Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
З вуглаватай сарамяжлівай папялушкі я неўпрыкмет ператварылася ў жанчыну, на якую аглядаліся на вуліцы і якая добра ведала цану свае прыгажосці. Цяпер я насіла сучасную прычоску. Аднойчы каса нагадала журліва-шчасныя хвіліны, калі мая галава ляжала на маміных каленях, і я ў прыпадку хмяльное зласлівасці некалькі разоў з няўцямнай змрочнай радасцю жыгнула нажніцамі...
Гніль завялася
ў дацкім каралеўстве.
Вільям Шэкспір
Васіль Максімавіч
Почасту я бываў нярады, што сустрэўся з Раманам. Не хацелася даваць веры, аднак менавіта праз гэтага, можна сказаць яшчэ хлапчука я замест звычнай ураўнаважанай працы за пісьмовым сталом мусіў займацца тым, што яшчэ нядаўна з водценем пагарды называў самакалупаннем і аўтавівісекцыяй.
Мурашка сумневу завялася ў душы, напэўна, з таго самага каляднага вечара, калі я парушыў свой прынцып неўмяшання. Прычым гэтая прыкрая жамярыца і не думала супакойвацца, усё часцей сеючы дзіўнае адчуванне нейкай памылкі, пачуццё накшталт таго, якое бывае, калі ў далёкай вандроўцы раптам спахопішся, што пакінуў дома нешта вельмі неабходнае ў дарозе, хоць яшчэ і не даўмеўся — што.
Вечароў, у якія мы ўдвух з Раманам ці яшчэ з кім з іхняй сябрыны заседжваліся пры каве або гарбаце за поўнач, было няшмат. Здаецца, і не гаманілі ні аб чым, апрача беларускай гісторыі (яны ведалі яе, зразумела, не па школьным падручніку), але пасля гэтых размоў чамусьці доўга не ішоў сон, за кожнаю думкай падпільноўвалі блізкія і няблізкія прыгады, што часам не адпускалі, пакуль да акна не падступалася дзянніца.
Варта было заплюшчыць вочы, і з маленства пачынала светла і журботна свяціць мне лёгкая зялёная аблачынка маладога ясеня, што рос пры дарозе паміж вёскай і лесам...
Не ўсё на свеце можна растлумачыць. Я не ведаю, што вабіла мяне сюды, чаму я, прыехаўшы з інтэрната на летнія вакацыі, мог збегчы ад сябрукоў, каб проста пасядзець пад ясенем, прыхінуўшыся спіной да вялізнага цёплага каменя, што ляжаў тут з пракаветных часін. Я любіў падставіць твар сонцу і слухаць жаўрукоў ці галасы вечна ўстурбаваных нечым кнігавак альбо глядзець на недалёкі лес, на разлогія вершаліны дубоў, што сям-там ускудлачвалі яго роўны мур... Не памятаю, якія думкі пераведвалі мяне ў тыя хвіліны, а вось пачуццё жывое ў памяці і цяпер. У ім, гэтым дзіцячым пачуцці, нейкая прыцішаная радасць нітавалася з гаркавым, хоць і звыклым адчуваннем свае закінутасці і самоты.
Каля ясеня паваротка туды, дзе на ўзгорку бялее рэдкі грабянец старых бярэзін. Пад адной ляжыць мая маці. Сухоты спалілі яе перад самым з'яўленнем пеніцыліну, неўзабаве пасля бацькавага прыходу.
Бацька быў у палоне і таму вярнуўся дахаты не адразу па вайне. Ён падаўся мне зусім не тым бацькам, што некалі зладзіў арэлі пад старой грушай каля лазні і аднаго разу прынёс мне з пашы перапалоханае зайчанё. Я доўга не мог звыкнуць да кульгавага, негаваркога і сівога, як дзед, чалавека, асабліва да таго, што яго трэ было зваць татам. Напачатку я штовечар крычма крычаў, каб маці не клалася спаць з чужым дзядзькам, і ўтаймоўвала мяне адно старая ляйчына ў матчыных руках. Душачыся слязамі, я затоена ляжаў на печы, і майго дзіцячага розуму яшчэ пе ставала, каб скеміць, чаму гэта маці дае мне лупцоўку, а чужы дзядзька спрабуе заступіцца. Відаць, з гэтых непаразумелых слёз і пачалося нашае з бацькам новае маўклівае сяброўства.
Пахаваўшы маці, ён так і не прывёў у пуставатую хату другой жонкі. Мо таму, што моцна кахаў першую, а мо і таму, што з гора распіўся, а за п'яніцу не надта хацелі ісці нават у тыя, небагатыя на мужчын гады.
Праз бацькава сябраванне з гарэлкай я і апынуўся ў інтэрнаце, каб спазнаць там усё, што наканавана неабагрэтаму матчыным сэрцам падлетку. I шчасце маё, што дзесьці водбліз роднае вёскі зелянеў малады ясень — у маіх дзіцячых мроях ён чакаў мяне, і мог здаля адвесці бяду, і ў гаркотную цяжкую часіну саграваў душу сваёй чароўнаю цеплынёй.
Напэўна, гэта ён, ясень, зрабіў мяне пісьменнікам. Дзіва, але ў спратах памяці не згубіўся той дзень, калі па валошкавым небе плылі белыя кучматыя аблокі, і пругкі цёплы вецер разам з чорна-залацістым чмялём пагойдвалі малінавую галоўку бадзяку, а сонца стаяла над самым ясенем, і лістота плавілася і танчэла ў гарачых промнях і знячэўку аднекуль прыйшло шчымліва-незвычайнае жаданне расказаць камусьці, проста незнаёмаму чалавеку, аб гэтым харастве і аб тым, што я ёсць, я жыву і насуперак жалобным бярэзінам на ўзгорку буду жыць доўга і ў маім жыцці будзе безліч цудоўнага... Я яшчэ не ведаў, што гэтае жаданне вернецца да мяне ва універсітэце, нічога не ведаў пра ап'яненне словам, якое спярша бывае ў кожнага, і тады ты не задумваешся, што і як хочаш напісаць, галоўнае для цябе — гэтая хмельная падманлівая ўлада над словам; я нічога не ведаў і пра тое, што прыходзіць потым і што казённа называецца пакутамі творчасці...
Аднойчы ўвосень я прыехаў з інтэрната на святы і не ўбачыў ясеня. Увечары бацька знайшоў мяне, азалелага і навылёт прамяклага пад дажджом, каля высокага свежага пеньчука.
— Базыль ясеня спляжыў,— сказаў бацька ўжо дома, адразу загнаўшы мяне на печ і змусіўшы выпіць нейкага гарачага варыва.— Ірты рабіць будзе. Казаў, ірты з ясеня добрыя.
Праз шмат гадоў былі бацькавы хаўтуры, і назаўтра пасля памінкаў я надумаўся схадзіць да Базыля.
Стары Базыль, даведаўшыся, што трэба госцю, недаверліва паківаў галавой, але палез па драбінах на гарышча і, прапоркаўшыся там з паўгадзіны, скінуў долу крывыя, аброслыя пыльным павучыннем лыжы. Абедзве лыжыны былі расколатыя ледзь не да паловы, аднак Базыль усё роўна заламаў несусветна вялікую цану. Відаць чуў, што госць не будзе таргавацца.
— А ты, кажуць, у пісьменнікі падаўся,— пацягнула ўсцешанага старога на размову.— I па цілівізары цябе паказваюць. Ладную капейчыну, мусіць, аграбаеш, га?.. Не прызнаешся, значыцца, ладную. А праўду гаманілі, што ты ў газеце стаццю напісаў, што не трэба было нашы Бязбабавічы ў Лучазарку перамяняць?
— Праўду.
— А па мне, дык, як той казаў, хоць чортам называй, адно ў пекла не гані. Вось ты напішы лепей стаццю, што хлеб у лаўку трэці дзень не вязуць, вось за гэта табе дзякуй людзі скажуць.
Потым я сядзеў ля цяпельца, раскладзенага на тым месцы, пры замшэлым валуне, глядзеў, як агонь з бяздумнай весялосцю ласуецца сухімі трэскамі ад пасечаных іртаў, і дымок шчыпаў мае вочы...
Дзе ты, блаславёная пара наіўна-мудрай маладосці? Дзе ты, мой сябра і аднадумца Генусь? Дзе падхмеленыя півам спрэчкі на паддашку аднаго з першых хмарачосаў нашае сталіцы, у тваёй кватэры-майстэрні, тры на тры метры?
Гэта ён, Генусь, будучая зорка, а тады яшчэ нікому невядомы графік, самахоць занёс мае першыя опусы ў рэдакцыю, і прычыніўся нейкі цуд — іх надрукавалі.
На сустрэчах з чытачамі я кажу, што не ведаю, ці ўдзячны сябру. Я, зразумела, манернічаю. Хто ведае, мо без з'яўлення ў часопісе тых юначых опусаў не нарадзілася б на свет і першая мая кніжка, аж занадта рамантычная аповесць, якая мела даволі шумны поспех, асабліва потым, калі выйшла ў перакладзе і мяне літаральна з галавой засыпалі лістамі; іх аўтары ў лепшым выпадку заклікалі пісаць працяг, а ў горшым — эгаістычна вымагалі паведаміць ім, што дзеялася з героямі пасля апошняй кропкі.
Доўгія гады я ўспамінаў той час з паблажлівай памяркоўнаю ўсмешкай. Тады, у маладосці, мне мроілася, што немагчымага няма, і свет існаваў дзеля таго, каб нам з сябрамі было ў ім добра; мы самаўпэўнена і наіўна лічылі, што іншыя тады таксама будуць шчаслівыя. Але мы самі яшчэ не чуліся ў гэтым свеце добра і ўтульна.