Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ciвая легенда

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

– “Усяму свету вядома, – чытаў гаспадар, – у якім быў стане слаўны старажытны народ за некалькі перад сім год, аныня оный, падобна ўлюбёнаму богам народу ізраільскаму, з плачам аб стане сваім вапіе: се мы днесь унічыжэнны, пачэ ўсіх жывучых на зямлі, не імамы князя, ні правадыра, ні прарока...”

Гаспадар скалануў грывай валасоў. Заплюшчыў вочы і чытаў, можа, па памяці:

– “Не даволі, што славуты народ рускі даведзены да такой вялікай бяды і толь цяжкага ўцяснення, будучы бог весць за што ганімы... пазбавілі нас яшчэ і бясцэннага скарбу – златой волі, нахабным чынам прысвоіўшы оную”.

Голас Рамана сарваўся. Ён бясшумна закрыў кодэкс і ціха сказаў:

– Такія словы сказаўшы, адрачыся ад іх. Эх, людзі...

І яшчэ цішэй, з нейкім жаласным дзіцячым непаразуменнем спытаў:

– Як жа гэта ты, Леў?..

Паглынуты гэтай споведдзю, я здрыгануўся ад нечаканасці, калі вузкая жаночая рука апусцілася на маё плячо. Перада мною стаяла пані Любка, накінуўшы на плечы белую – на знак жалобы – хустку.

– Можна да яго?

– Ідзіце, пані.

Яна ўвайшла і зачыніла за сабою дзверы. Нейкі час я нічога не чуў, але гэтыя дзверы былі з норавам: спачатку з’явілася вузкая шчыліна, пасля шырэйшая, потым такая, як раней. Я не стаў іх зачыняць – няхай сабе стаяць, як ім падабаецца.

І я пачуў мяккі, зусім не такі, як раней голас жанчыны:

– ... і бяздзетных выганяюць з маёнтка другія сваякі. Хто абароніць, калі абаронцы забітыя?

– Чаму ж раней не было?

Дзверы адчыніліся яшчэ крыху шырэй. Праз рэдкую штору я ўбачыў гаспадара, які сядзеў на шырокай ложы, накрытай ручным русінскім кілімам, і жанчыну, што сядзела насупроць, праўдзівей, яе галаву, залацістую, злёгку нахіленую ўперад.

І гэтая галава ціха сказала:

– Ты нічога не ведаеш. Праз паўтара месяца пасля вяселля яны ішлі граміць цябе, і страла пазбавіла яго мужнасці.

Я сам сабе свіснуў. Так, нявесела было Кізгайле. Вось чаму ён быў такі кіслы, калі Ірына праклінала яго.

– Ну што ж, – сказаў Ракутовіч, і я ўбачыў яго вялізныя шалёныя вочы, – вы ж і мяне пазбавілі кахання, пазбавілі роду. Ён гадзюка. Няхай згасне яго род!

– Ты сам разумееш, як гэта страшна, гаспадар, – ціха сказала яна.

– А што ты зрабіла для мяне добрага? – нахіліўся ён. – Забойства Якуба? Упартасць? Стрэл у брата? Яд? Другі вас бы з зямлі сцёр.

Жанчына, здавалася, вось-вось заплача. І я не чуў больш кранаючага голасу, чым той, якім яна загаварыла:

– А ты памятаеш, як мы збіралі пярэсны і лотаць? Мне было трынаццаць, ты – трохі старэйшы. Ты прывёз мяне ў лес на сваім кані. І я адчувала спіной руку, якой ты мяне трымаў, такую цвёрдую руку... Або калі ты прынёс мне крылы сіваваронкі, каб я магла ўбрацца мятлушкай [13] .

– Ты была мне, як сястра... Але я не дарую вам, што вы пад замком Ірыну трымалі.

– Тады забі мяне. Не трымала я. Гэта ён.

– Я не ваюю з жонкамі, – сказаў ён, – я нобіль, і нас тры, чый род застаўся.

13

Лясное стварэнне ў старажытнай беларускай народнай паэзіі. Дзяўчына з крыльцамі матыля або птушкі – тое самае, што віла ў сербаў і фея ў старажытных брэтонцаў

І раптам я пачуў яго крокі.

– Цхакен, – сказаў ён, з’явіўшыся на парозе (я стаяў, павярнуўшыся спіною да дзвярэй), – пакліч Лаўра.

Насуплены Лаўр прайшоў у бібліятэку, і хутка там загучаў голас Ракутовіча:

– Бачыш гэтага хлопца? Падабаецца ён табе?

– Так, ён вельмі падобны да цябе, Раман.

– А яна табе падабаецца?

– Так, гаспадыня вельмі прыгожая.

– Дык вырашай, калі хочаш, я зараз, тут, зраблю яго дваранінам. Гэта будзе апошні дваранін.

– Не хочаш выслухаць мяне, Раман, – з дакорам сказала яна.

– А ты бяры яе ў жонкі. Будзеш трымаць гэты замак маёю рукой на выпадак, калі трэба будзе адседзецца.

Я бачыў упартую спіну Лаўра. Потым блазнюк падкінуў падбародак і з папрокам, відаць, жадаючы ўкалоць, сказаў:

– Не, гаспадар. Куды ўжо вароне... Ды і не хачу я дваранінам быць.

І Раман зразумеў укол.

– Тады ідзі, – сказаў ён сурова, – і чакай майго загаду.

Яны засталіся адны. І дзверы зноў былі прачынены. Не надта тыя клапаціліся аб таемнасці.

Цяпер гаварыла пані Любка:

– Ты так і не зразумеў мяне. Ты нічога, нічога не зразумеў. Гэта ж я вінаватая. Гэта я не дазволіла Аляхну аддаць табе Ірыну. Я не магла. – І я з жахам прадбачыў словы, якія зляцелі з яе вуснаў. – Цябе я кахаю, ты адзін мой жаданы... А ты не глядзеў на мяне: сястра і сястра. А Кізгайла спытаў на маю згоду... Як я магла... сваімі рукамі аддаць. – Голас яе перарваўся. – Раман, даруй мне мой грэх. Гэта ўсё я. Але ж я не магла іначай...

Раман маўчаў, сурова гледзячы ўбок. Я бачыў яго круты лоб, насупленыя бровы. Потым ён сказаў:

– Другая ніколі ў такім не сазналася б. Адна ты... Таму і не магу я цябе ненавідзець. І калі што перашкодзіла б мне цябе кахаць, дык не гэта тваё прызнанне.

– Раман... – сказала яна.

Ён маўчаў, і яна сказала яшчэ цішэй:

– Ды вазьмі ж ты мяне. Няўжо не разумееш, няўжо сляпы?

– А табе не брыдка, што я без любасці буду ляжаць з табой?

– Я кахаю цябе, – сказала яна. – Ці не ўсё адно.

– А Ірына? – глуха спытаў ён.

– Ты яе не пабачыш, гаспадар. Іх, напэўна, ужо затачылі. Яны адвезены ў Магулёў.

Ён устаў і павярнуўся да жанчыны спіною. Яна не бачыла, але ж я-то бачыў яго твар. Гэта было, як... як алень, што кліча вясной каханне, якое загубіў стралок. А ён не ведае, а ён кліча, і ў вачах неўразуменне, крыўда і няўтоленая пяшчота.

– Што ж ты, гаспадар?

– Не, – сказаў ён. – Я з табою не магу быць. Са мною ніводная не была з той пары.

Голас яго крыху ўзмацнеў:

– Але першае, аб чым ты прасіла, я не перашкоджу табе выканаць. Бяры хоць Лаўра. Калі дзіця з’явіцца ўчасна – ніхто не асмеліцца думаць, што яно не Аляхнова. Толькі не ведаю, нашто я раблю гэта. За тваю праўду? Ці шкада цябе? Ці я дурны?

– Дзякуй і на гэтым, – сказала яна горка. – Не даеш любові, але даеш хлеб.

Ракутовіч зрабіў крок да мяне, спыніўся:

– Швейцарац, прапусціць сюды гэтага хлопца. Помсты не будзе. Род не памрэ. – І дадаў: – І нават, можа, будзе праследаваць маіх нашчадкаў.

– Якіх, гаспадар?

Ён скалануў галавой.

– Я прыйду ў яе турму, – са страшнай упартасцю сказаў ён. – Выпалю ўсе замкі. Конскім хвастом попел размяту. Але з мячом ці ў ланцугах – прыйду. Жывы ці мёртвы – вазьму. Я яе вазьму з Магілёвам, з усёй нашай зямлёй, з воляй або смерцю.

Поделиться с друзьями: