Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

— Сказаўшы пра кароткі кіль, вы мелі на ўвазе, што можна перакуліцца? — прадэманстраваў ён свае веды ў майстэрстве мараплавання.

— Не, я мела на ўвазе магчымасць усім нам пакупацца, — бесклапотна аджартавалася панна. І тут жа захоплена дадала: — Уявіце сабе: мы топімся — а нас выратоўваюць!

Шадурскі ацаніў гэтыя словы саркастычным смехам.

— Я столькі марыла, каб мяне хто-небудзь выратаваў,— прызналася панна і ўздыхнула.

Сліва мацней ухапіўся за парэнчы. Саслабелым голасам ён запытаўся ў панны:

— Чаму ж вы адразу не папярэдзілі?.. Я ж не ўмею плаваць…

— Не бойцеся, пан Сліва! — усклікнула маленькая панна. — Мы дадзім вам выратавальны круг!

Аднак шчырасць, з якой гэта прамаўлялася, не дадала таўсмачу смеласці.

— Я намачу адзенне, — працягваў ён канькаць. — Я ўжо намачыў свой капшук.

Але не толькі яму пачынала не падабацца гэтая прагулянка. Да енку далучыўся Скарлоцы.

— Пра тое, што ў вашай лодкі кароткі кіль, — рэзка, як пракурор на судзе, кінуў ён, — трэба было папярэдзіць на беразе!

— За апошнія некалькі гадоў возера значна абмялела, — растлумачыў Шадурскі.— У рэшце рэшт я вымушаны быў загадаць, каб кіль падрэзалі.

— Для таго, каб прагулкі лягчэй было перанесці на дно, — змрочна пажартаваў даўганогі.

— Пан баіцца? — тут жа запыталася ў яго панна. Скарлоцы не адказаў, ён дэманстратыўна адвярнуўся

ўбок.

Панна зірнула на хлопца. Ёй захацелася даведацца: а ці не баіцца пан Вальдэмар ветру і вады?.. Знешне ён быў спакойны. Яго перапаўняў не гэтулькі страх, як злосць. Замест таго каб пазавіхацца ды выбрацца адсюль, ён апынуўся ці не на сярэдзіне Асвейскага возера. Наш герой з горыччу ўсведамляў, што цяпер няхутка здзейсніць свой, што стала ўжо для яго запаветнаю мараю, замысел… Панна Яніна ацаніла яго задумнасць як смеласць і міжволі прытулілася да яго.

Але гэта было неасцярожна з яе боку. Заўважыўшы яе пяшчоту да госця, Скарлоцы адразу ж забыўся пра сапраўдныя прычыны сваёй незадаволенасці. Кроў прыліла да яго галавы. Зноў яму падалося, што прычынаю яго няшчасця з'яўляецца берберыец. Ён нават заскрыгатаў зубамі ад злосці.

Перасцерагаючыся, Бока ветліва вызваліўся з абдымкаў панны і адступіўся на крок, — ён не хацеў паўтарэння сцэны, якая здарылася сёння па дарозе ў Сар'інскі лес. Але тут у падзеі ўварвалася стыхія. Моцны парыў ветру нахіліў лодку — якраз у. той бок, куды ступіў хлопец. Усе, як па камандзе, пападалі на палубу і скаціліся на адзін бок. Утрымаўся адзін Шадурскі,— здавалася, ён адно для гэтага і выкарыстоўваў стырно.

— Вас жа прасілі, панове! — раўнуў ён тонам сапраўднага марскога льва. — Стойце кожны на сваіх месцах і не хадзіце па палубе! Лодка няўстойлівая!

Госці падняліся, паслухмяна пасталі на свае месцы. Аднак новы нахіл зноў пакаціў іх на палубу.

— Лёгка сказаць — «стойце»! — агрызнуўся Скарлоцы. — Палуба не стаіць пад нагамі!..

Ён хацеў нешта дадаць. Але тут у борт ударыла вялікая хваля, абліўшы ўсіх буйнымі халоднымі пырскамі. Лодку развярнула і моцна нахіліла. Здавалася, яшчэ крыху — і ветразі палягуць на ваду. Але адзін з лёкаяў, кінуўшыся да стырна, паспеў выправіць становішча…

І пакарочаны кіль, і задужа высокая мачта напраўду рабілі лодку вельмі няўстойліваю. Да таго ж у гэты дзень вецер рэзка мяняў напрамак. Трэба быць майстрам, каб у такое надвор'е ўмела кіраваць лодкаю. Шадурскі, мяркуючы па ўсім, быў не з такіх. Лёкаям даводзілася раз-пораз «чараваць» над ветразем. Часам гэтых людзей качала па палубе, як пустыя скрынкі; пан Сліва паспеў згубіць свой парык. Ды гаспадара лодкі не кранала ўсё гэта, наадварот, штораз, калі пасажыры ўзнімалі галас, ён адно моцна рагатаў. І тады здавалася, што суднам кіруе сам дэман…

— Тата! — нарэшце, пасля чарговага падзення, не стрывала, крыкнула панна. — Не забаўляйся! Бо будзе, як мінулы раз!

Гэты намёк на мінулы раз прымусіў усіх прыціхнуць.

— Але ты павінна прызнацца, — адазваўся Шадурскі,— што тым разам было весела.

Пры слове «весела» Сліва здрыгануўся. Ён баязліва папрасіў:

— Можа, вы высадзіце мяне. Сённяшні дзень быў задужа стомны. — І тут жа дадаў: — Нават на моры я не адчуваў такой гайданкі.

Няшчасны, ён ажно спалатнеў. Яго круглыя вочкі пазіралі, не міргаючы, у бок запаветнага берага. Відаць, апынуцца на сушы ў гэтую хвіліну было для яго адзінаю марай.

Шадурскі аніяк не адрэагаваў на яго просьбу. З філасофскім спакоем ён працягваў пра сваё:

— Заўважу, панове, нішто гэтак не ачышчае душу, як прагулянкі пад ветразем.

— Вы хацелі сказаць — «вантробы», — паправіў яго Сліва і перагнуўся за парэнчы.

Шадурскі ў адказ адно зарагатаў.

— Не, сапраўды, вы маглі б крыху сцішыць хуткасць лодкі,— падтрымаў таўсмача Скарлоцы. — Зрэшты, сярод нас панна…

Гэтае лжэджэнтльменства ўгневала панну Яніну.

— Вы гляньце, які клопат! — усклікнула яна. — Яшчэ невядома, хто каго будзе ратаваць, калі мы перакулімся!

— Перакулімся?.. — азваўся таўсмач.

Маленькая панна зноў прытулілася да хлопца, прашаптала яму на вуха:

— Спадзяюся, вы не дасце мне ўтапіцца, пан Вальдэмар?

Боку тым часам нядобрылася. І, відаць, таму ў ім выспявала незадаволенасць. «Ну й жыццё! — ацаніў ён сам для сябе паводзіны панства. — Толькі й клопату, як пазабаўляцца! Віно, паляванне, гэтае дзікунскае плаванне… Няўжо не надакучае?!»

— Пацалуйце мяне, — перапыніў ягоныя думкі ціхі голас панны. Мабыць, свежы вецер, халодныя пырскі і гайданка дарэшты закружылі ёй галаву. — Калі вы сапраўдны рыцар… — выкарыстоўваючы свой стары козыр, пачала яна.

Але Бока не даў ёй скончыць. Усміхнуўшыся, ён нечакана чмокнуў яе ў вусны. У яго становішчы нічога не заставалася, як толькі падпарадкавацца.

І, вядома ж, гэты пацалунак заўважыў Скарлоцы. Раўнівец ажно падскочыў на месцы.

— Адыдзіцеся ад яе! Я сказаў — прэч!.. — раўнуў ён, звяртаючыся да нашага героя. Пры гэтым яго вусы ледзь не зляцелі са свайго прывычнага месца. — Вы нікчэмны Дон Жуан у адзенні плебея, — працадзіў ён праз зубы, — я з вамі буду біцца!

Усмешка ўмомант зляцела з твару ў хлопца. На ўсялякі выпадак ён мацней ухапіўся за парэнчы.

Скарлоцы рашуча ступіў туды, дзе стаялі Бока і панна Яніна. І тут, не то ад таго, што зноў парушылася раўнавага, не то ад таго, што Шадурскі быў няўважлівы каля стырна, лодку моцна пахіснула. Але, магчыма, яна б не перавярнулася, калі б не зрэагаваў на гэта таўсмач, — той не ўтрымаўся і перакаціўся на той бок, дзе знаходзілася ўжо большая частка экіпажа. Шадурскі, замест таго каб зменшыць нахіл, павярнуў стырно так, што лодка лягла ветразем на бок. Усе, хто знаходзіўся на палубе, з крыкам наляцелі ў ваду.

Поделиться с друзьями: