Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Шрифт:
Вярхі BKЛ, узводзячы Свідрыгайлу на велікакняжацкі пасад, і разлічвалі на тое, што ён скасуе унію. Але ж за гэта самае яго ненавідзелі польскія вярхі. Асабліва для іх было небяспечна яго нежаданне аддаць ім Падолле, Валынь і нават Кіеў, на якія прэтэндавалі і якія яны хацелі назаўсёды далучыць да Польшчы. Палякі адразу ж і напалі на Падолле, што выклікала вельмі бурную рэакцыю ў Свідрыгайлы. У той час Ягайла знаходзіўся ў Вільні, і яго світа амаль уся была перабіта, а самога яго Свідрыгайла так схапіў за бараду, што ледзь не вырваў яе разам са сківіцай.
Перамовы аб спыненні польскай агрэсіі не далі вынікаў, і BKЛ павінна было ўступіць у вайсковыя дзеянні, якія ў асноўным вяліся на Валыні. Асабліва вызначыўся мужнай абаронай Луцк. Паколькі Свідрыгайла не згадзіўся на заключэнне міру ў карысць палякаў, то яны пачалі наступленне супроць яго з мэтай пазбаўлення яго велікакняжацкага пасада. I ім гэта ўдалося зрабіць.
Яны выставілі яму саперніка — брата Вітаўта Жыгімонта, фанатычнага католіка, і, перацягнуўшы на свой бок частку акаталічаных вярхоў, восенню 1432 г. з вялікім войскам падышлі да Ашмян, дзе ў той час знаходзіўся Свідрыгайла. Ён ледзь выратаваўся ад палону. Пасля Жыгімонт захапіў Гародню, Трокі і Вільню і такім чынам авалодаў велікакняжацкім пасадам.
Як бачым, Свідрыгайла быў вялікім князем толькі два гады. Паколькі ён з’яўляўся паборнікам праваслаўя, то пры ім пачалося будаванне шэрагу праваслаўных храмаў у Сямяцічах, Мельніку (Беласточчына) і іншых месцах. Асабліва хочацца адзначыць з’яўленне ў Вільні іконы Вастрабрамскай Божай Маці. Па некаторых звестках, гэта ікона была прывезена яшчэ Альгердам з Корсуня і падорана манахам Троіцкага манастыра і толькі пасля перанясення ў Вострую Браму стала святыняй для ўсіх праваслаўных BKЛ.
Але, нягледзячы на сваё паражэнне, Свідрыгайла не здаваўся. Уцёкшы ў Полацк, ён звяртаўся па дапамогу да лівонскіх рыцараў і іншых саюзнікаў. Сабраўшы да 40 тысяч воінаў, ён прыйшоў да Ашмян, дзе 2 снежня 1432 г. уступіў у бой з войскам Жыгімонта, але пацярпеў ад яго знішчальную паразу. Адсюль ён зноў ідзе ў Полацк, а пасля ў Віцебск, які ў свой час быў яго ўдзелам і які прыязна сустрэў яго. Тут Свідрыгайла жорстка расправіўся са сваімі праціўнікамі. Аднаго з іх, князя Альшанскага, ён загадаў жывога зашыць у мяшку і ўтапіць у Дзвіне.
