ЖАНРЫ

Драўляны Дзядок і кабета Інсекта

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Дзіўны ўплыў на Філосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, і Філосаф не мог сядзець у тым пакоі, куды лілося з неба бледнае месяцавае святло.

У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалі; цешыў яго добры ўраджай, і меў ён надзею ў гэтым годзе на вялікія даходы з маёнтка. Нечакана пачуў ён у пакоі стрэл, нібыта з пісталета, які скалануў усе ягоныя нервы. Філосаф адскочыў ад вакна і ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькі яго перапалохаў, што праз некалькі дзён ён памёр.

Гаспадар загаварыў да мяне:

— Памятаеш, калі мы хадзілі ў школу, колькі было моладзі рознага характару і здольнасцяў? Цяпер раз'ехаліся па свеце. Думаю, між іх ёсць шмат люцэфугаў і гордых філосафаў. Гора нам, калі такі заняў месца ў духоўным або грамадскім кіраўніцтве.

— Цяпер жалезны век, — сказаў я, — чалавек лёгка робіцца горшы.

— Сапраўды, век жалезны, — прамовіў Ротмістар. — Знікае спакойнае і вясёлае жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзін аднаго, часта чуеш стогны і скаргі. О, як добра прарочыў гэта Драўляны Дзядок аднаму з маіх калегаў, які быў надзвычай арыгінальнага нораву і ў весялосці пераступаў усе межы; калі даходзіў да такога стану, то кожная рэч у яго марах малявалася ў абліччы нейкіх дзіўных веліканаў. Імя яго — Севярын. Я за характар называў яго Летуценнікам. Раскажу вам пра дзівосную гульню яго фантазіі.

ЛЕТУЦЕННІК СЕВЯРЫН

Быў ён з лепшых вучняў, любілі яго настаўнікі, ён часта атрымліваў узнагароды, меў вялікую ахвоту вывучаць замежныя мовы і нядрэнна ўжо гаварыў на некалькіх. А чытаў найбольш паэзію: ідыліі Фэакрыта [10] , Геснера [11] , Шымановіча [12] яго зусім ачаравалі. Паўсюль ён бачыў Аркадзію, а ўсе людзі ў ягоным уяўленні былі наіўныя і шчырыя пастушкі. Калі ён выходзіў на шпацыр за горад, дык у ручаях бачыў наядаў, на лугах скакалі німфы, а ў засені дрэваў з-пад зялёнага вэлюму ўсміхаліся яму дрыяды. Словам, усюды сустракаў ён старажытны залаты век грэкаў, не ведаў, што ёсць бяда на свеце, быў заўсёды вясёлы сам і весяліў іншых.

10

Феакрыт (канец ІV ст. — І-я пал. ІІІ ст. да н. э.) — старажытнагрэцкі паэт, заснавальнік жанру ідыліі. Асобныя яго творы перакладаў С. Шымановіч.

11

Геснер Саламон (1730–1788) — швейцарскі паэт і мастак. Пісаў на нямецкай мове. Аўтар зборнікаў «Ідыліі» ў прозе (1756) і «Вершы» (1762).

12

Шымановіч Сымон (1558–1629) — польскі паэт-гуманіст. У гісторыю польскае літаратуры ўвайшоў як стваральнік цыкла «Ідыліі» (1614).

Аднаго разу, калі настаўнікі з вучнямі агледзелі музей, дзе былі розныя дзівосныя рэчы і карціны славутых мастакоў, і, спыніўшыся перад Драўляным Дзядком, загаварылі з ім, Севярын, налавіўшы поўную жменю мух, падбягае туды і пытаецца ў Дзядка:

— Адгадай, Дзядок, што ў мяне ў руцэ?

Дзядок патрос галавою і кажа:

— О нешчаслівы! Ты будзеш выгнаны з раю сваіх мар, пойдзеш крамністаю дарогаю і нікчэмныя інсекты ў вобліках страшыдлаў будуць гнацца за табою.

Севярын жа выпусціў мух, засмяяўся і пабег.

Пасля курса навук Летуценнік пакінуў горад, вылецеў у свет, як птушка з клеткі, калі вясна ўбірае лугі і дрэвы пахкімі кветкамі. І ён, бедны, думаў, што гэтая вясна будзе яму вечнаю. Але як хутка надышла панурая восень!

Спачатку толькі ва ўяўленні бачыў ён пекных багінь на лугах і ў гаях, нарэшце спаткаў іх і ў свеце. Гэта была панна Адэля, з маёнткам, прыгожая і з добрымі манерамі. Гэтай асобе Севярын аддаў сэрца, і Адэля была яго адзінаю мараю. Кахаў ён гады чатыры. Не буду тут апісваць шчаслівыя і нешчаслівыя хвіліны; гэтыя гісторыі заўсёды падобныя адна да адной, хоць і малююць іх розныя пісьменнікі па-рознаму. Не буду ні хваліць, ні ганіць жанчын, бо ўсе дочкі Евы такія і мусяць быць такімі, якімі іх стварыла прырода. Скажу толькі, што вужака золата і ганарлівасці звяла Адэлю, яна здрадзіла Севярыну і выйшла за іншага.

Першае каханне, да таго ж яшчэ нешчаслівае, — найвышэйшая навука, пасля якое чалавек з увагаю пачынае чытаць кнігу свету, таямніцы сэрца, адносіны сяброў і блізкіх. Адсюль пуціны чалавечага жыцця бяруць накірунак на поспехі і няўдачы. Тут ён сустракае няраз насмешлівыя вочы і нясталае сяброўства. Зразумеў і Севярын, што свет не рай, а людзі не анёлы.

Пасля гэтага здарэння зрабіўся ён самотны, усе ягоныя мары былі жахлівыя, уцякаў ад людзей, мілай была яму адзінота, найпрыемнейшы быў яму малюнак неба, і то толькі тады, калі ў чорных хмарах адзываліся грымоты, выў вецер, шумелі лясы і хвалі на возеры. У нікчэмных жамярыцах пазнаваў ён постаці шкадлівых людзей, мроіў і расказваў пра дзівы. Усе, хто ведаў Севярына, жартавалі з яго і называлі вар'ятам.

Калі я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго, як сябра свайго дзяцінства. Заходжу ў пакой і бачу, што сядзіць ён самотны, задумлівы, бледны, вопратка і валасы збэрсаныя.

— Як маешся, Севярын?

Ён устаў, абуджаны ад сваіх мрояў, і доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я назваўся.

— А! Даўно чакаю! — прамовіў ён, паціснуў мне руку і пасадзіў ля сябе, а сам зноў аддаўся мроям і сядзеў як нямы.

— А ўжо колькі гадоў прайшло, — перапыніў я маўчанне, — як развіталіся мы з маладымі нашымі прыяцелямі і настаўнікамі. Шчаслівыя былі часіны! Ці ўспамінаеш цяпер тыя даўнія забавы, размовы, майскія праходкі, прыемныя мары і жарты, у якіх ты заўсёды вёў рэй?

— Мае мары і жарты зніклі назаўсёды. Цяпер у мяне іншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабіцца шчаслівы, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце.

— Як ты перамяніўся! — здзівіўся я. — Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?

— Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухі. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае вакно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А бачыш слёзы на маіх вачах? Іх ты раней ніколі не бачыў, вось якая перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым ціхім маім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іх рознай формы: адны круглыя, шырокія, з крывавымі плямамі, другія — сухія, з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва.

— Вялікая розніца, — сказаў я, — у тваіх мроях. Раней цябе захапляла паэзія грэкаў і шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазія нейкая журботная.

— Але слухай, яшчэ табе штосьці скажу, — прамовіў ён, — пра гэтых нягодных мух. Я любіў чытаць паэтаў, любіў некалі і пісаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць у вершах пра свае пачуцці, якія былі ў мяне да свае сям'і і да Адэлі, якую шчыра кахаў. Я паслаў ёй свае песенькі, з якіх магла б зразумець маю сапраўдную прыхільнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але і там мухі, якія, не маючы што рабіць, лёталі ўсюды, здзекаваліся з маіх пачуццяў, звінелі датуль над вухам Адэлі, пакуль яна зусім не забыла пра мяне і мае вершы. Ды яны і цяпер не даюць мне спакою, і цяпер, калі што-небудзь напішу, усё абсмяюць і запэцкаюць, гэтыя прыкрыя мухі.

— Гэтыя мухі, на якіх ты так скардзішся, былі і будуць…

Тут ён перапыніў мяне, схапіў за руку:

— Ці бычыў ты калі саранчу?

— Саранчы ў нашым краі няма, — адказваю. — Яна на ўсходзе. Нападае там на лугі і засеяныя палеткі.

— Не бачыў ты, — кажа, — гэтую вялікую тоўстую жамяру. А на ёй — іерогліфы. Хто ўмее, той выразна прачытае такія словы: «Кара Божая». А ці ж кара Божая толькі там, недзе далёка на ўсходзе, а не ў нас? Пайшлі ў поле, я табе пакажу саранчу.

Ён вывеў мяне на бераг імклівае рэчкі, дзе ўспененыя хвалі шумелі між камянёў: мінуўшы лугі, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелі на высокім беразе ў засені алешыны. Севярын задумліва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля ветрык, зашумелі дрэвы; ён ачнуўся ад сваіх думак і сказаў мне:

— Я часта наведваю гэтыя мясціны, люблю адзін сядзець тут і прыгадваць мінулае. Успамінаю ўсе размовы, якія меў некалі з Адэляю, хоць яна зусім пра мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалі.

Раптам паказаў рукою на ваду

— Глядзі, глядзі! Вось ляціць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае і ўсё жарэ ў паветры і на зямлі. Яшчэ што скажу: ніколі яна не гіне, як шатан, з'яўляецца ў розных абліччах. Калі пажоўкнуць трава і лістота на дрэвах, павее халодны восеньскі вецер, яна падае на ваду, скідае з сябе крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла і там жарэ ўсё, што сустрэне. Прыйдзе вясна — у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю пашчаю, як лятучы цмок, і каго напаткае — знішчае. Завалодала гэтая пачвара зямлёю і вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Ці не яна заразіла чалавечыя сэрцы, што людзі прыгнятаюць адзін аднаго.

Поделиться с друзьями: