Чорная страла
Шрифт:
Сэлдэн працягваў бегчы, скачучы з боку на бок. Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але ніводная не трапляла ў яго. Яшчэ крыху, здавалася, і ён будзе выратаваны. Дзік трымаў напагатове свой арбалет, каб дапамагчы яму. Нават Мэтчэм, забыўшы аб сваёй нянавісці да сэра Дэніэла, у глыбіні душы спачуваў няшчаснаму ўцекачу. Сэрцы абодвух хлопчыкаў сутаргава біліся.
Сэлдэн быў усяго за пяцьдзесят ярдаў ад іх, як раптам у яго трапіла страла, і ён упаў. Праўда, праз імгненне ён ужо зноў быў на нагах; але цяпер ён хістаўся на кожным кроку і, быццам сляпы, пабег у іншы бок.
Дзік падхапіўся на ногі і замахаў рукой.
— Сюды! — крыкнуў ён. — Сюды! Мы дапаможам табе! Бяжы! Бяжы!
Але другая страла трапіла Сэлдэну ў плячо і, пацэліўшы паміж пласцінамі яго латаў, прабіла куртку. Ён зваліўся на зямлю.
— Бядак! — крыкнуў Мэтчэм, пляснуўшы рукамі.
А Дзік быццам аслупянеў. Ён стаяў на ўвесь рост на вяршыні пагорка — цудоўная мішэнь для стралкоў.
Яго, напэўна, тут жа забілі б, таму што лясныя зухі былі раз'ятраныя на саміх сябе і іх застала знянацку з'яўленне Дзіка ў тыле сваіх пазіцый, але раптам зусім блізка пачуўся грамавы голас Эліса Дэкуорта.
— Стой! — прагрымеў ён. — Не страляць! Узяць яго жывым! Гэта малады Шэлтан, сын Гары Шэлтана.
Ён некалькі разоў пранізліва свіснуў, і з усіх бакоў лесу яму засвісталі ў адказ. Свіст, верагодна, замяняў Джону Помшчу-за-ўсіх баявую трубу: з яго дапамогай ён аддаваў свае загады.
— Бяда! — усклікнуў Дзік. — Мы папаліся… Уцякайма, Джон, уцякайма!
І яны павярнулі назад і памчаліся праз хваёвы гай, які пакрываў вяршыню пагорка.
Раздзел VI
Канец дня
Хлопчыкі пабеглі своечасова: яшчэ крыху, і было б позна. Малайцы з «Чорнай стралы» з усіх канцоў памкнуліся да пагорка. Найбольш спрытныя з іх і тыя, каму давялося бегчы па адкрытай мясцовасці, хутка апярэдзілі астатніх і былі ўжо недалёка ад мэты; а тыя, што адсталі, памчаліся па лагчынках, хто направа, хто налева, спрабуючы акружыць пагорак, каб не даць хлопчыкам уцячы.
Дзік заляцеў у высокі дубовы гай. Там, пад дубамі, была цвёрдая глеба, і ногі не блыталіся ў вецці кустоў. Хлопчыкі беглі шпарка, таму што бегчы ім даводзілася з гары. Дубы скончыліся, перад імі была шырокая даліна, але Дзік павярнуў налева. Дабегшы да наступнай паляны, ён зноў павярнуў налева. Вось такім чынам атрымалася, што хлопчыкі, некалькі разоў павярнуўшы налева, паджгалі ў напрамку да ракі, праз якую яны пераправіліся дзве гадзіны назад, а іх праследавацелі памчаліся зусім у іншы бок, у напрамку да Тэнстола.
Хлопчыкі спыніліся, каб перавесці дух. Лясных разбойнікаў не было чуваць. Дзік прыклаў вуха да зямлі і ўсё ж нічога не пачуў; зрэшты на слых цяжка было спадзявацца, таму што вецер, які шумеў у вяршалінах, заглушаў усё.
— Наперад! — сказаў Дзік.
Яны вельмі стаміліся, у Мэтчэма ныла нага, і ўсё ж такі, адолеўшы сябе, яны пабеглі далей пад гару.
Праз тры мінуты яны ўрэзаліся ў самы гушчар кустоў вастралісту. Над галавой кроны дубоў утварылі суцэльны дах. Здавалася, яны трапілі ў высокі шматкалонны сабор. Бегчы тут было няцяжка — трава пругка і мякка спружыніла пад нагамі, і толькі часам уцекачы чапляліся за кусты вастралісту.
Але вось гушчар парадзеў, яны мінулі апошнія кусты, і прыцемкі гаю расступіліся.
— Стой! — крыкнуў чыйсьці голас.
Сярод тоўстых камлёў за пяцьдзесят футаў ад сябе яны ўбачылі рослага чалавека ў зялёнай куртцы, які запыхаўся ад шпаркага бегу. Чалавек гэты паспешліва сунуў у лук стралу і ўзяў іх на прыцэл. Мэтчэм ускрыкнуў і спыніўся; але Дзік працягваў бегчы і, выхапіўшы кінжал, з ходу кінуўся на ляснога зуха. Мабыць, той разгубіўся, здзіўлены смеласцю нападу, а можа, яму было забаронена страляць: як бы там ні было, ён не выстраліў. Дзік не даў яму апамятацца, схапіў яго за горла і шпурнуў вобзем. Лук, загуўшы цецівой, паляцеў у адзін бок, страла — у другі. Абяззброены лясны разбойнік паспрабаваў супраціўляцца; але кінжал двойчы бліснуў і двойчы апусціўся. Пачуўся слабы стогн. Дзік падняўся. Лясны зух нерухома ляжаў на траве, пранізаны ў самае сэрца.
— Наперад! — крыкнуў Дзік.
Ён зноў пабег; Мэтчэм з цяжкасцю паспяваў за ім. Шчыра кажучы, абодва ледзь валачылі ногі і лавілі паветра ротам, як рыбы. У Мэтчэма закалола ў баку, кружылася галава. У Дзіка ногі былі як свінцовыя. Яны беглі з апошніх сіл, але ўсё-такі беглі.
Раптоўна гушчар скончыўся. Перад імі ляжала дарога з Райзінгэма ў Шорбі, акаймаваная з абодвух бакоў непрыступнай сцяной лесу.
Дзік спыніўся. І тут ён пачуў якісьці незразумелы шум. Няспынна нарастаючы, ён нагадваў завыванне ветру, але неўзабаве ў гэтым завыванні Дзік адрозніў тупат коней, якія несліся наўскач. І вось з-за павароту дарогі выскачыў атрад узброеных вершнікаў; ён імгненна пранёсся міма хлопчыкаў і знік. Коннікі мчаліся ў поўным беспарадку, — відаць, яны ратаваліся ўцёкамі; многія з іх былі паранены. Побач несліся, высока падкідваючы акрываўленыя сёдлы, коні без седакоў. Гэта ўцякалі рэшткі арміі, што была разбіта ў вялікай бітве.
Тупат коней, якія прамчаліся на Шорбі, пачаў ужо заціхаць удалечыні, як зноў пачулася цоканне капытоў і на дарозе з'явіўся яшчэ адзін вершнік, мяркуючы па яго выдатных даспехах, — чалавек высокага сану. Услед за ім пацягнуліся абозныя вазы. Вознікі шалёна падганялі кляч, беглі нязграбнай рыссю. Гэтыя абознікі, відаць, уцяклі на самым пачатку бітвы, але баязлівасць не прынесла ім карысці. Ледзь яны параўняліся з тым месцам, дзе стаялі здзіўленыя хлопчыкі, як нейкі воін у пасечаных латах, не помнячы сябе ад шаленства, дагнаў вазы і пачаў лупцаваць вознікаў дзяржаннем мяча. Многія пакідалі свае вазы і схаваліся ў лесе. Тых, хто застаўся, воін сек направа і налева, не па-чалавечы моцна лаючыся і называючы іх баязліўцамі.
Між тым шум удалечыні ўсё ўзмацняўся; вецер даносіў ляскатанне вазоў, конскі тупат, крыкі воінаў. Зразумела было, што цэлая армія, быццам паводка, хлынула на дарогу.
Дзік нахмурыўся. Па гэтай дарозе ён збіраўся ісці да павароту на Халівуд, а зараз трэба было шукаць іншы шлях. А галоўнае, ён пазнаў сцягі графа Райзінгэма і зразумеў, што прыхільнікі Ланкастэрскай ружы пацярпелі поўнае паражэнне. Ці паспеў сэр Дэніэл далучыцца да ланкастэрцаў? Няўжо і ён таксама разбіты? Няўжо і ён уцёк? Ці, можа, ён запляміў свой гонар здрадай і перайшоў на бок Йорка? Невядома, што горш.
— Хадзем, — панура сказаў Дзік.
І пабрыў назад у гушчар. Мэтчэм стомлена калдыбаў за ім.
Яны моўчкі ішлі па лесе. Ужо было позна; сонца апускалася ў балота за Кэтлі; вяршаліны дрэў барвянелі ў яго промнях, але цені рабіліся ўсё гусцейшымі, і ў паветры павеяла начным холадам.
— Эх, каб паесці! — усклікнуў Дзік, спыніўшыся.
Мэтчэм сеў на зямлю і заплакаў.
— Вось з-за вячэры ты плачаш, затое, калі трэба было ратаваць людзей, ты быў спакойны, — пагардліва сказаў Дзік. — На тваім сумленні сем чалавек, майстар Джон; і гэтага я табе ніколі не дарую.
— На маім сумленні? — усклікнуў Мэтчэм люта. — На маім? А на тваім кінжале чырвоная чалавечая кроў! За што ты забіў бедака? Ён узняў лук, але не выстраліў; ён мог цябе забіць, але пашкадаваў! Вялікая храбрасць — забіць бяззбройнага, як кацяня!
Дзік аслупянеў ад знявагі.
— Я забіў яго ў сумленным баі. Я кінуўся на яго, калі ён падняў лук! — усклікнуў ён.
— Ты забіў яго, як баязлівец, — запярэчыў Мэтчэм. — Ты крыкун і выхваляка, майстар Дзік! У кожнага, хто мацнейшы за цябе, ты будзеш валяцца ў нагах! Ты не ўмееш помсціць. Смерць твайго бацькі засталася неадпомшчанай, і яго няшчасны дух дарэмна моліць аб адплаце. А вось калі якая-небудзь слабая істота, якая не ўмее біцца, пасябруе з табой, яна загіне.