Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек-невідзімка

Уэллс Герберт

Шрифт:

— Я ніколі нікога не вінавачу, — адказаў Кемп. — Гэта зусім выйшла з моды. Ну, а што вы зрабілі потым?

— Я быў галодны. Унізе я знайшоў бохан хлеба і крыху прагорклага сыру, гэта было больш чым дастаткова, каб прагнаць голад. Затым я выпіў крыху брэндзі з вадой і накіраваўся міма майго імправізаванага вузла — ён ляжаў не варушачыся — у пакой са старой вопраткай. Акно гэтага пакоя, завешанае бруднай карункавай фіранкай, выходзіла на вуліцу. Я асцярожна выглянуў. Дзень быў яркі, асляпляльна яркі ў параўнанні са змрокам панурага дома, у якім я знаходзіўся. Вуліца была вельмі ажыўленая: каляска з фруктамі, пралёткі, ламавік з кучай скрынак, павозка гандляра рыбай. У мяне замітусілася ў вачах, і я вярнуўся да паўцёмных паліц. Узбуджэнне маё ўляглося, мной зноў авалодала цвярозае ўсведамленне майго становішча. У пакоі стаяў слабы пах бензіну, які ўжываўся, відавочна, для чысткі вопраткі.

Я пачаў старанна аглядваць пакой за пакоем. Напэўна, гарбун ужо даўно жыў у гэтым доме адзін. Цікавая асоба… Усё, што толькі магло мне спатрэбіцца, я сабраў у пакой, дзе ляжалі касцюмы, потым стаў прыдзірліва ўсё перабіраць. Я знайшоў сакваяж, які мог аказацца мне вельмі карысным, пудру, румяны і ліпкі пластыр.

Спачатку я прыдумаў было нафарбаваць і напудрыць твар, каб зрабіць яго бачным, але тут жа ўцяміў, што ў гэтым ёсць вялікая нязручнасць: для таго, каб зноў знікнуць, мне спатрэбіўся б шкіпінар і некаторыя іншыя сродкі, і гэта забірала б шмат часу. Нарэшце я выбраў маску, злёгку карыкатурную, але не ў большай ступені, чым многія чалавечыя твары, цёмныя акуляры, бакенбарды з сівізной і парык. Бялізну я не знайшоў, але яе можна было купіць пазней, а пакуль што я захутаўся ў каленкоравае даміно і белы шарсцяны шалік; шкарпэтак не было, затое чаравікі гарбуна падышлі амаль якраз. У касе аказалася тры савярэны і на трыццаць шылінгаў срэбра, а ўзламаўшы шафу, я знайшоў восем фунтаў золатам. Забяспечаны такім чынам, я змог зноў выйсці на белы свет.

Тут мяне апанавала сумненне: ці сапраўды мая знешнасць праўдападобная? Я ўважліва агледзеў сябе ў маленькім туалетным люстэрку, паварочваючыся то так, то гэтак, правяраючы, ці не ўпусціў я чаго-небудзь, — не, як быццам усё ў парадку: фігура гратэскавая, штосьці накшталт жабрака са сцэны тэатра, але агульны выгляд ніштаваты, бываюць і такія людзі. Крыху супакоіўшыся, я спусціўся з люстэркам у краму, апусціў фіранкі і зноў агледзеў сябе з усіх бакоў у трумо.

Некалькі хвілін я збіраўся з духам, потым адчыніў дзверы і выйшаў на вуліцу, дазволіўшы маленькаму гарбуну сваімі сіламі выбірацца з прасціны. У бліжэйшыя пяць хвілін я зварочваў за вугал на кожным скрыжаванні. Мой выгляд не прыцягваў ніякай увагі. Здавалася, я пераступіў цераз апошнюю перашкоду.

Ён замоўк.

— А гарбуна вы так і пакінулі на волю лёсу? — спытаўся Кемп.

— Так, — сказаў Невідзімка. — Не ведаю, што з ім сталася. Напэўна, ён развязаў прасціну, дакладней разарваў яе. Вузлы былі моцныя.

Ён зноў замоўк, падняўся і стаў глядзець у акно.

— Ну, а потым вы выйшлі на Стрэнд — і далей што?

— О, зноў расчараванне! Я думаў, што нягоды мае закончыліся і цяпер я магу беспакарана рабіць усё, што ўздумаецца, калі толькі захаваю сваю тайну. Так мне здавалася. Я мог рабіць усё, што хацеў, і не лічыцца з вынікам: варта толькі скінуць вопратку, каб знікнуць. Затрымаць мяне ніхто не мог. Грошы можна браць дзе захочаш. Я вырашыў даць сабе раскошны пір, пасяліцца ў лепшым гатэлі і абзавесціся новай маёмасцю. Самаўпэўненасць мая не ведала граніц, нават непрыемна ўспамінаць, якім я быў аслом. Я зайшоў у рэстаран, стаў заказваць абед і раптам уцяміў, што, не адкрыўшы твару, не змагу пачаць есці. Я заказаў абед і выйшаў разгневаны, сказаўшы афіцыянту, што вярнуся праз дзесяць хвілін. Не ведаю, ці даводзілася вам, Кемп, галоднаму, як воўк, зведаць такое расчараванне?

— Такое — ніколі, - сказаў Кемп, — але я цалкам сабе гэта ўяўляю.

— Я гатовы быў забіць іх, гэтых крэцінаў. Нарэшце зусім змучаны голадам, я зайшоў у другі рэстаран і запатрабаваў асобны пакой. «Я знявечаны, — сказаў я, — атрымаў моцныя раненні». Афіцыянты паглядзелі на мяне з цікаўнасцю, але распытваць, зразумела, не асмеліліся, і я нарэшце паабедаў. Сервіроўка магла быць і лепшай, але я добра пад'еў і, зацягнуўшыся цыгарай, стаў абдумваць, як быць далей. На двары пачыналася завіруха.

Чым больш я думаў, Кемп, тым ясней разумеў, які бездапаможны і недарэчны нябачны чалавек у сырым і халодным клімаце, у вялізным цывілізаваным горадзе. Да майго безразважнага вопыту мне маляваліся ўсялякія прывілеі; цяпер я не бачыў у ім нічога добрага. Я перабраў у думках усё, чаго можа жадаць чалавек. Праўда, нябачнасць дазваляла многага дасягнуць, але не дазваляла карыстацца дасягнутым. Славалюбства? Але што ў высокім званні, калі ўладальнік яго вымушаны хавацца? Які толк у каханні жанчыны, калі яна павінна быць Далілай? Мяне не цікавіць ні палітыка, ні філантропія, ні спорт. Што ж мне заставалася? Дзеля чаго я звярнуўся ў спавітую тайну, у захутаную і забінтаваную пародыю чалавека?

Ён замоўк і, здаецца, паглядзеў у акно.

— А як вы апынуліся ў Айпінгу? — спытаўся Кемп, каб не даць спыніцца размове.

— Я паехаў туды працаваць. У мяне тады мільганула смутная надзея, цяпер гэта думка саспела: вярнуцца ў ранейшы стан. Вярнуцца, калі мне гэта спатрэбіцца, калі я невідзімкам зраблю ўсё што хачу. Аб гэтым перш за ўсё мне і трэба пагаварыць з вамі.

— Вы прама паехалі ў Айпінг?

— Так. Атрымаў свае заметкі і чэкавую кніжку, набыў бялізну і ўсё неабходнае, заказаў рэактывы, з дапамогай якіх хацеў ажыццявіць сваю задуму (як толькі атрымаю кнігі, пакажу вам свае падлікі), і паехаў. Божа, якая была завіруха, і як цяжка было зберагчы пракляты кардонны нос, каб ён не размок ад снегу!

— Калі меркаваць па газетах, — сказаў Кемп, — трэцяга дня, як вас выявілі, вы крыху…

— Так, я крыху… Укакошыў я гэтага боўдзілу палісмена?

— Не, — сказаў Кемп, — кажуць, ён папраўляецца.

— Ну, значыць, яму пашанцавала. Я зусім ашалеў. Вось дурні! Чаго яны прычапіліся да мяне? Ну, а ёлупень крамнік?

— Смяротных выпадкаў не прадбачыцца, — сказаў Кемп.

— Што тычыцца майго валацугі, - сказаў Невідзімка, злавесна пасмейваючыся, — дык гэта яшчэ невядома. Далібог, Кемп, вам, з вашым характарам, не зразумець, што такое шаленства! Працуеш доўгія гады, прыдумваеш, будуеш планы, — а потым які-небудзь бязмозглы, тупы ідыёт становіцца табе ўпоперак дарогі! Дурні ўсіх гатункаў, якія толькі існуюць на свеце, стараліся перашкодзіць мне. Калі так будзе працягвацца, я ашалею канчаткова і пачну крышыць іх направа і налева. З-за іх цяпер усё стала ў тысячу разоў цяжэй.

Раздзел XXIV. План, які не ўдаўся

— Ну, — сказаў Кемп, паглядзеўшы ў акно, — што ж мы цяпер будзем рабіць?

Ён падсунуўся бліжэй да Невідзімкі, каб засланіць ад яго трох людзей, што, як падалося Кемпу, вельмі ўжо павольна падымаліся па ўзгорку.

— Што вы збіраліся рабіць у Порт-Бэрдоку? У вас быў які-небудзь план?

— Я хацеў уцячы за граніцу. Але, сустрэўшы вас, я змяніў сваё рашэнне. Таму што стала цяплей і мне лягчэй заставацца нябачным, я думаў, што лешп усяго мне адправіцца на поўдзень. Таямніца ж мая раскрыта, і тут усе будуць шукаць захутанага чалавека ў масцы. А адсюль ёсць параходныя зносіны з Францыяй. Я думаў, што можна рызыкнуць пераправіцца на якім-небудзь параходзе. А з Францыі я мог бы па чыгунцы паехаць у Іспанію ці нават адправіцца ў Алжыр. Гэта было б лёгка ажыццявіць. Там можна круглы год заставацца невідзімкам і не мерзнуць, і рабіць што хочаш. Валацугу гэтага я ператварыў бы ў перасовачны склад маіх грошай і кніг, пакуль не ўладкаваўся б з перасылкай таго і другога па пошце.

— Зразумела.

– І раптам гэтай жывёліне ўздумалася пажывіцца маёй маёмасцю. Ён украў мае кнігі, Кемп! Мае кнігі! Няхай ён толькі мне пападзецца!..

— Але спачатку трэба атрымаць у яго кнігі.

— Дык дзе ж ён? Хіба вы ведаеце?

— Ён сядзіць у гарадскім паліцэйскім упраўленні, у самай глухой турэмнай камеры, якая толькі знайшлася, — ён сам аб гэтым папрасіў.

— Нягоднік! — сказаў Невідзімка.

— Гэта некалькі мяняе нашы планы.

— Трэба здабыць кнігі, кнігі вельмі патрэбны.

— Вядома, — паспешна згадзіўся Кемп, якому пачуліся крокі ў двары. — Вядома, кнігі абавязкова трэба здабыць. Але гэта будзе няцяжка, калі толькі ён не даведаецца, што іх патрабуюць для вас.

— Правільна, — сказаў Невідзімка і задумаўся.

Кемп беспаспяхова стараўся што-небудзь прыдумаць, каб падтрымаць размову, але Невідзімка загаварыў сам.

— Цяпер, калі я апынуўся ў вас, Кемп, усе мае планы мяняюцца. Вы — чалавек здольны зразумець мяне. Яшчэ можна зрабіць многае, вельмі многае, нягледзячы на страту кніг, на агалоску, нягледзячы на ўсё, што здарылася і што я вытрываў… Вы нікому не казалі пра мяне? — спытаўся ён раптам.

Поделиться с друзьями: