ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Жыгімонт I належыць да ліку найбольш выдатных дзеячаў у нашай гісторыі. Ён вызначаўся не толькі вялікай фізічнай сілай, чым, магчыма, і тлумачыцца яго даўгалецце, але і глыбокім розумам і палітычнай абачлівасцю ў кіраванні дзяржавай. Найперш гэта выявілася ў адсутнасці фанатызму ў яго адносінах да праваслаўных. Ён добра разумеў, што прымусовае акаталічванне іх толькі выклікала ўнутраныя звадкі, а разам з імі і аслабленне дзяржавы. Праўда, такая цярпімасць да праваслаўных выяўлялася пераважна ва ўсходніх землях, якія межаваліся з Маскоўскай дзяржавай, бо яна выкарыстоўвала Ў сваіх інтарэсах ганенне на сваіх аднаверцаў у BKЛ.

Але хоць праваслаўныя і не цярпелі рэлігійнага прыгнёту. яны па-ранейшаму былі абмежаванымі ў палітычных правах. Так, праваслаўныя феадалы не маглі займаць вышэйшых дзяржаўных пасадаў, не маглі быць выбранымі ў сенат. Адзіным выключэннем з гэтага з'яўляўся славуты кмязь К. Астрожскі, які быў узведзены ў званне троцкага ваяводы і заняў месца ў сенаце, што выклікала гнеў з боку каталіцкіх вярхоў, і Жыгімонт I павінен быў іх заверыць, што ў далейшым ён такое больш дапускаць не будзе.

Трэба адзначыць, што ў дзяржаўнай дзейнасці Жыгімонта I вялікую ролю мела з 1518 г. яго другая жонка Бона, дачка італьянскага герцага Сфорца. Бачачы вялікую залежнасць караля і вялікага князя ад буйных феадалаў, яна імкнулася узмацніць яго ўладу. Ідучы ў гэтым кірунку, рабіла захады па павелічэнні каралеўскай уласнасці, змагалася супроць прысваення феадаламі дзяржаўных земляў. У гэтых адносінах яе дзейнасць асабліва была плённай на Беларусі, дзе ёй удалося ўзяць у свае рукі шэраг валасцей: Аболецкую Аршанскага, Езярышчынскую Віцебскага, Клецкую Наваградскага, Кобрынскую, Шарашоўскую Берасцейскага, Пінскую Пінскага, Рагачоўскую Рагачоўскага паветаў. Па ініцыятыве Боны і ў яе ўладаннях пачалася аграрная рэформа, якая ў далейшым атрымала назву «Валочнай памеры». Мелася на мэце ўпарадкаванне сістэмы землекарыстання і абкладанне сялян феадальнымі павіннасцямі. У аснову яе быў уведзены надзел ворнай зямлі плошчай у валоку (21 га), адкуль і назва гэтай рэформы. Яна сістэматычна і паўсюдна праводзілася на працягу другой паловы XVI ст. і першай паловы XVII ст. У выніку яе была ліквідавана цераспалосіца, уведзена трохполле, яна ў многім вызначыла планіроўку і знешні выгляд нашых вёсак і двароў.

Па-ранейшаму ў грамадстве BKЛ была незадаволенасць падначаленнем Польшчы. I вось каб нагадаць аб гэтым, сойм BKЛ, які сабраўся ў 1526 г. у Вільні, аб'явіў сваім вялікім князем 6-гадовага сына Жыгімонта і Боны — Жыгімонта Аўгуста. Больш за тое, да Жыгімонта I прад’яўлена патрабаванне, каб Жыгімонт Аўгуст, прыбыўшы ў Вільню, быў каранаваны каралеўскай каронай, што, вядома, азначала поўную самастойнасць ВКЛ. Але на гэта Жыгімонт I не згадзіўся. I толькі ў 1529 г. па настойлівых просьбах вярхоў BKЛ Жыгімонт I прызнаў свайго 10-гадовага сына вялікім князем. Зразумела, што гэта мела больш фармальны характар, бо Жыгімонт Аўгуст з-за свайго малалецтва павінен быў жыць у Кракаве, але ж усё гэта падкрэслівала імкненне BKЛ да незалежнасці.

Гэтаму ж садзейнічалі і паданні і міфы, якія з’явіліся ў BKЛ. Першы з іх, што ўзнік яшчэ ў XV ст. (яго ўпершыню адзначыў Я. Длугаш), апавядаў аб паходжанні вялікіх князёў і магнацкіх родаў BKЛ ад рымлян, якія, ратуючыся ад Нерона, прыплылі на чале з Палямонам па морах у вусце Нёмана і пасяліліся ў Жамойці. Зразумела, што гэта легенда павінна была падкрэсліваць больш слыннае паходжанне знаці ВКЛ, чым польскай, і тым самым адмаўляць верхавенства апошняй у ВКЛ.

Мы ўжо ведаем, што ў канцы XV — пачатку XVI ст. у Macквe склаўся погляд на ВКЛ як дзяржаву, у якой пад уладай Літвы знаходзіліся заваяваныя ёй рускія землі, што апраўдвала яе імкненне заваяваць іх. Вядома ж, усё гэта не было сакрэтам у ВКЛ, і таму тут, насуперак гэтай маскоўскай версіі, пачала складвацца свая версія, і канчаткова яна аформілася ў сярэдзіне XVI ст… Гэта версія, як і маскоўская, пачатак утварэння BKЛ адносіла да часу татарскага нашэсця. Паводле яе, калі татары зруйнавалі і спустошылі рускія землі, жамойцкі князь Мантвіл (выдуманая асоба), даведаўшыся пра гэта, рашыў узяць іх пад сваю апеку. Дзеля гэтага ён пасылае свайго сына Ердзівіла, які, перайшоўшы са сваім войскам спачатку Вяллю, а пасля і Нёман, убачыў гару высокую, а на ёй разбураны Новагародак. Месца гэта Ердзівілу спадабалася, ён узнаўляе Новагародак, робіць яго сваёй сталіцай, пасля ўзнаўляе іншыя разбураныя татарамі месцы і таксама бярэ іх пад сваю апеку. А сын Ердзівіла Мінгайла заваёўвае Полацк,і такім чынам беларускія землі падпадаюць пад уладу жамойцкіх князёў. Гэтай версіі больш пашчаслівіла ў пашырэнні, чым маскоўскай. У той час у BKЛ знаходзіўся польскі храніст М. Стрыйкоўскі, якога апякаў жамойцкі біскуп Гедройц. Ен, будучы фактычна ідэолагам інтарэсаў жамойцкіх феадалаў і стараючыся ўсяляк узвысіць іх значэнне ў дзяржаве, імкнуўся прыпісаць іх князям і заслугу стварэння BKЛ. Дзеля гэтага ён забяспечыў М. Стрыйкоўскага летапісамі накшталт «Хронікі Быхаўца», у якіх выкладаўся гэты міф. М. Стрыйкоўскі ўнёс яго ў сваю «Хроніку», якую выдаў у 1582 г. у Кёнігсбергу, што зноў такі фінансавалася Гедройцам. Гэта кніга, напісаная на лацінскай мове, атрымала шырокае распаўсюджанне, на яе сталі спасылацца гісторыкі, і такім чынам пачала ў гістарычнай навуцы замацоўвацца гэта версія, якая да непазнавальнасці зацямніла праўдзівую карціну ўтварэння і характару як дзяржавы BKЛ. Важна падкрэсліць, што тут заслуга ўтварэння BKЛ прыпісваецца жамойцкім, а не літоўскім князям, што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што ў той час сучасная Літва выступала пад назвай Жамойць. Невыпадкова ў гэтым міфе і тое, што Ердзівіл робіць сваёй сталіцай Новагародак, бо ў той час яшчэ добра памяталася аб такім становішчы гэтага горада ў мінулым, і таму ў ім заднім чыслом і саджаліся жамойцкія князі. Варта нагадаць і пра тое, што тагачасныя магнацкія роды сапернічалі адзін з другім у справе стварэння BKЛ. Калі ў адных хроніках гаворыцца аб Эрдзвіле (г. зн. Радзівіле, што так і называўся ў адной з хронік), які нібыта быў пасланы Мантвілам, у другой гэтым пасланцом ужо з’яўляецца Скірмант. Зразумела, што такія звесткі заносіліся ў летапісы па жаданні прадстаўнікоў гэтых двух магнацкіх родаў.

ДЗЯРЖАЎНЫ I ГРАМАДСКІ ЛАД ВКЛ

Пры разглядзе гісторыі ВКЛ, асабліва ў XVI ст., галоўная ўвага была скіравана на асвятленне знешніх абставін нашай дзяржавы, яе ўзаемаадносін з суседнімі краінамі, вайсковых сутыкненняў і прымірэнняў з імі. I гэта невыпадкова. Менавіта галоўнай асаблівасцю BKЛ і з’яўляецца перавага ў ім знешніх абставін над унутранымі, што і зразумела. Заціснутае з усіх бакоў дзяржавамі, якія ўвесь час імкнуліся падначаліць яго сабе, ВКЛ вымушана было ўвесь час галоўны дзяржаўны інтарэс сканцэнтроўваць на знешніх узаемаадносінах.

Аднак гэтыя неспрыяльныя знешнія ўмовы не маглі спыніць унутранага дзяржаўнага і грамадскага развіцця ВКЛ. Менавіта ў XVI ст. і закончыўся працэс іх канчатковага фарміравання, што і надало ВКЛ характэрнае дзяржаўнае аблічча.

Вышэйшая ўлада ў краіне належала вялікаму князю. Аднак, фармальна валодаючы шырокімі паўнамоцтвамі ва ўнутраных і знешніх справах дзяржавы, ён фактычна быў абмежаваны ў сваіх дзеяннях. Будучы выбраным і прыняўшы прысягу, ён абавязаны быў выдаваць грамату, якая пацвярджала непарушнасць ранейшых, а то і новых прывілеяў для феадалаў. А менавіта апошнія, валодаючы непамерна вялікімі багаццямі, найперш зямельнымі надзеламі, усё рабілі для таго, каб дзейнасць гаспадара была ў іх інтарэсах, якія далёка не заўсёды адпавядалі інтарэсам дзяржавы.

Аслабленню ўлады вялікага князя садзейнічала і тое, што ён выбіраўся яшчэ і каралём Польшчы. А гэта прымушала яго значны час быць у Кракаве. Пры адсутнасці яго ў Вільні краінай фактычна кіравала рада BKЛ, у якую ўваходзілі буйнейшыя феадалы, што адначасова займалі важнейшыя дзяржаўныя пасады. Паны радныя і мелі рашаючае значэнне ў вырашэнні дзяржаўных спраў. У выпадку, калі гаспадар супярэчыў волі рады, ён павінен быў падначаліцца ёй. Як бачым, калі ў суседняй Маскоўскай дзяржаве ў XVI ст. усё больш усталёўваўся манархічны абсалютызм, то ў BKЛ, гэтай другой ўсходнеславянскай дзяржаве, усё больш абмяжоўвалася ўлада гаспадара.

Калі рада была пастаянным органам дзяржаўнага кіравання, то соймы склікаліся вялікім князем і радай перыядычна і звычайна працягваліся два-тры дні, хоць зрэдку прадаўжаліся і значна больш. Адметнай асаблівасцю соймаў было і тое, што яны праходзілі не толькі ў Вільні, але і ў іншых гарадах (Гародні, Бярэсці, Слоніме). Часцей за ўсё на іх вырашаліся пытанні, звязаныя з міжнароднымі справамі, з аб’яўленнем вайны і заключэннем міру, з выдаткамі на вайсковыя дзеянні. Соймы прымалі новыя заканадаўчыя акты, і на іх абіраўся вялікі князь. Трэба зазначыць, што соймы ў значнай меры мелі паказны характар, бо яны прымалі ўсё тое, што жадалі вялікі князь і рада, прысутнасць на іх мясцовых прадстаўнікоў была фактычна фармальнай.

Важная роля належала і вышэйшым службовым асобам, якія кіравалі паасобнымі галінамі дзяржаўнай дзейнасці. Гэта перш за ўсё маршалак земскі, які звычайна старшынстваваў на соймах і пасяджэннях рады, аб’яўляў пастановы гэтых устаноў. Вайсковымі справамі ВКЛ кіраваў гетман найвышэйшы, паўнамоцтвы якога былі асабліва шырокімі ў час вайны. Яго намеснікам з’яўляўся намеснік дворны ці польны, які ў час вайны ўзначальваў частку войскаў, а ў мірны час памежныя войскі. Дзяржаўнай канцылярыяй кіраваў канцлер, у яго абавязкі ўваходзіла і захаванне дзяржаўнага архіва — метрыкі BKЛ. Існавала і пасада яго намесніка — падканцлера. Падскарбій земскі і яго памочнік падскарбій дворны былі хавальнікамі дзяржаўнай казны. Іх службоўцы — скарбнікі сачылі за своечасовым паступленнем сродкаў у казну. Выканаўцамі розных дзяржаўных даручэнняў з’яўляліся так званыя гаспадарскія дваране ці слугі, колькасць якіх вагалася ад 100 да 150 асоб.

У XVI ст. закончыўся падзел BKЛ на ваяводствы. На тэрыторыі Беларусі імі былі Віленскае (часткова), Полацкае, Новагародскае, Віцебскае, Падляшскае, Бабруйскае, Менскае і Мсціслаўскае. Кожнае з іх мела свой герб і харугву. Вышэйшымі службовымі асобамі ў іх былі ваяводы, якія мелі цэлы штат памочнікаў, што кіравалі паасобнымі галінамі дзейнасці ў ваяводстве. Гэта: кашталяны, што ўзначальвалі войска галоўнага замка, ключнікі, што загадвалі зборам даніны, гараднічыя, што клапаціліся аб захаванні і рамонце галоўнага замка, канюшыя, што наглядалі за конегадоўляй, і ляснічыя, ці гаёўнікі, што загадвалі лясным промыслам і паляваннем.

Ваяводствы ў сваю чаргу падзяляліся на паветы. На тэрыторыі Беларусі імі былі Аршанскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Берасцейскі, Ваўкавыскі, Віцебскі, Гарадзенскі, Лідскі, Мазырскі, Менскі, Мсціслаўскі, Новагародскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слонімскі. На чале паветаў стаялі старасты, але паколькі гэта пасада для многіх была дадатковай побач з іншай і больш высокай, то часцей паветам кіраваў падстараста. Тут былі амаль тыя ж самыя пасады, што і ў ваяводстве (ключнікі, канюшыя, ляснічыя, гараднічыя). Сярод іх быў харужы, які з'яўляўся павятовым сцяганосцам.

Поделиться с друзьями: