Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Парк сапраўды атрымаўся. Эрдзівілы ганарыліся гэтым тварэннем і дбайна яго даглядалі. Асабліва прыгожым ён быў у летні пагодлівы дзень. У самай нізіннай яго частцы размяшчалася блакітнае возера, а ў цэнтры, на ўзвышшы, стаяла белая, быццам вылепленая са снегу, стройная каплічка. Вакол узвышша было некалькі маляўнічых палян, у цэнтры кожнай з якіх расло якое-небудзь экзатычнае дрэва. Доўгая алея змейкай вілася па краі гэтых палян, ні разу не перасякаючы іх. Па гэтай прычыне дрэвы на палянах здаваліся недасягальнымі, як бывае недасягальнай сапраўдная прыгажосць і сапраўднае каханне. Канал перасякаў парк на дзве часткі. У адным месцы на канале шумеў вадаспад, які пасля смерці панначкі пачалі называць — Слёзы Марыі. Ахінаючы горку, вада мчалася па канале ў возера.
У той частцы парка, дзе калісьці былі могілкі і стаялі вялізныя крыжы, засталіся адны ўзгорачкі. Цяпер у гэтым месцы неяк асабліва ціха — чуваць толькі, як пяюць птушкі на розныя галасы. Іх спеў складае часам акорды і нават пачатак нейкай дзіўнай мелодыі. Магчыма, гэта і ёсць тая сімфонія кахання, што аднойчы прымусіла забіцца два сэрцы — панны Марыі і Яна. Гэта распазнаецца па шапаценні лісця ў вершалінах дрэў і па плёскаце вады, якая падае з вышыні і бяжыць па камянях. Калі стаіш там, на горцы, і ўважліва прыслухоўваешся, сумная гісторыя кахання Яна і панны Марыі становіцца больш зразумелай. Так і здаецца, што яна адбылася нядаўна.
1993 г.