Дом без гаспадара
Шрифт:
— Ну, добра, — сказала яна.
— Можна мне заехаць за вамі?
— Не, не, лепш сустрэнемся дзе-небудзь у горадзе, вось толькі дзе?
— У пятніцу. У дванаццаць, — сказаў ён, — на плошчы перад Крэдытным банкам, там, дзе галоўная каса. Вы абавязкова прыйдзеце?
— Так, — сказала яна і падумала: «Я заб’ю цябе, скрышу, зрэжу цябе на кавалкі сваёй зброяй, і гэта страшная зброя — мая ўсмешка, якая мне нічога не каштуе, просты рух мускулаў, механізм, які лёгка прывесці ў рух. Я маю больш боепрыпасаў, чым было ў тваіх кулямётаў, а каштуюць яны мне гэтак жа мала, як табе каштавалі твае».
— Так, я прыйду, — сказала яна і, павесіўшы трубку, вярнулася ў пярэднюю.
4
Дантыст адчыніў дзверы ў гасціную і сказаў:
— Прысядзьце, калі ласка, фрау Врылах.
Хлопчык прыкладна адных гадоў з яе сынам, сядзеў за раялем і нешта панура брынчаў.
— Выйдзі на хвілінку, — сказаў урач.
Хлопчык умомант знік, пакінуўшы на жаўтаватых клавішах раскрыты нотны сшытак. Яна стомлена глянула на загаловак і прачытала: «Эцюды. Опус 54». Урач уздыхнуў, сеў за чорны пісьмовы стол з моранага дубу, пакорпаўся доўгімі пальцамі ў картатэцы, выцягнуў яе картку, перагартаў нейкія белыя паперкі, падколатыя да яе, і сказаў:
— Не палохайцеся, калі ласка, я тут прыкінуў кошт.
Ён уздыхнуў і паглядзеў на яе, а яна глядзела на карціну, якая вісела за яго спінай на сцяне: «Ункель сонечным днём». Шмат пранізліва-жоўтай фарбы перавёў мастак, каб надаць Рэйну, вінаграднікам і маляўнічаму гарадку сонечны выгляд, але марна: Ункель выглядаў зусім не сонечна.
Урач выцягнуў са скрынкі стала пачак табакі, разарваў срэбраную абгортку і, усё яшчэ ўздыхаючы, пачаў нетаропка скручваць тоўстую цыгарэту. Ён падсунуў тытунь і паперу да яе, але яна пакруціла галавой і ціха сказала:
— Дзякуй, не хачу.
Яна ахвотна б закурыла, але ёй балеў увесь рот: урач нечым едкім памазаў ёй дзясны і выстукваў нікеліраваным малаточкам зубы, а затым, хітаючы галавой, пачаў рэзка і энергічна масіраваць дзясны сваімі тонкімі пальцамі і ўсё хітаў галавой. Ён расклаў паперкі перад сабой, зацягнуўся і раптам сказаў:
— Не палохайцеся, калі ласка, але гэта будзе вам каштаваць тысячу дзвесце марак.
Яна перавяла вочы на «Ункель сонечным днём», яна залішне стамілася, каб спалохацца: яна разлічвала на пяцьсот, ну на шэсцьсот марак, але скажы ён цяпер дзве тысячы — гэта здалося б ёй ніколькі не горш, чым тысяча дзвесце. Пяцьдзесят марак — гэта вялікія, вельмі вялікія грошы, але ўсё, што больш за паўтараста, было для яе аднолькава недасягальнае, усё роўна колькі — дзве сотні, дзве тысячы ці нават болей. Урач глыбока ўцягнуў дым: у яго быў моцны, свежы тытунь.
Я мог бы зрабіць гэта і за восемсот, нават семсот, але тады я не дам гарантыі. А там я вам ручаюся, што зубы будуць выглядаць, як сапраўдныя. Вы, канешне, бачылі зубы з таннай пластмасы, яны ж сіняватыя.
Так, яна іх бачыла і лічыла агіднымі, такія мела Люда, гаспадыня кандытарскага магазіна, і калі тая ўсміхалася, зубы яе адлівалі сінім, адразу было бачна, што яны штучныя.
— Паспрабуйце звярнуцца ў ведамства сацыяльнага забеснячэння І, магчыма, у дабрачынную арганізацыю. Можа, вам пашанцуе, і яны вам нечым дапамогуць. Я падрыхтаваў для вас два рахункі — адзін з іх на восемсот марак, таму што калі ім паказаць той, што даражэй, можна ўвогуле нічога не атрымаць. Калі вам вельмі пашанцуе, вы атрымаеце ў агульнай суме марак пяцьсот: зубы цяпер выпадаюць у вельмі многіх. Колькі вы маглі б уносіць штомесячна?
Яна да гэтай пары яшчэ выплочвае за канфірмацыю Генрыха — восем марак у тыдзень. Леа і так ужо сварыцца. Акрамя таго, ёй на нейкі час прыйдзецца кінуць работу — не будзе ж яна выходзіць з дому без зубоў, яна зачыніцца ў сябе, абматае твар хусткай і толькі ціхенька, вечарамі будзе з заматанай галавой хадзіць да ўрача. Жанчына без зубоў — гэта проста жах. Ніхто старонні не будзе заходзіць да яе ў пакой, нават Генрыху яна не пакажацца. А пра Леа нават няма гаворкі. Вырваць трынаццаць зубоў! Люда тады вырвала ўсяго шэсць і то выглядала, як старая баба.
— Акрамя таго, — працягваў урач, — я хацеў бы атрымаць мінімум трыста марак задатку, а другі ўзнос прынясеце, як толькі атрымаеце грошы ад ведамства сацыяльнага забеспячэння і ў дабрачыннай касе. Вось і будзе амаль палова выплачана. Вы прыкінулі, колькі зможаце плаціць штомесяц?
— Ды марак дваццаць, — стомлена сказала яна.
— Божа ж мой, гэтак вы і за год усяго не выплаціце!
— Нічога ў нас не атрымаецца, — сказала яна, — мне і задатак не пацягнуць.
— Але вы павінны зрабіць сабе зубы, — сказаў ён, — павінны, і як мага хутчэй. Жанчына вы маладая, цікавая, і калі будзеце адкладваць, гэта атрымаецца даражэй і горш.
Наўрад ці ён быў намнога старэйшым за яе, і выглядаў ён, як мужчына, які ў ранняй маладосці быў прыгожым: цёмныя вочы і светлыя валасы, але твар яго быў стомлены, абрузглы, і валасы ўжо парадзелі. Ён лена круціў у руках рахунак.
— Я не магу, — ціха сказаў ён, — я ніяк не магу па-іншаму. Я павінен загадзя заплаціць за матэрыял, разлічыцца з тахнікам. Я не магу. Я з радасцю зрабіў бы вам гэта зараз жа, але я ведаю, як для вас гэта жахліва.
Яна верыла яму: ён зрабіў ёй некалькі ўколаў у дзясны і браў для ўколаў пробныя ампулы і нічога за ўсё гэта не налічыў, і рука ў яго была лёгкая, спакойная і ўпэўненая. Страшным здаўся толькі ўкол у балюча падатлівыя дзясны, а вадкасць з ампулы сабралася цвёрдым камяком і разыходзілася вельмі марудна, але ўжо праз паўгадзіны боль суняўся, і яна адчула сябе бадзёрай, маладой і здаровай.
— А як жа, — адказаў ён, калі яна расказала яму пра свой стан, — гэта ж гармоны і іншыя рэчывы, якіх не хапае вашаму арганізму, — выдатны сродак, абсалютна бясшкодны, але вельмі дарагі, калі яго даводзіцца купляць.
Яна паднялася, зашпіліла паліто і загаварыла ціха, баючыся расплакацца. Рот усё яшчэ балеў, а безнадзейна высокі кошт быў канчатковым, як смяротны прысуд; праз два месяцы, самае большае, у яе выпадуць трынаццаць зубоў, а гэта азначае, што жыццё скончана. Больш за ўсё на свеце Леа ненавідзіць кепскія зубы; у яго самога асляпляльна белыя, абсалютна здаровыя зубы, з якімі ён так няньчыцца. Зашпіляючы паліто, яна паўтарала моўчкі назву сваёй хваробы; яна гучала гэтак жа страшна, як смяртэльны дыягназ: парадантоз.
— Я вам паведамлю, — сказала яна.
— Вазьміце з сабой каштарыс. Вось сапраўдны, а гэта другі, усяго тры экземпляры. Вы павінны прыкласці па адным экземпляры да кожнай заявы, а трэці пакіньце сабе, каб ведаць кошт.
Урач скруціў яшчэ адну цыгарэту. Прыйшла сястра, і ён сказаў ёй:
— Паклічце Бернгарда, няхай іграе.
Яна засунула каштарысы ў кішэню паліто.
— Не журыцеся, — сказаў урач і горка ўсміхнуўся. Усмешка была цьмяная, як сонца над Ункелем.
Леа цяпер дома, а ёй не хацелася бачыць яго. У Леа такія асляпляльна здаровыя зубы, і ўжо некалькі месяцаў ён бурчыць, што ў яе зубы кепскія, што ў яе пахне з рота, і яна нічога не можа зрабіць. Яго цвёрдыя, чыста вымытыя рукі з дня ў дзень датыкаюцца да яе цела, вочы ў яго такія ж цвёрдыя, няўмольныя, як і рукі. Ён проста рассмяецца, калі яна папросіць у яго грошай. Ён толькі зрэдку дорыць ёй што-небудзь, дый то калі бывае пры грашах і моцна расчуліцца.
У пад’ездзе было цёмна, ціха і пуста, яна спынілася на лесвічнай пляцоўцы і паспрабавала ўявіць сабе зубы кандытара: у яго безумоўна кепскія зубы; яна, праўда, не надта да іх прыглядалася, але запомніўся іх мёртвы шэры колер.
Скрозь цьмянае аконнае шкло яна выглянула ў двор; там разносчык пакаваў у каляску апельсіны; ён вынімаў іх са скрыні і клаў вялікія направа, маленькія — налева, пасля разлажыў маленькія на дне каляскі, на іх паклаў тыя, што большыя, а самымі вялікімі закончыў пірамідку. Маленькі тоўсты хлапчук склаў скрынкі каля сметніцы. Там у цені пад сцяной дагнівала гара лімонаў — жаўцізна, пазначаная зеленню, а на зелені белыя плямы ў сіняватым цені, ад якога чырвоныя шчокі хлопчыка здаваліся фіялетавымі. Боль у роце суняўся, ёй захацелася выкурыць цыгарэту, выпіць кубачак кавы, і яна выцягнула кашалёк. Зношаны шэры замш заільсніўся да чарнаты; гэта быў яшчэ падарунак мужа, чые косці ўжо даўно стлелі дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. Трынаццаць гадоў назад падарыў ён ёй гэты парыжскі кашалёк, — падарыў усмешлівы фельдфебель з каляровага фотаздымка, усмешлівы слесар, усмешлівы жаніх, — нямнога засталося ад яго — патрапаны кашалёк, памяць пра яго першае прычасце, і пажоўклая патрапаная брашурка «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Яшчэ ён пакінуў сына, удаву і колісь шэры, а цяпер да чарнаты зашмальцаваны замшавы кашалёк — падарунак з Парыжа, з якім яна ніколі не разлучалася.