Імкнучыся атрымаць у сваёй барацьбе дапамогу ад каталіцкіх дзяржаў, Свідрыгайла наладжвае зносіны з рымскім папам з мэтай аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай вераў. Правадніком гэтай справы стаў смаленскі епіскап Герасім, якога Свідрыгайла па сваім уступленні на велікакняжацкі пасад паслаў у Царград для зацверджання яго ў сане мітрапаліта праваслаўнай царквы ВКЛ. Атрымаўшы звесткі аб намеры аб’яднання ўсходняй і заходняй цэркваў у BKЛ, рымскі папа звярнуўся з пісьмом да Свідрыгайлы склікаць сабор, каб абмеркаваць гэта пытанне і прапанаваць згоду на гэту справу. Такое ж пісьмо было паслана і Герасіму. Аднак Свідрыгайлу патрэбна была не доўгая цеганіна са скліканнем сабору, а хуткая непасрэдная дапамога яму ў барацьбе. Таму, расчараваўшыся ў сваіх разліках на дапамогу рымскага папы і каб адвесці ад сябе віну ў зносінах з ім, якая яму пачала прад’яўляцца з боку яго паплечнікаў, Свідрыгайла ўсё зваліў на Герасіма, абвінаваціў у зносінах з Жыгімонтам і загадаў жывога спаліць яго, што і было зроблена ў 1435 г. у Віцебску. Трэба адзначыць, што вось такі круты характар, жорсткасць, хваравітая падазронасць у адносінах сапраўдных і мнімых ворагаў паступова адштурхоўвалі ад яго адданых яму людзей, што вельмі пашкодзіла Свідрыгайлу і дало сумныя вынікі ў яго барацьбе. Гэта і выявілася ў 1435 г., калі ён пацярпеў паражэнне ў бітве ля Вількаміра. Свідрыгайла зноў знайшоў прыстанішча ў Полацку, які разам з Віцебскам быў адданы яму. Аднак у 1437 г., калі Жыгімонт падначаліў сабе і гэтыя гарады, Свідрыгайла апынуўся ў Кіеве, а пасля шэрагу блуканняў па іншых краінах (па некаторых звестках, будучы ў Малдавіі, гэты князь нават падрадзіўся пасвіць авечак) ён канчаткова асеў на Валыні, дзе пераважна жыў у Луцку, у якім памёр у 1452 г., пражыўшы 97 гадоў. Магчыма, што ён быў самым даўгавечным нашым князем.
Аднак перамога Жыгімонта была нетрывалай, і ён не змог доўга пратрымацца на велікакняжацкай пасадзе. Атрымаўшы перавагу над Свідрыгайлам, галоўным чынам дзякуючы дапамозе палякаў, ён таму вёў сваю палітыку ва ўгоду Польшчы, у кірунку падначалення ёй ВКЛ. Усё гэта не магло не выклікаць непрыязнасці да яго насельніцтва ВКЛ, асабліва праваслаўнага. Апроч таго, Жыгімонт, як і Свідрыгайла, быў чалавекам выключна жорсткім і падазроным. Ён бязлітасна губіў тых, каго падазраваў у зносінах са Свідрыгайлам, не шкадуючы ні праваслаўных, ні католікаў. Так, ён засудзіў на смерць князя Карыбута, троцкага ваяводу Манівіда, літоўскага маршалка Рамбольда, схапіў і пасадзіў у астрог мсціслаўскага князя Юрыя Лунгвенавіча і капыльскага князя Алельку Уладзіміравіча разам з іх сем’ямі. Усе гэтыя забойствы і арышты суправаджаліся прысваеннем маёмасці ахвяр. Цікава адзначыць, што, знішчаючы буйных знатных вяльможаў, ён узвышаў нязнатных і акружаў імі сябе, ведаючы, што гэтыя новаспечаныя «князі з гразі» будуць верна служыць яму. Ёсць звесткі, што ён хацеў склікаць на сойм усіх знатных баяр і шляхту BKЛ і знішчыць іх. Будучы заўзятым католікам, Жыгімонт нават увёў у дзяржаве інквізіцыю на 43 гады раней, чым у Іспаніі. I хоць яна фармальна была накіравана супроць гусітаў, аднак у сапраўднасці прымянялася супроць усіх, хто так ці інакш супроцьдзейнічаў каталіцтву. Жыгімонтам было распачата будаўніцтва касцёлаў і кляштараў у многіх мясцінах BKЛ.
Атмасфера тэрору, якая душыла ўсё грамадства дзяржавы, стала ненавіснай для ўсіх. Паколькі нельга было выступіць супроць Жыгімонта адкрыта, то скора склалася змова, на чале якой сталі браты, буйныя арыстакраты Іван і Аляксандр Чартарыйскія. Яны разам з войскам, якое было схавана ў трохстах вазах сена, прабраліся ў Троцкі замак, дзе звычайна знаходзіўся Жыгімонт, з мэтай забіць яго. Пад раніцу змоўшчыкі прыйшлі да пакоя, у якім Жыгімонт маліўся. Але дзверы былі замкнёныя, што ўскладняла намер забіць Жыгімонта. Але Іван Чартарыйскі выпадкова зазірнуў у акно і ўбачыў у двары любіміцу Жыгімонта — ручную мядзведзіцу. Ён успомніў, што яна звычайна, нагуляўшыся, прыходзіла да дзвярэй, драпала іх, і Жыгімонт ёй адчыняў. I вось Чартарыйскі, пераймаючы яе, пачаў драпаць дзверы, і Жыгімонт адчыніў іх. У пакой яго ўварваліся змоўшчыкі, пачалі абвінавачваць яго ў розных злачынствах, а адзін з іх — Скабейка, які раней быў у свіце Жыгімонта, але перайшоў да змоўшчыкаў, схапіў вілы, якімі мяшалі дровы ў каміне, і ўсадзіў іх у Жыгімонта. Яшчэ доўга на сцяне замка захоўвалася пляма, якая засталася ад крыві і мазгоў Жыгімонта.
Вестка аб смерці Жыгімонта была з радасцю ўспрынята ў дзяржаве. Гэта адбылося ў 1440 г. Як бачым, Свідрыгайла і Жыгімонт, з’яўляючыся антыподамі ў кірунку сваёй дзяржаўнай дзейнасці, вельмі добра сімвалізуюць сабой дзве супрацьлеглыя сілы, што выявіліся ў BKЛ пасля Крэўскай уніі. Паслядоўнае правядзенне кожнай з іх, як бачым, прыводзіла да няўдач. Вось чаму ў далейшым мы бачым асцярожнае лавіраванне паміж імі, уступкі то аднаму, то другому. Гэта і характарызуе дзейнасць наступнага вялікага князя Казіміра.
ДОЎГІ I НЯРОЎНЫ ЧАС КАЗІМІРА (1440–1492)
Але як ён апынуўся на вялікакняжацкім пасадзе? Адразу пасля забойства Жыгімонта, як гэта бывае ў такіх выпадках, пачалася барацьба розных партый за свайго стаўленіка. Была кандыдатура і Свідрыгайлы. Аднак, будучы вельмі старым (яму было ўжо тады 85 гадоў) і хворым, ён адмовіўся. Прапаноўваўся і сын Жыгімонта Міхаіл, якога падтрымліваў маскоўскі князь Васілій Цёмны (унук Вітаўта). Аднак перамагло жаданне запрасіць на велікакняжацкі пасад сына Ягайлы — Уладзіслава, які стаў польскім каралём пасля смерці бацькі ў 1434 г. Але ў гэты час Уладзіслаў быў выбраны венгерскім каралём, і яму трэба было ехаць у Венгрыю, і таму ён прапанаваў узяць у свае намеснікі непаўналетняга брата Казіміра (яму было 13 гадоў). Па прыездзе ў Вільню ён і быў абвешчаны вялікім князем, што выклікала незадаволенасць палякаў. У выніку іх інтрыг у розных месцах BKЛ падняліся хваляванні, што пагражалі развалам дзяржавы. Аднак вакол Казіміра склалася рада вопытных дзяржаўных дзеячаў, сярод якіх асабліва вызначаўся віленскі ваявода Ян Гаштольд. Дзякуючы найперш яму і ўдалося ўціхамірыць краіну. Паколькі палітыка Жыгімонта перш за ўсё не задавальняла беларускую і ўкраінскую праваслаўную частку, прычым большую ў дзяржаве, то Казімір разумеў, што ўмацаванне яго ўлады павінна абапірацца на інтарэсы большасці дзяржавы, чаго не было пры Жыгімонце. Вось чаму адразу ж пасля ўступлення на пасаду ў 1440 г., вядома ж, па радзе свайго акружэння, ён робіць шэраг уступак беларускім і ўкраінскім землям, якія пераважна былі праваслаўнымі. Так, у прыватнасці, быў вызвалены з астрога слуцкі і капыльскі князь Алелька Уладзіміравіч, якому ў кіраванне быў аддадзены адноўлены Кіеўскі ўдзел.
Звяртае на сябе асаблівую ўвагу тое, што Жамойць выкарыстала для сябе спрыяльныя ўмовы і «адступіла ад Вялікага княства Літоўскага». I спатрэбіліся вялікія намаганні Яна Гаштольда, каб вярнуць яе зноў пад уладу вялікага князя. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што большая частка сучаснай Лeтувы ўжо ў сярэдзіне XV ст. супраціўлялася вярхоўнай уладзе ВКЛ.
Не згадзіўся з уладай Казіміра і сын Жыгімонта Міхаіл (у летапісе ён называецца Міхайлушкам). Знаходзячыся ў Клецку, ён падгаварыў пяцярых валожынскіх князёў Сухтаў, каб яны забілі Казіміра. Аднак гэты намер быў раскрыты, і Міхаіл уцякае ў Бранск, адкуль з дапамогай Масквы нават захапіў Кіеў. Аднак, не змогшы там утрымацца, уцякае, і ў адным з манастыроў быў атручаны.
Нялёгка было задаволіць і Смаленск, насельніцтва якога, пачуўшы аб смерці Жыгімонта, паўстала, выгнала ваяводу Андрэя Саковіча і прызвала да сябе аднаго з унукаў Альгерда — мсціслаўскага князя Юрыя Лунгвенавіча. Апошні ўсхваляваў Полацк і Віцебск супроць Казіміра і нават далучыў іх да свайго ўдзела. Толькі пасля другога паходу на Смаленск войску на чале з самім Казімірам восенню 1444 г. удалося зноў падначаліць Смаленск, і Юрый Лунгвенавіч вымушаны быў уцякаць у Ноўгарад. Праўда, пасля ён памірыўся з Казімірам і атрымаў сваё Мсціслаўскае княства.
Праз год маскоўскае войска разам з татарамі напала на Вяземскую зямлю, і Казімір паслаў супроць іх сваё войска, якое паваявала гарады Казельск, Вярэю, Калугу, Мажайск. Масква са свайго боку паслала ў пагоню 500 воінаў, аднак беспаспяхова, бо многія з іх былі забітыя, а іншыя ўзяты ў палон і прыведзены ў Смаленск.
Але Казімір нядоўга быў у Вільні. У 1445 г. загінуў пад Варнай у бітве з туркамі ягоны брат, польскі кароль Уладзіслаў, і Польшча абрала сваім каралём Казіміра. Вядома, усё гэта, як і раней у такіх выпадках, рабілася для справы аб’яднання ВКЛ з Польшчай. Праўда, Казімір два гады, вядома, пад націскам вярхоў ВКЛ адмаўляўся прыняць польскую карону. I толькі пад пагрозай з боку палякаў пазбавіць яго і велікакняжацкага пасада ён згадзіўся пераехаць у Кракаў. Стаўшы польскім каралём і адначасова вялікім князем BKЛ, ён апынуўся ў фокусе барацьбы супрацьлеглых сіл і з прычыны слабасці свайго характару не мог супрацьстаяць ім. I ў залежнасці ад таго, чый уціск на яго быў большы, на карысць таго і дзейнічаў. Так, уступіўшы на Польскае каралеўства, ён у 1447 г. пасведчыў недатыкальнасць ВКЛ і скасаваў абмежаванне правоў праваслаўных.