ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:

– Я цябе не клiкаў, - цiха сказаў падрэ Тарквемада.

– Маеш рацыю, сапраўды не клiкаў. Але нягледзячы на гэта, я не толькi ёсць, але i гавару, выказваюся, а гэта ўжо нешта зусiм новае ў нашых узаемiнах. Што спавадавала гэта nоvum, задумаемся. I перш за ўсё: з'явiўся я, цi, правiльней кажучы, уяўнiўся? Маю надзею, што цябе не здзiўляе гэта пытанне. Бо ўсё, зрэшты, залежыць ад правiльнага наймення фактаў. Дык значыцца: з'явiўся цi ўяўнiўся? Глыбока падумаўшы, я стаю за вызначэнне "ўяўнення", бо не можа з'явiцца той, хто заўсёды прысутны, праўда? Але навошта я ўяўнiўся? Досыць iстотнае пытанне. Мяркую, што траплю ў самы раз, калi скажу, што ў вынiку пэўнага аслаблення ў табе, мой ойча, чуйнасцi ўзнiклi аб'ектыўныя ўмовы, каб я са стану патэнцыяльнай вернасцi, цi, так сказаць, статычнай, перайшоў у стан дзейснай. Менавiта гэта я меў на ўвазе, кажучы, што часам варта маўчаць i чакаць цэлы век. Цяжка, бо жыццё ж ёсць жыццё. Сама моцны чалавек можа завагацца, i ў яго веру могуць запаўзцi сумненнi. Павiнен табе нават прызнацца, мой ойча, што людская паняверка невыказна мяне ўзрушае. Непатрэбнае, калi чалавек поўны веры, яно ў цяжкiя хвiлiны, калi святло праўды перастае свяцiць чалавеку, аказваецца асаблiва патрэбным i карысным. У такi толькi момант я ў поўнай меры ўсведамляю, якое гэта бязмежна вялiкае шчасце валодаць непахiснай верай. Твае, ойча, сумненнi...

Тарквемада расплюшчыў вочы i сказаў у цемру:

– Няпраўда, няма ў мяне сумненняў.

– Разумею. Усё гэта ўжо было. Людзям так патрэбна вера, што яны нават свае сумненнi любяць называць пэўнасцю. Добра, хай будзе так. Значыцца, мы абодва, не маючы сумненняў, маем пэўнасць: i ты, i я. Баюся я толькi, што мы, заўсёды да гэтага часу такiя адзiныя ў разуменнi рацыi гэтай праўды, цяпер адрознiваемся ў яе разуменнi i ацэнцы. Дзе слушнасць? Цi могуць быць дзве слушныя рацыi, праўды?

– Не.

– Вядома! Хоць i не без унутранага хвалявання, але бачу, што нават саму праўду ты пачаў iнтэпрэтаваць трохi адвольна, хоць i астаўся верны яе кампанентам, якiя нязменныя i не падлягаюць нiякай рэвiзii. Гэта вельмi iстотна. Мяркую, што галоўную ўвагу трэба звярнуць не на падкрэслiванне рознiцы ў нашым бачаннi, а на тое, што зблiжае i лучыць. Праўда ж адна.

– I ты ненавiдзiш яе, адну.

Голас уздыхнуў са смутным разуменнем.

– Гэта таксама было. Рэнегаты i адступнiкi заўсёды сурова мяне асуджалi. Хто ж бо больш з'едлiва можа ненавiдзець вернасць, як не той, хто сваёй здрадзiў? Цi ж не так гэта?

– Гавары далей.

– Ахвотна, але я думаў, што калi ты развязаў мне язык, даруй гэты перыфраз прынятай ветлiвасцi, то толькi з мэтай прынцыповага абмену думкамi i кiруючыся найлепшым жаданнем iх узгаднення. Што ж мы, зрэшты, такое, калi не пэўная сума поглядаў? Асабiста сабою нiхто звычайна не цiкавiцца. Я быў i ёсць празрысты, як праўда, якой я служу.

– Ах, якiя квяцiстыя словы! Прыкра мне, вялебны ойча, павiнен, аднак, заўважыць, што i на табе пацвярджаецца адвечны прынцып. На жаль, няўхiльнай i вартай шкадавання дэградацыi падлягае кожны чалавек, якi сумняваецца. Заўсёды дагэтуль ты ўмеў гаварыць як гаспадар становiшча. А цяпер ты як той сентыментальны летуценнiк. Дзе ж падзелася сцiсласць твайго мыслення, яго цэльнасць i вострасць? Няўжо таму толькi ты ўсё жыццё знiшчаў усякую няяснасць, каб пад канец самохаць аддацца ёй у няволю? Прашу цябе, ойча, заклiнаю ўсiм чыста, што святое, - давай будзем гаварыць як людзi сталыя i свядомыя, унiкаючы спасылак на нескардынаваныя пачуццi, захоўваючы толькi вернасць прынцыпам розуму.

Тарквемада маўчаў.

– Ты заснуў, ойча?

– Не.

– Тады чаму маўчыш? Разумею, хочаш такiм чынам схiлiць мяне да маўчання. А што ж табе з таго? Ты ж ведаеш, што я не магу адысцi.

– Ведаю.

– Ну i?.. Скажам, калi ты хочаш, я перастану. Добра, я ўжо маўчу.

Стала цiха. Тарквемада думаў: "Я стварыў сiстэму, але дзякуючы ёй i праз яе стварыў таксама людзей сiстэмы. Што рабiць з iмi, калi сiстэма аказалася згубным шаленствам? Як адкiнуць тэрор, калi ён ужо здолеў нарадзiць людзей, якiя ў iм толькi знаходзяць рацыю i сэнс свайго iснавання? Знiшчыць iх пры дапамозе таго ж тэрору?"

Праз хвiлiну блiзкi голас азваўся:

– Я маўчаў. Але ты чуў мяне?

Тарквемада ўзвёў вочы.

– Так, - шапнуў, - я чуў цябе.

– I што?

– Манiш. Людзi не хочуць тэрору.

– Бедакi! Нявiнныя ягняты!

– Не кпi.

– Значыцца, чалавек для цябе, ойча, ужо не слабая, гаротная, вартая пагарды iстота?

– Мы зрабiлi людзей яшчэ горшымi. Я памыляўся.

– У чым, калi можна даведацца?

– Ва ўсiм.

– Гэта гучыць горда. Ты заўсёды быў максiмалiстам. Усё! Цi не хочаш ты сказаць гэтым, што i змянiць трэба ўсё? Але ж не, не думай, мой ойча, што мяне гэта нiбыта занепакоiла. Змены ўваходзяць у прыроду гэтага свету. Iх толькi трэба правiльна iнтэрпрэтаваць. На мой, напрыклад, погляд памылак як памылак наогул не iснуе. Што такое памылка? Гэта паняцце няправiльнае, якому я супрацьпастаўляю паняцце правiльнае. А што ж тады ёсць рэчаiснасць? Вiдавочна, паняцце, правiльнае цяпер, у гэтую хвiлiну. А чаму? Таму што правiльнае паняцце, правiльна фармiруючы рэчаiснасць, само - рэчаiснасць. А таму толькi актуальная правiльнасць можа быць рэчаiснасцю, затое тая ж самая правiльнасць з часам, калi будзе акрэслена як няправiльная, страцiць субстанцыю ўласцiвасцi быцця i з гэтага пункту погляду, што па-свойму вельмi проста, наогул перастае ёю быць. Не ведаю, мой ойча, цi ўваходзiла гэта ў твае намеры, калi ты закрануў пытаннi, якiя даўно мяне хвалююць. У гэтым правiльным адмiраннi рэшткавых або наогул мёртвых зместаў i ў нараджэннi новых бачу я, павiнен табе прызнацца, прынцыповую аснову дзеяння i падзей. Усё залежыць, як я ўжо сказаў, ад правiльнага наймення фактаў. Я б у гэтым сэнсе пайшоў, можа, на крок далей i сказаў бы, што ўсё залежыць ад правiльнага дэкрэтавання. Разумееш, што я хачу гэтым сказаць. Трансфiгурацыя iснага ў няiсным павiнна, i нават мусiць, мець адметы ўсеагульнасцi, i яна, згодзiшся з гэтым, не можа быць аднесена на жывёл, наадварот, яе трэба планаваць i кiраваць ёю. Апрача таго, я хацеў бы хоць пабочна выказаць адно дробнае засцеражэнне. Мы пагадзiлiся, што правiльная рацыя, прызнаная правiльнай, трацiць тым самым аб'ектыўную экзiстэнцыю. Але гiсторыя, мой ойча, не выносiць пустаты. Толькi новая правiльнасць можа знiшчыць старую. Каб усмерцiць iдэю, патрэбна iдэя. Здагадваюся, што неўзабаве ты абвесцiш свету новую iдэю.

– Не муч мяне, - шапнуў Тарквемада, - я i так змучаны.

– Так, гэта праўда, прашу мне прабачыць, ойча. Зрэшты, стан людской змучанасцi таксама мяне вельмi цiкавiць. Сапраўднае дазiраванне пакуты належыць да найбольш складаных прэрагатываў майстэрства кiравання. Нельга дапускаць, каб людзi былi спакутаваныя недастаткова, i адначасова нельга ствараць такiх умоў, каб спакутаванне было занадта вялiкае. У абодвух выпадках чалавек можа стаць небяспечным. Ты напэўна заўважыў, ойча, што памiж уяўнасцю роспачы людскога розуму i сапраўднай роспаччу можна правесцi пэўныя паралелi, я маю на ўвазе, вядома, паралелi вынiкаў гэтых зменных дыспазiцый. I што ж? Нас павiнны перш за ўсё цiкавiць вынiкi, бо наогул мы сустракаемся з куды большымi цяжкасцямi пры перайначваннi вынiкаў, а не прычын, змена гэтых апошнiх зазвычай не дае нам асаблiвых клопатаў. Калi ж, аднак, iдзе пра тваю стомленасць, вялебны ойча, дык я мяркую, што яна не мае характару, за якi варта было б непакоiцца, наадварот, яна бадай што ў самы раз. Зрэшты, я, ойча, дзiўлюся з цябе. Сустракаюцца час ад часу неўраўнаважаныя людзi, якiя раптам пачынаюць бунтаваць пасярэдзiне жыцця. Наколькi ты, ойча, больш дальнабачны i больш празорлiвы за гэтых шаленцаў! Ты хацеў бы палепшыць свет, сам бадай што толькi адной нагой у iм стоячы. Гэта мудра. Здаецца мне, што, у сутнасцi, ты больш цэнiш справу свайго жыцця, чым гэта цяпер, аслабеўшы целам, дапускаеш.

Тарквемада хацеў павярнуць галаву, але не хапiла сiлы.

– Перастань, - сказаў ён.

– Дурнiца!
– спакойна адказаў на гэта голас з цемры.
– Каго ты, стары пень, хочаш ашукаць, мяне? Што табе з жыцця? Нiчога. Дык чаго ж ты тузаешся? Можаш зрабiць адно: памерцi. I то як мага хутчэй. Бо ты ўжо непатрэбны, ты зрабiў сваё. Пасля цябе прыйдуць твае выхаванцы.

Тарквемада ляжаў нерухома, халодны пот выступiў на скронях. Голас гаварыў далей:

– Нiчога, на шчасце, ты не зможаш змянiць. Усё пойдзе вызначанай табою i адзiна правiльнай дарогай. Будзе ўмацоўвацца будова царства божага на зямлi, вялiкая справа ўсеагульнай няволi дзеля будучай свабоды i дзеля перамогi тэрору, каб магла зацараваць справядлiвасць. Несумненна, час ад часу то тут то там будуць з'яўляцца нейкiя маленькiя людзi, якiя будуць талдычыць пра нейкую там туманную i не з гэтай зямлi свабоду. Але што яны супраць сiстэмы, якую ты збудаваў? Ты, мой ойча, лепш за каго б там нi было павiнен разумець, што перад родам чалавечым дзве толькi дарогi, дарога iдэi i дарога бяссэнсiцы. Якую трэцюю можаш ты супрацьпаставiць? Анiякую, бо такой дарогi няма. Можна iсцi да парадку альбо да хаосу. Теrtium nоn dаtur. Усякiя iншыя iмкненнi, незалежна ад таго, у якiя б эфектныя адзежыны яны нi ўбiралiся, - гэта толькi блазенскае перайманне парадку i хаосу. А таму трэба рашыць i выбраць. Я быў i ёсць за парадак. Вядома, у залежнасцi ад акалiчнасцяў служыў я розным iдэям, але мой розум i маё сэрца заўсёды былi на баку тых, якiя бачылi парадак свету ў адзiнай i агульнаабавязковай праўдзе. Людзi такога крою заўсёды былi, ёсць i будуць маiмi, так сказаць, духоўнымi сынамi. Праўда, я кажу гэта не дзеля таго, каб пахвалiцца. Магчыма, што нечая занадта вытанчаная ўражлiвасць угледзiць у маiх словах адценне мегаламанii цi нават пыхi. Я ўжо сустракаў такiя ацэнкi. Тым часам гэта зусiм не так, i калi я дазволiў сабе назваць людзей iдэi сваiмi духоўнымi сынамi, дык толькi з павагi да гiстарычнай праўды. На жаль, чалавечыя веды пра мiнулыя часы ўсё яшчэ недастаткова пануюць над фактамi. Ведаеш, мой ойча, напрыклад, я задумваюся над нэдарэчнасцю, з дапамогай якой сама розныя вучоныя спрабуюць на пiсьме высветлiць пэўны выпадак, прабач, выпадак - гэта не зусiм дакладнае азначэнне, бо тут iдзе не так пра факт у будзённым яго разуменнi, як пра непаўторную сiтуацыю, якая вызначае гiстарычны прэцэдэнт. Думаю, мы разумеем адзiн аднаго. Але ж так, думаю пра яблык, якi Ева ахвяравала Адаму ў раi. Яблык! Праўда, гэта даволi разумная i нават не пазбаўленая прыгажосцi паэтычная метафара. Але што яна азначае, што за ёю хаваецца? Вучоныя кажуць, што пад яблыкам трэба разумець свядомасць дабра i зла. Якая наiўная прастадушнасць! Каб ведаць, што такое зло i дабро, патрэбна нешта, што акрэслiвае дабро як дабро i зло як зло. А што такое гэтае нешта? Дык вось, перш чым высветлiць гэта, хацелася б, вялебны ойча, апiсаць рай. На жаль, мае словы занадта недасканалыя, каб iмi можна было перадаць гэтую вiзiю ва ўсiх яе прапорцыях. Калi б ты спытаўся ў мяне, цi гэта мясцiна горная i лясiстая цi, наадварот, гэта шырокая раўнiна са спакойнымi рэкамi - далiбог, я не патрапiў бы вырашыць гэту дылему. А таму, не хочучы ствараць непатрэбных легенд, скажу табе столькi, колькi я ведаю: быў рай, а ў iм людзi. Ойча вялебны, легенда зрабiла з iх iстот, ва ўсякiм разе, дасканалых, бязгрэшных, прыгожых i невыказна шчаслiвых. Але якiя яны былi бедныя i пры сваiм знешне бестурботным багаццi, якiя пахiбныя i нябогiя! Несумненна, нават з маiмi сцiплымi здольнасцямi я мог бы пры невялiкiм намаганнi намаляваць табе райскую краiну з музыкай сфераў, а зямлю ў такiх прыгожых формах i колерах, што нават цяпер, сярод гэтай негасцiннай начы, ты пачуў бы на твары лагодны павеў цёплага зефiру, а вакол сябе пахi сама цудоўных кветак. Да i людзей здолеў бы ўпрыгожыць. Фантазiя? Наогул, не маю нiчога супраць фантазii. Ва ўсякiм разе, я думаю, што гэта наша агульная, так сказаць, рацыя абыдзецца i без фантазii. Будзем рэалiстамi! Божа вялiкi, яшчэ цяпер, калi я спрабую выклiкаць гэтыя змрочныя часы, мяне ахоплiваюць узнёслыя дрыжыкi лiтасцi i спачування, ахоплiваюць яны мяне не менш, чым у тыя часы, калi я сузiраў бязмежна смутны лёс першых людзей. Яны мелi, здавалася, усё, а ў сутнасцi нiчога. Былi голыя не толькi ў сэнсе даслоўным. А што яны мелi перад сабою, якiя перспектывы на заўтра? На жаль, вельмi мала. Нямую прыроду. Усходы i заходы. Велiч глыбокай начы, асветленай толькi таямнiчымi зоркамi. Дзiцячы енк. Буры i дажджы. Заўсёды далёкiя гарызонты. Любоўныя пяшчоты. Засухi. Пахаванне мёртвых. Сваю смерць. Што ж яшчэ? Га! Яшчэ можа мужчынскае жаданне схапiць за горла другога чалавека. Можа, багатырскае пачуццё трыумфу, якое распiрае грудзi, калi паставiць голую нагу на голы карак ворага? Можа... зрэшты, чаго нам далей гуляць у адгадкi? Будучы людзьмi, яны павiнны былi мець перад сабою ўсё, што звязана з чалавечай натурай. I тут пачынаецца дылема. Сэнс, сэнс усяго гэтага! Што гэта ўсё азначае? Што такое жыццё? Што такое смерць? А нянавiсць? А ўсе цяжкiя думкi, якiя прыходзяць ноччу? У той час, кiруючыся хутчэй за ўсё пачуццём, якое вынiкала з разумення нэндзы iснавання, я даў людзям, прабач, калi гэта зноў прагучыць нясцiпла, даў я ў той час людзям iдэю, бо толькi яна можа ўлiць патрэбны сэнс у чалавечае iснаванне. Чаго ж варты гэты свет, калi ён не мае сэнсу? Права на гвалт i кроў чалавек прагнуў. Марыў, каб асвяцiлi злачынства i жорсткасць. Сублiмацыя аказалася неабходнасцю. Сапраўды, даючы людзям iдэю, я збавiў iх ад страшнай ялавасцi i нуды.

Тарквемада неспакойна заварушыў пальцамi, нiбы хацеў скiнуць цяжар з грудзей.

– Божа!
– сказаў уголас.

– О, менавiта!
– адказала цемра.
– Папаў у самы акурат.

– Божа!
– сказаў уголас.

– Ну але ж! Бо было напiсана: "Спачатку стварыў Бог неба i зямлю". Iдэя павiнна быць вялiкая i ўнiверсальная, гэта ясна, цi ж не? Толькi вялiкiя i ўнiверсальныя iдэi могуць рухаць людскую маласць. Пякельна цяжкая гэта маласць.

– Ты быў там?

– Дзе?

– Тады, напачатку?

Залегла цiшыня.

– Быў? Кажы.

– Вох, тое было так даўно! Цi я ведаю? Можа, быў, а можа, не быў. Цi ж гэта важна? Я ўжо сказаў табе, што самiм сабою зусiм не цiкаўлюся. Важная iдэя.

– Ты ўсё выдумаў.

– Ты, камедыянт стары!
– адказаў на гэта без гневу голас побач.
– Ты ж сам даўно жывеш без веры i ў мяне i ў Бога? Перад кiм граеш? Перад самiм сабой? У iдэю неабавязкова верыць, яна сама - вера.

Тарквемада расплюшчыў вочы. Цемра была пустая i немая. Атачала яго з усiх бакоў. Ён адчуў холад i змрок, яму здалося, што ён памiрае. I, напалоханы, уражаны, ён закрычаў.

Падрэ Дыега ехаў блiжэй да воза i першы пачуў крык, незвычайны i доўгi, хутчэй падобны на сковыт звера, чым на чалавечы голас.

Дыега не быў баязлiвы, але задрыжаў. Аднак ён адразу апамятаўся i, тузануўшы каня так, што той чэравам зачапiў кола воза, - адхiнуў парусiну.

– Ойча мой!
– сказаў напаўголаса.

Тарквемада ўздрыгнуў i замоўк. Рот у яго быў адкрыты, вочы таксама.

– Ойча мой, - паўтарыў падрэ Дыега.

Той i ляжаў нерухома i глядзеў у цемру, нiчога перад сабой не бачачы.

Поделиться с друзьями: