Чорная страла
Шрифт:
— Зусім верагодна, — адказаў Дзік. — Аднак паглядзіце, якую страшную павуціну вы сплялі; я адначасова і палоннік ваш і суддзя. Вы адначасова і пагражаеце мне смерцю і стараецеся ўміласцівіць мяне. Мне здаецца, калі б вы заўсёды былі сумленным чалавекам і добрым свяшчэннікам, вам не давялося б ні баяцца мяне, ні ненавідзець. А таму вярніцеся да сваіх малітваў. Я падпарадкоўваюся вам, таму што мне нічога іншага не застаецца; але я не жадаю абцяжарваць сябе вашай прысутнасцю.
Свяшчэннік апусціў галаву на рукі, быццам схіляючыся пад цяжарам гора, і ўздыхнуў так цяжка, што ледзь было не абудзіў у сэрцы юнака пачуццё, падобнае на спачуванне. Сэр Олівер болей не спяваў псалмоў. Дзік чуў толькі, як пастукваў ружанец у яго руках і як ён праз зубы мармытаў малітву.
Яшчэ крыху, і шэрае світанне пачало прабівацца ў вузкія вокны царквы; мігатлівыя агеньчыкі свечак пабялелі. Святло пакрысе рабілася ўсё ярчэй, і раптам праз вокны на паўднёва-ўсходнім баку царквы прарваліся ружовыя сонечныя промні і зайгралі на сценах. Бура скончылася; снежныя хмары сплылі, і новы зімовы дзень весела асвятліў пакрытую снегам зямлю.
Царкоўныя служкі замітусіліся; труну аднеслі ў трупярню, крывавыя плямы на плітах выцерлі, каб яны не азмрочвалі злавесным сваім выглядам вяселля лорда Шорбі. Твары духоўных асоб, такія самотныя ноччу, сталі весялейшымі, каб не сапсаваць сённяшнюю радасную цырымонію. Абвяшчаючы набліжэнне дня, у царкве з'явіліся набожныя прыхаджане. Яны падалі ніцма перад алтаром і чакалі сваёй чаргі на споведзь.
Пачалася мітусня, у час якой няцяжка было падмануць пільнасць вартавых сэра Дэніэла, што стаялі каля дзвярэй. Абводзячы царкву стомленым позіркам, Дзік спыніў яго на манаху, які аказаўся не кім іншым, як Уілам Лоўлесам.
Бадзяга таксама пазнаў свайго начальніка і крадком падміргнуў яму.
Дзік зусім не збіраўся дараваць старому махляру несвоечасовае п'янства, аднак не хацеў заблытваць яго ў сваю бяду і даў яму зразумець, як мог выразней, каб ён выбіраўся.
Лоўлес, здавалася, зразумеў яго, таму што адразу знік за калонай; Дзік з палёгкай уздыхнуў.
Які ж быў яго жах, калі ён адчуў, што хтосьці тузае яго за рукаво, і ўбачыў побач з сабою старога разбойніка, заглыбленага ў малітву.
Раптоўна сэр Олівер падняўся са свайго месца і, праслізнуўшы паўз лаўкі, падышоў да воінаў, што стаялі ў бакавым прыдзеле. Калі так лёгка было ўзбудзіць падазрэнні свяшчэнніка, значыць, ужо і Лоўлес такі ж палоннік, як і Дзік.
— Не варушыся, — прашаптаў Дзік. — Мы ў адчайным становішчы, і ўсё з-за твайго ўчарашняга свінства. Няўжо, убачыўшы мяне тут, дзе я не маю ні права, ні жадання быць, ты — каб табе здохнуць! — не мог адчуць нядобрае і ўцячы?
— Не, — адказаў Лоўлес, — я думаў, што вы атрымалі весткі ад Эліса і седзіце тут па яго даручэнні.
— Ад Эліса? — спытаў Дзік. — Хіба Эліс вярнуўся?
— Канечне, — адказаў бадзяга. — Ён вярнуўся мінулай ноччу і жорстка адлупцаваў мяне за тое, што я быў п'яны. Такім чынам, вы адпомшчаны, майстар Шэлтан! Шалёны чалавек гэты Эліс Дэкуорт! Ён прыскакаў сюды з Кравена, каб разладзіць вяселле, а ўжо калі ён што задумаў, то даб'ецца свайго.
— Што датычыцца нас з табою, брат, — стрымана сказаў Дзік, — мы абодва людзі скончаныя. Я сяджу тут у якасці заложніка і павінен адказваць галавой за тое самае вяселле, якое ён збіраецца разладзіць. Клянуся распяццем, у мяне цудоўны выбар — страціць каханую або жыццё! Добра, жэрабя кінута, няхай прападае жыццё.
— Клянуся небам! — усклікнуў Лоўлес, прыўстаючы. — Я пайшоў!
Але Дзік паклаў руку яму на плячо.
— Сябар Лоўлес, сядзі ціха, — сказаў ён. — У цябе ёсць вочы, зірні вунь туды ў кут, за алтар. Хіба ты не бачыш, што пры найменшай тваёй спробе падняцца вунь тыя ўзброеныя людзі падхопяцца і скруцяць цябе? Скарыся, дружа. Ты быў храбры на караблі, калі думаў, што патонеш у моры; будзь храбры і цяпер, калі давядзецца памерці на вісельні.
— Майстар Дзік, — задыхаючыся, сказаў Лоўлес, — ужо вельмі нечакана ўсё гэта абрынулася на мяне. Дайце мне хвілінку перадыхнуць, і, клянуся абедняй, я буду такім жа храбрацом, як вы.
— Я ў храбрасці тваёй не сумняваюся! — сказаў Дзік. — Каб ты ведаў, як мне не хочацца паміраць, Лоўлес! Але калі слязамі гору не дапаможаш, ці варта плакаць?
— Ваша праўда! — згадзіўся Лоўлес. — Э, чаго трывожыцца з-за смерці! Яна ўсё адно прыйдзе, начальнік, рана ці позна! А смерць на вісельні, кажуць, лёгкая, хаця ніводзін павешаны яшчэ не вярнуўся з таго свету, каб пацвердзіць гэта!
Скончыўшы сваю прамову, адважны махляр адкінуўся на спінку лаўкі, скрыжаваў рукі і ўзяўся паглядваць вакол з самым нахабным і незалежным выглядам.
— Зараз трэба весці сябе ціха, — сказаў Дзік. — Мы ж не ведаем, што задумаў Дэкуорт. Калі справа павернецца дрэнна, мы ўсё-такі паспрабуем выбрацца адсюль.
Яны замоўклі і неўзабаве пачулі аддаленыя гукі вясёлай музыкі, якая, набліжаючыся, рабілася ўсё мацней і весялей. Званы на званіцы гулі аглушальна, царква напоўнілася людзьмі, якія стрэсвалі з сябе снег, паляпвалі рукамі і хукалі на замёрзлыя пальцы. Заходнія дзверы шырока расчыніліся, і за імі стала відаць частка залітай сонцам заснежанай вуліцы. Ранішні холад уварваўся ў царкву. Усё гэта сведчыла аб тым, што лорд Шорбі хоча вянчацца як мага раней і што вясельная працэсія набліжаецца.
Воіны лорда Шорбі ўжо вызвалялі праход у сярэднім прыдзеле, адцясняючы народ дзідамі. Затым паказаліся музыкі. Флейтысты і трубачы аж пабарвавелі ад натугі, а барабаншчыкі і цымбалісты лупілі так, быццам стараліся заглушыць адзін аднаго.
Яны падышлі да дзвярэй храма, спыніліся і пастроіліся ў два рады, адбіваючы такт нагамі па мёрзлым снезе. Пышны вясельны картэж прайшоў паміж радамі, уборы былі такія разнастайныя і яркія, столькі было выстаўлена напаказ шоўку і аксаміту, футра і атласу, вышывак і карункаў, што працэсія гэтая зіхацела на снезе, быццам клумба кветак або размаляванае акно ў сцяне.
Наперадзе ішла нявеста, самотная, белая, як снег. Яна абапіралася на руку сэра Дэніэла; яе суправаджала сяброўка, маленькая лэдзі, з якой Дзік пазнаёміўся мінулай ноччу. Услед за нявестай ішоў у зіхатлівым адзенні сам жаніх, падцягваючы падагрычную нагу. Калі ён ступіў на парог храма і зняў капялюш, стала бачна, як паружавела ад хвалявання яго лысіна.
І вось надышоў час Эліса Дэкуорта.
Аглушаны, разнерваваны супярэчлівымі пачуццямі, Дзік сядзеў, учапіўшыся рукамі ў спінку пярэдняй лаўкі. Раптам ён заўважыў рух у натоўпе. Людзі хіснуліся назад, гледзячы ўгару і ўздымаючы рукі. Дзік падняў галаву, убачыў трох чалавек, якія, нацягнуўшы лукі, схіліліся з хораў. Узляцелі стрэлы, і, перш чым натоўп паспеў ускрыкнуць, невядомыя стралкі, як птушкі, успырхнулі са сваіх жардзінак і зніклі.
У царкве падняўся неймаверны пярэпалах; свяшчэннаслужыцелі з жахам падхапіліся са сваіх месц; музыка змоўкла; званы званілі яшчэ некалькі імгненняў, але чутка аб бядзе хутка даляцела нават да званіцы, і званары, разгойдваючыся на вяроўках, таксама спынілі сваю вясёлую работу.
Прама пасярод царквы ляжаў мёртвы жаніх, пранізаны дзвюма чорнымі стрэламі. Нявеста страціла прытомнасць. Узвышаючыся над натоўпам, стаяў раз'ятраны і ашаломлены знянацку сэр Дэніэл; доўгая страла, трапечучы, тырчала з яго левага перадплечча; другая зачапіла яму цемя, і па твары цурчэла кроў.