Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

Дні па-ранейшаму стаялі пагодлівыя, цёплыя, хоць па календары ўжо і наступіла восень. Прагулкі за межамі замка дапамагалі бавіць час. Пасля візіту да Гнезскага і кароткага сняданку, панна Марыя адпраўлялася ў Стары парк і там гуляла, у адзіноце, да самага абеду… Аднак неўзабаве здарылася так, што прагулкі гэтыя ёй давялося спыніць.

У гэты дзень, вяртаючыся ў замак, яна ішла па цэнтральнай паркавай дарожцы. Нечакана з-за кустоў прама на яе выкаціў на калясцы князь Іржык. Адразу ж адтуль з'явіўся і яго неразлучны слуга Дземянцей… З некаторага часу любая сустрэча з маладым князем прыносіла панне Марыі сапраўдныя пакуты. Князь тарашчыў на яе вочы, усміхаўся, працягваў да яе свае рукі. Сімпатыя ідыёта прыгнятала панначку. Апошняя не ведала, чым адказаць яму; сустракаючы яго, яна заўсёды старалася як мага хутчэй пайсці. На гэты ж раз звярнуць не было куды: з абодвух бакоў шчыльна акружалі яе хмызняковыя зараснікі, а таму панна Марыя направілася насустрач панічу.

Іржык утаропіўся на яе, як бездар на геніяльнае тварэнне. Здавалася, ён быў чымсьці напалоханы. Твар яго наліўся крывёю, а на вуснах блішчэла сліна…

Панначка паспрабавала абысці яго. Але Іржык зрушыў каляску — і зноў перагарадзіў ёй дарогу. Затым, выбраўшы самае важкае слова, адразу ж растлумачыў свой стан.

— Хачу!.. — тэнарам прапеў ён і раптам учэпіста схапіў панначку за руку вышэй локця.

Маленькі букецік палявых кветак, які сабрала яна каля падножжа Паповай горкі, выпаў у яе з рук, трапіў пад кола.

Панна Марыя застыла на месцы ні жывая ні мёртвая. Яна адчула, які моцны малады князь. І ўсё ж такі, сабраўшыся з духам, яна змагла крыкнуць:

— Адпусціце! Што вы робіце!..

Гучнае патрабаванне яе, аднак, аказалася толькі пустым ваганнем паветра. Паніч не тое, каб не зразумеў яе слоў,— ён проста не палічыў неабходным услухоўвацца ў іх! Ён прыцягнуў панначку да сябе, абхапіў яе і, млеючы, стаў церціся аб яе грудзі сваёй шчаціністай шчакой. Дотык прыдурка выклікала ў небаракі шок. Задыхаючыся, яна, тым не менш, змагла крыкнуць:

— Князь!.. О Божа!.. Адпусціце! Адпусціце ж!..

Аднак Іржык толькі яшчэ больш даходзіў да шаленства. Ён мацней абхапіў панначку і стаў цалаваць яе сукенку. Гэта былі не звычайныя, у прывычным разуменні, пацалункі,— Іржык прыціскаўся вуснамі да жывата і грудзей панначкі, імкнучыся скрозь тканіну сукенкі адгадаць яе скуру, удыхнуць пах яе цела. Панна Марыя разгубілася зусім. Валасы яе раскідаліся, сукенка задралася і пакамечылася. Дзіка азіраючыся ў бакі, яна пракрычала не сваім голасам:

— Дапамажыце, дапамажыце ж хто-небудзь!..

Дземянцей, да якога нарэшце дайшло, што гэтае свавольства паніча можа яму дорага каштаваць, шагнуў да каляскі і вызваліў панначку. Аднак ад Іржыка не вельмі проста было пазбавіцца. Рашуча развярнуўшыся, той зноў абхапіў небараку. Дземянцею давялося зноў заступіцца. Прытрымліваючы каляску, ён штурхануў панначку, даючы ёй гэтым зразумець, каб тая хутчэй ішла прэч. Між тым паніч распачаў з ім бойку. Учэпісты і моцны, ён наводмаш ударыў бамбізу далонню па плячы. Апошні пахіснуўся, як малады дубок ад рэзкага парыву ветру, потым павярнуўся і палажыў свае цяжкія рукі на плечы задзіры, прыціснуў яго да сядзення. У адказ Іржык укусіў яго за локаць… Тым часам панна Марыя выбегла з парка і кінулася да замкавай аркі.

Неўзабаве яна была ў сваім пакоі. Як і пасля сустрэчы з княгіняй, яна адчувала сябе зняважанай. З залітым слязамі тварам, яна хадзіла ад акна да ложка, і наадварот, і спрабавала даць тлумачэнне таму, што толькі што адбылося. Учынак маладога князя бачыўся ёй дзікім, неверагодным, злачынным. Між тым ёй было зразумела, што гэта не выпадковасць і што з гэтага часу ідыёт не дасць ёй спакойнага жыцця. Яго позірк за сталом у Сталовай зале, страшныя ўсмешкі пры сустрэчы з ёй, нарэшце сённяшняя жудасная сцэна — усё гэта гаварыла пра тое, што над ёй навісла бяда. Панначцы хацелася схавацца, збегчы з замка. Яна хадзіла па пакоі і спрабавала прыдумаць якое-небудзь выратаванне. Але дарэмна. Ёй не было нават каму паскардзіцца!.. У душы яна адчувала сябе дзікай птушкай, якая трапіла ў клетку па волі лёсу.

XIX

— Які ж ты бязглузды, Дземянцей! — выгаворвала ў сваім будуары гайдуку старая княгіня. — Хлопчыку захацелася пазабаўляцца. Ну і няхай сабе! Невялікая персона!

Навіна аб тым, што яе сын з некаторага часу дамагаецца панны Марыі, зусім не расхвалявала княгіню. Наадварот, яна яе абрадавала. Хітрая, яна ўбачыла ў гэтым магчымасць для сябе займець уладу над пляменніцаю мужа. Сапраўды, цяпер, калі ў яе руках была такая «зброя», як захапленне Іржыка, яна атрымала магчымасць паступіць з упартаю паннай Марыяй так, як ёй уздумаецца.

— Заступнік знайшоўся, — працягвала бурчаць яна на Дземянцея. — Ніколі надалей не сунься ў іх адносіны! Няхай сама з'явіцца да мяне. Няхай пакачаецца каля маіх ножак, папросіць! А я яшчэ пагляджу, як мне паступіць з ёю!

Гайдук, не разумеючы, глядзеў на пані. Ведаючы яе характар, ён адгадаў з усяго таго, што было ёю сказана, толькі адно — тое, што панну Марыю чакаюць у бліжэйшы час сур'ёзныя непрыемнасці.

— Як жа так? — спытаў ён у яе. — Панначка ж знатнага роду! — Перш за ўсё яму хацелася высветліць, як яму паводзіць сябе ў будучым пры сітуацыі, падобнай учарашняй.

— Я, здаецца, сказала ясна, — груба адказала княгіня. — Не сунься не ў свае справы! Твой клопат аберагаць князя, а не дзявоцкасць панны Марыі. Гэта выскачка павінна быць удзячная за тое, што яе прыгледзелі. Кожны дзень па тры нарады зменіць. Трымаецца, быццам нейкая прынцэса. Калі-небудзь гэта ўсё роўна б здарылася.

Па-сапраўднаму, княгіне не было ў чым папракнуць панну Марыю. Але менавіта гэта і раздражняла яе. Да таго ж яна ненавідзела вартасці праціўніцы: яе маладосць, уменне апранацца. Яна зайздросціла ёй. Зайздрасць у сваю чаргу параджала жаданне зняважыць, зрабіць праціўніцы балюча. Не, не таму злавала яна на панну Марыю, што тая быццам бы не выконвала нейкіх там умоўнасцей свайго прадстаўнічага роду, — ненавісць княгіні разрасталася з адкрыццём новых і новых вартасцей маладой панны. Княгіне здавалася, што іх, гэтых вартасцей, празмерна многа.

— Калі малыш угледзеў яе, — працягвала гаварыць яна, — відаць, так пажадана Госпаду. Хто асмеліцца прадказаць, можа, нават сам лёс захоча злучыць іх.

Апошняя фраза была кінута ёю хутчэй за ўсё выпадкова. Аднак, вылецеўшы з вуснаў, яна вярнулася ў свядомасць княгіні ўжо ў другой якасці. Старуха задала сабе пытанне: «А чаму б і не?» Чорная радзімка на яе вялым твары задрыжэла, нібы муха, якая сабралася ўзляцець, — моцнае хваляванне ахапіла гаспадыню замка.

— А чаму б і не? — паўтарыла яна ўжо ўслых, забыўшы пра слугу, які стаяў перад ёю. Яна падышла да адчыненага акна і выглянула на двор. Іржык раз'язджаў па двары, азіраўся, нібы дзікі звярок. Мусіць, ён спадзяваўся сустрэць панну Марыю. — Гэта будзе цудоўная пара! — сказала княгіня, і страшная ўсмешка перакрывіла ёй твар. — Ды яны ж проста створаны адно для аднаго!

Ёй хацелася засмяяцца. Але, даўно развучыўшыся гэтаму, яна змагла толькі затрэсці жыватом.

Гайдук працягваў тупа глядзець на яе, затым асмеліўся спытаць:

— Вы хочаце ажаніць князюшку на панначцы? — Відаць, ён слаба верыў у тое, што гэта магчыма.

— А чаму б і не! — адазвалася княгіня. — Прынамсі, гэта можа суняць яго.

Дземянцей акругліў вочы ад здзіўлення. Яму здалося, што гаспадыня жартуе.

— Аднак ці пагадзіцца яго міласць князь Станіслаў? — зноў з сумненнем пацікавіўся ён.

Поделиться с друзьями: