Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бэзавы попел

Сямёнава Ала

Шрифт:

І пра тое, што яна скажа i як яна адкажа, мне адпішы.

А восень я паспрабую заказаць добрую.

Вось што я ўспомніў: у ранейшым пісьме не на ўсе твае дзелавыя пытанні адказаў — так загаварыўся, як цецярук.

Ну, вядома, В. абыдзецца без А., гэта зразумела. Так я i А., калі не памыляюся, пісаў. А з В. вы, думаю, паладзіце.

Яшчэ забыўся папытаць у цябе пра лёс рукапісу В.Івашчанкі. Паспрыяйце яму, як быццам бы мне, калі я хоць трохі ў вашай рэдакцыі чаго варты. Гэта харошы i сур'ёзны чалавек, крытык харошы, ведаеш сама. Ён, па-мойму, трохі баіцца рэдактарскага самаўладства, але гэта, па-мойму, не амбіцыі, а натуральны стан i рэакцыя сумленнага i пісьменнага крытыка. Так што не надта гладзьце супраць шчацінкі. Дальбог! Ну зрабіце! Мяне вы ўсё роўна не выдаеце, выдавайце хоць тых, каго прыемна будзе чытаць.

Ага, вось: пакуль той фальварак, дык у мяне, можа, свая хата будзе. Гэта, каб у „прымы” не ісці. А да сябе ўзяць каго хочаш магу. I не буду гаварыць, што гэта мая хата”. <...>

Івашчанка — гэта маскоўскі крытык, які на тую пару надаваў вялікую ўвагу беларускім літаратарам, пісаў i пра Стральцова, у прыватнасці, прадмову да зборніка прозы ў перакладзе на рускую мову „Журавлиное небо” (бібліятэка часопіса „Дружба народов”), на тую пару выходзіў ягоны зборнік „Кругі надзеі i дабра”. A кніга крытыкі Міхася Стральцова „Пячатка майстра” выйшла ў 1986 годзе. I — што ўтойваць — цягнула я з Міхася Лявонцьевіча гэты рукапіс, i просячы, i молячы, i пагражаючы. Пакуль не прынёс стос газетных i часопісных выцінкаў — i складваць, i аддаваць машыністкам на перадрук, i вычытваць: гэты гонар ён надаў мне, рэдактару. Была, была ў „абранніка сонечнага Феба” гэтая звычка, ён не любіў чорнай працы, чарнавых штудый. Было ў яго літаратурнае сібарыцтва. A хутчэй — яму i сапраўды быў патрэбны сакратар, памочнік, чалавек, які рабіў бы тэхнічную працу. Мабыць, такі чалавек быў яму патрэбны, як i свой, калі не маёнтак i не фальварак, дык ціхі, добраўпарадкаваны закутак. Хата ў цішы. Разуменне. Паразуменне. I — свабода ад заняткаў, так бы мовіць, „не эзатэрычных”.

I гэтае, зусім звычайнае для другіх i лёгка спраўджанае для іншых жаданне: мець хату, было таксама, нагадаю зноў, на жаль, толькі ідэяй-фікс. А ён трызніў той хатай. Гасцяваўшы, пасля звароту, на чужых дачах. Дарэчы, калі мы ездзілі ў 1987 годзе ў вёску Сычын, хата яго дзяцінства была пустая. Там ніхто не жыў. Але, мусіць, не ў яго натуры было б месціцца так, каб заўсёды быць на вачах, пад пільнай увагай вяскоўцаў, а падсвядома, можа, хацеў быць бліжэй да Менска. Аднак ці не гэтую хату ён меў на ўвазе ў лісце? Пазней у пісьмах згадваў: i печы б паліў, i дровы б цягаў, i ваду насіў... I глядзеў бы на вясёлы ці роздумны агонь у камінку. Пазіраючы на „ўзор прыгожы пекных зор”. На самоце. Так. Але, мне здаецца, самоту ён любіў, але адзінота не была яго марай. Бачыў ён сябе хутчэй — з Ёю. Хто — Яна? Межы асабістых адносін i ўяўнага, прывіднага ён не пазначае. Падзеі жыцця i падзеі ўяўленняў — яны набліжаюцца ў яго i перакрыжоўваюца. Ці — верагодна! — ён пазначае новы твор! Пра ўзаемаадносіны i ўзаемадачыненні жынчыны i мужчыны. Лісты з другога боку — гэта як чытацкі водгук. Даходзіць!

„Дзень добры, даражэнькая!

А ведаеш, мне спадабалася, як ты паказала кіпцюрыкі ці прыняла гэткую фехтавальную пазіцыю перад m-me Vt, i (о, женщины!) характарыстыкі праніклівыя i вычарпальныя, такія, што ад літаратурнай удавы спачатку як бы дух адлятаў, а потым i спружыны ўсе, жаласна бомкнуўшы, вонкі. Ну то няхай! Як я зразумеў, m-me ў Саюзе на кафедру ці амбон узнімалася, а цыганаваты падшыванец за якой парцьерай хаваўся? I Гамлета на гэтага Палонія не знайшлося?

Мне дык трохі, прабач, i смешна. Не ведаю чаму, а У., акрамя смеху, можа, дурнога, чамусьці нічога ніколі не выклікаў у мяне. Не­шта, што пнецца раздзьмуцца да памераў вала. I дапяў-такі да параўнання з гэтым боскім стварэннем у працавітасці — нейкай i нуднай, i асуджанай, i знябытай: вол вось так, мусіць, i нудна працуе, i нудна жлукціць ваду.

Ваду ты пі, ваду ты пі

Да скону века.

Ды толькі ў ёй ты не тапі

Сучалавека.

Там у ix, па-мойму, хіба з D. парагатаць ці пагаварыць можна. За адно гэта не шкода i намякнуць яму іншым разам, але „хітра”, як бы прымаючы правілы пэўнай гульні, вядомай табе i яму, што ад балярына Льва ён розніцца хіба адсутнасцю мужыцкай барады („Ну, мужыцкае, браце, у нас ёсць — i да барады ягонай ёсць!”), а таксама ж надта таленавітых сыноў („Мая Танька i шамякінскую заткне!”). I, пагладзіць жывот, свіркне акулярамі ў адзін бок, у другі, a потым задзярэ голаў i па-блазенску хапне ротам паветра — i так будзе на цябе глядзець: во мы ім!

<... >

Во ім! Весялей, між іншым, i сама глядзі на свет. Мне дык гэтага пэўна жадаеш, інакш не скіроўвала б нечы позірк i імпэт на Дульцыней i Флор розных. Хто яго ведае. „Мне бы лучше вон ту...” — ці заўсёды гэга апраўдвае сябе, га? У прастаце так званай ёсць нешта, ад чаго можна звар'яцець. Вельмі проста, што там, магчыма, разгад­ка, я згодзен, але ж чалавека, зноў жа, так нехта згламаздаваў, што ён сам сабе пры гэтым проста не паверыць i ўсё адно будзе шукаць нечага яшчэ на згубу сабе. Чалавек, між іншым, прастаты баіцца, хоць i жадае яе. Я табе гэта спасылкай па строга навуковае вызначэнне жыцця дакажу. Яно вызначаецца (жыццё) таўталагічна: жыццё ёсць жыццё. І не болей. Які-небудзь сэнс ці тым болей ідэал, мэта — крый Божа. Гэта, мусіць, праўда, але паспрабуй пераканай у гэтым „гуманітарнага” чалавека! Так i я ў Дульцынею, i ў Флору тваю не веру, я ў яе веру толькі у той момант, можа, калі чалавек „истекает звездными хлопьями”, як сказаў нехта. Прырода тут пастку добрую паставіла, гэта праўда. Але ж гэта толькі імгненне, а мы, каб не звар'яцець ад усведамлення жахлівай „хрупкости” гэтага імгнення, прыдумалі мастацтва, культуру i г.д., i г.д. Каханне само сабой — вось табе! І не вернется адсюль. І таму не палохай мяне ні „разумнасцю”, ні Дульцынеямі не суцяшай. І адкуль ты ведаеш, між іншым, што табе трэба спакой — i прытым такі, а не гэтакі? Кінь, кінь, даражэнькая!

Але ж мы i ў філасофію з табой залезлі! На сёння даволі, можа. Я табе пялёстак „ириса”, калі не намыляюся, прышлю. („Флоренция, ты ирис нежный” — у Блока.) Можа, дойдзе?

Пра справы напішу ў другім лісце, згода?

А ты б мне здымак свой прыслала, ці што? Не смейся. Я хваліцца ім не буду. Тут гэта i не банальна, можа, — не хваліцца, а здымак. Гэ­та тут толькі, мусіць, можна зразумець. Я табе пасля вярну, калі захочаш. А свой я так ці інакш прышлю да кніжкі: ты на мяне цяперашняга паглядзіш i вырашыш, ці трэба яго даваць (перамелаваць). Ха­ця там, можа, i другога малююць, хе?

Пішы i паветраныя ванны ці душы (як ix там завуць?) прымай. Патрохі i паступова. I вады не бойся. Каб не баяцца, У. чытай.

3.V1.82

Міхась”.

Дульцынеі i Флоры — мае, усё пра тое ж, згаданыя вышэй, напаўжартам, напаўсур'ёзам, згадкі, як ён кіне ўрэшце сваё вымушанае паселішча i атабарыцца на хутары, на ўлонні прыроды, з якой Чароўнай Дамай будзе ствараць шэдэўры. А я калі-небудзь завітаю да ix, i яны адшкадуюць мне на пару дзён гарышча ці прынадную мансарду, i я буду паціху піць слодыч вясковага паветру i суцэльнага жыццёвага спакою: nihil habeo, nihil euro. Тым часам я прайшла працэдуру прыёму ў Саюз i „живописала” яму нейкія фрагменты таго „дзейства”. Здымкі мы не адсылалі — яны таксама засталіся ў той, не пазначанай канкрэтнымі рэаліямі ўмоўнай прасторы нашага ліставання. Як у тэатры — калі нехта падносіць шклянку да вуснаў, гэта зусім не азначае, што ён нешта п'е.

Стральцова для кнігі маляваў мастак В.Вецік па старым здымку, я на тую пару не фатаграфалася гадоў сем, а то i дзесяць. Былі выпадковыя, аматарскія адбіткі, больш з нейкімі людзьмі. I ўвогуле я вельмі рэдка прэзентавала здымкі. Ці то ад сціпласці, ці то ад засцярогі. Хто яго ведае — як той здымак будзе глядзецца заўтра? Калі адыдзе вось гэтая неабходнасць — перамаўленне графічна выяўленымі словамі?

А пакуль перамаўленне было звычным, нібыта гаворкай — з некім, a i з самім сабой. Я ўжо пазначала — у яго ўвогуле была такая звычка гаварыць. Так пісаліся лісты: нібыта мне, нібыта, як ён сам пісаў i пра што згадвалася, — дыярыуш ствараўся.

Anno Domini 1982.

„Дзень добры, Ала!

Аж самому няёмка, што так надакучаю табе пісьмамі, — i гэта я, катораму яшчэ нядаўна старонку Дзюма (во дзе кара!) было б алолець лягчэй, чым адказаць каму-небудзь на ліст або напісаць па сваей ахвоце. Таму будзеш думаць, што ўплываеш ты на мяне дабратворна, калі змагла збудзіць ва мне гэтую, я думаю, атавістычную страсць або хэнць. Я, можа, глядзі, i раскалыхаюся душэўна, а ты, значыцца, як гаварыў незабыўны Броўка, а ты пішы, а ты пішы...

I па тэатрах, вядома, хадзі, не надта турбуючыся, што паселіш у маёй душы чорную зайздрасць. Тэатрал я невялікі, мне ўсё роўна, ходзяць больш у тэатр ці кіно — або наадварот. I хто там каго пераможа, якая дзесятая ці адзінаццатая муза — мне справа сапраўды дзесятая. Сучасны тэатр не ведаю, не бачыў, вядома, нічога з рэжысёрскіх феноменаў Грашэўскага (?), панявежцаў якіх-небудзь нават не бачыў, не ведаю, што там вырабляў у сваім тэатры Любімаў, а вось з ягоным вучнем Раеўскім (так ён сябе называе) рабіў Купалу, бо тут сапраўды было нешта (у Купалы) ад „паэтычнага” тэатра. I спрэчкі розныя пра дыктат рэжысуры i акцёрскае самавызначэнне неяк абходзяць мяне: я не за надакучнае выдыганне i выкаблучванне аднаго правінцыйнага Рэйнхарда перад другім, я i не за „салонны” нейкі рэжысёрскі стыль, асабліва ў трактоўцы класікі, як i не за аголены мадэрны; а проста ўбогі, т.зв. сучасны. Я быў бы проста, можа, за тэатр, але што гэта такое? Жорсткія псіхачагічныя канструкцыі Раеўскага пры абструганым ці неабструтаным дэкоры якога-небудзь Герлавана? Палавінчатасць Луцэнкі? Луцэнка трохі як бы на маіх вачах рабіў „Раскіданае гняздо” — там было тое-сёе, але нейкай лініі, нават рэжысёрскай, ён не дабіўся, што амаль заўсёды робіць Раеўскі, хоць i рацыяналістычна вельмі — так, што глядач бачыць часам адваротнае таму, што ён хацеў.

Поделиться с друзьями: