Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Іржык лёгка, адным рухам пляча, паваліў яе на падлогу. Але Агнешка не думала здавацца. Як курыца аберагае сваіх куранят, забываючы аб сабе, так і яна, рашуча і з лютасцю заступілася за панначку. Некалькі разоў Іржык адпіхваў яе. Служанка хапала яго за валасы, лупіла далонню па спіне, плячах, спрабуючы справадзіць нязванага госця.
Барацьба адцягвала ўвагу Іржыка, збівала яго пажадлівасць. Ён, нарэшце, адступіў. Азіраючыся навокал, нібы звярок, які трапіў у пастку, ён, падцягваючы, як шымпанзэ, свае ногі, няспешна папоўз да каляскі. Падцягнуўшыся на руках, ён лёгка залез на сядзенне і развярнуўся.
— Прэч! Прэч! — па-ранейшаму гнала яго Агнешка, быццам гэта быў не чалавек, а воўк, які прывалокся на двор.
Іржык нешта бурчаў і, азіраючыся, пакаціў прэч…
Агнешка праводзіла яго да самага калідора. Потым заперла дзверы і вярнулася.
Няшчасная панна Марыя стаяла ў кутку ўсё ў той жа паставе. Рукі яе былі сагнутыя ў локцях і прыціснуты да грудзей. Агнешку напалохаў яе выраз — на твары панны Марыі чыталася адлучанасць.
— Панначка! — ускрыкнула служанка і кінулася да яе. — Не трэба так! Не трэба! Усё скончылася! Ён пайшоў!.. Паглядзіце на мяне! Ён пайшоў!
Яна раптам разрыдалася, як дзіця. Але панна Марыя не адрэагавала на гэта. Яна стаяла і здзіўлена глядзела кудысьці перад сабой — у чорны прамавугольнік акна. Здавалася, ёю авалодала нейкая неверагодная думка. Агнешка абняла яе і пачала цалаваць у шчокі, у вочы, у лоб. Ласкаю яна спрабавала абудзіць у пані замерлыя пачуцці. Нарэшце яна свайго дасягнула. У панны Марыі пабеглі слёзы. Спачатку выкацілася адна вялікая сляза. За ёю паліліся другія. Кап-кап-кап — цяклі яны ручайком па яе шчоках. Панначка захлопала вейкамі. У той жа час да яе вярнуўся голас. Яна зарыдала.
— Божа, — вырвалася ў яе, — за што ты гневаешся на мяне? За што? У чым мой грэх? Ці я не верная твая раба?!. Навошта пасылаеш на мяне гэта выпрабаванне? Божа, злітуйся! Не гневайся на мяне! Прабач!
Ёй захацелася сесці. І Агнешка дапамагла ёй. Абедзве ўселіся прама на падлозе. Служанка абняла пані, прыціснулася шчакой да яе падбародка.
— Нічога, панначка, усё прайшло, усё добра. Мы больш нікога ніколі не пусцім сюды… Усё прайшло. Усё прайшло… Вы — самая харошая, самая добрая. Больш ніхто і ніколі не пасмее вас пакрыўдзіць. Паплачце, панначка. Паплачце…
Іх мокрыя твары блішчэлі ў святле свечак, якія ярка разгарэліся. Дастаткова было паварушыць рукой або галавой, як ім здавалася, што рухаецца ўвесь пакой. Яшчэ нядаўна гэта іх забаўляла, цяпер жа — насцярожвала. І таму яны стараліся сядзець спакойна. Абедзве плакалі і адчувалі, што слёзы прыносяць ім палёгку.
Так, абняўшыся, яны прасядзелі ў кутку да самай раніцы.
XXI
Ранішняе святло вярнула панне Марыі спакой. Яна заснула на каленях служанкі. Пазней, апранаючыся, яна падумала, што ёй варта перагаварыць з княгіняй. Было зразумела, што князь Іржык прадоўжыць праследаванне, а каб уціхамірыць вар'ята, неабходна знайсці заступніка. Адным чалавекам, хто меў уладу над маладым князем, была яго маці.
У гэтую раніцу панначка не пайшла ў майстэрню Гнезскага. Пасыльнаму было сказана, што ёй не здаровіцца. Між тым яна папрасіла далажыць княгіне аб сваім жаданні сустрэцца з ёю.
Ужо ў хуткім часе яе запрасілі ў будуар гаспадыні замка. Магчыма, замкавыя калідоры і залы мелі «вушы». Як бы там ні было, аднак княгіня Ізабэла яшчэ да візіту панны Марыі ведала пра тое, што адбылося ўначы. У гэтую раніцу яна прыбралася ў сукенку з цёмна-карычневага аксаміту, якая была вышыта па ліфу золатам. Маршчыністы твар яе быў густа напудраны. Позірк жа выражаў стаічную ўпартасць і бясспрэчную ўпэўненасць. Здавалася, што яна не пані над сотнямі нявольнікаў, не гаспадыня багатага замка, а сам кат, які назірае з вышыні эшафота. Ёй не хапала толькі сякеры.
Панну Марыю пасадзілі насупраць княгіні. Бедалага хацела адразу выказаць прычыну свайго візіту. Але княгіня апярэдзіла яе.
— Мне ўсё вядома, — сказала яна. — Можаш не расказваць. Згодна, выпадак непрыемны. Аднак хвалявацца не варта. Падобная ліхаманка ў майго сына праходзіць хутка. Ну а я прыму меры. Больш таго, меры ўжо прыняты. Іржык, у пакаранне, пасаджаны ў замкавую башню. Ён даўно там не сядзеў. Яму варта паастыць. Упэўнена, уся справа ў бясконцай гарачыні.
Яна наўмысна спрашчала сітуацыю. Ёй хацелася выгарадзіць свавольніка і хутчэй замяць скандал.
— Ты павінна зразумець, мілачка, — працягвала яна, — мой сын — калека. На ім — Божая адмеціна. Не варта асуджаць істоту, якая паслана на зямлю для папярэджання грахоў.— Яна памаўчала, як бы даючы абдумаць значымасць сваіх слоў. Потым запэўніла: — Пераканана, што ён да цябе больш не заявіцца. Усё адбылося па чыстай выпадковасці. Проста заснуў гэты гультай Дземянцей. Заслугоўвае пакарання не хлопчык, а яго слуга. І ён атрымае яго! Пагэтаму і кажу: будзь спакойна, падобнае больш не здарыцца. — Яна раптам прагудзела басам, стрымліваючы смех: — Усё вельмі проста: ты яму прыглянулася. Ну што тут дрэннага!
Яна старалася надаць здарэнню нязначнасць. Адначасова ёй хацелася, каб агіда да яе сына змянілася ў панны Марыі на спачуванне.
— Іншы раз з ім можна і пафліртаваць, — падказала яна. — У жарт. Гэта пазабавіць хлопчыка. А табе гэта пойдзе ў залік за добрае дзеянне.
Княгіня закашлялася, паднялася з крэсла і адышла да акна.
З хвіліну суразмоўніцы захоўвалі маўчанне. Яны не бачылі таго краевугольнага каменя, на якім можна было б пабудаваць іх прымірэнне. Усведамленне нянавісці адно да аднаго звязвала ім язык. Ім хацелася як мага хутчэй разысціся.
— Я так хачу пагаварыць з табой канфідэнцыяльна. — Княгіня азірнулася на панначку. — У нас было дастаткова часу, аднак бяседы такой пакуль так і не атрымалася.
— Аб чым вы хацелі гаварыць са мной?
— Аб магчымасці навесці мост нашага ўзаемаразумення.
— Я ніколі не была супраць дружбы з вамі.
— Прыемна чуць, — адказала княгіня. Яна вярнулася, каб зноў заняць месца ў крэсле. — Павер, мая мілая, я жадаю табе таго ж, што і князь: багацця і знатнасці. Ён марыў зрабіць цябе першай у сваім княстве і жадае праславіць цябе на ўсю дзяржаву. Калі ласка! Некалі, многа год таму, ён марыў узняць на гэты трон мяне…
Панна Марыя паглядзела на суразмоўніцу са здзіўленнем. Упершыню яна падумала пра тое, што і княгіня калісьці была маладою. Ёй захацелася ўявіць яе твар такім, якім ён быў дваццаць год таму. Яна ўзіралася ў яе бясколерныя, з калючым выразам вочы, бачыла яе сівыя вусікі, вялізную валасатую радзімку на шчацэ — і чамусьці нічога, акрамя агіды і страху, пры гэтым не адчувала.
— Так-так! І не глядзі на мяне так, мілачка! — перахапіўшы позірк панны Марыі, сказала княгіня. — Некалі князь віўся каля мяне, як чмель вакол кветкі. Нават страляўся на дуэлі. Прызнаюся, я не кахала яго. Так! Аднак Госпаду было ўгодна нас злучыць. — Старуха задумалася. Праз хвіліну яна з сумам дадала: — Цяпер наступіла твая пара.