Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Добры дзень, мая Шыпшына

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Я пачуваўся рыбінай, злоўленай на кручок і да пары пакінутай тузацца на моцнай лёсцы. Каб заваяваць сабе магчымасць хаця б адносна спакойнай працы, я мусіў ісці на бясконцыя кампрамісы і ўступкі; адной з іх быў продаж бацькавае хаты, дзе ўлетку і ўвосень мне так добра пісалася.

З тых часін згадваецца яшчэ паэт, што пішчом лез у сябры і з дакладнасцю да рубля ведаў, хто колькі атрымаў за новую кнігу, а таксама — хто, з кім і каму здраджвае і хто не ведае мовы, на якой піша...

Аднойчы я кінуў гэтае жыццё і прыехаў сюды, у няспешны, з рэшткамі сярэднявечнага каларыту абласны горад, прыехаў, каб займацца тым, чым і павінен займацца пісьменнік — пісаць кнігі. Яшчэ нядаўна мой крок здаваўся мне вяршыняю мудрасці, а гады, пражытыя тут,— лепшымі маімі гадамі.

Нарэшце атрымаўшы спакой, я пачаў насамперш цаніць менавіта яго. Я ўжо не збіраўся перайначыць сваёй творчасцю свет.

Цвяроза ацэньваючы ўласны талент, я ніколі не лічыў сябе зоркаю першай велічыні — мне хапала быць зоркай, досыць яркаю для таго, каб яе можна было згледзець простым вокам. Я з прысмнасцю пісаў і з прыемнасцю бачыў сваё імя на старонках часопіса ці на вокладцы новай кнігі. У мяне амаль заўсёды быў роўны памысны настрой, які хацелася параўнаць з вечаровым лясным возерам; заляцеламу аднекуль вятрыску не па сілах узбунтаваць ягонае люстра, бо возера шчытна аслонена высокімі кашлатымі ялінамі,

Разы тры-чатыры на год я сустракаўся з дачкою, спачатку школьніцай, а апошнім часам — студэнткай інстытута. Былая жонка паспяхова выхавала ў дачкі ўпэўненасць, што бацька існуе на свеце дзеля таго, каб даваць ёй грошы; гэтым цяпер збольшага і абмяжоўваўся змест нашых, так бы мовіць, сваяцкіх адносін.

Сябры? Яны спакваля перайшлі ў разрад былых. Мне было дастаткова некалькіх новых прыяцеляў. Дырэктар нашага музея, крамяны, задаволены жыццём адстаўнік, меў за гонар прымаць у сябе пісьменніка, а пісьменніку было няцяжка, а хутчэй прыемна ў канцы тыдня завітаць да яго, каб адпачыць пасля праведнай працы, пакаштаваўшы спечаных паводле сібірскіх рэцэптаў пірагоў, ды за адным разам паназіраць дырэктараву застоліцу. Сам таварыш Бясперстых, са сваімі прынцыпамі і тэорыяй адчування часу, здаваўся мне асобаю ў нейкім сэнсе выдатнай. (Дарэчы, даводзілаея чуць, што шаноўны Мікалай Анісімавіч гэты самы сабор, дзе цяпер дырэктарам, некалі са спакойнай душою ўзняў у паветра.) А паслухаў бы хто разважанні ягонага калегі па культурнай ніве пра НЛА і тэлепатыю! Альбо высакародная мэта Казіміра Баляслававіча атрымаць званне заслужанага і персанальную пенсію, мэта, дзеля якой ён здольны выбіць для сваёй школы ўсё, нават нейкі унікальны тэлескоп, прызначаны, па чутках, для горнай лабараторыі.

Хаўрус і сапраўды даволі каларытны. Толькі вось пытанне: чаго варты чалавек, які кожную пятніцу, забаўляючыся і заядаючы смех пірагамі, цешыцца думкаю, што ён — лепшы?

Жанчыны? Адна з іх сказала, што кахае мяне. Я адчуў, што яе словы — не прыгожы самападман, а праўда, і таму расстаўся з ёю. Не, я не спалохаўся прызнання; наадварот, яно прыемна казытала самалюбства, але разам яно вымагала ад мяне і якіхсьці іншых, чым дагэтуль, адносін, а гэта мне было патрэбна найменш. I потым, у мяне была Марыя; яна ні на што не прэтэндавала і не патрабавала нічога, апроч таго, што я мог ёй даць...

Спакой душы. Цяпер я ведаю, што гэта такое. Гэта калі ў душы спыняецца той маятнік, што так непрыкметна і лёгка можа замерці і якому так цяжка, а часам і немагчыма зноў пачаць свой рух.

Васіль Максімавіч

...I была ноч, сярод якой у адной кашулі і чаравіках на босую нагу да мяне прыбег Вінцук.

— Раман... Рамана...— Вочы ў яго былі такія, як бываюць, напэўна, за хвіліну да вар'яцтва.

Я кінуўся да тэлефона, каб падняць знаёмага прафесара-хірурга, выклікаць таксі і ўсім разам ляцець у больніцу, але Вінцук моўчкі націснуў рукой на рычагі і, уткнуўшыся ў сцяну, заплакаў.

Наступнага дня я бязмэтна блукаў па вуліцах, а затым неяк няўзнак апынуўся ў прыгарадным лесе і выйшаў на бераг ракі, дзе ўлетку шуміць і вірыцца гарадскі пляж. Зараз, у стылы і хмурны красавіцкі дзень, тут было пустэльна, адно вецер непрытульна шумеў у верхавінах хвояў, і вакол выцягнутых з вады перакуленых лодак туляўся брудны валачашчы курта. Я наўздзіў востра адчуў адпаведнасць гэтай мясціны майму стану і не захацеў пікуды адсюль ісці. Была пакутная асалода ў гэтым сядзенні на ржавым пантоне каля нырцавальнага галубца, у знобкім па-восеньску ветры, у колкім бязладдзі думак, у няўцямным яшчэ пачуцці свае вялікае вінаватасці, джала якой глыбей і глыбей уваходзіла ў душу.

Выплывалі з памяці прададзеная бацькава хата, новы, з аселых тут па вайне, яе гаспадар, што ў мяне на вачах, мацюкаючыся цераз слова, выкідаў у акно даўнія маміны торбачкі з зёлкамі, а за імі выкінуў «багародзіцу»... I зялёная аблачынка майго ясеня, і сквапны бляск у маленькіх чырванаватых вочках старога Базыля... I чамусьці сусед, Маханьчышын Хведзька, які стаў доктарам навук, вывучыў пяць замежных моў, а сваю забыўся. «А ты сам? — паласнула нібы па жывым.— Што роднае слова для цябе? Сродак для атрымання грошай ды свае скібы славы?»

I яшчэ шмат аб чым думалася мне на ржавым пантоне. I, быццам нейкія суддзі, глядзелі на мяне малады ясень з далёкага маленства і з непапраўнага ўчарашняга дня — Раман Галубовіч.

— Ці не надумаў чаго, сынок? — вывеў з цяжкага одуму занепакоены голас. Побач стаяла бабка-вартаўніца ў даўгім кажусе.

— Надумаў.

А сынок мой, а дзетачка, а выкінь з галавы,— забожкала бабка.— Такі грэх і бог не даруе.

— Супакойцеся, маці,— міжволі ўсміхнуўся я.— Не буду я тапіцца. Рана яшчэ.

Васька па мянушцы Казёл

Звечара заказваеш сам сабе што-небудь клёвае — пра пацаноў ці пра Натку-манадку, а сніцца розная дрэнь... Учора старая з ліфта прыснілася. Ну, што хацела чырвонец зажыліць, пакуль Сява ёй за каўнер усе ейныя тры літры малака не выліў. Сёння зноў таго фраера з музея бачыў.

Цяпер круціся да пад'ёму на нарах, сну ні ў адным воку. У галаву ўсякія гарбылі лезуць. Вось, як ката прадавалі, успомнілася. Гэта яшчэ на самым пачатку было, толькі нас Біл сабраў усіх — мяне, Сяву, Мабуту, Батончыка з Пітам. Любіць Біл, каб не проста грошы трэсці, а з якой-небудзь падколачкай. «Дзядзя інтэлігент, а дзядзя інтэлігент! Купі ў юннатаў няшчасную кысаньку! Вы чуеце, дзядзя інтэлігент не любіць катоў? А яшчэ ў акулярах! Хлопчыкі, здыміце дзядзю акуляры, а то ён тавар кепска бачыць, Ай-яй-яй! Бедныя акуляры! Юннаты зрабілі дзядзю інтэлігенту балюча? Яны больш не будуць. I менш таксама не будуць. Нядорага просім — усе грошы з кашальком. Хлопчыкі, дзядзя прапануе нам дваццаць тры рублі. Нягуста, але для інтэлігенцыі ў нас скідка. Выпісаць дзядзю пяць капеек на праезд да бліжэйшай бальніцы! Бедная кысанька! Ну хадзі, хадзі сюды, пацалуйся.

Чорт яго ведае, чаму я гэтых катоў і сабак заўсёды шкадую. Біл з пацанамі смяяўся. Добра, пра вавёрку ніхто не чуў, жыцця не далі б. Яна па школе бегала. Нехта ёй так чаравікам урззаў, што нагу перабіў. Жыла ў мяне месяц, арэхі кожны дзень цягаў. Пакуль нармалёва скакаць не стала. Выпусціў у лесе, а яна на дрэва залезла, а адтуль скок-скок і назад да мяне на плячо. Ты што, кажу, не верыш? Бяжы хутчэй на волю!

Пацаны не ведалі, а той мужык аднекуль пра вавёрку дазнаўся. Ну, шэф мой з завода. Паручыўся за мяне, калі нас менты на кіёску павязалі. Як гэта ён казаў? Чалавек, які любіць жывёл... нешта там такое... У гурткі мяне запісваць вадзіў, у секцыю па баскетболу, кніжкі даваў. Казёл! Чхаў я на твае кніжкі! Лепей бы тады загрымеў, больш года не прыпаялі б. А цяпер звінець і звінець. Хоць воўкам вый. Вось жа маць мая...

Мамаша заўчора ліст прыслала, дык узрадаваўся — во да чаго дайшоў. «Як ты там, сыночак, жывеш? Ці хапае табе кушаць? Можа, прыслаць што-небудзь смачненькае?» А сама кожны дзень у сне бачыла, каб сыночка хутчэй пасадзілі. Каб не замінаў ёй гэтага начальніка смярдзючага аблапошваць. Не ведае, казёл, хто з яго тады пыжыка ў цёмным пад'ездзе зняў. Калі б ведаў, не ліпнуў так. Хаця мамаша, канечне, нішто сабе, натынкуецца, дык і не разбярэш, ці ёй дваццаць пяць гадоў, ці колькі там ёй на самай справе ёсць. Казала, бальзакаўскі нейкі ўзрост. Пакуль я прыйду, будзе табе бальзакаўскі ўзрост!

Поделиться с друзьями: