Ciвая легенда
Шрифт:
І тут лекар з яўрэйскага кагалу замітусіўся: толькі жоўтая галаўная павязка мільгае. Памазаў чымсьці абрэзкі, і кроў свістаць перастала. Ледзь капае.
А Раман быў такі моцны, што нават прытомнасці не страціў і застаўся стаяць на нагах.
Так і скончылася ўсё гэта. Не атрымалася ўстрашэння.
Цяпер трэба было толькі лёс “дзеўкі” вырашыць. І прымеркавалі гэтае рашэнне да таго дня, калі везці належала Рамана ў выгнанне.
Напярэдадні гэтага пані Любка дабілася спаткання з Ірынай.
Суправаджаў яе і я. Спусціліся мы ў сутарэнне ля драўлянай брамы, і зноў я ўбачыў аленевыя вочы ды надламаныя бровы. Праз краты.
Любка расказала ёй аб усім. А тая ўсміхалася:
– З-за мяне... А я праз горшае прайшла б, толькі б ён маё каханне ўбачыў.
Ох, якія гэта вочы былі! Шэрыя, прамяністыя, такія зіхатлівыя!
У пані Любкі нават ярасць на твары выступіла.
– Загубіла нобіля сваім чараўніцтвам. У ссылцы цяпер будзе. Аддай яго другім. Здымі чары.
– Не, пані, гэтых чараў не знімеш. А калі нават магла б – не зняла б. Ён – сонца маё. Хіба што з сэрцам толькі гэтае святло ў мяне ўзяць можна.
Любка ўстала, пайшла да дзвярэй.
– Дык не аддасі?
– Не, гаспадыня. Загубіла ты нам жыццё, а шкада мне цябе. Дзеля дзіцяці свайго – не цкуй, не ўціскай да канца Рамана. А мяне хоць і забі. Усё адно я цябе шкадую, я ж мацнейшая.
Наступнага дня мы зноў прыехалі ў вазку да Замкавай плошчы. Вырашаўся лёс Ірыны, а лёс халопкі без гаспадыні не вырашаецца.
І ледзь паспелі мы праехаць праз гурты народныя – узняўся на вуліцах плач:
– Дзяўчынанька, бедная!
– Не быць вам разам!
– Не ўбачаць яго твае вачаняткі.
Ад Сарака Пакутнікаў ехаў просты воз, і ў яго толькі ледзь саломкі падкінута. А на возе скутая Ірына ў белай сукенцы і казнатцы [21] з каразеі – белага сукна. Прыбралі. Учора ж у рыззі была.
Едзе, глядзіць на людзей ззяючымі вачыма, велікаваты рот усміхаецца. Рада, даўно ж не бачыла нікога. Такое яшчэ дзяўчо, таненькая – двума пальцамі зламаць можна.
А плач коціцца хвалямі:
– Ясачка ты наша, заступніца. Даруй табе бог. А і ты нам даруй.
21
Жаночая верхняя вопратка
І яна кланяецца і радасным голасам – усё адно канцу нейкаму быць – кажа:
– Даруй, люд праваслаўны, даруй.
Спынілі воз ля вузкага высокага дома: замкавага суда. А Ірыну знялі з воза, павялі пераходамі ўгору.
У зале доўгі стол, крэслы без спінак, смярдзіць атрамантам са скураных чарніліц. І з акон так мала святла, што запалены тры свечкі. Ад адной струмень куродыму на нізкую скляпенчатую столь.
Больш нічога. Хіба што цяжкія дзверы ў правай сцяне. У катавальню. За сталом Друцкі, Дэспат-Зяновіч ды два пісцы. І яшчэ радца з магістрата.
Гаспадыня села і сядзіць, бледная, нерухомая, як ідал. І павекі самкнёныя. А на высокай прычосцы футраная шапачка з заморскімі пер’ямі.
Разбор быў кароткі. Іспісалі правіны, якіх не аказалася, акрамя цягі да мужыцкага цара. Ніякіх пошчакаў – падстаў для падазрэння, ніякіх рахаванняў – нарад з мяцежнікамі. І ніякіх падстаў меркаваць аб зламысным, хіба што толькі паспрабуе пабачыцца з Раманам.
Што рабіць?
У Друцкага яшэ больш сухая скура да зубоў прыліпла.
– На прэнг [22] павесіць – няма чаго. Катаваць дарэмна не трэба. Але і пусціць небяспечна... У замкавае сутарэнне, на вечнае зняволенне. Або – лепей – на агнявую страту. Прываражыла былога нобіля.
22
Дыба
– Чаму? – пытае Дэспат-Зяновіч.
– Не абышлося тут без чараўніцтва, – з’едліва кажа Друцкі. – Не такое каханне ўсявышні ў Кане галілейскай бласлаўляў.
А Дэспат усміхаецца:
– Каханне... А што ты ў ім разумееш? Яно ўсякае, каханне. Ці богам, ці чортам дадзенае, а ўсё адно лепшага за яго нічога няма. – І звяртаецца да радцы: – А твая думка якая?
– Пусціць, – уздыхнуў той, – аддаць гэтаму іраду. На Рамане Ракутовічаву роду канец. Нядобра.
– Ясна, – кажа Дэспат.
І тут ускочыў княз Друцкі – замітусіўся цень па столі.
– Пусціць? Аддаць? А Кізгайла-пакутнік у чым перад смерцю кляўся? А апантаная надоечы што прарочыла? Хочаш смуты вечнай, хочаш канца панству? Страціць вядзьмарку!
А Ірына стаіць перад ім, глядзіць прамяністымі вачыма:
– Не кахаў ты, відаць, князь. Свечачны агарак у цябе замест сэрца. Якое ж тут чараўніцтва? – І да Дэспата: – Не чаравала я. Калі і чаравала, дык вачыма, голасам, словам.
Пані Любка глянула на яе і апусціла вочы. А Дэспат-Зяновіч глядзіць на падсудную. Твар у яго здаровы, нязграбны. А вочы разумныя, як у сабакі.
– Ну скажы, пан, чым я яго чаравала? Крыж на мне.
Той усміхаецца сумна:
– Бачу, чым ты яго чаравала. Бачу, дачушка.
І вочы прыкрыў. Я амаль ведаў, аб чым ён думае. Ведаў, як ён у Варшаве жыў маладым, у каго па дурасці закахаўся. І чым гэта скончылася.
Але ён нядоўга думаў. Заміргаў раптам вачыма і, жорстка так, кажа Друцкаму:
– Яно не пытае, калі прыходзіць і куды. Можа і сатыр закахацца ў Геру. Ды і яна яго можа пажадаць. Бліскавіц не баючыся.
– Табе лепей ведаць, – з’едліва кажа той.
Але Дэспат ужо ўзняў павекі:
– Тваё слова якое, пані Любка?
– У Кісцяні Ракутовіча нельга саслаць?
Дэспат прыжмурыў вочы. Глянуў на паню спадылба. І быццам адрэзаў:
– Не.
Любка ўзняла вочы, уважліва паглядзела на Ірыну. І выдыхнула:
– Аддайце тады яму... Чаго ўжо...
– А прарочыцы словы? – узвіўся Друцкі.
– Усё адно аддайце.
Друцкі фаліянт на падлогу змахнуў. Потым устаў. Галава пад самаю столлю.
– Што ж, аддайце, калі ўсе на аднаго. Але вось вам і мой голас: чарадзейству ў Магілёве не бываць, мяжы панству нашаму – не быць. І таму няхай кат раней аслепіць яе.
– Ах, Друцкі, Друцкі, – паківаў галавою Дэспат-Зяновіч.
І паглядзеў на Ірыну:
– Бачыш, дзяўчынка, у што ўперліся. А ты як мысліш?
Тая ўся так і падалася да яго:
– Пане літасцівы, абы з ім.
– Падумай, – ціха кажа той, – можам проста адпусціць. Ідзі ў свет. Мужыкоў многа.
А ў той вочы раптам светлымі сталі больш ранейшага. Такія вочы, шэрыя, мяккія, невыказныя.
– Няхай сляпая. Няма свету без яго.
– Ну глядзі, – адвярнуўся Дэспат. – Няхай будзе па-твойму... Ідзі.