ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Ёсць сведчанні, якія паказваюць, што ад паноў і шляхты як Польшчы, так i BKЛ не было жадання працягваць вайну, у асяроддзі іх нават была непавага да С. Баторыя і жыла надзея на выбранне каралём маскоўскага цара. Для С. Баторыя гэта не было сакрэтам, і ён, рыхтуючыся да рашаючых бітваў, умацоўваў сваё войска выпрабаванай у баях наёмнаю пяхотай, якая пераважна складалася з венграў і немцаў. Не меншае значэнне мела і артылерыя, якая вельмі павялічвала баяздольнасць арміі. Быў таксама ўзяты курс на хуткі наступальны рух, што не давала магчымасці праціўніку ведаць, адкуль будзе зроблены на яго напад. Усё гэта, трэба сказаць шчыра, было важным укладам С. Баторыя ва ўмацаванне вайсковай сілы Рэчы Паспалітай.

Вялікае значэнне ў поспеху наступлення меў і выбар накірунку нанясення ўдару. На вайсковай радзе, якая адбылася ў ліпені 1579 г. пад Свірам (зараз гэта тэрыторыя Мядзельскага р-на Мінскай вобл.), адны выказвалі меркаванне, што трэба рухацца ў кірунку Пскова, іншыя — у кірунку Лівоніі. Аднак гэтыя прапановы былі адхілены С. Баторыем. Першая — таму, што ў тыле яго войска засталося б шмат непрыяцельскіх крэпасцей, з якіх была б зроблена перашкода атрымаць новыя падмацаванні. Паход праз Лівонію таксама не мог быць паспяховы, бо там знаходзілася шмат умацаванняў, якія б цяжка было пераадолець. I таму С. Баторый прапанаваў узяць курс на Полацк, які адначасова з’яўляўся ключом як да Лівоніі, так і да ўсяго ВКЛ. Калі такі намер і ў Рэчы Паспалітай для большасці быў нечаканы, то тым больш ён быў нечаканы для маскоўскага цара, які па-ранейшаму лічыў, што барацьба за Лівонію і павінна весціся на яе тэрыторыі, і таму паслаў вялікае войска туды. Аднак, абмежаваўшыся нарабаваным, яно павінна было вярнуцца назад, паколькі пагроза для яго ўзнікла ў іншым, нечаканым для яго месцы.

У пачатку жніўня 1579 г. войскі С. Баторыя падышлі да Полацка, і пачалася яго аблога. Наступіў зноў адзін з вырашальных момантаў у ходзе Лівонскай вайны. Калі захоп Масковіяй у 1563 г. Полацка стварыў грунт для яе далейшых поспехаў у Лівонскай вайне, то аблога і ўзяцце Полацка С. Баторыем былі прадвеснікамі канчатковай паразы Івана Грознага ў пачатай ім вайсковай кампаніі. Калі захоп Масковіяй Полацка азначаў для Беларусі страту значнай яе тэрыторыі, то вызваленне Полацка С. Баторыем азначала аднаўленне яе ранейшай цэласнасці.

Але як захоп Полацка, так і яго адваяванне было цяжкае і працяглае. У некаторых царска-расійскіх крыніцах адзначалася, што Полацк быў узяты С. Баторыем дзякуючы здрадам ваявод, якія ўзначальвалі абарону горада. Аднак у сапраўднасці маскоўскія ваяводы, замацаваўшыся з войскам у дубовай крэпасці, на працягу трох тыдняў моцна супраціўляліся. Гэтаму спрыяла і дажджлівае надвор’е, у выніку чаго войскам і асабліва абозам арміі С. Баторыя па гразкіх дарогах, што ў многіх месцах ператварыліся ў балота, цяжка было прасоўвацца да Полацка на дапамогу сваім, што, аблажыўшы горад, цярпелі ад голаду. Гэтак жа як маскоўскія войскі, высланыя Іванам Грозным на дапамогу сваім каля Полацка, не маглі прабрацца да яго, бо ўсе дарогі ім туды былі перарэзаныя, так і палкі Крыстафора Радзівіла і Яна Глябовіча не маглі прабрацца да гэтага горада, бо іх затрымлівала каля занятай крэпасці Сокал войска Івана Грознага. У такіх цяжкіх абставінах С. Баторый склікаў вайсковую раду, на якой адмовіўся ісці на штурм, бо ў выніку яго няўдачы, як асабліва адзначаў ён, прыйшлося б з сорамам адступаць. I было ім прапанавана другое выйсце. Як вядома, рускія войскі захапілі Полацк толькі тады, калі стральцам удалося ў некалькіх месцах запаліць сцяну. Так і зараз група венграў, якім была абяцана вялікая ўзнагарода, запаліла сцены горада, што выклікала вялікі пажар. У выніку двухдзённых цяжкіх баёў маскоўскі ваявода Валынскі вымушаны быў пайсці на перамовы пра здачу горада. Праўда, некаторыя іншыя ваяводы і епіскап Кіпрыян не хацелі здавацца і зачыніліся ў Сафійскім саборы, адкуль яны былі выбіты. «…и так Полоцк, славная столица князей давних з рук московских выдвергае есть», адзначыў летапісец. Тыя, што здаліся, паводле папярэдняй умовы, атрымалі свабодны выхад з горада, частка з іх нават пажадала ўступіць у каралеўскае войска, а большасць з іх вярнулася ў Масковію. Вядома ж, жорсткія баі за Полацк як пры яго здачы, так і пры яго вызваленні прынеслі яму выключна вялікія разбурэнні. Адначасова Полацк панёс незваротныя культурныя і духоўныя страты. Гэта перш за ўсё адносіцца да багатай бібліятэкі, што знаходзілася ў Сафійскім саборы і дзе захоўваліся шматлікія кнігі, некаторыя з якіх былі напісаны рукой святой Ефрасінні Полацкай. Раней ці ў гэты час знік (загінуў? быў вывезены?) і Полацкі летапіс, з прычыны чаго нам сталі невядомы многія старонкі не толькі полацкай, але і ўсёй нашай беларускай гісторыі.

Адваяванне Полацка стала канчатковым момантам паспяховага вызвалення і іншых беларускіх мясцін. Паколькі, як мы ведаем, у іх па загадзе Івана Грознага былі пабудаваны крэпасці, то ўзяцце іх суправаджалася зноў такі цяжкімі баямі. Асабліва ў гэтых адносінах вызначалася ўзяцце 29 верасня 1579 г. крэпасці Сокал (у пяці мілях ад Полацка). Па сведчанні аднаго з удзельнікаў, якому прыходзілася раней быць у многіх баях, ён нідзе не бачыў столькі забітых, як у Сокале. Тут маскоўскае войска панесла яшчэ адно цяжкае паражэнне. Услед за гэтым была ўзята і крэпасць Туроўля.

Побач з наступленнем у паўночна-ўсходнім кірунку войска Рэчы Паспалітай на чале з Канстанцінам Астрожскім (сынам вядомага нам ужо К. Астрожскага) рушыла ў паўднёва-ўсходнім кірунку і спустошыла Северскую зямлю да Старадуба і Почапа.

Здавалася б, што на гэтым супрацьстаянне з Масковіяй павінна было скончыцца, бо захопленыя ёй у гэтай вайне землі паўночнай Беларусі былі адваяваны. Аднак такога не адбылося, і вайна працягвалася. Што ж было прычынай гэтага? Рэч у тым, што адваяванне Полацка пацягнула за сабой і далейшае прадаўжэнне яго ранейшай шматвяковай палітыкі падначалення сваёй уладзе Пскова, Ноўгарада і Смаленска. Яна пачалася яшчэ з канца X ст. пры першым полацкім князі Рагвалодзе і працягвалася пры Брачыславе, Усяславе Чарадзеі і далей да канца XII ст. Нават часовае аслабленне Полацка з прычыны захопу ў яго крыжакамі ў канцы XII ст. Ніжняга Падзвіння, адкуль ён чэрпаў дадатковую вайсковую сілу і эканамічную падтрымку, не спыніла гэтай яго палітыкі. На працягу першай паловы XIII ст. Полацк выкарыстоўвае суседнюю Літву для набегаў на Пскоўскую, Наўгародскую і Смаленскую землі, што ўносіла ў іх значную дэстабілізацыю.

У другой палове ХІІІ ст. мірна падначаліўшыся Новагародку і ўмацаваўшы з ім новую, беларускую дзяржаву BKЛ, Полацк стаў найбольш буйной яе часткай, што і дало яму магчымасць надаць ёй як прыярытэтную сваю ранейшую знешнюю палітыку — у прыватнасці імкненне падначалення сваёй уладзе Пскова, Ноўгарада і Смаленска.

Гэтым найперш і тлумачыцца, чаму пры Гедзіміне, Альгердзе, Вітаўце і іншых вялікіх князях, BKЛ, не зважаючы на шматлікія няўдачы, вяло барацьбу за падначаленне сабе гэтых земляў. Як бачым, і пры С. Баторыю гэта імкненне не знікла, і таму, адваяваўшы Полацк, С. Баторый павінен быў і дзейнічаць у яго інтарэсах. I гэта асабліва добра выявілася ў 1580 г. пры аблозе ім Вялікіх Лукаў, куды з’явіліся царскія паслы для перамір'я, згаджаючыся пры гэтым на ўступку Полацка і многіх гарадоў Лівоніі. Аднак С. Баторый рашуча патрабаваў уступіць яму Вялікія Лукі, Ноўгарад, Пскоў і Смаленск. Толькі гэтым і можна растлумачыць, чаму С. Баторый, паспяхова закончыўшы сваю вайсковую кампанію 1579 г., пасля стараннай падрыхтоўкі, якую вёў пад прыкрыццём працяглых перагавораў з Іванам Грозным, пачаў у 1580 г. з Чашнікаў свой паход, у выніку якога ім былі не толькі ўзяты Вялікія Лукі, Веліж, але і яго войскі праніклі ў глыб Наўгародскай зямлі, напаўшы на Холм і Старую Русу. А ў 1581 г. С. Баторый рушыў свае войскі з раёна Дзісны праз Полацк на Вострава, пасля ўзяцця якога 28 жніўня яму быў адкрыты шлях да Пскова. У гэты ж час атрад на чале з М. Радзівілам, выступіўшы з Віцебска і прайшоўшы праз Веліж, Тарапец і Старую Русу, падышоў да Пскова, дзе і злучыўся з войскам С. Баторыя, і 28 жніўня пачалася аблога гэтага горада, якая зацягнулася на 5 месяцаў і не мела поспеху.

Гэта няўдача С. Баторыя выклікала вялікую незадаволенасць у Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ён пайшоў на мірныя перамовы з Масквой. У пачатку 1582 г. у Ям-Запольскім і было заключана перамір’е на 10 гадоў. Паводле яго Полацк і Веліж на ўсходзе і Лівонія на захадзе былі пакінуты за Рэччу Паспалітай. Аднак занятыя С. Баторыем рускія землі былі вернуты Масковіі. Такім чынам, калі ўдалося вярнуць цэласнасць тэрыторыі карэннай Беларусі, у прыватнасці былога Полацкага княства, то і на гэты раз не ўдалося далучыць Наўгародскую і Пскоўскую землі. Але тое, што за іх барацьба ішла і зараз, сведчыць адно немінуча: інтарэсы Полаччыны былі важнымі для ўсёй дзяржавы, для дасягнення якіх яна не шкадавала вялікіх намаганняў.

3 заключэннем у 1583 г. Плюскага перамір'я паўночная частка Эстоніі і гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад адыходзілі Швецыі. Так закончылася 25-гадовая Лівонская вайна. Як бачна, яна была зусім няўдалай для Масковіі, якая так і не дасягнула сваёй мэты — выхаду да Балтыйскага мора.

Для Беларусі Лівонская вайна была адным з найвялікшых бедстваў: у канцы вайны наша краіна вярнула сабе толькі тое, што было страчана ў пачатку яе. Але гэта абышлося вялікімі разбурэннямі нашых паселішчаў, вынішчэннем значнай часткі нашага люду. Пры гэтым трэба ўлічваць, што Лівонская вайна была толькі працягам шматлікіх ранейшых войнаў з Macкоўскай дзяржавай, арэнай якіх з’яўлялася Беларусь. Усё гэта не магло не прывесці нашу Радзіму да эканамічнага заняпаду, а разам з ім і да аслаблення яе палітычнай ролі ў супольнай дзяржаве. Вось гэта спрытна і выкарысталі жамойцкія феадалы ў сваіх мэтах. Як вядома, Жамойць, якая складае заходнюю і большую частку сучаснай Літвы, была апошняй тэрыторыяй, якая канчаткова ўвайшла ў склад BKЛ, што адбылося ў 1422 г. Ужо гэты факт сведчыць, наколькі беспадстаўна называць BKЛ Літоўскай дзяржавай у сучасным значэнні гэтага слова. Але, канчаткова ўвайшоўшы ў склад ВКЛ, Жамойць у асобе сваіх правіцеляў стала імкнуцца да пануючага становішча ў дзяржаве. Гэтаму добра садзейнічала тое, што пасля Грунвальдскай бітвы была нанесена страшэнная параза Тэўтонскаму ордэну, што прывяло ў далейшым да яго канчатковага аслаблення, у выніку чаго паступова спыніліся набегі крыжакоў на Жамойць. А гэта паспрыяла Жамойці ў эканамічным развіцці, умацаванні яе палітычнага становішча у дзяржаве ў параўнанні з Беларуссю, якая несла на сабе асноўны цяжар у войнах з Масковіяй. Ацаніўшы выгоды свайго становішча, жамойцкія феадалы пачалі прэтэндаваць не толькі на галоўнае месца ў дзяржаве, але і на заслугі яе стварэння, сцвярджаючы, што «…панства Літвы памнажалася ад Жамойці». Менавіта ў сярэдзіне XVI ст. і з’явілася жамойцкая версія ўтварэння ВКЛ. Паводле яе, менавіта жамойцкі князь Мантвіл, даведаўшыся пра батыеўскае спусташэнне рускіх земляў, паслаў з войскам свайго сына Ердзівіла, які, прайшоўшы спачатку Вяллю, а пасля Нёман, увайшоў у разбураны татарамі Новагародак, адбудаваў яго і зрабіў сваёй сталіцай. (Як бачым, у XVI ст. добра памяталася, што Новагародак быў першай сталіцай ВКЛ. Таму, каб надаць праўдзівасць гэтаму міфу, туды і садзілі жамойцкіх князёў). А ўжо сын Ердзівіла Мінгайла падначаліў сабе і Полацк, род князёў якіх пачаў выводзіцца ад жамойцкіх князёў. Зафіксаваная ў шэрагу тагачасных летапісаў тыпу «Хронікі Быхаўца» і асабліва ў «Хроніцы» польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага, выдадзенай у 1582 г. у Кёнігсбергу, гэта версія пачала паўтарацца ў гістарычных даследаваннях і з некаторымі нюансамі ўтрымліваецца і ў сучаснай гістарыяграфіі. Так узнік, замацаваўся міф пра літоўскае заваяванне Беларусі ў жамонцкім паданні. Няма чаго казаць, што гэта не мае гістарычных падстаў. Ужо толькі тое, не гаворачы аб іншым, што Беларусь не ведала батыеўскага нашэсця, ад спусташэння якога яе не трэба было ратаваць, яскрава адвяргае гэту выдумку. I тое, што Жамойць апошняй сярод іншых земляў была ўключана ў склад ВКЛ, таксама адвяргае, што ад яе «…пачало множыцца панства Літоўскае».

Яшчэ раней узнікла паданне пра паходжанне жамойцкай знаці ад рымлянаў, якая, уцякаючы на караблях ад жорсткасцяў Нерона, высадзілася на ўзбярэжжы Балтыйскага мора пры ўпадзенні ў яго Нёмана. Вось чаму ў асяроддзі магнатаў ВКЛ узнікла мода выводзіць свой род «ад Жамойці», каб гэтым самым падкрэсліць сваё паходжанне ад рымлянаў. А гэта ў сваю чаргу ўздымала аўтарытэт Жамойці сярод іншых земляў ВКЛ, і яна набыла ў сабе ўвасабленне ўсяго балцкага ў дзяржаве. Важна звярнуць увагу на тое, што ў летапісах XVI ст. з назвы княства выпадае слова «Рускае», і яно называецца толькі Літоўскім і Жамойцкім. I гэта зразумела. У выніку Люблінскай уніі ўкраінскія землі, якія пераважна і называліся рускімі, адышлі пад Карону, г. зн. пад Польшчу. I ў складзе ВКЛ засталіся толькі беларускія і літоўскія (адны і другія ў сучасным значэнні гэтых слоў) землі. Вось чаму дзяржава не называлася Рускай, а пад назвай «Літоўскае» разумеліся беларускія землі, адкуль гэтая назва і прыйшла, і пад назвай «Жамойцкае» разумеліся сучасныя літоўскія землі.

Хоць у летапісах XVI ст. яўна праводзілася жамойцкая тэндэнцыя ў паказе ўтварэння і характару ВКЛ, аднак аніводзін з іх не напісаны па-жамойцку. Амаль усе яны напісаны на беларускай мове. I толькі адзін на польскай ды яшчэ адзін на лацінскай. А гэта ў ліку іншага сведчыць, наколькі беларускія мова і культура былі пануючымі ў дзяржаве, што нават жамойцкія ідэолагі вымушаны былі з гэтым лічыцца і свае домыслы выкладаць па-беларуску.

Варта адзначыць, што ў асяроддзі магнатаў ВКЛ ішло саперніцтва ў прыпісванні свайму роду справы ўгварэння дзяржавы. Так, калі ў адных летапісах гаворыцца, што жамойцкі князь Мантвіл паслаў свайго сына Ердзівіла, пад якім разумеўся роданачальнік Радзівілаў, то ў іншым летапісе пасланцам бараніць Русь ад татараў ужо з'яўляецца Скірмант, пад якім разумеўся продак магнацкага роду Скірмантаў.

Поделиться с друзьями: