Бэзавы попел
Шрифт:
Наладзілі невялікі дэсант з анёлаў-ахоўнікоў i анёлаў-выратавальнікаў. Праўда, з-за лянотнай сваёй натуры ці з-за сціпласці ні пра што ix не прасіла, не люблю я неяк прасіць. Але яны зразумелі акалічнасці i далікатненька зрабілі сваю справу. A нейкі дзень, пагледзеўшы на акно, сама зразумела, што за ім вясна i ў нябеснай канцылярыі ліміты ў маштабах сезона на блакіт i золата выдадзены падвышаныя. I вясновае птаства атрымала шырокія паўнамоцтвы i карыстаецца імі, як той выпускнік музвучылішча. Практыкуюцца з самай раніцы, якіх толькі экзерсісаў не навыдумляюць — ніякія ноты не вытрываюць. Нават уявіла сабе той вясновы лес, які я, даўжнік твой, павінна вярнуць гэтай парою. [Трэці ліст Стральцова, з вершам: „Не сумую сягоння, навошта?..”] Лес талы, пахучы, празрысты, з першымі пралескамі. Не магу, праўда, кінуць у канверт пралеску, лес пакуль што толькі ўяўляць магу. Але — наяве ці ў сне — падарунак той Боскі вяртаю з прыемнасцю.
Ой, нешта я ледзь не таю ў сентыментальным захапленні вясновым хараством.
Ты пытаўся ў папярэднім лісце, што за пленум. Я на ім, зразумела, не была. І нават „ЛіМа” справаздачнага не бачыла. Пленум быў па публіцыстыцы. Быў Чарнічэнка — выступаў. Нехта з нашых дробненька пырскаў памыямі. Усё гэта са слоў — спарадычна, суб'ектыўна, фрагментарна”.
Тры месяцы я пісала Міхасю Стральцову акуратна — у свой бюлетэнны час. I з імпэтам чалавека, якому было даравана наноў жыццё. Дарэчы, пазней, у апошнія месяцы Міхася, я, пры кожнай сустрэчы ў бальніцах, згадвала свае эмпірычныя стасункі. Ён слухаў уважліва. А я нешта мармытала пра TOe, што магутная валадарніца, сусветная ахмістрыня Натура карае нас, але дае нам пасля хваробы радасць свайго спазнання, вяртае вясну, водар паветра, шчасце існавання.
“І лёс вяртае нам сяброў...” I ўлюбёныя мелодыі, i кнігі. Я слухала i слухала Шапэна. Давёўшы гэта Міхасю.
„Дзень добры, Міхась!
Калі пачынаеш з той міжнароднай папулярнай тэмы, аднолькава прыдатнай каля вясковага калодзежа i ў вытанчанага густу гасцінай, дык сёння ў нас такі стракаты-паласаты дзень, — паўгадзіны снегавей, як у лютым, паўгадзіны — натуральнае красавіцкае сонца, а самая пара б яму ачомацца i папрацаваць: вялікдзень неўзабаве, a Wielkanoc дык i праз колькі гадзін. Вось табе — вселенская гармония.
Я лайдакую — немаведама чаму гартаю старыя i менш старыя ангельскія раманы. Таўшчэзныя. Закалыхваюць мяне ўіульныя інтэр'еры i экстэр'еры Old England. Можа, даімчуся ў сваім апрашчэнні да дэтэктываў. А можа, выратуюць тыя абраннікі, у якіх i печаль была светла. Сёння нешта пачалі ix радкі тоўпіцца ў галаве з раніцы. I ўзнікла банальная ідэя банальна параскашавацца, ну, скажам, Шапэнам... Дзякуй Богу, магу яе спраўдзіць.
Опять Шопен не ищет выгод,
Но, окрыляясь на лету,
Один прокладывает выход
Из вероятья в правоту.
А гэта ўжо зусім далёка ад таго абранніка сонечнага Феба. Але блізка шляхцшу з Жалязовай Волі.
Вось зноў з'явілася сонца — прыемна-цёплае, нават праз аконную шыбу. І так захацелася тыцнуцца носам у паветра. Вясновае, дзе нешта няўлоўнае i няўмольнае. Хоць ты гаўкні на неспазнаны струмень немаведама чаго.
Якраз атрымала ад цябе ліст, то i пребываю ў кампаніі з табой, панам Кузьміцкім. А яшчэ Пітэрам Усцінавым, Гюнтэрам дэ Бройнам i Андрэ Мальро. Праглядаю „Иностранную литературу” — сёе-тое з мінулага года — „Крамнэгел”: шкада, Вера Сямёнаўна [Палтаран] „зачытала” першую частку, самую цікавую; i сёлетняе. Шкада, што Андрэ Мальро — ўсё ўрыўкі (былі ў „Вопросах литературы’ ў 1979 годзе, ты, мабыць, чытаў). І вось зараз. „Бренный человек и литература”. Як ты пераклаў бы? Хаця — як яно па-французску? Між іншым, там ёсць такое: „... у Індыі з-за процьмы багоў нельга было ставіць помнікі зямным валадарам”. Можа, у тым была свая праўда? I яшчэ згадаю адно: „Мір-Свецкае ўяўленне дасягае вышыні рэлігінага ўяўлення толькі тады, калі літаратура будзе роўнай выяўленчаму мастацтву. Пераемнікамі Мікеланджэла i Тыцыяна будуць не мастакі, але Шэкспір, Монтэвердзі, Карнэль”. Увогуле там шмат цікавых думак, адно не люблю нашу дурную заангажаванасць, зацыкленасць на адмаўленні i маргіналіях. Невялічкі кавалачак тэксту, але ж каментар — удвая большы за яго. Як у нас любяць каментары, тлумачэнні! Каб, не дай Божа! — не падумалі не так, як трэба, не зразумелі ў інакшым ракурсе. Ну, i калі каментар робіць Самарый Велікоўскі, то гэта каментар: ён неяк умее абыходзіцца без спрашчэнняў, a калі Зоніна, як тут, дык чытаць i сумна, i ўвогуле нецікава.
А чытаючы, прыгадваю чамусьці ліставанне Канецкага — з кім бы ты думаў? — ca Шклоўскім. Ці наадварот — дзівіць ліставанне Шклоўскага з Канецкім, хаця супраць Канецкага я нічога не маю: нават часам гэты марскі воўк з ягонай жорсткай іроніяй мне i падабаецца. Там ёсць i такое: „Мы плывём сваёй дарогай, праз прыбрэжную праталіну паўз берага i усё ж наперад”. „Рукапісы разумнейшыя за аўтараў. Магчыма, рукапіс Шэкспіра нават не схацеў бы размаўляць з аўтарам”. Але гэта я паціху сунуся да галоўнага: „Чытаць вас абавязкова трэба з пяром у руцэ i паперай: вельмі многа з'яўляецца ў галаве рознага. ...бег Вашай думкі — парывісты i лукаваты, як у салдатаў пад агнём, — прыносячы мне асалоду i ўзбудзіўшы падскакванне маіх мазгоў, нясе ўзнікшыя геніяльныя думкі за бачны далягляд або ў струмені „зэфіра”. Калі я чытаю цябе — у кожнай іпастасі — думаю прыблізна тое ж. Не магу згадаць, што ў мяне ўзнікаюць геніяльныя думкі, але што недзе за небасхілам разыходзяцца ў нябыт i тыя, што ёсць, ператвараюцца ў нешта цьмянае i невыразнае — факт. I какецтва, якое мне не зашкодзіла б мець, як неабходную жаночую зброю, таксама сплывае некуды у эфіры, стратасферы. А я, дурніца, i не лаўлю яго — плыве i хай сабе плыве. Але на той плыннай хвалі, можа, нешта i застаецца аб нічым не растлумачаных захадаў чапкоўскіх, зорычаў, чугуеўскіх (маю да ix самае блізкае генетычна i радаводна пазначанае дачыненне). Выхоўваць мяне нікому з ix нават на самай постэмбрыянальнай стадыі не давялося. Але стракацца — стракаліся. А яны мецілі ў сваю пару свае жыццёвыя сцежкі так, што шляхі кіраваліся больш у Сібір. А сёння адзін чын, важны, як некалі тыя афіцыйныя чыны, што выпраўлялі ix за Урал, супіць бровы: маўляў, непатрыятычна, як гэта чалавек мог мець дурасць нарадзіцца так далёка ад межаў родных, на Камчатцы.
Ну, ды хай сабе той чын хмарыцца i выціскае з сябе шэдэўры. А мы згадаем яшчэ літоўскія хутары, якіх непадалёк ад Гародні яшчэ ладна засталося. З нашага боку хутароў мала. A ў Летуве ёсць. Акраса краю. Мара ўсіх антыўрбаністаў. I нават рэальны прытулак для прыхільнікаў НТР. I вольных людзей. Але хто з нас вольны? Ці мы самі выбіраем свае крыжы i ланцугі? Ці яны нас?
Бывай.
A.C.”.
i душэўных рэакцый, i вось, думаю, раззлаваўшыся, неадноечны крычала нешта накшталт: „Пракляты пшэк!” Нешта падобнае, мусіць, было з Апалінэрам i той, якой прысвяціў ён сваё „Sorry”. Гэтыя кажанеўскія, кастравіцкія [сапраўдныя прозвішчы Дж. Конрада i Апалінэра] — не цацы, адным словам. Майго дзеда, Міхаіла Ігнатавіча Кузьміцкага, па маці, таксама, памятаю, за натуру не хваліла бабка Хрысця, але дзед быў, на мае сённяшняе разуменне, не ябы-які чалавек — дай Бог мне б ад яго трохі. <...>
Але нешта, даражэнькая, я не ў тыя аглоблі падахвоціўся запрэгчыся i стаць. Ды яшчэ ўздыхнуў i закусіў цуглі. Даруй. Але амаль разгаварыўся, толькі не вершыкам. Вершыкі, ведаеш, апошнім часам нешта не пішуцца, душэўна аслабнуў, саслабеў, а на прозу — часу няма. Рэцэнзіі на мне нейкія вісяць, ніяк падступіцца не магу. А трэ было б, дзеля хрумсткіх паперак: калі вырвуся калі-небудзь адсюль, уцяку куды-небудзь на хутар, да літоўцаў. Колю Старшынава адшукаю ці каго яшчэ, — няхай раяць, ях схавацца. (Старшынаў некалі жыў на нейкім хутары ў Літве, ажаніўшыся ці прыжаніўшыся там, — i некалі мяне падбіваў прыехаць. Даўно гэта, праўда, было. Я i Старшынава таго пасля таго, можа, адзін раз i бачыў. Наогул, адасобіўся я ад усяго. Але ж „шапачны” стрыкулізм твайго любімага St. цяпер не даспадобы, — не па мне. Хоць St. i хітры — не давяраецца „сябрам” i душэўна не прыляпляецца да ix — мае рацыю, га? Толькі гэта таксама не выхад.)
Ну, мусіць, пара закругляцца — пакаціўся я, як таварняк з сартыровачнай горкі.
А ты мне пішы, як i што хочаш. Калі-некалі лірыкі якой падпусці, па галоўцы пагладзь. Я ўжо супакоіўся трохі, не кідаюся ўжо, пальчык не адкушу.
P.S. А на літоўскія хутары з'ездзіць трэба будзе калі. Вось толькі дабрацца да Гародні — таксама даўно там не быў, але Ласасянку ўспамінаю калі-некалі. Ад Гародні да тых хутароў блізка, завітваў некалі”.
На канверце дата — 19.IV.82 г., у лісце не прастаўлена. Увогуле Стральцоў акуратна датаваў свае лісты. Можа, гэтая думка — „адасобіўся я ад усяго”, можа, яшчэ нешта адвяло ўвагу, магчыма, вось тыя літоўскія хутары — марыў ён пра хату, пра свойскае жытло, так бы мовіць, „на пленэры”. Пра хутар, пра хату дзе на ўскрайку вёскі — адасобленую, негаманкую. Не пра дачу — менавіта хату. Мара ягоная так i не збылася. Хаця нават у апошнія ўжо месяцы жыцця, калі з'явіліся нейкія грошы, i пасля аперацыі ў Бараўлянах пачынала цепліцца надзея, ён выпраўляў сваю сярэднюю дачку Вераніку (малодшую дачку ад першага шлюбу) паглядзець які пляц з будынінай.
Пра гэта многа будзе весціся гаворкі ў нашых лістах: напаўжартаўлівай, з узаемным пакепліваннем. Мне таксама мроілася хата дзенебудзь у лесе, на адзіноце. I таксама мроя гэтая застанецца мрояй. I ўвесь маёмасны набытак — кааператыўная кватэра i некалькі „дачаў”: лапікі зямлі на могілках маці, бацькі, маёй хроснай пані Магды... I яшчэ, i ячшэ... Для мяне самой гэты лапік у пазажыццёвым існаванні — ужо мара. Дай, Божа, каб не крэматорый...
А вось яшчэ ліст-сведчанне: чаму не з'явілася там, у Мазыры, проза Стральцова. Болдзінская восень не выпадала. Прытулак яго высылкі не быў маёнткам, не быў „приютом спокойствия, трудов и вдохновенья”. Ці было іншае выйсце з той пасткі лёсу, у я кую ён трапіў, я не ведаю. Відавочна, не ведала яго i другая яго жонка, Алена Дзмітраўна. Здаецца, яна прыязджала да Стральцова ў Мазыр... I наперад таго, мабыць, прыняла на сябе шмат пакут i страт i болю. І ахвяр. Ці разумела яна Стральцова? Не ведаю. І ці легка было яго зразумець? I ці дадзена гэта было ўвогуле некаму? Але— так ці інакш: Стральцоў бытаваў у Мазыры, у атачэнні, не самым, мякка кажучы, спрыяльным для візітаў высокай Музы.
„На адзіноце з сабой i табой мне выпадае заставацца толькі ўвечары, пасля 8 гадзін (да 10) — увесь мой вольны час, бо другога, нажаль, не маю. Іншым разам не без зайздрасці ўспамінаю свае першыя месяцы ў санчасці: хоць i людна, i цесна было, i настрой амаль хаўтурны, але, перамагаючы сябе, пісалася ўсё ж, бо меў нейкі час, а можа, галоўнае — злосць. А ты заўважала, што ў кепскім настроі, бывае, працуецца добра, варта толькі перасіліць сябе. Скруха — страшэнны цяжар, але „так тяжкий млат” i г.д.