Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:
П.
– Так, Ваша Мосць.
Т.
– Святы трыбунал згодна з вучэннем царквы верыць у iснаванне сатаны i ў яго згубны ўплыў на людскiя душы. Цi абвiнавачаны лiчыць, што Святы трыбунал пазбаўлены здаровага розуму?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Чаму абвiнавачаны не адказвае?
П.
– Не ведаю, Ваша Мосць, гэта вышэй майго разумення. Я толькi ведаю, што выклiкаў д'ябла, хацеў прадаць яму сваю душу, а ён не з'явiўся, дык, значыцца, яго, пэўна, няма.
Т.
– Цi iснуе, на думку абвiнавачанага, на свеце зло?
П.
– О так, Ваша Мосць! Зла вельмi многа.
Т.
– Цi абвiнавачаны зведаў у сваiм жыццi зло?
П.
– Толькi зло, Ваша Мосць, нiчога iншага не бачыў.
Т.
– Абвiнавачаны i далей настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?
П.
– Калi б ён быў, Ваша Мосць...
Т.
– Я пытаюся, цi абвiнавачаны i далей настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?
П.
– Настойваю, Ваша Мосць.
Т.
– Калi ж сатана не iснуе, хто, на думку абвiнавачанага, спраўца зла на зямлi?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Цi абвiнавачаны верыць у Бога, творцу неба i зямлi?
П.
– Як жа я магу не верыць, Ваша Мосць?
Т.
– I таму, на думку абвiнавачанага, усемагутны Бог стварыў зло на зямлi?
П.
– Я гэтага нiколi не казаў, Ваша Мосць, прысягаю.
Т.
– Абвiнавачаны ўсё яшчэ настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?
П.
– Ваша Мосць, калi ён не з'явiўся...
Т.
– Ёсць сатана цi яго няма?
П.
– Ваша Мосць, не Бог стварыў зло.
Т.
– Святы трыбунал дае веры словам абвiнавачанага, што ён шчыра адцураецца ад блюзнерчай думкi, што нiбыта Бог мог быць спраўцам зла на зямлi.
П.
– Дзякую, Ваша Мосць.
Т.
– Чыiм падданым з'яўляецца абвiнавачаны?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Цi не Iх Каралеўскiх Каталiцкiх Вялiкасцей караля Фердынанда i каралевы Iзабэлы?
П.
– Так, Ваша Мосць.
Т.
– Хто ў Каталiцкiм Каралеўстве ўстаноўлiвае законы?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Каралеўская Вялiкасць?
П.
– Так, Ваша Мосць.
Т.
– I хто яшчэ?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Каталiцкая царква?
П.
– Так, Ваша Мосць.
Т.
– Абвiнавачаны прызнаў, што паводле яго сама свядомага меркавання ўсе законы ў Каталiцкiм Каралеўстве ўстаноўлены Каралеўскай Вялiкасцю i каталiцкай царквой. Цi абвiнавачаны пацвярджае гэта?
П.
– Так, Ваша Мосць.
Т.
– Святы трыбунал сцвярджае, што ў святле сваiх ранейшых прызнанняў абвiнавачаны яўна прызнаўся ў змове супраць вярхоўнай свецкай улады i ўлады духоўнай.
П.
– Ваша Мосць, я бунтаўнiк? Я не бунтаўнiк.
Т.
– Святы трыбунал абапiраецца на прызнаннi абвiнавачанага i не верыць у яго цяперашнiя галаслоўныя пярэчаннi. Абвiнавачаны сцвярджаў, што на зямлi iснуе зло? Абвiнавачаны прызнаў, што сам зведаў шмат зла?
П.
– Так, Ваша Мосць, я сказаў гэта.
Т.
– Не сатана, на думку абвiнавачанага, спраўца зла, бо сатана, паводле слоў абвiнавачанага, не iснуе. Усемагутнага Бога таксама абвiнавачаны не дакарае за зло на зямлi. Хто ж тады, на думку абвiнавачанага, можа быць спраўцам зла, калi не тыя, што ўстаноўлiваюць законы?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Святы трыбунал канстатуе, што абвiнавачаны Перэз, абвiнавачаны ў цяжкiх грахах ерасi i адступнiцтве ад асноў каталiцкай веры, паказаў пад час следства асаблiва бунтоўныя думкi, сцвярджаючы, што за зло, якое iснуе на зямлi, адзiную i выключную адказнасць нясе свецкая i духоўная ўлада.
П.
– Ваша Мосць, прысягаю, што нiколi так не думаў.
Т.
– Значыцца, Святы трыбунал хлусiць?
П.
– (Маўчыць.)
Т.
– Падазраючы Святы трыбунал у хлуснi, абвiнавачаны тым самым пацвярджае свае прызнаннi пра бунтоўныя намыслы.
П.
– Ваша Мосць, прызнаюся.
Т.
– У чым абвiнавачаны прызнаецца?
П.
– Памыляўся, Ваша Мосць, дазволiў звесцi сябе глупству i несвядомасцi, але бажуся, я не мяцежнiк i нiколi iм не быў. Я веру ў iснаванне сатаны, ён носьбiт лiха, усякага лiха.
Т.
– Святы трыбунал не мае нiякiх падстаў верыць у шчырасць гэтай заявы. Цi ведае абвiнавачаны, што бунт супраць Каралеўскай Вялiкасцi караецца смерцю?
П.
– Ведаю, Ваша Мосць, але я не мяцежнiк. Памыляўся, прызнаюся. Вялiкi гэты грэх мой. Веру ў сатану, i ён - носьбiт зла.
Т.
– Святы трыбунал не можа верыць абвiнавачанаму, бо яго цяперашняя заява прадыктаваная не так шчырым раскаяннем, як усведамленнем кары, якая яго чакае. Адно толькi можа ўратаваць абвiнавачанага - сказаць Святому трыбуналу ўсю праўду.
П.
– Божа праведны, я кажу праўду!
Т.
– Няхай абвiнавачаны адкiне свае страхi. Святы трыбунал на тое i iснуе, каб выводзiць аблуднiкаў на правiльную дарогу. На жаль, Святы трыбунал не зможа ўратаваць абвiнавачанага, калi абвiнавачаны сам сябе ратаваць не хоча. Абвiнавачаны мусiць сказаць усю праўду.
П.
– Усё скажу, Ваша Мосць.
Т.
– Шчодрасць божая бязмежная. Хай абвiнавачаны назаве Святому трыбуналу iмёны i прозвiшчы людзей, з якiмi быў у змове супраць Iх Каралеўскiх Вялiкасцяў i царквы.
П.
– Божа!
Т.
– Нагадваю абвiнавачанаму, што заклiк iмя божага не ёсць паказанне, якога цярплiва чакае Святы трыбунал.
П.
– Ваша Мосць, вялебныя айцы, я нiколi не ўступаў нi ў якую змову.
Т.
– Няхай абвiнавачаны звернецца да сваёй памяцi.
П.
– Клянуся, нiколi не быў змоўшчыкам, я просты чалавек. Чаго вы хочаце ад мяне?
Т.
– Праўды.
П.
– Сатана - носьбiт зла.
Т.
– Хто разам з абвiнавачаным удзельнiчаў у змове супраць Iх Каралеўскiх Вялiкасцяў i царквы?
П.
– Я не ўдзельнiчаў нi ў якай змове, Ваша Мосць. Малю вас, паверце мне. Памыляўся я, нячысты ўблытаў, гэта ён уцягнуў мяне ва ўсё гэта.
Т.
– Святы трыбунал, заклапочаны адзiна турботай пра душу абвiнавачанага, ахвотна верыць абвiнавачанаму.