Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Дрынканне званка, мізэрны сняданак на досвітку, а худая гаспадыня зноў вывешвае ў акне плакацік: «Здаецца пакой». Плакацік, прылеплены да аконнага шкла, цынічная мудрасць зводніцы, якая, ухмыляючыся, адказвае Раю, калі той абураецца з-за высокай цаны: «Цяпер вайна, ложкаў не хапае, вось яны і падаражалі». Жанчыны нясмела заходзяць у такія пакоі, упершыню яны выконваюць шлюбны абавязак не ў шлюбным ложку, яны пачуваюць сябе напаўпрастытуткамі — саромеюцца і ўсё ж атрымліваюць асалоду; тут, у гэтых пакоях, былі зачатыя першакласнікі 1946 года, худзенькія, рахітычныя дзеці вайны, якія будуць пытаць у настаўніка: «Хіба неба — гэта чорны рынак, дзе ўсё ёсць?» Дрынканне званка, жалезныя ложкі, прадаўленыя цюфякі з марской травы, якія стануць прадметамі мрояў на працягу дзвюх тысяч ваенных начэй, да той пары, пакуль не будуць зачатыя першакласнікі 1951 года.

Вайна — удзячная тэма для драматурга, таму што за ёй крочыць такая вялікая з’ява, як смерць, на ёй засяроджваецца ўсё дзеянне, яна стварае напружанасць, надобную на туга нацягнуты барабан, — дастаткова найлягчэйшага дотыку пальцам, каб ён загучаў.

Ану ж, Луіджы, яшчэ шкляначку ліманаду, толькі вельмі, вельмі халоднага, і паболей налі ў яго гаркоты з маленькай зялёнай бутэлечкі; хай будзе холадна і горка, як расстанне на трамвайным прыпынку або каля варот казармы. Горка, як пыл з цюфякоў у тайных нумарах, як танюткі пыл, як усялякая дрэнь, што сыплецца з дзірак у сцяне, храбусціць на рэйках пад коламі трамваяў дзесятага, дзевятага, пятага маршрутаў, якія паўзуць да казармаў, дзе само паветра напоўнена безнадзейнасцю. Холадна, як у пакоі, адкуль я выносіла чамадан, калі там ужо пачала ўладкоўвацца наступная: бялявая, добразычлівая і дабрадзейная жонка фельдфебеля запасу — вестфальскі дыялект, распакаваная каўбаса і спалоханы твар — яна рашыла, што ў такіх стракатых піжамах ходзяць толькі прастытуткі, хоць я такая ж законная жонка, як і яна. Нас вянчаў летуценны францысканец сонечным вясеннім днём, таму што Рай не хацеў блізкасці са мной да таго, як нас павянчаюць. Не хвалюйся, дарагая фельдфебеліха. Жоўтае масла ў пергаментнай паперы, пачырванелы ад сораму твар — вось-вось заплача. Яйка коціцца па завэдзганым стале. Ах, фельдфебель, фельдфебель, ты так цудоўна спяваў басам нядзельнымі днямі ў царкоўным хоры, што ты зрабіў са сваёй жонкай? Бляхар з уласнай гаспадаркай, са свіннямі, каровай і курамі, які выводзіў dies: iгpae на ўсіх пахаваннях, табе і праз дзесяць год Вердэн служыў выдатнай тэмай для роспаведаў за куфлем піва; ты, добрапрыстойны татуля чатырох школьнікаў, цудоўны бас, як арган, што гучаў у царкоўным хоры, фельдфебель, фельдфебель, што ты зрабіў са сваёй жонкай? Усю ноч яна будзе глытаць горкі пыл цюфяка і вернецца дадому, пачуваючы сябе прастытуткай, і панясе ў чэраве сваім першакласніка 1946 года, сірату з першага дня жыцця, — бо табе, вясёлы спявак, што так здорава расказваў пра баі пад Вердэнам, ударыць у грудзі асколак, і ты застанешся ляжаць у пясках Сахары, таму што ты не толькі прыемна спяваеш, ты годны і для нясення службы ў трапічным клімаце. Заплаканая чырвоная фізіяномія, яйка коціцца па стале і падае на падлогу; слізкі бялок і жаўток, які цямнее знутры, разбітая шкарлупіна; а пакой такі брудны і халодны, і чамадан мой амаль пусты — у ім няма нічога, акрамя празмерна стракатай піжамы і якіх-кольвечы туалетных прылад, — занадта мала, каб пераканаць гэтую добрапрыстойную жанчыну, што я ўсё ж не прастытутка. А тут яшчэ кніжка, на якой выразна напісана: раман, і ёй здаецца, што мой заручальны пярсцёнак — толькі няўмелая спроба падмануць яе. Твой першакласнік 1946 года народжаны ад фельдфебеля, мой, 1947 года, — ад паэта, але вялікай розніцы ў тым няма.

Дзякуй, Луіджы, пастаў зноў тую пласцінку, — ты ведаеш, якую? Так, Луіджы ведае. Першабытная прастата — у патрэбны момант яна змаўкае, мелодыя са стогнам падае ў бездань, рассыпаецца, а затым узнікае зноў. Ліманад халодны, як халоднымі былі пакоі на адну ноч, халодны і горкі, як пыл; па руцэ маёй слізгае сіні прамень ад пеўневага хваста.

Фільм раскручваецца далей пры цьмяным святле, што так пасуе да абставін. «Гэта стварае атмасферу». Зноў горкі пах на вучэбным пляцы, многа салдат ужо ўзнагароджана ордэнамі, грошы цякуць як вада, і знайсці пакой робіцца ўсё складаней; дзесяць тысяч салдат, да пяці тысяч з іх прыехалі родныя, а ва ўсёй вёсцы дзвесце пакояў, уключаючы кухні, дзе на драўляных лаўках маці панясуць першакласнікаў 1947 года, панясуць ад узнагароджаных ордэнамі бацькоў усюды, дзе толькі магчыма, — у траве, на ўсыпанай ігліцай зямлі, паўсюль, — нягледзячы на холад, бо на дварэ студзень і кватэр значна меней, чым салдат. Дзве тысячы мацярок і тры тысячы жонак прыехалі сюды, значыцца, тры тысячы разоў павінна недзе адбыцца непазбежнае, таму што «прырода патрабуе свайго», а настаўнікі не жадаюць у 1947 годзе стаяць перад пустымі партамі. Збянтэжанасць і адчай у вачах жанчын і салдат, пакуль нарэшце гарнізоннаму начальству не прыходзіць у голаў ратавальная думка: шэсць баракаў стаяць пустымі, у іх дзвесце сорак ложкаў, і ўвесь сёмы корпус пустуе — там размяшчаецца рота палкавой артылерыі, але яна якраз зараз на стрэльбах, а ёсць яшчэ падвалы, ёсць канюшні з «выдатнай чыстай саломай, за якую, зразумела, давядзецца заплаціць»; канфіскуюцца ўсе свірны і сенавалы, рэквізуюцца ўсе аўтобусы, што курсіруюць у суседнія гарадкі кіламетраў за дваццаць. Парушаюцца ўсе законы і пастановы, бо дывізія гатова да адпраўкі ў невядомасць, а непазбежнае павінна здзейсніцца яшчэ хоць раз, іначай казармы ў 1961 годзе будуць пуставаць; вось так зачыналі першакласнікаў 1947 года — худзенькіх, нізкарослых хлапчукоў, першым грамадзянскім дзеяннем якіх будзе крадзеж вугалю. Гэтыя хлапчукі выдатна былі прыстасаваны для крадзяжу — шчупленькія, вёрткія, яны мерзлі і ведалі кошт рэчам, не раздумваючы ўскоквалі яны на платформу і скідвалі колькі маглі. Ах вы, малалетнія зладзюжкі, вы яшчэ будзеце малайцамі, вы ўжо і так малайцы, дзеці, якія былі зачатыя на канапах і на драўляных лаўках, на казарменных нарах або ў памяшканні пад нумарам 56, дзе была раскватаравана рота палкавой артылерыі: дзеці, зачатыя ў канюшні на свежай саломе, на халоднай зямлі ў лесе, у сянях, у задніх пакоях піўных, дзе спагадлівы гаспадар на многія гадзіны ператвараў сваё жытло ў месца спатканняў для сямейнікаў: чаго саромецца, усе мы людзі! Цыгарэт, Луіджы, і яшчэ крыху ліманаду, яшчэ халаднейшага, калі магчыма, яшчэ болей гаркоты з зялёнай бутэлечкі.

Мой першакласнік 1947 года таксама быў зачаты ў тым халодным студзені, але не ў заднім пакоі піўной і нават не ў танных нумарах. Нам пашэнціла, мы знайшлі цудоўны домік, дзе праводзіў нядзельныя дні якісь прамыславік, які не знайшоў на гэты раз часу наведаць сваіх сябровак: ён пакінуў іх паміраць ад маркоты, пакуль сам гандляваў пушкамі. Невялікі дамок сярод густых елак на зялёным лужку, дзве спагадлівыя дзяўчыны, — яны леглі ў адным пакоі і прапанавалі нам другі. Мядова-жоўтыя дарожкі, мяловыя шпалеры, мядовая мэбля, на сцяне Курбэ («Арыгінал?») — «А вы як думаеце?»), мядовы тэлефон і сняданак разам з дзвюма прыгожымі дзяўчынамі, якія ўмелі выдатна сервіраваць стол. Падсмажаныя лустачкі хлеба, яйкі, чай і фруктовы сок, і ўсё уключаючы сурвэткі — такога мядовага колеру, што здавалася, нават пахне мёдам.

I раптам святло замільгала — хлоп, стужка абарвалася, цёмна-шэры экран, пасярэдзіне — светла-жоўтая пляма, яшчэ мяккае гудзенне ў будцы механіка, але тут далі поўнае святло, у глядзельнай зале чуецца свіст, ды гэта ні к чаму: карціна скончылася пасля першай часткі, хоць фільм быў адзняты цалкам.

Яна агледзелася навокал, уздыхнула і закурыла, як заўсёды, выходзячы з кіно. Ліманад, што прынёс Луіджы, зрабіўся цёплым, алкагольная горыч вытыхлася, і ён зрабіўся нясмачным, як моцна разведзены вермут. Значыцца, вось якім фільмам замянілі ранейшы. Стракаты певень наверсе — яе рука цяпер у зялёным промні ад пеўневай спіны — певень зусім такі ж, як і быў, толькі фарбы крыху ярчэйшыя, і іншы чалавек за стойкай, але марожанага па-ранейшаму сто сорак чатыры гатункі, а героем фільма стаў той, хто быў зачаты ў мядовым доміку. I хіба яна зараз не пазнаёмілася з чалавекам, з-за якога абарвалася стужка фільма?

Ці не занадта ты малады, каб імя тваё ўвайшло ў малітвы маёй маці аб помсце? Яна адсунула шклянку, паднялася, прайшла міма Луіджы і толькі каля дзвярэй успомніла, што яна павінна яшчэ разлічыцца з Луіджы і ўсміхнуцца яму. Ён прыняў і тое і другое з самотнай удзячнасцю, і яна выйшла з кафэ. Здаралася, што яе раптоўна ахоплівала страшэнная туга па сыне, хоць часам яна на цэлыя дні забывалася пра яго. Добра было б цяпер пачуць яго голас, прыціснуцца да яго шчакой, проста ведаць, што ён тут, дакрануцца да ягонай лёгкай рукі, злавіць яго лёгкае дыханне і ў чарговы раз упэўніцца, што ён жыве на свеце.

Таксі хутка везла яе па цёмных вуліцах. У потай яна разглядвала твар шафёра — спакойны, сур’ёзны твар, прыцемнены казырком фуражкі.

— У вас ёсць жонка? — раптам спытала яна.

Шафёр кіўнуў, павярнуўся да яе на момант, і яна ўбачыла здзіўленую ўсмешку на сур’ёзным твары.

— А дзеці? — спытала яна.

— Ёсць, — адказаў шафёр, і яна пазайздросціла яму.

I раптам заплакала. Асветленая панарама за ветравым шклом расплылася перад яе вачыма.

— Божа, — сказаў шафёр, — што з вамі?

— Я ўспомніла пра мужа, — адказала яна, — ён загінуў дзесяць гадоў назад.

Шафёр збянтэжана глянуў на яе, затым хутка адвярнуўся і зноў пачаў глядзець на дарогу, але правую руку ён зняў з руля і злёгку пагладзіў яе па плячы. Ён нічога не сказаў, і яна была гэтаму рада і загаварыла сама.

— Зараз нам трэба звярнуць направа, а пасля проста, па Ходлерштрасэ да канца.

Туманнай была панарама за шклом, а лічыльнік цікаў, і з лёгкім ляскатам выскоквалі новыя лічбы, пфеніг за пфенігам збіраў неўтаймоўны апарат. Яна выцерла слёзы і ўбачыла ў святле фар, што яны ўжо пад’язджаюць да царквы. Мільганула думка, што яе паклоннікі робяцца ўсё менш і менш падобнымі на Рая. Тупыя жывёліны з правільнымі тварамі, яны здольныя з поўнай сур’ёзнасцю вымаўляць такія словы, як «эканоміка», і нават без ценю іроніі такія, як «народ, аднаўленне, перспектывы». Мужчынскія рукі, што абхопліваюць горла бутэлькі — з вялікай будучыняй ці без яе, — цвёрдыя і бяздарныя рукі, і самі паклоннікі, начыненыя ўсялякай лухтой і пазбаўленыя гумару, — побач з імі любы дробны махляр, пакуль ён не трапіў у турму, здасца паэтам.

Шафёр злёгку дакрануўся да яе пляча, і з апошнім ударам лічыльнік выкінуў апошнюю адзіначку. Яна дала шафёру грошы, шмат грошай, ён усміхнуўся ёй, выскачыў з машыны, каб расчыніць перад ёй дзверцы, але яна ўжо вылезла сама і здзівілася, што ў доме цёмна: нават у Глума не свяцілася акно, і не падаў у сад, як заўсёды, жоўты сноп святла з акна маці. Запіску ў дзвярах яна змагла прачытаць толькі тады, як адчыніла дзверы і запаліла святло ў пярэдняй. «Мы ўсе пайшлі ў кіно». «Усе» было чатыры разы падкрэслена.

Яна патушыла святло і так і засталася сядзець у пярэдняй пад партрэтам Рая. Партрэт быў напісаны дваццаць гадоў назад і выяўляў усмешлівага хлапца, які рабіў накід верша на пачку з локшынамі; Авесалом Біліг выразна вывеў на пачку: «Хатнія локшыны Бамбергера», Рай смяяўся на гэтым партрэце, ён быў тут такі ж лёгкі, як і ў жыцці, а верш з пачка да гэтай пары захаваўся ў архівах патэра Віліброрда. Выцвіў лазурак, пабляклі яечна-жоўтыя лацінскія літары, задыхнуўся ў душагубцы Бамбергер, ён не паспеў уцячы з Германіі, а Рай усміхаўся, як і дваццаць гадоў назад. У паўзмроку ён выглядаў зусім як жывы, і яна пазнала суровую, амаль педантычную зморшчыну каля ягоных вуснаў, гэта быў педантызм, які змушаў яго часам па тры разы на дзень паўтараць: «Парадак». Парадак ён меў на ўвазе і тады, калі не хацеў блізкасці з ёй, перш чым іх павянчаюць. Вырвалі згоду на шлюб у бацькі, прамармыталі словы вянчальнага абраду над сплеценымі рукамі ў паўзмроку францысканскай царквы з аляпаватай пазалотай, а ззаду два сведкі, Альберт і Авесалом.

Зазваніў тэлефон і вярнуў яе на глебу, на якую яна менш за ўсё любіла ступаць, вярнуў да так званай рэчаіснасці. Ён празвінеў другі, трэці, чацвёрты раз, пакуль яна нарэшце павольна ўстала і пайшла ў пакой Альберта. Яна пачула голас Гезелера, які нясмела спытаў:

— Хто каля тэлефона?

Яна назвалася, і тады ён сказаў:

— Я толькі хацеў даведацца, як вы пачуваецеся, мне вельмі шкада, што вам нездаровіцца.

— Лепш, — адказала яна. — Мне лепш. Я прыеду на даклад.

— Як добра! — сказаў ён. — Паедзем у маёй машыне. Прашу вас.

Поделиться с друзьями: