Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Яна вельмі стамілася, і ёй не надта цяжка было ігнараваць незнаёмага паклонніка, яна радавалася таму, што можа правесці канец тыдня з Альбертам і хлопчыкам у маці Альберта. Надыходзіць восень, і ў рэстаранчыку наўрад ці будзе шмат народу. Нават проста слухаць Альберта, калі ён разважае з Вілем і Глумам пра розныя віды прыманкі, адно задавальненне; акрамя таго, яна возьме з сабой кнігі і пачытае, пакуль дзеці будуць гуляць у футбол, а магчыма, яна паддасца на ўгаворы і пойдзе разам з Глумам лавіць рыбу і будзе рахмана выслухоўваць тлумачэнні пра нажыўку і насадку і пра розныя віды вудзільнаў і пра вялікую, нават больш чым вялікую, цярплівасць. Яна ўсё яшчэ адчувала на сабе гэты позірк і разам з тым зноў зведала ўсыпляльнае ўздзеянне голасу Шурбігеля: паўсюль, дзе толькі можна было сказаць прамову на якую-небудзь інтэлектуальную тэму, Шурбігель неадкладна гаварыў яе. Яна ненавідзела Шурбігеля і цяпер раскайвалася ў бязглуздай ветлівасці, што змусіла яе прыняць запрашэнне. Было б значна лепш пайсці з Марцінам у кіно, пасля паесці марожанага і, прыхлёбваючы каву, прагледзець вячэрнюю газету, пакуль Марцін забаўляецца, выбіраючы пласцінкі, якія ветліва падае яму афіцыянтка. А цяпер яе ўжо заўважыў нехта са знаёмых — і наперадзе зноў згублены вечар; прыхапкам падрыхтаваныя бутэрброды, адкаркаваныя бутэлькі, кава («Можа, вам лепей чаю?»), цыгарэты і раптоўна атупелы твар Альберта — такім ён робіцца, калі павінен займаць яе гасцей і расказваць ім пра яе мужа.

Занадта позна. Зараз выступае Шурбігель, затым патэр Віліброрд пачне прадстаўляць ёй розных людзей, з’явіцца і той незнаёмы паклоннік, чый позірк, быццам святло ад лямпы, падае на яе патыліцу. Лепш за ўсё прыснуць — так ва ўсякім выпадку ўрвеш хоць крышку для сну.

Яна вечна рабіла тое, чаго не хацела, і зусім не з-за пыхі, зусім не дзеля таго, каб надаць папулярнасці свайму загінуўшаму мужу, і зусім не дзеля жадання пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Гэта было пачуццё, якое зведваеш, адпраўляючыся ўплаў, і яна дазваляла заводзіць сябе туды, дзе амаль усё было пазбаўлена сэнсу — глядзець урыўкі з кепскіх фільмаў, бязладныя, пагана знятыя сцэны з удзелам пасрэдных акцёраў і неважнецкім асвятленнем, і марыць. Яна з усяе сілы змагалася з дрымотай, нават выпрасталася і пачала слухаць Шурбігеля, чаго ўжо даўным-даўно не рабіла. Позірк, неадступна скіраваны на яе, стамляў. Не азірацца патрабавала напругі, а паварочвацца яна не хацела, таму што, не гледзячы, ведала, такі тып людзей. Гэтыя інтэлігентныя бабнікі наводзілі на яе жах. Усё іх, падпарадкаванае рэфлексам і пачуццю непаўнацэннасці, жыццё праходзіць з аглядкай на літаратурныя прыклады, і густы іх вагаюцца паміж Сартрам і Кладэлем. Яны мараць пра нумар у гатэлі, такі ж, які яны бачаць у кіно, на самых позніх сеансах, у фільмах з цьмяным асвятленнем і вытанчаным дыялогам, у фільмах «не багатых на падзеі, але захапляльных» і ў суправаджэнні экзістэнцыянальных гукаў аргана: бледны мужчына нахіліўся над бледнай жанчынай, а цыгарэта — які цудоўны кадр! — ахінае начны столік вялізнымі кольцамі дыму — «Мы робім кепска, але мы не ў стане дзейнічаць іначай». Выключаюць святло, і ў густым змроку чырванее толькі агеньчык цыгарэты на начным століку, — экран згасае, а тым часам здараецца непазбежнае.

Чым больш такіх паклоннікаў з’яўлялася ў яе, тым больш яна кахала свайго мужа, і за дзесяць гадоў, хоць ёй шмат што прыпісвалі, яна ні разу не спала ні з адным мужчынам. Рай быў іншым, і комплексы ягоныя былі такімі ж сапраўднымі, як і яго наіўнасць.

Цяпер яе паступова закалыхваў голас Шурбігеля, і на нейкі момант яна забылася пра назойлівы, упёрты ёй у патыліцу позірк незнаёмца.

Шурбігель быў высокі і грузны, і ступень меланхоліі на яго твары ўзрастала ад даклада да даклада, а ён прачытаў іх нямала. I з кожным дакладам ён рабіўся ўсё больш прадстаўнічым, больш грузным. Нэлі заўседы здавалася, што перад ёй надзвычай эрудыраваны, надзвычай маркотны і раздзьмуты паветраны шар, які павялічваецца не па днях, а па гадзінах і які раптам лопне, і нічога ад яго не застанецца, акрамя прыгаршчаў канцэнтраванай маркоты з дурным пахам.

I тэма яго была спецыфічна шурбігелеўская — «Адносіны творчай асобы да царквы і да дзяржавы ў наш тэхнічны век». I голас у яго быў прыемны: алейна-разумны, крыху перарывісты ад патаемнай чуллівасці, напоўнены бясконцай маркотай. Яму сорак тры гады, у яго шмат прыхільнікаў і амаль няма ворагаў, але тым не менш гэтым ворагам удалося выцягнуць на свет божы з нетраў заняпалай універсітэцкай бібліятэкі недзе ў Сярэдняй Германіі доктарскую дысертацыю Шурбігеля, а дысертацыя была напісана ў 1934 годзе і называлася: «Вобраз фюрэра ў сучаснай лірыцы». Таму кожнае сваё выступленне Шурбігель пачынаў цяпер крытычнымі заўвагамі з прычыны публіцыстычнай нядобрасумленнасці некаторых крыклівых юнакоў, сектанствуючых песімістаў, самабічавальных ерэтыкоў, няздольных зразумець паступальнае развіццё духоўна сталай асобы. Але ў зносінах з непрыяцелямі ён быў сама ветлівасць і ўжываў супраць іх зброю, якая даводзіла іх да шаленства, бо яны былі бездапаможныя супраць яго: Шурбігель дараваў ворагам сваім, ён усё ім дараваў. Яго жэстыкуляцыі падчас выступлення нагадвалі манеры паслужлівага цырульніка, які завіхаецца толькі на карысць кліенту. Выступаючы, ён як бы прыкладваў сваім уяўным сябрам і ўяўным нядобразычліўцам гарачыя кампрэсы, ён націраў іх супакойваючымі і духмянымі эсенцыямі, ён масіраваў ім шчокі, ён абмахваў іх, ён асвяжаў іх, затым доўга і грунтоўна намыльваў надзвычай духмяным і надзвычай дарагім мылам, — а яго алейны голас выказваў надзвычай разумныя думкі. Шурбігель быў песімістам, але не безнадзейным. Такія словы, як «эліта», «катакомбы», «расчараванне», быццам бакены, калыхаліся ў магутнай плыні яго прамоў; ён даваў наведвальнікам свайго салона процьму нязведанай дагэтуль асалоды; лёгкі дотык, цёплыя кампрэсы, халодныя кампрэсы, масаж; ён быццам рабіў для сваіх слухачоў усе паслугі, што пералічаны ў прэйскуранце цырульні першага разраду.

Ён і вырас у цырульні на ўскраіне. «Выключна таленавітага хлопчыка» хутка заўважылі і пачалі ўсяляк прасоўваць. Маленькі тоўсты хлапчук на ўсё жыццё запомніў меланхалічнае абаянне бруднаватай і цеснай бацькавай цырульні: мільгаценне нажніц — бляск сталі ў цемнаватым пакоі, роўнае гудзенне электрычнай машынкі для валасоў, нетаропкая гутарка, пах розных гатункаў мыла і духоў, звяканне манет у касе, крадком пададзеныя пакецікі, палоскі паперы, на якой павольна высыхалі ў мыльнай пене бялявыя, чорныя, рыжыя валасы, — здавалася, што яны трапілі Ў застылы цукровы мус; дзве цёплыя і напаўцёмныя драўляныя кабінкі, дзе свяшчэнна дзейнічала маці: штучнае асвятленне, струменьчыкі дыму ад цыгарэт, і раптам пачынаюцца надрыўныя выліванні пачуццяў з прычыны ўсялякіх амурных спраў. Калі ў цырульні нікога не было, ласкавы, заўсёды меланхалічна настроены бацька ішоў у задні пакой, выкурваў цыгарэту і ганяў яго па склонах, — тут вуха Шурбігеля зрабілася адчувальным, а дух — самотным. Бацька так ніколі і не навучыўся правільна ставіць націскі ў лацінскіх словах, і ўпарта гаварыў gen'us замест g'enus [3] , 'ancilla замест ancilla [4] , a калі сын без падрыхтоўкі спрагаў fifh еті [5] , на вуснах бацькі з’яўлялася дурнаватая ўсмешка, бо асацыяцыі і думкі былі ў яго заўсёды самымі нізкімі.

3

Род (лац.).

4

Служанка (лац.).

5

Я кладу (грэч.).

Цяпер Шурбігель націраў сваіх слухачоў загадкавай маззю і з пашанай масіраваў ім вушы, ілбы і шчокі, затым ён хуткім узмахам зняў з іх прасцінку, злёгку пакланіўся, сабраў свае запісы і з лагоднай у с мешкай сышоў з трыбуны. Яго праводзілі адзінадушнымі і доўгімі, хоць і не надта гучнымі апладысментамі,— якраз так, як любіў Шурбігель: яму не падабалася, калі пляскаюць занадта гучна. Правую руку ён засунуў у кішэню і пачаў гуляць з бляшаначкай, у якой было поўна вітамінізаванага дражэ; ціхі гук ад перакочвання цукерачак супакойваў, і Шурбігель з усмешкай падаў руку патэру Віліброрду, які паспеў шапнуць: «Выдатна, выдатна!» Шурбігель развітаўся — ён мусіў яшчэ паспець на адкрыццё выставы «Паўднёвабаварскіх вераадступнікаў», яго лічылі спецыялістам па сучасным жывапісе, сучаснай музыцы, сучаснай лірыцы. Ён аддаваў перавагу самым складаным тэмам, яны давалі магчымасць выказваць найсмялейшыя думкі, ствараць самыярызыкоўныя канцэпцыі. Смеласць Шурбігеля можна было параўнаць хіба толькі з яго добразычлівасцю, ён найбольш ахвотна ўсхваляў тых, каго лічыў сваімі ворагамі, і найбольш ахвотна вышукваў недахопы ў тых, каго лічыў сваімі сябрамі. Хваліў ён сяброў вельмі рэдка і гэтым здабыў сабе славу непадкупнага. Шурбігель быў непадкупны, і хоць у яго меліся ворагі, сам ён нічыім ворагам не быў.

Пасля вайны Шурбігель (тут неаднаразова прыводзіўся прыклад з апосталам Паўлам) зведаў бязмежную абаяльнасць рэлігіі. На вялікае здзіўленне сваіх сяброў, ён стаў хрысціянінам і першаадкрывальнікам хрысціянскіх талентаў; на шчасце Шурбігеля, ён меў адну вялікую, праўда ўжо дзесяцігадовай даўніны, заслугу: ён адкрыў Раймунда Баха, якога яшчэ дзесяць гадоў таму назваў «найвялікшым літаратарам нашага пакалення». Будучы рэдактарам вялікай нацысцкай газеты, ён адкрыў Баха, пачаў яго друкаваць, і гэта давала яму права — тут ужо зласліўцам заставалася толькі маўчаць — пачынаць кожны рэферат пра сучасную лірыку са слоў: «Калі ў 1935 годзе я першы надрукаваў верш паэта Баха, які загінуў потым у Расіі, я ўжо ведаў, што пачынаецца новая эра ў лірычнай паэзіі».

Друкаваннем вершаў Баха ён здабыў сабе права называць Нэлу «мая дарагая Нэла», і яна нічога не магла з гэтым зрабіць, хоць выдатна ведала, што Рай ненавідзеў Шурбігеля гэтак жа, як зараз ненавідзела Шурбігеля яна сама. Ён здабыў сабе права раз у тры месяцы заяўляцца да яе вечарам з цэлай плоймай неахайна апранутых юнакоў, піць у яе чай і віно — і мінімум раз у паўгода дзе-небудзь прыладкоўваць чарговы фотаздымак: «Удава паэта з чалавекам, які адкрыў яе мужа».

Нэла з палёгкай канстатавала, што ён кудысьці знік; яна ненавідзела яго, але адначасова ён забаўляў яе. Калі апладысменты змоўклі, яна стрэсла з сябе дрымоту і адчула, што позірк скіраваны цяпер не на яе патыліцу, а проста ў твар. Яна падняла вочы і ўбачыла таго, хто так упарта імкнуўся скарыць яе: ён набліжаўся да яе з патэрам Вілібрордам; ён быў яшчэ малады і насуперак модзе вельмі сціпла апрануты: цёмна-шэры гарнітур, акуратна завязаны галыптук, вельмі прыемны твар — такая разумная іронія бывае на тварах рэдактараў, якія ад бягучай палітыкі перайшлі да фельетона. Для патэра Віліброрда якраз і было характэрна, што ён абсалютна ўсур’ёз прымаў такіх, як Шурбігель, і што ён прадстаўляў ёй суб’ектаў, надобных на незнаёмага, з якім ён зараз павольна набліжаўся да яе.

Незнаёмы аказаўся брунетам — гэта яна ўгадала, але ў астатнім ён ніяк не адпавядаў таму тыпу інтэлігентнага бабніка, пра які яна толькі што думала. Каб канчаткова збянтэжыць яго, яна зноў усміхнулася: ці паддаўся ён на гэтую гульню найдрабнейшых мускулаў яе твару? Зразумела, паддаўся. Калі ён схіліўся перад ёй, яна ўбачыла густыя чорныя валасы, раздзеленыя на роўны рад.

— Пан Гезелер, — усміхаючыся, сказаў патэр Віліброрд, — працуе над анталогіяй лірычнай паэзіі і вельмі хацеў бы параіцца з табой, дарагая Нэла, менавіта якія вершы Рая трэба змясціць.

— Як… як вас завуць? — перапытала яна і адразу ж заўважыла па яго твары, што ён палічыў яе спалох за ўдзячнасць.

Лета ў Расіі, акоп, маленькі лейтэнант пасылае Рая на немінучую смерць. Дык на гэтай вось смуглай, бездакорна паголенай шчацэ дзесяць гадоў таму гарэла аплявуха Альберта?

«…Я ўляпіў яму такую аплявуху, што на працягу нейкага моманту бачыў адбітак сваіх пяці пальцаў на ягонай смуглай шчацэ, а заплаціў я за гэту аплявуху шасцімесячным адбываннем у адэскай ваеннай турме». Уважлівыя, крыху спалоханыя вочы, выпрабавальны позірк. Нітка жыцця перарэзана — жыцця Рая, майго і хлопчыка — з-за нікчэмнай упартасці нейкага чарнявага лейтэнанта, што настойваў на выкананні свайго загаду; тры чвэрці цудоўнага фільма, які пачаўся ўжо, раптоўна абарвалі, кінулі ў кладоўку, і адтуль яна па частках выцягвае яго, — сны, якія так і не сталі явай. Выкінулі галоўнага героя, а ўсіх астатніх — яе, хлопчыка, Альберта — прымусілі круціць новую, так-сяк склееную стужку. Рэжысёр на гадзінку-другую ўвёў у карціну маленькага, але заўзятага начальніка, і той спаганіў увесь фінал. Прэч галоўнага героя! Яе знявечанае жыццё, жыццё Альберта, хлопчыка, бабулі на сумленні гэтай бездары, што ўпарта працягвае лічыць яе збянтэжанасць закаханасцю.

«Бездар, маленькі, прыгажунчык, інтэлігенцік з выпрабавальным позіркам, складальнік анталогіі, калі толькі гэта ты, — мне здаецца, ты занадта малады, — але калі гэта сапраўды ты, ты будзеш галоўным героем у трэцяй частцы з меладраматычным канцом — загадкавая фігура ў думках майго сына, чорны чалавек у памяці бабулі; дзесяць гадоў, поўныя нязгаснай нянавісці; о, у цябе яшчэ закруціцца ў галаве так, як круціцца ў мяне зараз».

— Гезелер, — адказаў ён, усміхаючыся.

— Пан Гезелер вось ужо два тыдні вядзе аддзел літаратуры і мастацтва ў «Весніку». Нэла, дарагая, табе кепска?

Поделиться с друзьями: