Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

Мiж тым, Станiслаў, не даяжджаючы да Барысава, зьвярнуў направа й, перасекшы Бярэзiну каля Вялiкага Стахава, усю ноч не вылазiў зь сядла.

Ужо зашарэў сьвiтанак, калi, напаўжывыя ад стомы й холаду, пяць коньнiкаў спынiлiся каля першае-жа карчмы, на ўскраiне Iгуменя.

Не пасьпеў заспаны карчмар управiцца ў стайнях з конямi, як госьцi ўжо спалi мёртвым сном. Паўкладалiся, хто дзе змог, нават не паадшпiльвалi зброю.

У Iгумернi адпачывалi ўвесь дзень i ноч, адаграючыся ад начное гонкi. Станiслаў увесь час хмурыўся, раздратаваны ўчорашнiм здарэньнем. Яго людзi, ведаючы свайго пана, старалiся лётам выконваць яго загады. Нават Ксёндз Карафа, якi дазваляў сабе часам спрачацца з Ваяводай, зараз пазьбягаў выклiкаць чым-небудзь ягоны гнеў. Ведаў, чым гэта магло-бы скончыцца.

Таму ранiцай, другога дня, ледзь зашарэў сьвiтанак, невялiкi пачот Ваяводы моўчкi выехаў за сваiм панам з умацаваньяў Iгуменя.

Станiслаў злосна паганяў каня, далёка выперадзiўшы свай пачот. Нестрыманы гнеў яшчэ не прайшоў, i яго прыгожы твар заставаўся злосным i змрочным. Гора таму, хто трапiўся-бы зараз яму пад руку.

Адпачнуўшыя конi бадзёра ўмiналi дарогу, пафыркваючы на марозе. Цёмны лес, блiзка насунуўшыся на шлях, мiльгаў мiма коньнiкаў сваiмi засьнежанымi прагалкамi, прасекамi й палянамi. Лапчастыя сiвыя ялiны, як заварожаныя воi, зграбна вылучалiся мiж карчакаватых дубоў i грабаў, сумных бярэзiн, вольхаў, раскiнуўшыхся на неабдымных абшарах.

Часам праз дарогу пераходзiць горды зубр цi магутны тур, i тады ў Станiслава ўспыхваюць вочы, i рука сама цягнецца к луку. Крывi! Ваявода прагне крывi! Але неасьцярожны волат пушчы зьнiкае ў густых зарасьнiках, пакiдаючы за сабою толькi асаблiвы пах - стойла, малака, ветру й абамшэлага каменя. Ад чаго ў Ваяводы шырока разьдзiмаюцца ноздры на сухiм, храшчаватым носе, вочы набягаюць крывёю, i сутаргава бегаюць жаўлакi.

З кожным такiм спатканьнем - едучы з тылу ксёндз, напаўгалос (каб ня чуў Станiслаў) пачынае чытаць модлы, просячы Бога, каб яно было апошнiм. Бо ведае, верны духоўнiк, што гэта дратуе Ваяводу ўсё болей i болей, ды добрым ня скончыцца. Збраяносец i два чэляднiкi - перапалохана жагнаюцца, не разумеючы лацiны, але ведаючы, да Каго ён зварочваецца, уяўляюць сабе, што знаходзяцца дзесь каля брамы самаго пекла, дзе мiтусяцца й варушацца драўляныя й глiняныя, намацальныя й ненамацальныя бажкi, чэрцi, духi й наагул розная погань, маючая сiлу й здольнасьць ператварыць любога зь iх у чорнага гругана, абамшэлы пень, мокры камень, цi мала там у вашто. I толькi Ксёндз ды Крыж Сьвяты, маглi ад гэтага абаранiць. Вялiкая сiла, дадзеная ксяндзу!

Пасьля палудзённага перапынку, у часе якога Станiслаў не прамовiў нi слова, ксёндз з жахам назiраў за бледным тварам свайго пана. Гнеў, нялюдзкi гнеў расьпiраў душу Ваяводы. Здавалася, што ўсе сiлы пекла ўсялiлiся ў гэтага самалюбнага й самаўладнага чалавека.

Прыгнуўшыся нiзка да грывы, ён раз за разам убiваў вострыя шпоры ў крываточачыя бакi каня. Але, не зважаючы на ўсе высiлкi, прыйшлося заначаваць над Пцiччу. Княжы лясьнiчы з ахвотай саступiў госьцям сваю хату, уклаўшыся з сынамi ў сенцах.

Ваявода ўсю ноч ня спаў, перакiдаўся з боку на бок, i ранiцай выглядаў жудасна. Бязьмежны гнеў i бязсоньне наклалi свой адбiтак на ягоны твар, ад выгляду якога мiмаволi прабiралi дрыжыкi.

У поўдзень па льду перайшлi Случ, i, абыйшоўшы прыбярэжныя балоты, гразкiя й зiмой, накiравалiся ў Слуцак, спадзяючыся дастацца туды яшчэ да цямна.

Станiслаў кусаў сабе вусны ад неспагнанае злосьцi: "Хоць-бы хама якога спаткаць!" - у роспачы падумаў ён, углядаючыся ўперад.

I ў гэты момант, як-бы iдучы насустрач ягоным жаданьням, на дарозе паказаўся коньнiк. За iм другi й трэцi. Горб дарогi хаваў iх дасюль ад вачэй i выставiў зараз, як жаданы падарунак.

Ваявода, ня ведаючы ад чаго, адчуў шалёную радасьць. Спынiў каня й падняўся ў страмёнах.

Сустрэчныя спынiлiся таксама.

Станiслаў, уважна прыгледзеўшыся незнаёмцам, але не прыкмецiўшы на iх дзiдах нiякiх сьцяжкоў, выдаўшых-бы чужаземцаў, гукнуў:

– Зьдзiслаў, дзiду!

Збраяносец пасьпешна выканаў загад. I, выцягнуўшы свой меч, стаў з тылу свайго пана.

Незнаёмцы, тым часам, бачачы ваяўнiчыя намеры сустрэчнага Рыцара, перакiнулiся некалькiмi кароткiмi словамi й таксама падрыхтавалiся да бою. Адзiн зь iх, сiвы i шыракаплечы, апрануты ў кажух паверх кальчугi, выехаў уперад i грамавым голасам гукнуў:

– Iмём Гаспадара Вялiкага Князя, загадваю схаваць зброю й сыйсьцi з дарогi!

У адказ на гэта Станiслаў моўчкi пахiлiў дзiду й ударыў шпорамi. Вочы яго сьвяцiлiся, на вуснах iграла прагавiтая ўсьмешка.

Шырокаплечы незнаёмец зьдзiўлена пацiснуў плячыма й, прыкрыўшыся шчытом, пусьцiў каня. Абодва яго спадарожнiкi панесьлiся сьледам.

Блiжэй i блiжэй зьяжджаюцца працiўнiкi. Адзiн у сталёвым панцыры, поўны гневу, жорсткасьцi й смагi крывi. Другi - у кальчузе й кажуху, зьдзiўлены, але ўпарты й пэўны сябе.

Ксёндз пасьпешна пералiчвае пацеркi ружанца й хуценька мармоча малiтву, не забываючыся пры гэтым, час ад часу, памацаць дзяржальну мяча.

Коньнiкi зьблiзiлiся. Стук i трэск разьлятаючыхся на кавалкi дзiдаў... I Станiслаў грузна выляцеў зь сядла.

У той жа момант упаў i Зьдзiслаў, з наканечнiкам дзiды ў горле.

– Пяру-у-у-ун!
– голасна выгукваюць незнаёмцы, i на поўным скаку праносяцца мiма зьбянтэжаных i пачцiва разступiўшыхся рэшткаў пачоту Станiслава. Праз кароткi час пераможцы зьнiкаюць з вачэй.

– Ваявода!... Сын мой... Ваявода!...
– кiдаецца ксёндз да свайго разпасьцёртага пана. Але Станiслаў страцiў прытомнасьць, i ляжыць на абледзянелай дарозе, нязграбна падкруцiўшы пад сябе руку. З-пад плашча выцякае струменчык крывi й хутка ўсмоктваецца ў сьнег...

– Хутка! У найблiжэйшае селiшча!... Па санi!...
– загадвае перастрашаны ксёндз.

Адзiн з вояў кiдаецца ўскач выконваць загад. Другi дапамагае ксяндзу расшпiлiць панцыр Ваяводы. Выцiраюць на грудзях кроў. Нацiраюць яго сьнегам... Усё на дарэмна, Ваявода ня дыхае...

Зусiм к вечару зьяўляецца вой з саньмi. На санях двое барадатых сялянаў. Яны асьцярожна ўхутваюць бяспрытомнага Ваяводу кажухамi, падтыкаюць з бакоў саломай, i пасьпешна рухаюцца к Слуцку.

Забiтага Зьдзiслава вязе на сядле адзiн з вояў, каб са Слуцку адправiць у Загрэб, да ягоных заможных i шляхетных сваякоў.

14. ЗМОЎШЧЫКI КАРЧМЫ "ЗАЛАТЫ РОГ"

Пан Януш прыскакаў у Берасьце змораны й замёрзлы. Вусы зьмерзлiся ў суцэльныя лядзякi. Пасiнелы нос напаўняўся, увесь час, набрыдлiвай вiльгацьцю. Скарчанелыя рукi адмаўлялiся слухацца, а ў жалезных ботах балюча шчымелi пальцы.

Мармычучы праклёны сабе пад нос, адшукаў указаную Ваяводай Станiславам карчму "Залаты рог" i, кiнуўшы павады служцы, увалiўся ў напаўцёмнае памяшканьне. Прыемна агарнула цяплом i ўтульнасьцю.

Час быў ужо паабеднi, i некалькi сталых наведвальнiкаў карчмы старанна прыкладалiся да ўмястоўных кубкаў ды гучна гаманiлi.

Пан Януш прайшоў у кут, прысеў на шырокую лаву каля вакна i голасна гукнуў:

– Гэй! Паўкварты мёду, пся маць, i гарачага крупнiку!

Непаваротны як мядзьведзь карчмар моўчкi прынёс баклагу й кубак. Акiнуў дапытлiвым паглядам постаць госьця й хацеў быў iсьцi па крупнiк, як раптам Януш напаўголасу спытаў:

Поделиться с друзьями: