Чорная страла
Шрифт:
— У мяне таксама вялікія страты, — перапыніў яго другі. — Я таксама страціў нямала, кум Арблестэр. У дзень Святога Марціна ў мяне ўкралі пяць шылінгаў і скураную сумку, якая каштавала дзевяць пенсаў.
Пры гэтых словах сэрца Дзіка сціснулася. Да гэтага часу ён, бадай, ні разу не падумаў пра беднага шкіпера, які згалеў, страціўшы «Добрую Надзею»; у тыя часы дваране бяспечна адносіліся да маёмасці людзей з ніжэйшых саслоўяў. Але гэтая нечаканая сустрэча нагадала Дзіку, як незаконна ён завалодаў суднам і як журботна закончылася ўся справа. І абодва — Дзік і Лоўлес — адвярнуліся, каб Арблестэр выпадкова іх не пазнаў.
Нейкім цудам карабельны сабака з «Добрай Надзеі» выратаваўся і вярнуўся ў Шорбі. Ён цяпер рухаўся за Арблестэрам. Панюхаўшы паветра і насцярожыўшы вушы, ён раптоўна кінуўся ўперад, шалёна брэшучы на ўяўных манахаў.
Яго гаспадар, пахістваючыся, пайшоў за ім.
— Гэй, сябры! — крыкнуў ён. — Ці няма ў вас пені для беднага старога марака, якога дачыста разарылі піраты? У чацвер я яшчэ мог бы напаіць вас абодвух; а сёння субота, і я павінен кленчыць на куфаль піва! Спытайце ў майго матроса Тома, калі вы не верыце мне! Сем бочак цудоўнага гасконскага віна, мой уласны карабель, які дастаўся мне па спадчыне ад бацькі, выява Святой Дзевы з паліраванага дрэва з пазалотай і трынаццаць фунтаў золатам і срэбрам — што вы скажаце? Вось як абакралі чалавека, які ваяваў з французамі! Але, я біўся з французамі. Я на моры перарэзаў французскіх глотак болей, чым любы іншы дартмуцкі марак. Дайце мне пені!
Дзік і Лоўлес не рашаліся адказаць яму, таму што ён пазнаў бы іх па галасах. І яны стаялі бездапаможныя, быццам караблі на якары, і не ведалі, што рабіць.
— Ты што, хлопец, нямы? — спытаў шкіпер. — Сябры, — ікнуўшы, працягваў ён, — гэта нямыя. Цярпець не магу непачцівасці. Ветлівы чалавек, нават калі ён нямы, адказвае, калі з ім размаўляюць.
Між тым матрос Том, мужчына вельмі дужы, здавалася, штосьці западозрыў. Ён быў цверазейшы за капітана. Раптоўна ён выйшаў наперад, груба схапіў Лоўлеса за плячо і, лаючыся, спытаў у яго, з-за якой такой хваробы ён трымае на прывязі свой язык. На гэта бадзяга, рашыўшы, што ім цяпер губляць ужо няма чаго, адказаў яму такім выспяткам, што марак расцягнуўся на пяску. Крыкнуўшы Дзіку, каб ён бег за ім, Лоўлес з усіх ног памчаўся па беразе.
Усё гэта адбылося ў адно імгненне. Не паспеў Дзік кінуцца бегчы, як Арблестэр учапіўся ў яго. Том падпоўз на жываце і схапіў Дзіка за нагу, а трэці марак размахваў корцікам над яго галавой.
Не страх мучыў маладога Шэлтана — яго мучыла прыкрасць, што, пазбегнуўшы сэра Дэніэла, пераканаўшы ў сваёй невінаватасці лорда Райзінгэма, ён трапіў у рукі старога п'янага марака. Больш за ўсё прыкра было ад таго, што ён і сам адчуваў сябе вінаватым, адчуваў сябе неплацежаздольным даўжніком гэтага чалавека, чый карабель ён украў і загубіў, і позна абуджанае сумленне гучна гаварыла яму аб гэтым.
— Цягніце яго ў шынок, я хачу разгледзець яго твар, — сказаў Арблестэр.
— Добра, добра, — адказаў Том. — Толькі мы спярша разгрузім яго сумку, каб іншыя малайцы не запатрабавалі сваёй долі.
Аднак яны не знайшлі ніводнага пені, хаця абшукалі Дзіка з галавы да ног; не знайшлі нічога, акрамя пярсцёнка з пячаткай лорда Фоксгэма. Яны сарвалі гэты пярсцёнак з яго пальца.
— Павярніце яго да месячнага святла, — сказаў шкіпер, і, узяўшы Дзіка за падбародак, ён балюча тузануў угару яго галаву.
— Святая Дзева! — закрычаў ён. — Гэта наш пірат!
— Ды ну? — усклікнуў Том.
— Клянуся бязгрэшнай Дзевай Бардоскай, ён самы! — паўтарыў Арблестэр. — Ну, марскі злодзей, ты ў мяне ў руках! — крычаў ён. — Дзе мой карабель? Дзе маё віно? Не, на гэты раз ты не ўцячэш. Том, дай мне сюды вяроўку. Я звяжу гэтаму марскому воўку рукі і ногі, я звяжу яго, як смажанага індыка, а потым буду яго біць! О, як я буду яго біць!
Арблестэр гаварыў і з уласцівым маракам спрытам абвіваў Дзіка вяроўкай, люта зацягваючы яе, завязваючы тугія вузлы.
Нарэшце малады чалавек ператварыўся ў цюк, бездапаможны і нерухомы, як труп. Шкіпер, трымаючы яго на выцягнутай руцэ, моцна зарагатаў, потым даў яму моцную аплявуху, а пасля пачаў марудна паварочваць яго і шалёна лупцаваць. Гнеў, як бура, падняўся ў грудзях Дзіка; гнеў душыў яго; яму здавалася, што ён вось-вось памрэ ад злосці. Але калі марак, стомлены сваёй жорсткай забавай, кінуў яго на пясок і адвярнуўся, каб параіцца з сябрамі, Дзік імгненна авалодаў сабой. Гэта была хвілінная перадышка; перш чым яны зноў пачнуць мучыць яго, ён, магчыма, знойдзе спосаб выкруціцца з гэтага ганебнага і фатальнага здарэння.
Пакуль яго пераможцы спрачаліся, што рабіць з ім, ён акрыяў духам і цвёрдым голасам загаварыў.
— Найшаноўныя паны, — пачаў ён, — вы што, зусім з глузду з'ехалі? Неба дае вам у рукі выпадак страшэнна разбагацець. Вы трыццаць разоў паедзеце ў мора, а другога такога выпадку не знойдзеце. А вы — о неба! — што вы зрабілі? Збілі мяне? Ды так робіць толькі раззлаванае дзіця! Але ж вы не дзеці, вы вопытныя, прапахлыя смалой маракі, якія не баяцца ні агню, ні вады, якія любяць золата, любяць мяса. Не, вы зрабілі неразумна.
— Ведаю, — сказаў Том, — цяпер, калі ты звязаны, ты будзеш дурыць нас!
— Дурыць вас! — паўтарыў Дзік. — Ну, калі вы дурні, дурыць вас няцяжка! Але калі вы людзі разумныя — а вы мне здаецеся людзьмі разумнымі, — вы самі зразумееце, у чым ваша выгада. Калі я захапіў ваш карабель, нас было многа, мы былі добра апрануты і ўзброены. Ану, скеміце, хто можа сабраць такі атрад? Толькі той, бясспрэчна, у каго шмат золата. І калі гэты багаты чалавек усё яшчэ працягвае пошукі, не спыняючыся перад цяжкасцямі, то, падумайце ж добранька, ці не схаваны дзе-небудзь скарб?
— Аб чым ён гаворыць? — спытаў адзін з маракоў.
— Дык вось, калі вы страцілі старое судна і некалькі кубкаў кіслага, як воцат, віна, — працягваў Дзік, — забудзьце аб іх, таму што ўсё гэта дрэнь. Лепш хутчэй далучайцеся да справы, якая праз дванаццаць гадзін або абагаціць вас, або канчаткова загубіць. Толькі падыміце мяне. Пойдземце куды-небудзь і пагутарым за кубкам віна, таму што мне балюча, я змёрз і мой рот набіты снегам.
— Ён стараецца абдурыць нас, — пагардліва сказаў Том.
— Абдурыць! Абдурыць! — крыкнуў трэці гуляка. — Хацеў бы я паглядзець на чалавека, які змог бы мяне абдурыць! Вось гэта быў бы махляр! Ну, ды я ж не ўчора нарадзіўся. Калі бачу дом са званіцай, я разумею, што гэта царква. І па-мойму, кум Арблестэр, гэты малады чалавек кажа штосьці слушнае. Можа, лепш выслухаць нам яго? Давайце паслухаем.
— Я ахвотна выпіў бы кубак моцнага элю, добры майстар Пірэт, — адказаў Арблестэр. — А ты што скажаш, Том? Але ж кашалёк пусты!
— Я заплачу, — сказаў Пірэт, — заплачу. Я хачу даведацца, што ён мае на ўвазе. Мне здаецца, тут пахне золатам.