Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:
На жаль, святыя прагненнi верных - пабачыць айца Iнквiзiтара ў поўным бляску - не былi цалкам задаволеныя, бо паважны ўзрост i ўсё слабейшыя сiлы падрэ Тарквемады не дазвалялi ўжо падарожнiчаць рыцарскiм звычаем. Ён уехаў у горад у iтальянскай карэце, верныя служкi-дамоўнiкi i рыцарства цесна з усiх бакоў атачалi павольны поезд - таму нiхто з галаслiвых натоўпаў не здолеў пабачыць у твар Вялiкага iнквiзiтара.
Брат Дыега Манэнтэ, нядаўна прызначаны сакратаром Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады, ехаў разам з вялебным айцом. Падрэ Тарквемада, здавалася, вельмi стамiўся ад цяжкай дарогi i, захоплены хутчэй сваiмi думкамi, чым тым, што адбывалася навокал, не цiкавiўся нi ўрачыстым вiтаннем, нi тлумамi простага люду, што чакалi ад яго дабраславення. Гады не пашкадавалi, не абышлi айца Тарквемаду. Ён вельмi пастарэў, завастрылiся рысы яго схуднелага твару, скура на iм, асаблiва на скронях, была празрыстая i пажоўклая, паараная маршчынамi, вусны бяскроўныя, а глыбока запалыя вочы без ранейшага бляску, знуджаныя i ўсё больш нейкiя адсутныя, нiбы ўжо глядзелi на справы не гэтага свету.
Затое брат Дыега, у процiлегласць вялебнаму айцу, быў усхваляваны ўрачыстай хвiлiнай. Час змянiў i яго, але больш да мужчынскай сталасцi, а не да межаў жыцця пасунуў яго. Ён пасталеў, памажнеў, твар яго стаў куды круглейшы, чым раней, трохi нават азыз, i цяпер мала што з яго засяроджанай разважлiвасцi i з поўнага ўнутранай годнасцi самавалодання нагадвала юнака, якога яшчэ некалькi гадоў назад грызлi розныя турботы.
Кавалькада Вялiкага iнквiзiтара якраз мiнала палац герцагаў Карнэха i наблiжалася да храма Санта Марыя. Званы навакольных храмаў Сан-Маркас, Сан-Хулiан i кляштара сясцёр геранiмак Санта Паўла магутна гучалi па-над натоўпам, якi з энтузiязмам славiў Iсуса i святую дзеву Марыю. Браты дамiнiканцы, што стаялi ў бясконца доўгiм шэрагу, зацягнулi святы гiмн, i iх спеў злучыўся з воклiчамi людзей, ляскам зброi, тупатам конскiх капытоў, гудам званоў i ўзносiўся высока над тлумам i дамамi, трыумфам веры сягаў аж да самага неба, што распасцерлася ўгары велiзарным блакiтам.
– Сапраўды, - сказаў брат Дыега моцным мужчынскiм голасам, - цяжка сабе ўявiць больш натхняльнае вiдовiшча.
Падрэ Тарквемада ўзвёў стомленыя вочы. Ля карэты ехаў на вялiкiм чорным андалузцы, увесь закаваны ў латы, капiтан фамiльянтаў дон Ларэнца дэ Мантэса. Яго было заслугай, што некалькi месяцаў таму назад, пад час доўгага побыту ў Таледа, выйшлi на яву распусныя стасункi, якiя дон Радрыга дэ Кастра таемна меў з нейкай жыдоўскай дзяўчынай. Зганьбiўшыся так, пан дэ Кастра выракам Святога трыбунала быў пазбаўлены дваранства i маёмасцi i засуджаны да пажыццёвага выгнання, а началенне пасля яго прыняў на сябе пан дэ Мантэса, бо нiхто з высакародных дамоўнiкаў вялебнага айца не мог дараўняцца з iм вернасцю i чыстасцю звычаяў i ўчынкаў.
– Паглядзi, ойча, - сказаў брат Дыега, - якая вялiкая любоў у людзей да цябе!
Падрэ Тарквемада адкiнуўся ўглыб карэты.
– Так, - сказаў ён.
Брат Дыега ўжо асвоiўся з маўчаннем, якое ў апошнiя гады ўсё часцей вырастала памiж iм i вялебным айцом. Спачатку ён дашукваўся сваёй вiны i, не знаходзячы яе, пакутаваў. Але з нейкага часу даволi моцна пачаў давяраць сваёй недаступнай сумненням веры i перастаў непатрэбнай пакорай блытаць яснасць пачуццяў i думак. Ён прыпiсваў узросту вялебнага айца тыя хвiлiны яго задуменнасцi i поўную абыякавасць да спраў, якiя да нядаўняга часу нiколi абыякавыя яму не былi. Зрэшты, нягледзячы на гады, якiя ўсё большым i большым цяжарам клалiся на яго плечы, падрэ Тарквемада, калi заходзiла патрэба, выяўляў ранейшую сiлу розуму i непахiсную волю. Лiчылася нават, што да адступства ад веры ён ставiўся з яшчэ больш няўмольнай суровасцю, чым раней, i калi сам, цялесна аслабеўшы, вымушаны быў абмяжоўваць свае падарожжы, - то iмя яго, акружанае подзiвам i пакланеннем, страхам i зацятай нянавiсцю, iснавала i было заўсёды там, дзе жыў чалавек.
Брат Дыега, якi ўжо шмат гадоў быў сведкам штодзённага жыцця вялебнага айца, больш чым хто-небудзь iншы разумеў, у якой меры гэты вялiкi старац сваёй маналiтнай асобай пераважаў усiх сучаснiкаў.
Так i на гэты раз падрэ Тарквемада, хоць i здаваўся вельмi стомленым, не падмануў веры брата Дыега.
Iх Каралеўскiя Мосцi вельмi добра разумелi, што прывяло Вялiкага iнквiзiтара ў Севiллю. Як кароль, так i каралева ўмелi лiчыць i таму не сумнявалiся, што, згаджаючыся на выгнанне жыдоў, здабудуць з канфiскаваных маёнткаў суму, якая намнога перавысiць ахвяраваны акуп. Тым не меней каралева Iзабэла з мiласэрнасцi гатовая была згадзiцца на акуп i так ужо асвоiлася з гэтай думкай, што частку тых жыдоўскiх грошай, якiя павiнны былi ўлiцца ў скарбнiцу, выдзелiла на марскую экспедыцыю ў Заходнюю Iндыю, на якую ўжо даўно намаўляў, абяцаючы вялiкiя выгоды, нейкi генуэзец Хрыстобаль Калумб. Кароль Фердынанд, са свайго боку, менш за сваю жонку ўражлiвы на маральныя дробязi палiтычных спраў, не пагарджаў i думкай тых дарадцаў, якiя далей забягалi ў прадбачаннi, прадказваючы, што ў вынiку выгнання васьмiсот тысяч жыдоў гандаль каралеўства можа вельмi пахiснуцца, а з бегам часу i зусiм змарнее. Так, цвяроза ацэньваючы гэтую справу, ён разам з тым не мог пазбыцца занепакоенасцi, што маладушна адмаўляецца ад вялiкай iдэi каталiцкай дзяржавы, той натхнёнай вышэйшай рацыяй iдэi, якая i яму i каралеве свяцiла на шлях з хвiлiны атрымання трона аб'яднанага каралеўства. Заклапочаны ўсiм гэтым, ён з дня на дзень адкладваў апошняе рашэнне, i яму было зразумела, чаго хоча дамагацца падрэ Тарквемада - не дзiва таму, што ён без радасцi прыняў вестку аб яго прыездзе.
Холад, з якiм абое Iх Каралеўскiя Мосцi прынялi вялебнага айца, быў асаблiва ўражлiвы ў параўнаннi з тым энтузiязмам, з якiм яго вiталi пры ўездзе ў горад.
Падрэ Тарквемада, апёршыся на плячо брата Дыега, бо цяжка яму ўжо было, асаблiва пасля такой стомнай дарогi, рухацца самому, сказаў на прывiтанне:
– Рады бачыць Вашы Каралеўскiя Мосцi ў здароўi i, перш за ўсё, у славе доўгачаканай перамогi.
На гэта сказала Iзабэла:
– Сапраўды, гэтыя прагненнi нашы пачуў Бог.
Падрэ Тарквемада памаўчаў хвiлiну, нiбы падбор патрэбных слоў даваўся яму з вялiкай цяжкасцю. Нарэшце сказаў:
– Я думаю, што i ўсе астатнiя слушныя жаданнi Вашых Каралеўскiх Мосцяў спраўдзяцца.
Кароль Фердынанд загаварыў голасам, якi рваўся ад гневу i задышкi:
– Слушныя? На жаль, у некаторых справах, мой ойча, мы па-рознаму ацэньваем, што слушна, а што няслушна. Скаргi на цябе, вялебны ойча, да нас даходзяць. Твая неабачлiвая суровасць толькi клопатаў нам дадае. Усяго некалькi дзён назад я атрымаў breve святога айца Аляксандра. Пан папа абураны працэсам, якi па тваёй волi распачаты супраць арцыбiскупа Севiллi. Ты звiнавацiў Яго Эмiнэнцыю ў жыдоўскiм паходжаннi, не маючы, як аказалася, дастатковых на тое прычын. Пан папа дакарае нас, што мы дапусцiлi да такой ганьбы. Што я адкажу пану папу? Як мне перад iм апраўдацца?
Падрэ Тарквемада, усё яшчэ апiраючыся на плячо брата Дыега, моўчкi слухаў каралеўскiя закiды. Але як толькi кароль, стомлены гэтым раптоўным выбухам, замоўк, каб перавесцi дыханне, вялебны айцец выпрастаўся i ступiў крок наперад.
– Прабачаць мне Вашыя Каралеўскiя Мосцi, - сказаў нечакана моцным i цвёрдым голасам, - але я прыехаў не па справе арцыбiскупа. Цi праўда, што, як разносяць плёткi, нехрышчоныя жыды застануцца ў каралеўстве?
Каралева Iзабэла зардзелася, затое кароль спадылба зiркнуў на старога, якi стаяў перад iм.
– Так, - сказаў, - такая наша воля.
На гэта Тарквемада ўсклiкнуў:
– Добра, хай жа будзе ваша воля i хай даведаюцца ўсе хрысцiянскiя краiны, як тут, у Каталiцкiм Каралеўстве, шануюцца асновы веры. Iсуса ўжо раз прадалi за трыццаць сярэбранiкаў. Вашыя Каралеўскiя Мосцi хочуць прадаць Iсуса другi раз за трыццаць тысяч дукатаў.
Кароль Фердынанд здрыгануўся i шырока разяўленым ротам хапiў паветра.
– Ойча, ты гаворыш з каралевай i каралём.
Падрэ Тарквемада ступiў яшчэ крок наперад, узяў сярэбраны крыж, якi стаяў на стале, i падняў яго ўгору.
– Вось Iсус! Бярыце яго i прадавайце.
Назаўтра герольды чыталi на гарадскiх плошчах каралеўскi эдыкт, якi абвяшчаў, што па волi каталiцкага каралеўства ўсе неахрышчаныя жыды пад пагрозай сама суровай кары, пакiнуўшы ўсю сваю маёмасць, павiнны за тры месяцы назаўсёды пакiнуць гiшпанскую зямлю.
Таго ж самага дня, не папярэдзiўшы нi двор, нi блiзкае атачэнне, падрэ Тарквемада выехаў з Севiллi. Вялебны айцец толькi выклiкаў пана дэ Мантэса i перадаў яму сваё рашэнне неадкладна выехаць у Сеговiю.
Неўзабаве ўзброены рэгiмент, акружыўшы карэту Вялiкага iнквiзiтара, вырушыў з кляштара Санта Клара. Ужо запаў змрок, i пахолкi паходнямi асвятлялi дарогу сярод пустых заснулых вулiц. Мiнуўшы гарадскiя муры пры Пуэрта дэль Соль, атрад дамоўнiкаў скiраваў трактам на Кордабу.
Ноч была зорная, вельмi спакойная, як на добрую, ясную пагоду. У глыбiнi цемры, у сяйве, выплываў вялiкi руды месяц.
Падрэ Тарквемада не спаў, маўчаў. Апошнiм часам яго ўсё менш i менш гарнула да адпачынку, i ён часта падоўгу, а то i аж да свiтання праседжваў у самотным чуваннi. Спачатку брат Дыега хацеў падтрымаць вялебнага айца, але неўзабаве стома i манатоннае калыханне карэты перамаглi яго добрую волю.