Драўляны Дзядок і кабета Інсекта
Шрифт:
— Нейкая чорная меланхолія, — сказаў я, — зацьміла твае думкі, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслівы, з такімі думкамі ніколі не прычакаеш спакою.
— Вось і не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнічаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзікім лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават і не ўспомню, бо паміж намі будзе вечнасць. Вечнасць!..
– І родны край забудзеш?
— О, не! — адказаў ён. — Калі не вярнуся на Бацькаўшчыну і памру недзе самотны на вяршыні гары ў чужым краі, крукі занясуць туды мае косці; усё ж лепей быць пасля смерці з птушкамі, а не з чарвякамі.
Я быў там цэлы дзень; блукалі з ім па гарах і лясах, і ён несціхаючы гаварыў пра свае мроі. Затрымаў мяне і на ноч. І ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялі. А ўначы ён часта ўсхопліваўся з ложка, уставаў і хадзіў па пакоі, дык і я спаў не шмат, бо кожную гадзіну мой сон перапыняўся.
Наступнага дня, калі мы прачнуліся, сонца было ўжо высока. Ён прывітаў мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маіх знаёмых, пра суседзяў, пра мяне самога, ці часта я быў дома пасля таго, як мы развіталіся пасля школы, якія я наведаў краіны і як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калі я сказаў запрагаць коней, каб раней выехаць, ён міла ўпрошваў мяне застацца на абед. І я не мог адмовіць яго шчырай просьбе.
Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага віна, якое меў з даўняга часу.
— Давай вып'ем, — сказаў ён. — Гэта апошняе развітанне, убачымся ўжо хіба што на тым свеце.
Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне і развітаўся са слязьмі.
І сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын пакінуў той дамок, дзе некалі жылі ягоныя бацькі, выехаў назаўсёды, і цяпер ніхто не ведае, дзе ён. Ці жыве яшчэ, ці, можа, памёр ужо ў чужым краі і між чужога народа.
ПРЫВІДЫ
Пан Зямельскі загаварыў да мяне:
— Вось так і мой даўні сябар пакінуў Бацькаўшчыну, і васемнаццаць гадоў не ведалі мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край і лепшыя людзі. Бог яго ведае, нашы бацькі жылі і тут спакойна, нам жа наканавана іншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзіўся. Можа, дасць Бог, і косці мае тут спачнуць.
— Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калі б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамінаў бы ўсю гісторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроі прымушалі мяне туляцца па ўсім свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалі буду цешыцца ўспамінамі мінулых маіх спраў і спакойна памру сярод сваіх землякоў. Але Бог наканаваў інакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлі, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу…
Калі сказаў так, слёзы паліліся з вачэй старога Ротмістра. Гэта засмуціла мне сэрца і думкі.
— Бог вялікі і ўсемагутны, — сказаў я, — і на яго трэба спадзявацца.
Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмістар, выціраючы хусцінкай слёзы нарэшце абазваўся:
— Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.
І тут перад нашымі вачыма з'явіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла. Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова.
Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш пакой гаспадыня.
— Што такое? — дзівіцца яна. — Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.
— Пан Ротмістар, — сказаў Зямельскі, - так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.
— У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: «Маліся!»
Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што — прачытаць не магу. Зноў падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:
— Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: «Бог справядлівых уславіць перад светам».
Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і прыйшла расказаць сон.
Сказаўшы гэта, яна выйшла.
Ротмістар уздыхнуў і сказаў:
— Вялікая міласэрнасць Божая! — і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.
Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.
— Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, — сказаў гаспадар. — Свеціць дзянніца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.
Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.
РАЗВІТАННЕ
Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчыліну ў аканіцы, асвятляў пакой. Ротмістар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне і сказаў:
— Хутка поўдзень. Спалі мы добра, бо і я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому. — Ён выйшаў, паклікаў лёкая, загадаў адчыніць вокны, і я як хутчэй пачаў прыбірацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне ні разу так позна ўставаць.
У хаце было ціха. Лёкай паведаміў, што пан і пані з работнікамі ў полі і дзяцей забралі з сабою, каб тут незнарок не перапынілі наш сон.
Мы пайшлі з Ротмістрам у поле, а адтуль з гаспадаром і ўсёй яго сям'ёю вярнуліся дахаты.
Пасля снедання пан Ротмістар развітаўся з гаспадаром і гаспадыняю і, паціскаючы мне руку, прамовіў:
— Жыву я далёка ад тваіх родных мясцін. Дык хоць успамінай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны і прывіды. Можа, ужо і не сустрэнемся, бо мне недалёка да магілы.
Пан Зямельскі з жонкаю і дзецьмі і я правялі Ротмістра аж да мяжы з суседзямі.
Гаспадыня з дзецьмі вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлі аглядаць гаі і засеяныя палеткі. На праходцы пан Зямельскі шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа і як уводзіць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якія не вельмі ўдаліся ягоным суседзям.
— Гаспадарка, — сказаў ён мне, — вымагае не прыдумак розных, а досведу і руплівасці; хто працуе, таму і Бог дапамагае. Шмат у нас ходзіць праектаў, як разводзіць жывёлу і палепшыць зямлю. Нашы продкі жылі на гэтай зямлі спакойна і заможна. Гаспадару, які славіць Бога, усяго хапае. Няхай у яго і спытаюць, якім чынам палепшыць зямлю і як развесці жывёлу.
Калі мы ішлі па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскі пляснуў рукамі — і з нівы, нібы хмара, паднялася вялікая чарада дзікіх качак.