Бэзавы попел
Шрифт:
„Я не пастрашуся прамовіць, што мяне цікавіць пытанне мастацтва самога па сабе” (там, на расейскай мове, гэта гучала так: „Я не побоюсь сказать, что меня интересует вопрос достоинства искусства как такового”). Міхась Стральцоў ніколі не баяўся гэта сцвярджаць — словам прозы, словам крытыка. Ці былі ў яго магчымасці, моц на спраўджванне? Мне здаецца, былі. У спрыяльных умовах. Моцартавы склад таленту ўвесь час цярпеў ад усмешкі скептыка-аналітыка, які сядзеў у Стральцове, i перапыняў занатоўванне імгненнага. Цярпеў ад крыўдлівых усмешак нядобразычліўцаў. Ад кпінаў лёсу. Ад прадонняў у самасвядомасці. Сам ён у згаданым артыкуле пазначыў так: „Я... быў заняты, І нават досыць сур'ёзна, годным уладкаваннем уласнай асобы i свайго ўнутраннага свету...”
Міхась Стральцоў (пра гэта сведчаць i яго лісты) не быў з тых, хто ўмее старанна i абавязкова кожнага дня гнаць свае радкі. А настрой, той палётны, натхнёны, ён легка парушаўся... Памятаеце? „Аповесцейку сваю я колькі разоў губіў тым, што, загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуўшы цалкам, не садзіўся ў час за стол — i перагараў. Вось яшчэ чаму самадысцыпліна ў працы ўсё ж вялікая рэч”.
Чаму не садзіўся за стол? Хто вінаваты? Ці толькі абставіны? Ці ўсё ж — ён сам? Ці тыя сацыяльныя прычыны? Абставіны трагічнага лёсу беларусаў? Памятаю, як нейкім выпадкам, яшчэ да Мазыра, асцярожненька „агітавала” яго пісаць. Ён скрушна давёў: „А каму гэта патрэбна?”
Міхась Стральцоў — пісьменнік элітарны. I — беларускі пісьменнік. То дзе ж ён — быў ці ёсць — ягоны чытач? Дзе тыя беларусы, што разумеюць „філасофію ўсясветнай выпадковасці быцця” (А.Роб-Грые), што ўмеюць спасцігнуць тыя абліччы існага, што ўмеў стварыць Міхась Стральцоў? Ix так мала. I было, i ёсць. I таму так выйгравалі ў „масавасці”, „папулярнасці”, „знакамітасці” тыя, хто займаўся простым паўтарэннем, пералічэннем розных карцін рэчаіснасці, канкрэтных, на ўзроўні будзённага ўсведамлення. Ці быў ён абыякавы да гэтага? Ён не быў зайздроснікам. Ведаў цану таннай славы. Крыўда, па-мойму, была. Нават больш — пакута. Ён не быў у суладдзі са светам. А свет — з ім. Аднак ён жыў адчуваннем гармоніі. Меў тое, дадзенае выбраннікам, сузіранне, што „ахоплівае субстанцыю рэчы ва ўсёй яе цэласнасці, меў магчымасць вытусаць сэрца альбо душу рэчы з усяго, што засцяняе сутнасць” (Гегель).
Што было б, калі б ён быў жывы?
Наўрад ці сёння падаўся б у члены якой партыі, наўрад ці займаў бы трыбуны, наўрад рабіў бы нататкі „на злобу дня”. Ён быў філосафам, сузіральнікам, мысленнікам. Ніколі не лавіў за крыла момант.
Што б ён рабіў? Цяжка згадаць...
Проза, вершы, крытычная проза... Эпісталярная проза. На ўсім пячатка майстра.
Многае не спраўдзілася. Але — „душа сбылась”.
Бэзавы попел... Згадваю „матыў лірычны, адмысловы”, i „красу арабінак”, i лес „у асеннім агні”. I сыплецца, спадае бэзавы попел успамінаў...
I ўспамінае душа святло...
Іслач.
Жнівень 1990 г.
Верасень 1992 г.