Чорная страла
Шрифт:
Дзік нацягнуў цеціву.
— Я цябе правучу! — шалёна крычаў ён. — Кляўся я ці не кляўся, а я цябе правучу!
Ён павярнуўся і пабег прэч. Мэтчэм падхапіўся на ногі і памчаўся за ім наўздагон.
— Што табе трэба? — крыкнуў Дзік і спыніўся. — Чаго ты бяжыш за мною? Адстань!
— Я бягу куды хачу, — сказаў Мэтчэм. — Тут, у лесе, я вольны.
— Не, ты адстанеш ад мяне, клянуся Багародзіцай! — адказаў Дзік, падымаючы свой арбалет.
— Ах, які ты храбрэц! — сказаў Мэтчэм. — Страляй!
Дзік збянтэжана апусціў арбалет.
— Паслухай, — сказаў ён, — ты ўжо і так дастаткова мне нашкодзіў. Ідзі. Па-добраму. А то я вымушаны буду прагнаць цябе.
— Ну што ж, — сказаў Мэтчэм, — ты дужэйшы. Праганяй мяне. А я ад цябе не адстану, Дзік. Ты можаш прагнаць мяне толькі сілай.
Дзік ледзь стрымліваўся. Сумленне не дазваляла яму біць безабароннага, але ён не ведаў іншага спосабу пазбавіцца ад непатрэбнага спадарожніка, якому да таго ж перастаў давяраць.
— Ды звар'яцеў ты, ці што? — крыкнуў ён. — Дурань, я ж іду да тваіх ворагаў! Я імчуся праменька да іх.
— Ну і няхай, — адказаў Мэтчэм. — Калі табе суджана памерці, Дзік, я памру разам з табой. Калі табе суджана трапіць у турму, мне лепш будзе з табою ў турме, чым без цябе на волі.
— Добра, — сказаў Дзік. — У мяне няма часу з табой валаводзіцца. Ідзі за мной. Але калі ты падстроіш мне якое-небудзь паскудства, я цябе шкадаваць не стану. Заганю ў цябе стралу, так і ведай.
З гэтымі словамі Дзік павярнуўся і шпаркім крокам накіраваўся ўздоўж гушчару, пільна гледзячы па баках. Неўзабаве ён выбраўся з яру. Лес парадзеў. Злева ён убачыў невялікі пагорак, які зарос залацістым жаўтазелем; на вяршыні пагорка ўзвышаліся цёмныя хвоі.
«Адсюль мне будзе відаць усё», — падумаў ён і палез угару па адкрытым, зарослым верасам схіле.
Ён прайшоў усяго некалькі ярдаў, як раптам Мэтчэм схапіў яго за руку і паказаў штосьці ўдалечыні. На поўдзень ад пагорка ляжала шырокая даліна; верас на ёй яшчэ не адцвіў, і яна нагадвала заржаўлены шчыт, на якім плямамі цямнелі вязы. Дзесяць чалавек у зялёных куртках падымаліся па схіле; іх вёў сам Эліс Дэкуорт, — яго лёгка было пазнаць па рагаціне, якую ён трымаў у руках. Адзін за адным узбіраліся яны на вяршыню, паяўляліся на фоне неба і знікалі за пагоркам.
Дзік ласкава паглядзеў на Мэтчэма.
— Значыць, ты са мною, Джон? — спытаў ён. — А я ж баяўся, што ты на баку маіх ворагаў.
Мэтчэм заплакаў.
— Гэта яшчэ што! — усклікнуў Дзік. — Святыя ўгоднікі, ратуйце нас! Я сказаў табе ўсяго адно слова, і ты ўжо равеш.
— Ты ўдарыў мяне! — плакаў Мэтчэм. — Ты шпурнуў мяне на зямлю, і я вельмі балюча выцяўся. Ты баязлівец, ты карыстаешся тым, што дужэйшы за мяне!
— Не мялі глупства, — груба сказаў Дзік. — Якое ты меў права не даваць мне мой кручок, майстар Джон! Мне варта было адлупцаваць цябе як належыць. Хочаш ісці са мной, дык слухайся. Ну, пайшлі!
Мэтчэм вагаўся ў нерашучасці; але калі ён убачыў, што Дзік працягвае караскацца ўгару па схіле, ні разу нават не павярнуўшыся, ён пабег за ім услед. Аднак пад'ём быў круты і няроўны, і пакуль Мэтчэм вагаўся, Дзік прайшоў далёка ўперад. А паколькі ён і рухаўся спрытней, то паспеў дапаўзці да хвой на вяршыні і ўжо расчышчаў сабе гняздзечка, калі Мэтчэм, дыхаючы, як загнаны алень, плюхнуўся вобзем побач з ім.
Унізе, з краю шырокай даліны, сцежка, што вяла ад вёсачкі Тэнстол, спускалася да перавозу. Гэта была добра вытаптаная сцежка, яе лёгка было прасачыць усю з канца ў канец. Лес то адступаў ад яе, то падыходзіў ушчыльную; і ўсюды, дзе лес блізка падыходзіў да сцежкі, магла быць засада. Далёка ўнізе сонечныя промні зіхацелі на сямі сталёвых шлемах; а часам, калі дрэвы радзелі, з пагорка можна было разгледзець Сэлдэна і яго людзей, якія ехалі рыссю, спяшаючыся выканаць загад сэра Дэніэла. Вецер трохі пацішэў, хоць усё яшчэ разгойдваў дрэвы, і, можа, калі б сярод вершнікаў быў нябожчык Эпльярд, ён па паводзінах птушак адчуў бы небяспеку.
— Яны ўжо заехалі далёка ў лес, — прашаптаў Дзік. — Зараз, каб выратавацца, ім трэба скакаць уперад, а не вяртацца. Бачыш вунь тую паляну, на самай сярэдзіне якой вырас маленькі гай, падобны на востраў? Там яны былі б у бяспецы. Толькі б яны даскакалі да гэтага месца, а ўжо я паклапачуся іх папярэдзіць. Але надзеі мала; іх усяго сямёра, і ў іх не арбалеты, а простыя лукі. А арбалет, Джон, заўсёды пераважае над лукам.
Між тым Сэлдэн і яго спадарожнікі працягвалі скакаць па сцежцы, не падазраючы аб небяспецы, што пагражала ім, і паступова набліжаліся да таго месца, дзе схаваліся хлопчыкі. Адзін раз коннікі спыніліся і, збіўшыся ў кучу, пачалі прыслухоўвацца і паказваць кудысьці пальцам. Насцярожыцца іх, хутчэй за ўсё, прымусіў глухі гарматны грукат, які вецер прыносіў да іх здалёку. Па гэтых гуках можна было здагадацца аб ходзе вялікай бітвы. Тут было над чым задумацца. Калі грукат гармат стаў чуцен у Тэнстолскім лесе, значыць, бітва перасунулася на ўсход і, такім чынам, шчасце здрадзіла сэру Дэніэлу і лордам Пунсовай ружы [2] .
2
Лорды Пунсовай ружы — гэта значыць прыхільнікі дынастыі Ланкастэраў.
Але вось маленькі атрад зноў рушыў у дарогу і хутка дабраўся да адкрытай паляны, якая зарасла верасам; лес уразаўся ў яе доўгім вузкім клінам, што даходзіў да самай сцежкі. Ледзь коннікі наблізіліся да яе, як у паветры мільганула страла. Адзін з вершнікаў пляснуў рукамі, конь яго ўздыбіўся, і абодва яны рухнулі на зямлю. Усе закрычалі так гучна, што хлопчыкі пачулі іх крык са свайго пагорка. Адтуль таксама было відаць, як тузануліся спалоханыя коні, і як адзін воін спрабаваў спешыцца, калі коннікі крыху акрыялі ад нечаканасці. Яшчэ адна страла, пушчаная з большай адлегласці, чым першая, апісала ў паветры шырокую дугу: другі вершнік таксама зваліўся ў пыл. Воін, які злез з каня, выпусціў аброць, і конь памчаўся галопам, цягнучы яго за нагу па зямлі, па камянях, топчучы капытамі. Астатнія чацвера, што засталіся ў сёдлах, падзяліліся — адзін, гучна крычучы, паскакаў назад да перавозу, а трое іншых, кінуўшы павады, панесліся на ўвесь мах уперад, да Тэнстола. З-за кожнага дрэва ў іх ляцелі стрэлы. Неўзабаве адзін конь упаў, але воін паспеў падхапіцца на ногі; ён бег услед за сваімі таварышамі, пакуль і яго не збіла страла. Яшчэ адзін чалавек упаў і яшчэ адзін конь. З усяго атрада ацалеў толькі адзін, але і ў яго ўжо не было каня. Удалечыні заціх тупат трох перапалоханых коней, якія страцілі сваіх седакоў.
За ўвесь гэты час ніводзін з нападаючых не паказаўся з засады. Толькі на сцежцы валяліся коні і людзі, якія курчыліся ў перадсмяротных пакутах. Але ў іх ворагаў не было міласэрнасці — ніхто не выйшаў з засады, каб пазбавіць іх мучэнняў.
Ацалелы вершнік спыніўся разгублена каля свайго мёртвага каня. Ён апынуўся ў канцы той самай паляны з гаёчкам, якую Дзік паказаў Мэтчэму, на адлегласці якіх-небудзь пяцісот ярдаў ад месца, дзе ляжалі хлопчыкі. Яны выразна бачылі, як ён трывожна азіраўся па баках, чакаючы смерці. Але ніхто яго не чапаў, і мала-памалу мужнасць вярнулася да яго. Раптам ён скінуў з пляча свой лук і нацягнуў цеціву. Дзік пазнаў яго па руху рук. То быў Сэлдэн. Пры такой спробе да супраціўлення ўвесь лес зарагатаў. Відаць, у гэтай жорсткай і несвоечасовай весялосці ўдзельнічала не менш дваццаці чалавек. Над плячом Сэлдэна праляцела страла. Ён уздрыгнуў і адхіснуўся. Другая страла торкнулася ў зямлю каля самых яго ног. Ён схаваўся за дрэвам. Трэцяя страла, накіраваная, здавалася, яму прама ў твар, упала за некалькі крокаў ад яго. Затым зноў пачуўся гулкі рогат, што перабягаў, як рэха, ад аднаго куста да другога.
Было зразумела, што нападаючыя проста дражняць няшчаснага, як у тыя часы дражнілі звычайна быка перад тым як забіць, або як кошка і па сённяшні дзень забаўляецца з мышшу. Змаганне даўно скончылася. Адзін з лясных зухаў ужо выйшаў на сцежку і спакойна падбіраў стрэлы, а яго таварышы цешылі свае жорсткія сэрцы відовішчам пакут бліжняга.
Сэлдэн зразумеў, што яго дражняць. З шалёным воклічам ён нацягнуў свой лук і наўздагад пусціў стралу ў гушчар лесу. Яму пашанцавала — хтосьці ўскрыкнуў ад болю. Сэлдэн кінуў свой лук і памчаўся ўгару па схіле, якраз туды, дзе ляжалі Дзік і Мэтчэм.
Лясныя зухі пачалі абстрэльваць яго не на жарты. Але яны позна спахапіліся, і як бы ў адплату за іх жорсткасць шчасце ад іх адвярнулася і цяпер ім даводзілася страляць супраць сонца. Сэлдэн на бягу кідаўся то ўправа, то ўлева, каб збіць іх і не даць ім прыцэліцца. Ужо тым, што кінуўся бегчы ўверх па схіле, ён зблытаў усе іх разлікі: з другога боку сцежкі ў іх не было ніводнага стралка, акрамя таго адзінага, якога Сэлдэн ці то забіў, ці то параніў. Шайка, відаць, разгубілася. Хтосьці тройчы свіснуў, потым яшчэ два разы. Здалёку даляцеў сустрэчны свіст. Увесь лес напоўніўся шумам крокаў і трэскам галін. Спалоханая лань выскачыла на паляну, пастаяла на трох нагах, панюхала паветра і зноў знікла ў нетры.