Драўляны Дзядок і кабета Інсекта
Шрифт:
Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-небудзь у яго карчме.
— Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.
Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.
Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але — дзіўная рэч! — конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.
Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.
Амаль год пра Дзядка хадзілі дзіўныя весткі; казалі, што нейкі пілігрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасці, нагадваў ім, каб яны шанавалі даўнія звычаі і традыцыі сваіх продкаў, каб не адступалі ад праўдзівае веры. Слухмяных і пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных і адступнікаў уцякаў.
Іншыя расказвалі, што перад заходам сонца была аднаго разу дзіўная праява, бачылі яе пастухі і аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамі цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, і калі цікаўныя людзі захацелі падысці бліжэй, дык тая кабета, як бы дух які, аддалялася ад іх — ні равы, ні густыя хмызы ёй не заміналі, узышла на возера і, нібы белы воблак, узнялася над чыстай вадою і знікла. Шмат такіх дзівосаў расказвалі.
Цяпер раскажу, якім чынам пасля доўгае і дзіўнае вандроўкі гэты Драўляны Дзядок трапіў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагі госцю, пры любых няўродах адзін толькі лён найчасцей можа задаволіць нашы патрэбы, калі Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамінулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусі, вязуць Дзвіною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым інтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялікі беспарадак, ягоная жонка Яўхімія ад вялікага пярэпалаху і гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькі гадзіну назад вярнуўся дадому і, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусім у гэтым не вінаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогі. Ён мне паведаміў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з'явілася ёй перад вакном і цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, і прасіў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён і вярнуўся дахаты.
Праз нейкі час пачуў такую гаворку між суседзяў:
— Яўхімія, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбіла яго і хацела пакінуць назаўсёды, а можа, мела яшчэ і прыяцеля, які яе да гэтага падбіваў. Дык калі муж быў у ад'ездзе, яна збірала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакінуць мужу пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно і ўбачыла драўляную галаву таго Дзядка; невядома, адкуль і якім чынам з'явілася тая перад вакном. Яўхімія закрычала ад страху і самлела. Пачулі ў другім пакоі сямейнікі, прыбеглі на ратунак, ледзь прывялі яе да прытомнасці, скінулі Дзядка з вакна, каб ён другі раз не трапіў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, і тут пачалася жахлівая бура, але добра, што не ўдалося ёй пакінуць свайму мужу пусты дом.
Ужо другі год маю ў сябе гэтага Дзядка, і, дзякуй Богу, усё ідзе шчасліва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.
Калі пан З… закончыў расказваць, абазваўся Ротмістар:
— А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Інсекту і пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалі, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамі. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахі. Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не мой клопат.
КАБЕТА ІНСЕКТА
Даўней жыла ў нашым краі багатая пані. Я не памятаю яе прозвішча, але гэта неістотна. Дык вось тая пані здзекавалася са сваіх падданых і лёкаяў, забыла пра веру і хрысціянскія абавязкі, ёй здавалася, што чалавек — гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як і кожная рэч, і што яна мае права чыніць над людзьмі што захоча.
Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае іхняе працы пускала на раскошу. А людзі ў той час разлучаліся з душою ад голаду. Яна хадзіла ў дарагім ядвабе і дыяментах, а яе падданыя не мелі чым накрыцца ад холаду і ветру; калі хто завінаваціўся ў чым — кара была неміласэрная, ды яна часта і без віны жорстка карала. Пані так лютавала, што загаралася гневам, калі дзяўчына з яе воласці захоча замуж за чалавека вольнага і багатага. Адразу гэтую гаротніцу садзіла ў кайданы, быццам тая ўчыніла нейкае страшнае злачынства.
Так жывучы, гэтая зласлівая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалі жорсткае панаванне, ды і здароўе пачало слабець. Бачачы свой блізкі скон, яна перамяніла свае звычкі, зрабілася пабожнаю і міласэрнаю, давала міласціну жабракам, адпісала нейкія грошы на кляштары ў Полацку, абы маліліся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе і дазволіў доўга жыць на свеце. Зазванілі ва ўсіх касцёлах, сабраўся люд, абвясцілі пра гэта з амбона, паляцелі ў неба малітвы пабожных людзей і весткі пра святыя ахвяры. Залагоджаны малітвамі вернікаў, Бог злітаваўся над грэшніцаю, дазволіў доўга жыць на гэтай зямлі і чакаў пакаяння.
Пані пражыла гадоў сто, ды не толькі не змянілася на лепшае, але гнеў і жорсткасць яшчэ болей выраслі ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакінуўшы свае хаціны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, і лёкаі разбягаліся, кленучы сваю пані. Суседзі яе ненавідзелі, ніхто не хацеў адведаць, ніхто не хацеў яе сустрэць ці нават наблізіцца да яе жылля. А гнеў нішчыў яе цела, выпетрала ад злосці, і постаць яе дзень пры дні змяншалася.
Доўга так жывучы, забытая людзьмі, яна сохла і пакрысе змяншалася, ужо была падобная да хворага карузліка, пасля на немаўля, робячыся ўсё шчуплейшаю. Нарэшце перамянілася ў нейкую дзіўную Інсекту, з аднаго і другога боку выраслі ў яе доўгія празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць гарэла ў яе сэрцы.
Прамінула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў абліччы нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзіў да яе жытла, дык бачыў, як яна вылятала адтуль з жахлівым крыкам і адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.
Прыехаўшы здалёку, новы дзедзіч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калі суседзі расказалі яму пра напады страшнае Інсекты, ён загадаў адчыніць усе вокны, акурыць дымам пакоі, і дарэмна тая, з жахлівым піскам і крыкам кідаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусіла ляцець у сад і схавацца між дрэваў. Але злосць кіпела ў яе сэрцы, і яна хацела што б там ні было выгнаць новага гаспадара з дому.
Лёкаі пана А. расказвалі, што апоўначы чуцён шум і нейкі піск пад падлогаю і па кутах, часам з'яўляюцца страшныя здані і нейкія звераняты, падобныя да жаб і жукоў з чорнымі кашэчымі галовамі і зіхоткімі, як іскры, вачыма; калі хто падыдзе, яны ўмомант знікаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзіркі або ў шчыліны ў сцяне; і што гэта абавязкова мусяць быць злыя духі. Яны раілі пану, каб запрасіў ксяндза і пасвянціў дом. Пан смяяўся і казаў, што гэтыя дзівы — ад іхніх забабонаў, бо дасюль ён нічога такога не бачыў.