Чалавек-невідзімка
Шрифт:
— Захутаны! — усклікнуў Кемп. — Пераапрануты! Хавае сваю тайну! Мусіць, ніхто не ведаў пра яго няшчасце. Што ў яго, каб яго чорт узяў, у галаве?
Ён кінуў газету і пашукаў вачыма на стале.
— Ага! — сказаў ён і схапіў «Сент-Джэмс газэт», якая была яшчэ не разгорнута. — Зараз даведаемся ўсю праўду, — сказаў ён і разгарнуў газету. У вочы яму кінуліся дзве калонкі: «Цэлая вёска ў Сэсексе звар'яцела!» — паведамляў загаловак. — Божа літасцівы! — усклікнуў Кемп, прагна чытаючы скептычную справаздачу пра ўчарашнія падзеі ў Айпінгу, якія апісаны намі вышэй. Заметцы папярэднічала паведамленне, перадрукаванае з ранішняй газеты.
Кемп перачытаў усё з самага пачатку. «Бег па вуліцы, сыплючы ўдарамі направа і налева. Джаферс у непрытомным стане. Містэр Хакстэрс атрымаў сур'ёзныя калецтвы і не можа нічога паведаміць з таго, што бачыў. Цяжкая знявага вікарыя. Жанчына захварэла ад страху. Вокны перабіты. Уся гэтая незвычайная гісторыя, напэўна, выдумка, але ўжо занадта цікавая, каб можна было яе не надрукаваць».
Кемп упусціў газету і тупа ўтаропіўся ў адну кропку.
— Напэўна, выдумка! — паўтарыў ён.
Потым схапіў газету і яшчэ раз прачытаў усё з пачатку і да канца.
— Але адкуль узяўся валацуга? Якога чорта ён гнаўся за валацугам?
Кемп бездапаможна апусціўся ў хірургічнае крэсла.
— Гэта не толькі Невідзімка, — сказаў ён, — але і звар'яцелы! У яго манія забойства!..
Калі ўзышла зара і бледныя промні яе змяшаліся са святлом газа і цыгарэтным дымам у сталовай, Кемп усё яшчэ крочыў з кута ў кут, стараючыся зразумець незразумелае.
Ён быў занадта ўсхваляваны, каб думаць пра сон. Заспаныя слугі, якія засталі яго раніцай у такім выглядзе, падумалі, што на яго дрэнна падзейнічалі празмерныя заняткі. Ён аддаў незвычайнае, але зусім яснае распараджэнне згатаваць сняданне на дваіх у кабінеце наверсе, а потым спусціцца ўніз і больш наверсе не паказвацца. Ён працягваў крочыць па сталовай з кута ў кут, пакуль не прынеслі ранішнюю газету. Пра Невідзімку гаварылася шматслоўна, але новым было толькі вельмі бесталковае паведамленне аб учарашніх падзеях у шынку «Вясёлыя крыкетысты»; тут Кемпу ўпершыню трапілася імя Марвела. «Ён сілай трымаў мяне пры сябе цэлыя дваццаць чатыры гадзіны», — заявіў Марвел. Справаздача аб айпінгскіх падзеях была дапоўнена некаторымі дробнымі фактамі, у прыватнасці ўпаміналася аб пашкоджанні тэлеграфнага провада. Але ва ўсіх гэтых паведамленнях не было нічога, што пралівала б святло на ўзаемаадносіны паміж Невідзімкам і валацугам, бо містэр Марвел прамаўчаў аб трох кнігах і аб грашах, якімі ён быў набіты. Скептычнага тону як і не было, і цэлая армія рэпарцёраў ужо ўзялася за стараннае абследаванне.
Кемп уважліва прачытаў паведамленне ад радка да радка і паслаў пакаёўку купіць усе ранішнія газеты, якія толькі яна зможа дастаць. Потым праглынуў і іх.
— Ён нябачны! — сказаў Кемп. — І калі меркаваць па газетах, то гаворка ідзе аб раз'юшанасці, якая пераходзіць у вар'яцтва. Чаго толькі ён не натворыць! Чаго толькі не натворыць! А ён там, наверсе, у мяне ў спальні, і вольны як вецер. Што ж мне рабіць? Ці можна назваць здрадай, калі… Не!
Ён падышоў да маленькага, заваленага паперамі століка ў кутку і пачаў пісаць запіску. Напісаўшы некалькі радкоў, ён разарваў яе і напісаў другую. Перачытаў яе і задумаўся. Потым узяў канверт і надпісаў адрас: «Палкоўніку Эдаю, Порт-Бэрдок».
Невідзімка прачнуўся якраз у тую хвіліну, калі Кемп запячатваў пісьмо. Ён прачнуўся ў дрэнным настроі, і Кемп, які чуйна прыслухоўваўся да самага нязначнага шорагу, пачуў злоснае шлёпанне ног у спальні наверсе. Потым пачуўся грукат стула, які ўпаў, і звон разбітага шкла. Кемп паспяшаўся наверх і нецярпліва пастукаў у дзверы спальні.
Раздзел XIX. Некаторыя асноўныя прынцыпы
— Што здарылася? — спытаўся Кемп, калі Невідзімка ўпусціў яго ў пакой.
— Ды нічога, — быў адказ.
— А шум чаму?
— Прыпадак раздражняльнасці, - сказаў Невідзімка. — Забыўся пра сваю руку, а яна баліць.
— Вы, як бачна, схільны да такіх успышак?
— Так.
Кемп прайшоў цераз пакой і падабраў асколкі разбітага шкла.
— Усе факты пра вас сталі вядомымі, - сказаў ён, выпростваючыся. — Усё, што здарылася ў Айпінгу і ўнізе, у шынку. Свет даведаўся пра свайго нябачнага грамадзяніна. Але ніхто не ведае, што вы тут.
Невідзімка вылаяўся.
— Тайна раскрыта, — працягваў Кемп. — Гэта ж была тайна, я мяркую? Не ведаю, што вы думаеце рабіць, але, зразумела, я гатовы дапамагчы вам.
Невідзімка сеў на ложак.
— Наверсе пададзена снеданне, — паведаміў Кемп, стараючыся гаварыць натуральным тонам, і з задавальненнем убачыў, што яго дзіўны госць ахвотна падняўся пры гэтых словах. Кемп павёў яго па вузкай лесвіцы наверх.
— Перш чым мы з вамі што-небудзь распачнём, — сказаў Кемп, — я хацеў бы даведацца больш падрабязна, як жа гэта вы сталі нябачны. — І, кінуўшы імгненны насцярожаны позірк у акно, Кемп усеўся з выглядам чалавека, якога чакае доўгая і грунтоўная размова. У яго зноў прамільгнула думка, што ўся гэтая гісторыя — бязглуздзіца, трызненне вар'ята, але думка гэта адразу ж знікла, калі ён зірнуў цераз стол на Грыфіна: безгаловы, бязрукі халат сядзеў за снеданнем і выціраў нябачныя губы сурвэткай, якая цудам трымалася ў паветры.
— Гэта вельмі проста і зусім праўдападобна, — сказаў Грыфін, адклаўшы ў бок сурвэтку.
— Для вас, вядома, але… — Кемп засмяяўся.
— Ну так, і мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер… Божа літасцівы! Нас чакаюць вялікія справы! Упершыню гэта ідэя ўзнікла ў мяне ў Чэзілстоў.
— У Чэзілстоў?
— Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кінуў медыцыну і заняўся фізікай. Не ведалі? Ну, дык вось: я заняўся фізікай. Мяне захапіла праблема святла.
— А-а!..
— Аптычная непранікальнасць! Усё гэтае пытанне — суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмі цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, і я быў энтузіяст, вось я і сказаў сабе: «Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць». Вы ж ведаеце, якім бываеш дурнем у дваццаць два гады.
— Яшчэ невядома, ці не дурней мы цяпер, — сказаў Кемп.
— Як быццам веды могуць задаволіць чалавека! Але я ўзяўся за работу і працаваў як катаржны. Мінула паўгода ўзмоцненай працы і роздуму — і вось скрозь туманную заслону бліснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пігментаў і праламленняў святла — формулу, геаметрычны выраз, які ўключае чатыры вымярэнні. Дурні, звычайныя людзі, нават звычайныя матэматыкі і не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фізіку, які-небудзь агульны выраз. У кнігах — кнігах, якія ўкраў гэты валацуга, — ёсць цуды, магічныя лічбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была ідэя, якая магла навесці на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявілася б магчымасць, не змяняючы ўласцівасці матэрыі, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, — практычна звесці каэфіцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых ці вадкіх, да каэфіцыента праламлення паветра.
Кемп прысвіснуў.
— Гэта цікава. Але ўсё ж для мяне не зусім ясна… Я разумею, што такім шляхам вы маглі б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабіць чалавека нябачным — да гэтага яшчэ далёка.
— Безумоўна, — сказаў Грыфін. — Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбівае, альбо праламляе яго, а можа, і ўсё разам. Калі цела не адбівае, не праламляе і не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла і адбівае астатняе, а менавіта — усе чырвоныя промні. Калі б скрынка не паглынала некаторай часткі святла, а адбівала б яго ўсяго, то яна была бы бліскучай белай скрынкай. Успомніце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, і яе паверхнасць таксама адбівала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасці ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбівалася б і праламлялася, і мы б бачылі бліскучую павуціну адлюстраванняў і празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкілета. Шкляная скрынка не такая бліскучая і не настолькі выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў і праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункі шкла больш бачныя, чым астатнія. Хрустальная скрынка блішчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмі тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленні, таму што яна не паглынае амаль ніякіх промняў і адбівае і праламляе зусім мала святла. Калі вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду ці, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусім не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца і адбіваецца вельмі слаба і ўвогуле не трапляе амаль ні пад якое ўздзеянне. Шкло ў такім выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струмені вуглекіслаты ці вадарода ў паветры. І па гэтай жа прычыне.
— Так, — сказаў Кемп, — усё гэта нескладана. У такіх рэчах цяпер разбіраецца кожны школьнік.
— А вось яшчэ адзін факт, у якім разбярэцца любы школьнік. Калі разбіць кавалак шкла і дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры і ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялічвае лік плоскасцяў праламлення і адлюстравання. У шкляной пласцінцы ёсць усяго дзве паверхні, у парашку ж кожная крупінка ўяўляе сабою плоскасць праламлення ці адлюстравання святла, і скрозь увесь парашок святла праходзіць вельмі мала. Але калі белы шкляны парашок апусціць у ваду, то ён амаль зусім знікае. Шкляны парашок і вада маюць амаль аднолькавы каэфіцыент праламлення, і святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца і адбіваецца вельмі мала. Вы робіце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблізна з такім жа каэфіцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робіцца нябачнай, калі яе змясціць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфіцыентам праламлення. І калі вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабіць нябачным і ў паветры, калі толькі пашчасціць давесці каэфіцыент праламлення святла ў ім да каэфіцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такім выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе ні адбівацца, ні праламляцца.