Чорная страла
Шрифт:
— Ну, калі мы зноў возьмемся п'янстваваць, усё прапала! — закрычаў Том.
— Кум Арблестэр, вы замнога дазваляеце свайму слузе, — заўважыў майстар Пірэт. — Няўжо вы дапусціце, каб вамі камандаваў наёмны чалавек? Фу, фу!
— Цішэй, хлопец! — сказаў Арблестэр, звяртаючыся да Тома. — Заткні глотку. Матросы не смеюць вучыць шкіпера!
— Рабіце што хочаце, — сказаў Том. — Мая хата з краю…
— Пастаўце яго на ногі, — сказаў Пірэт. — Я ведаю ціхае месцейка, дзе мы можам выпіць і паразмаўляць.
— Калі вы хочаце, каб я ішоў, сябры мае, развяжыце мне ногі, — сказаў Дзік, калі яго паднялі і паставілі, быццам слуп.
— Ён кажа праўду, — засмяяўся Пірэт. — Так яму далёка не зайсці. Выцягні свой нож і разрэж вяроўку, кум.
Нават Арблестэр завагаўся пры гэтай прапанове. Але таму, відаць, што яго таварыш настойваў, а ў Дзіка хапіла розуму захоўваць самы абыякавы выраз твару і толькі паціскаць плячыма, шкіпер нарэшце згадзіўся і разрэзаў вяроўку, якая звязвала ногі палонніка. Гэта не толькі дало магчымасць Дзіку ісці, але і наогул аслабіла ўсю вяроўку. Ён адчуў, што рука за спіной пачала рухацца вальней, і пачаў спадзявацца, што з часам яму ўдасца яе зусім вызваліць. Ён ужо і так многім быў абавязаны дурноце і прагнасці Пірэта.
Гэты дастойны чалавек узяў на сябе ініцыятыву і прывёў іх у той самы шынок, дзе Лоўлес піў з Арблестэрам у час урагану. Зараз шынок быў пусты; агонь патух, і толькі груда распаленага попелу дыхала прыемным цяплом. Яны селі; гаспадар паставіў перад імі каструлю з гарачым элем. Пірэт і Арблестэр выцягнулі ногі і скрыжавалі рукі, — відаць было, што яны збіраюцца прыемна правесці гадзінку-другую.
Стол, за які яны селі, як і астатнія сталы ў шынку, уяўляў сабою цяжкую квадратную дошку, пакладзеную на дзве бочкі. Сабутэльнікі занялі ўсе чатыры бакі стала — Пірэт сядзеў супраць Арблестэра, а Дзік супраць матроса.
— А цяпер, малады чалавек, — сказаў Пірэт, — пачынайце свой расказ. Здаецца, вы сапраўды крыху пакрыўдзілі нашага кума Арблестэра, але што з гэтага? Улагодзьце яго, пакажыце спосаб разбагацець, і я б'юся аб заклад, што ён даруе вам.
Да гэтага часу Дзік гаварыў наўдачу; але зараз, пад назіркам трох пар вачэй, неабходна было прыдумаць і расказаць незвычайную гісторыю і, калі магчыма, атрымаць назад такі важны для яго пярсцёнак. Перш за ўсё трэба выйграць час. Чым далей яны тут прабудуць, тым болей вып'юць і тым лягчэй будзе ўцячы.
Дзік не ўмеў прыдумляць, і тое, што ён расказаў, вельмі нагадвала гісторыю Алі-бабы, толькі Ўсход быў заменены Шорбі і Тэнстолскім лесам, а колькасць скарбаў пячоры была хутчэй перабольшана, чым прыўменшана. Як вядома чытачу, гэта захапляючая гісторыя, і ў ёй толькі адзін недахоп: у ёй няма ні кроплі праўды. Але тры прастадушныя маракі слухалі яе першы раз; вочы ў іх вылезлі на лоб ад здзіўлення, раты ў іх разявіліся, быццам у траскі на прылаўку гандляра рыбай.
Вельмі хутка давялося заказаць другую порцыю гарачага элю, а пакуль Дзік па-майстэрску сплятаў ніткі прыгод, за ёю была выпіта і трэцяя.
Вось у якім становішчы знаходзіліся прысутныя, калі гісторыя набліжалася да канца.
Арблестэр, на тры чвэрці п'яны і на адну чвэрць сонны, бездапаможна адкінуўся на спінку крэсла. Нават Том захапіўся расказам, і яго пільнасць значна аслабла. А Дзік тым часам паспеў вызваліць сваю правую руку з вяровак і быў гатовы паспрабаваць шчасця.
— Такім чынам, — сказаў Пірэт, — ты адзін з іх?
— Мяне прымусілі, — адказаў Дзік, — супраць маёй волі; але калі б мне ўдалося дастаць мяшок-другі золата на сваю долю, я быў бы дурнем, каб застаўся ў бруднай пячоры, падвяргаючы сябе небяспецы, як просты салдат. Вось нас тут чацвера. Выдатна! Пойдзем заўтра ў лес перад узыходам сонца. Калі б мы дасталі асла, было б яшчэ лепш; але таму што асла дастаць нельга, давядзецца ўсё цягнуць на сваіх чатырох спінах. Спіны ў нас моцныя, аднак на зваротным шляху мы будзем хістацца пад цяжарам скарбаў.
Пірэт аблізнуўся.
— Ану, дружа, скажы гэтае чароўнае слова, ад якога адчыніцца пячора, — папрасіў ён.
— Ніхто не ведае гэтага слова, акрамя трох начальнікаў, — адказаў Дзік. — Але, на ваша вялікае шчасце, якраз сёння вечарам мне паведамілі словы заклінання, якімі адчыняюць пячору. Гэта вялікая ўдача, бо мой начальнік звычайна нікому не давярае сваёй тайны.
— Заклінанне! — закрычаў Арблестэр, прачынаючыся і касавурачыся на Дзіка адным вокам. — Цур мяне! Ніякіх заклінанняў! Я добры хрысціянін, спытай нават у майго матроса Тома, калі не верыш.
— Дык гэта ж белая магія, — сказаў Дзік. — Яна нічога агульнага не мае з д'ябламі; яна звязана з таямнічымі ўласцівасцямі лічбаў, траў і планет.
— Э, — сказаў Пірэт, — гэта ж толькі белая магія, кум. Тут няма граху, запэўніваю цябе. Але працягвай, добры юнак. Што ж гэта за заклінанне?
— Я зараз вам скажу, — адказаў Дзік. — Пры вас пярсцёнак, які вы знялі з майго пальца? Цудоўна! Цяпер выцягніце руку і трымайце пярсцёнак кончыкамі пальцаў прама перад сабою, каб на яго падала святло ад вугалёў. Вось так! Цяпер вы пачуеце словы заклінання!
Хутка азірнуўшыся, Дзік убачыў, што паміж ім і дзвярыма няма ні душы. Ён у думках прачытаў малітву. Потым, працягнуўшы руку, ён схапіў пярсцёнак, падняў стол і перакуліў яго проста на матроса Тома. Бядак, крычучы, валтузіўся пад абломкамі. І перш чым Арблестэр паспеў западозрыць штосьці нядобрае, а Пірэт сабрацца з думкамі, Дзік кінуўся да дзвярэй і знік у месячнай начы.
Месяц зіхацеў ярка, снег іскрыўся, у гавані было светла, як удзень, і малады Шэлтан, які бег, падаткнуўшы расу сярод кучаў смецця, быў бачны здалёку.
Том і Пірэт пагналіся за ім, моцна крычучы. На іх крыкі з кожнага шынка выскоквалі маракі і таксама беглі наўздагон за Шэлтанам. Неўзабаве Дзіка даганяла цэлая гайня матросаў. Але ў пятнаццатым стагоддзі, як і ў наш час, марак на сушы не вызначаўся жвавасцю; Дзік з самага пачатку дужа апярэдзіў усіх, і адлегласць паміж ім і яго даганяламі ўсё павялічвалася. Нарэшце ён забег у якісьці вузкі завулачак, спыніўся, паглядзеў назад і засмяяўся.
За ім гналіся ўсе маракі горада Шорбі; як чарнільныя кляксы, цямнелі яны ўдалечыні на белым снезе. Кожны крычаў, лямантаваў; кожны махаў рукамі; то адзін падаў у снег, то другі; на таго, хто зваліўся, адразу падалі ўсе, хто бег за ім.
Гэты дзікі лямант, які далятаў ледзь не да самага месяца, і смяшыў уцекача і палохаў. Зрэшты, баяўся Дзік зусім не гэтых маракоў, паколькі быў упэўнены, што ніводзін з іх яго не дагоніць. Дзік баяўся шуму, паднятага маракамі, баяўся, што ён можа разбудзіць увесь Шорбі і прымусіць варту выпаўзці на вуліцу, а гэта было б сапраўды небяспечна; заўважыўшы цёмныя дзверы ў куце, ён схаваўся за імі. Яго нязграбныя праследвальнікі, расчырванелыя ад хуткага бегу, выкачаныя ў снег, крычучы, размахваючы рукамі, пранесліся міма. Аднак прайшло яшчэ нямала часу, перш чым скончылася гэтае вялікае нашэсце гавані на горад і ўсталявалася цішыня.