Чалавек-невідзімка
Шрифт:
Я сабраў у кучу чарнавікі запісаў, што валяліся на падлозе, крыху саломы, абгортачную паперу і ўсялякі хлам і адкрыў газ. У дзверы пасыпаліся цяжкія і хуткія ўдары. Я ніяк не мог знайсці запалкі. У шаленстве я стаў біць па сцяне кулакамі. Я зноў закруціў газавы ражок, вылез з акна на суседскі дах, вельмі ціха апусціў раму і сеў — у поўнай бяспецы і нябачны, але дрыжучы ад гневу і нецярпення. Я бачыў, як адарвалі ад дзвярэй дошку, потым адбілі скобы засавак і ў пакой уварваліся гаспадар і яго два пасынкі — двое дужых хлопцаў дваццаці трох і дваццаці чатырох гадоў. Ззаду іх дробненька тупала старая ведзьма, якая жыла ўнізе.
Можна сабе ўявіць іх здзіўленне, калі яны знайшлі пакой пустым. Адзін з маладых хлопцаў кінуўся да акна, расчыніў яго і стаў азірацца навокал. Яго таўстагубая барадатая фізіяномія з вылупленымі вачамі была ад мяне на адлегласці фута. Мне так і карцела стукнуць кулаком па гэтай дурной мордзе, але мне ўдалося стрымацца. Ён глядзеў прама скрозь мяне, як і астатнія, якія падышлі да яго. Стары вярнуўся ў пакой і зазірнуў пад ложак, а потым яны ўсе кінуліся да буфета. Затым яны сталі горача абмяркоўваць здарэнне, блытаючы жыдоўскі жаргон з лонданскім вулічным. Яны пагадзіліся, што я зусім не адказваў на стук і што ім гэта толькі падалося. Мой гнеў уступіў месца незвычайнай радасці: я сядзеў за акном і спакойна сачыў за гэтымі чатырма людзьмі, - старая таксама ўвайшла ў пакой, па-кашэчаму падазрона азіраючыся, — якія спрабавалі разгадаць загадку маіх паводзін.
Стары, наколькі я мог зразумець яго двухмоўны жаргон, пагаджаўся са старой, што я займаюся вівісекцыяй. Сыны пярэчылі на ламанай англійскай мове, сцвярджаючы, што я электратэхнік, і ў довад спасылаліся на дынама-машыны і апараты для выпраменьвання. Яны ўсе пабойваліся майго вяртання, хаця, як я даведаўся потым, яны замкнулі знадворныя дзверы. Старая шукала ў буфеце і пад ложкам. Адзін з маіх суседзяў па кватэры, разносчык фруктаў, які жыў разам з мясніком у пакоі насупраць, з'явіўся на пляцоўцы лесвіцы. Яго таксама запрасілі ў мой пакой і нагаварылі яму немаведама што.
Мне прыйшло ў галаву, што калі мае апараты трапяць у рукі назіральнага і талковага спецыяліста, то яны занадта многае адкрыюць яму; таму, выбраўшы зручны момант, я ўлез у пакой і, абмінуўшы старую, раз'яднаў дынама-машыны і разбіў абодва апараты. Як жа яны ўсе перапалохаліся! Затым, пакуль яны стараліся растлумачыць сабе гэтую з'яву, я выслізнуў з пакоя і ціха спусціўся ўніз.
Я ўвайшоў у гасціную і стаў чакаць іх вяртання; неўзабаве яны прыйшлі, усё яшчэ абмяркоўваючы здарэнне і стараючыся знайсці яму тлумачэнне. Яны былі некалькі расчараваны, не знайшоўшы ніякіх «жахаў», і ў той жа час вельмі збянтэжаныя, не ведаючы, наколькі законна яны дзейнічалі ў адносінах да мяне. Як толькі яны спусціліся на ніжні паверх, я зноў прабраўся ў свой пакой, захапіў карабок запалак, запаліў паперу і смецце, прысунуў да агню крэслы і ложак і падвёў да полымя газ з дапамогай гутаперчавай трубкі.
— Вы падпалілі дом?! — усклікнуў Кемп.
— Так, падпаліў. Гэта была адзіная магчымасць замесці сляды, а дом, безумоўна, быў застрахаваны… Я асцярожна адсунуў засаўку знадворных дзвярэй і выйшаў на вуліцу. Я быў нябачны і яшчэ толькі пачынаў асэнсоўваць, якую надзвычайную перавагу гэта давала мне. Сотні самых смелых і фантастычных планаў узнікалі ў маіх мазгах, і ад усведамлення поўнай беспакаранасці кружылася галава.
Раздзел XXI. На Оксфард-стрыт
Спускаючыся ў першы раз па лесвіцы, я наткнуўся на нечаканую перашкоду: хадзіць, не бачачы сваіх ног, аказалася справай няпростай, разы два я нават спатыкнуўся. Акрамя гэтага, я адчуў нейкую нязвыклую нязграбнасць, калі ўзяўся за дзвярную засаўку. Аднак, калі я перастаў глядзець на зямлю, я хутка навучыўся нядрэнна хадзіць па роўным месцы.
Настрой у мяне, як я ўжо сказаў, быў захапляльны. Я адчуваў сябе так, як адчуваў бы сябе відушчы ў горадзе сляпых, які расхаджвае ў мяккіх туфлях і бясшумнай вопратцы. Я адчуваў дзікае жаданне жартаваць над людзьмі, палохаць іх, стукаць па плячы, збіваць з іх капелюшы і ўвогуле цешыцца незвычайнымі перавагамі свайго становішча.
Але ледзьве толькі я апынуўся на Портленд-стрыт (я жыў побач з вялікай крамай сукнаў), як пачуў звон і адчуў моцны штуршок у спіну. Азірнуўшыся, я ўбачыў чалавека, які нёс кошык сіфонаў з содавай вадой і са здзіўленнем глядзеў на сваю ношу.
Удар быў вельмі балючы, але чалавек гэты выглядаў так камічна, што я гучна рассмяўся. «У кошыку чорт сядзіць», — сказаў я і нечакана выхапіў кошык з ягоных рук. Ён спалохана выпусціў кошык, і я падняў яго ў паветра.
Але тут нейкі боўдзіла рамізнік, які стаяў каля дзвярэй піўной, падскочыў і хацеў схапіць кошык, і яго працягнутая рука трапіла мне пад вуха, што выклікала нясцерпны боль. Я выпусціў з рук кошык, які з трэскам і звонам упаў на рамізніка, і толькі сярод крыкаў і тупату ног, сярод людзей, якія выбеглі з крамаў і экіпажаў, што спыніліся, я ўцяміў, што нарабіў. Праклінаючы сваё вар'яцтва, я прыхінуўся да акна крамы і стаў чакаць моманту, каб непрыкметна выбрацца з штурханіны. Яшчэ хвіліна — і мяне зацягнула б у натоўп, і мая прысутнасць немінуча была б выяўлена. Я штурхануў хлопчыка з мясной крамы, які, на шчасце, не заўважыў, што яго штурханула пустата, і схаваўся за брычкай рамізніка. Як яны разблыталі гэтую гісторыю, не ведаю. Я перабег вуліцу, на якой, на шчасце, не аказалася экіпажаў, і, напалоханы скандалам, які разыграўся, шпарка ішоў, не заўважаючы дарогі, пакуль не трапіў на Оксфард-стрыт, дзе ў вячэрні час заўсёды шмат народу.
Я спрабаваў зліцца з людской плынню, але натоўп быў занадта густы, і праз хвіліну мне сталі наступаць на пяткі. Тады я пайшоў па вадасцёку, збіваючы босыя ногі, і праз хвіліну аглобля карэты, якая ехала міма, трапіла мне пад лапатку, па тым жа месцы, якое ўжо выцяў насільшчык сваім кошыкам. Я неяк ухіліўся ад карэты, сутаргавым рухам пазбегнуў сутыкнення з дзіцячай каляскай і апынуўся ззаду другой карэты. Шчаслівая думка выратавала мяне: я пайшоў за карэтай, якая павольна рухалася, не адстаючы ад яе ні на крок. Мая прыгода, што прыняла такі нечаканы кірунак, пачынала палохаць мяне, і я не толькі дрыжаў ад страху, але і калаціўся ад холаду. У гэты ясны студзеньскі дзень я быў зусім голы, а тонкі слой гразі на маставой амаль замерз. Як гэта ні недарэчна, але я не сцяміў, што — празрысты ці не — я ўсё ж быў не абаронены ад уздзеяння надвор'я і прастуды.
Тут мне прыйшла ў галаву цудоўная ідэя. Я забег наперад і сеў у карэту. Дрыжучы ад холаду, напалоханы, з насмаркам, які пачынаўся, з драпінамі і сінякамі на спіне, якія я адчуваў усё больш, я павольна ехаў па Оксфард-стрыт і далей, па Тотэнхэм-Корт-роўд. Настрой мой зусім не быў падобны на той, з якім дзесяць хвілін назад я выйшаў з дому. Вось яна, мая нябачнасць! Мяне трывожыла толькі адна думка: як выбрацца з дрэннага становішча, у якое я трапіў.
Мы цягнуліся міма кніжнай крамы М'юдзі; тут нейкая высокая жанчына, нагружаная пачкамі кніг у жоўтых вокладках, паклікала майго рамізніка, і я ледзьве паспеў выскачыць, амаль не трапіўшы пры гэтым пад вагон конкі. Я накіраваўся да Блумсберы-сквер, маючы намер звярнуць за музеем на поўнач, каб дабрацца да малалюдных кварталаў. Я скалеў ад холаду, і недарэчнасць майго становішча так прыгнятала мяне, што я бег і ўсхліпваў. На вуглу Блумсберы-сквер з канторы Фармацэўтычнага таварыства выскачыў белы сабачка і адразу ж пагнаўся за мной, абнюхваючы зямлю.
Раней я ніколі не задумваўся, што для сабакі нос тое ж, што для чалавека вочы. Сабакі чуюць носам рух чалавека таксама, як людзі бачаць яго вачамі. Агіднае стварэнне стала брахаць і скакаць вакол мяне, занадта дакладна паказваючы, што яно ведае пра маю прысутнасць. Я перасек Грэйт-Рэсел-стрыт, увесь час азіраючыся цераз плячо, і толькі паглыбіўшыся ў Мантэгю-стрыт, заўважыў, што рухаецца мне насустрач.
Да мяне даляцелі гучныя гукі музыкі, і я ўбачыў вялікі натоўп, які ішоў з боку Рэсел-сквер, — чырвоныя курткі, а наперадзе сцяг Арміі выратавання. Я не мог разлічваць прабрацца непрыкметна скрозь такі натоўп, які запоўніў усю вуліцу, а павярнуць назад, зноў адысці яшчэ далей ад дому я баяўся. Таму я тут жа прыняў рашэнне: хутка ўзбег на ганак белага дома насупраць агарожы музея і стаў чакаць, пакуль пройдзе натоўп. На шчасце, сабачка, пачуўшы музыку, перастаў брахаць, пастаяў крыху ў нерашучасці і затым, падціснуўшы хвост, пабег назад, да Блумсберы-сквер.
Натоўп набліжаўся, ва ўсё горла распяваючы гімн, які падаўся мне іранічным намёкам: «Калі мы ўбачым яго лік?» Час, пакуль натоўп праходзіў міма, цягнуўся для мяне бясконца. «Бум, бум, бум», — грымеў барабан, і я не адразу заўважыў, што два хлапчукі спыніліся каля мяне: «Глядзі», — сказаў адзін. «А што?» — спытаўся другі. «Сляды. Ды басанож. Як быццам па гразі шлёпаў».
Я паглядзеў уніз і ўбачыў, што хлапчукі, вылупіўшы вочы, разглядваюць брудныя сляды, якія я пакінуў на свежавыбеленых прыступках. Прахожыя груба штурхалі іх, але яны, зацікаўленыя сваім адкрыццём, працягвалі стаяць каля мяне. «Бум, бум, бум, калі, бум, убачым мы, бум, яго лік, бум, бум…» — «Праўду табе кажу, хтосьці ўзышоў басанож на гэты ганак, — сказаў адзін. — А ўніз не спускаўся, і з нагі кроў ішла».