацк, дзе жорстка расправіўся з удзельнікамі хваляванняў. Толькі ў выніку шматгадовай барацьбы Скіргайла нарэшце стаў валодаць Полацкам, але ненадоўга. Полацкія падзеі былі толькі пачаткам шырокага змагання супроць вынікаў Крэўскай уніі, якое пазбавіла Скіргайлу як улады ва ўсім BKЛ, так і ў Полацку.

Хрышчэнне язычнікаў

Але расправа з полацкімі паўстанцамі не была галоўнай мэтай Ягайлы ў час першага прыезду ў Вільню пасля абрання яго польскім каралём. Ехаў ён найперш дзеля іншага, аб чым сведчаць і тыя высокія духоўныя і свецкія асобы, што суправаджалі яго. Разам з ім была яго маладая жонка Ядвіга, а ў яго свіце знаходзіліся архібіскуп Гнезненскі, біскуп Кракаўскі, князі Януш і Земавіт і Конрад Алясніцкі, а таксама многія магнаты. I гэта зразумела: перад імі ставілася задача ажыццявіць важнейшую ўмову Крэўскай уніі — хрышчэнне язычнікаў у каталіцкую веру, пашырэнне якой было галоўнай задачай польскай экспансіі ў BKЛ. Дзеля гэтага ў пачатку 1388 г. у Вільні быў сабраны спецыяльны сойм, на які запрашаліся Ягайлам усе яго браты і ўдзельныя князі. Аднак паўтарылася тая ж самая гісторыя, што і пры заключэнні Крэўскай уніі: на сойм з’явіліся толькі Скіргайла, Уладзімір, Дзмітрый Карыбут і Вітаўт, усе астатнія запрашэнне ігнаравалі. Гэта зноў такі яшчэ адзін паказчык шырокай апазіцыі ў BKЛ здзяйсненню ўсяму, што дыктавалася Крэўскай уніяй.

На гэтым сойме і была закладзена аснова для ажыццяўлення адной з важнейшых умоў, якая патрабавалася Крэўскай уніі, а менавіта было пастаноўлена хрысціць язычніцкае насельніцтва BKЛ. Звычайна лічыцца, што язычнікамі былі толькі балцкія насельнікі. Аднак, як намі ўжо адзначалася раней, тое, што, напрыклад, язычнікі насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла, можа сведчыць, што сярод язычнікаў было нямала і славян, асабліва тых, якія ўцякалі з Памор’я ад хрысціянізацыі і анямечвання з боку крыжакоў.

Перад хрышчэннем у Вільні быў пагашаны свяшчэнны агонь Зніч, разбураны храм Пяркуна. Такія крайнія меры, на першы погляд, маглі б выклікаць бурныя хваляванні з боку язычнікаў. Аднак гэтага не адбылося, што можа зноў такі сведчыць, што ў асяродцзі іх пераважалі не мясцовыя, а прышлыя, для якіх гэтыя святыні не былі прывычныя. Для заахвочвання да хрышчэння язычнікаў ім раздавалі белыя суконныя світкі, якія Ягайла прадбачліва прывёз з Польшчы. Але, як адзначаў нават М. Стрыйкоўскі, хрышчэнне суправаджалася не толькі дарамі, але і пагрозамі.

Поделиться с друзьями: