Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Добры дзень, мая Шыпшына

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Ці згадваеш ты, сённяшні заслужаны і ўлаўраны Генусь, векапомныя вандроўкі на тваім дабітым «масквічку»? Пры першым поглядзе на дапатопную страхалюдзіну, якую ты чамусьці пяшчотна зваў «Каралевай Бонай», міжволі ўскокваў на памяць цыркавы нумар, калі ад машыны паступова адвальваюцца колы і ўсё астатняе і ў рэшце рэшт кіроўца застаецца з абаранкаю ў руках, але на сваіх дваіх. Відаць, самі душы продкаў апекаваліся над намі, бо за два леты мы здолелі аб'ехаць на тваёй Каралеве ўсю Беларусь. Калі Бона, незадаволена чмыхнуўшы, спынялася, бо далей проста не было дарогі, дапамагалі ўласныя ногі, задрыпаны кацярок, што развозіў харч па земснарадах, альбо маторка зычлівага дзядзькі-палешука.

Мы запісвалі словы і песні, якія да нас, можа, не чуў і, магчыма, ніколі ўжо не пачуе ніводзін навуковец. А памятаеш казкі і паданні адвечнага, прапахлага мёдам і вашчынаю дзеда з ляснога пчальніка на Гарыні?! Пра гарады, што, не скарыўшыся жорсткім прыхадням, назаўжды апусціліся ў азёрныя хвалі, пра студні, у якіх сто гадоў стаяла малако, бо падчас набегу крымчакі кідалі туды нашых немаўлятак...

Не засталося, пэўна, ніводнае старой царквы ці капліцы, якую мы не абмацалі сваімі рукамі, не абмералі і не зафатаграфавалі. У адным прынёманскім мястэчку нас, маючы за штосьці сярэдняе паміж шпегамі і злодзеямі, затрымаў участковы, і мы да высвятлення нашага лёсу начавалі пад замком у нейкай адрыне. З гэтага астрогу за ноч можна было ўцячы разоў дзесяць, але я толькі злазіў у суседні сад і набраў ранетаў, каб, па-першае, калі ўжо сядзім, дык было за што, а па-другое, каб пакласці нешта на зуб, бо зняволеных пакінулі без вячэры. Праміне шмат часу, і ад Рамана Галубовіча я даведаюся, што, калі ў тым мястэчку з'явіліся сапраўдныя рабаўнікі храмаў, на іх ніхто не зважаў, і яны сярод белага дня выцягнулі з царквы два дзівосныя абразы скарынаўскіх часоў.

Потым мы напісалі аб усім пабачаным і пачутым. Мы пісалі пра песні, што ўспомніш і збіраючыся ў апошнюю дарогу да Абрама на піва, пра казачна суладныя палескія строі, пра драўлянае дойлідства, да якога нікому не было справы, і пра сустрэтую ў падарожжы экспедыцыю, што спалохалася нас, як чорт ладану, бо, пакуль нашы этнографы лічылі варон, увішныя цёткі і дзядзькі з іншых краёў зладзеявата збіралі на нашым Палессі экспанаты для сваіх музеяў.

Мы ўяўлялі сябе ледзьве не першаадкрывальнікамі. Падступная думка, што мы — апошнія, каму дарагое ўсё гэта, запаўзе ў душу пазней, праз гады. Але яна прыйдзе, і ад яе будзе адзін крок да паняверкі і капітуляцыі... Як мы памыляліся!

Мы ў жадобу плакаліся адно аднаму і казалі прыгожыя словы аб тым, што ёсць і будзе мастацтва, якому мы павінны служыць. Чаму ніхто з нас тады не зразумеў ці не пажадаў зразумець, што мы, у лепшым выпадку падсвядома, зрабілі вельмі выгадны выбар?

Але мы ўсё-ткі, відаць, зрабілі, і нешта вартае. Бо бяруцца ж аднекуль гэтыя хлапчукі з чыстымі і светлымі душамі...

На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,

Пазіраюць, як козы на новы плот:

Ані д'ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем...

Уладаімір Караткевіч «Таўры»

Яніна

Даруй мне, Раман. Быў час, калі я лічыла тваё жыццё прыдуманым і ненатуральным. Я думала, ты не жывеш, а гуляеш у сваі ідэі, хоць з табой і было заўсёды нязвыкла і цікава.

Я была дастаткова кемнай, каб убачыць і тое, што ты захапіўся мною, і тое, як старанна ты хаваеш рэўнасць. Ты ведаў, што мае спатканні з Вахтангам яшчэ працягваюцца. Я сама сказала пра гэта. Не, зусім не дзеля таннай гульні ў шчырасць, а — каб зрабіць табе балюча, бо адчуванне замаху на маю вольнасць, што ўзнікла ў першую нашу сустрэчу ў музеі, яшчэ не мінулася.

Памятаю, неяк на пачатку знаёмства ты спытаў, ці чытала я такую кнігу, і я адказала, што не і — хоць назву адразу вымела з галавы — што даўно марыла яе пачытаць. На самой справе я некалькі гадоў амаль нічога не чытала і цудоўна абыходзілася без кніг. Праўда, час ад часу Верачка падсоўвала што-небудзь — «Анжэліка — маркіза анёлаў», «Графіня дэ Мансаро»... Я не ведала яшчэ, як твая кніга заварожыць, зачаруе мяне сваёй моваю, незвычайна чыстымі думкамі і пачуццямі герояў, як крыўдна стане, што паміж мною і імі — маладым Загорскім, Кастусём, прыгоннай актрысай Геленай — цэлае стагоддзе.

Але гэта будзе пазней, пасля нашых першых вандраванняў па Беларусі, пасля таго вечара ў тваім пакоі, дзе побач з кнігамі стаяў калаўрот, а калядная зорка на сцяне чамусьці нагадвала залатое лукно цыбулі ў мамінай хаце. У цябе гэтак прытульна такалі ходзікі, і з іх кожную гадзіну вылятала зязюля.

Аднойчы яна выляцела так недарэчы...

Як я ўсё гэта памятаю!

Я нібыта вярталася з бясконцага падарожжа, калі ў вокнах вагона мяняюцца стракатыя, але тыя ж самыя краявіды і толькі потым усведамляеш, што шлях наперад быў закрыты і цягнік імчаў па крузе.

У тым падарожжы не існавала нічога таго, чым ты жыў. Гісторыя? Яна была недзе там, у Кіеве, у Прыбалтыцы. А ў нас? Хіба ў нас даўней адбывалася штосьці значнае? Нашы настаўнікі, памятаецца, пра гэта нічога не казалі. Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Астрожскі... Іх імёны былі для мяне гукам, не болей.

Але аднойчы...

Памятаеш, як мы прыехалі на выхадныя ў зялёны старажытны гарадок? Ты сказаў, што над ім злітаваўся час, і гэта было сапраўды так, і мы маглі любавацца непаўторнымі роспісамі ў фарным касцёле і сачыць за таемным лётаннем кажаноў між вечаровых званіц колішняга кляштара. А ўскрай таго гарадка, над возерам падымаецца стары змрачнаваты замак. Там, у замку, каля аплеценай дзікім вінаградам стромкай вежы, ты распавёў мне паданне пра княскую дачку і прыгоннага хлопа. Мы былі зусім адны, толькі мы, ціхі голас ветру і марудлівыя стрэлкі-алябарды старадаўняга гадзінніка. I нечакана са мною нешта здарылася. Я нібыта трапіла ў невідочную, лёгкую і напорлівую плынь, якая мякка падхапіла і панесла мяне. I пад гадзіннікам стаяла ўжо не я, а маладая князёўна Марыля, што ў галюбных строях кінецца з вежы на скамянелую ад марозу зямлю, каб не ісці за нялюбага. I поруч быў не ты, а той прыгонны юнак, і я ведала, што зробіць з табой кат у замкавых лёхах. Я ўявіла, што мы ніколі больш не сустронемся, і сэрца зайшлося ў такой роспачы, што захацелася крыкнуць.

Напэўна, гэта вельмі па-жаночы, але менавіта ў той момант я адчула, што ты і тваё жыццё не прыдуманыя, а сапраўдныя, як замкавыя муры і неба над імі.

Васіль Максімавіч

Дзе і калі пралягае мяжа, за якою мы перастаем быць самімі сабой? Мо для гэтага трэба незвычайныя варункі, гранічныя сітуацыі? А можа, усё значна прасцей і адначасна складаней? Можа, захаваць сябе, сваю душу, у самых цяжкіх выпрабаваннях лягчэй, чым проста ў жыцці, падфарбаваным у дадатак ружовым колерам «творчых» ці яшчэ якіх-небудзь поспехаў? Можа, гэтая мяжа праходзіць праз кожны наш дзень, і мы безліч разоў парушаем яе — альбо зусім не зважаючы, альбо заспакойваючы сумленне тым, што парушэнні дробныя і неістотныя і мы ў любы момант патрапім вярнуцца назад, да саміх сябе?

Маладосць. Авантура з саборам. Пазычаная ў сябра кашуля і гэтак далей...

Гадоў праз пяць сабор яшчэ больш намазоліў камусьці вочы кутымі ў семнаццатым стагоддзі крыжамі... А яшчэ праз колькі гадоў за яго аднаўленне змагаліся ўжо без мяне.

Я жыў на зацішнай вуліцы ў цэнтры сталіцы, меў, як кажуць кепскія крытыкі, на сваім творчым рахунку паўдзесятка гладка напісаных кніжак і літаратурную прэмію. Мяне ахвотна ўлучалі ў розныя дэлегацыі. Я аб'ездзіў усю краіну і падыхаў замежным паветрам. Я бачыў караблі ва ўладзівастоцкай бухце Залаты Рог і ў яе стамбульскай аднайменніцы. Аднак — дзіўная рэч! — пра той час не засталося, бадай, ніводнага дарагога ўспаміпу.

Каламутнай маслістай лужынай стаялі ў памяці дачыненні з Эмай. Пэўна, я міжволі згушчаю фарбы, але, далібог, нават цяпер не магу знайсці ў Эміным характары рысы лепшай, чым яе ўменне лёгка разважаць пра кнігі, якія яна не прачытала. Дасюль не разумею ні таго, як здолела сустрэтае мною на Рыжскім узбярэжжы даверлівае цнатлівае дзяўчо за лічаныя месяцы ператварыцца ў «жонку пісьменніка», якая да драбніц ведае, што ёй трэба ад жыцця, ні таго, як я пражыў столькі чаеу з жанчынаю, якой напляваць было на літаратуру, на мае кнігі і на ўсё астатняе за выняткам ганарараў. Іншы раз мне ўяўляецца, што ніякага ператварэння і не было, а тая гнуткая дзяўчына з хімічнай белаю грыўкай, у танных джынсіках і кедах, што кожнае раніцы карміла чаек пад вокнамі Дома творчасці, ужо тады ведала, што ёй трэба.

Поделиться с друзьями: