Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Пана Лазiнскага ведаеш?

Карчмар спынiўся. Паправiў фартух i, углядаючыся на папiваючых, памалу адказаў:

– Ведаю... з Камянца...

– Дык я яго бачыць хачу, пся маць! Сёньня-ж!
– пры гэтым на стол упала срэбная грыўна.

Карчмар загарнуў манэту й падаўся прэч з пакою.

Пан Януш напоўнiў пенiстым мёдам кубак i, са смакам яго сёрбаючы, прыслухаўся да гутаркi людзей.

Размаўлялi пра апрышак, пра вайну - то з Польшчай, то з Крыжакамi, пра цэны на тавары, пра якасьць вiна, пра наблiжаючуюся вясну...

За вакном бялела дарога, упiраючыся ў скляпенiстую браму, пад якой зьнiкалi сялянскiя вазы, выяжджаючы на Люблiнскi шлях.

Пад вечар карчма напоўнiлася людам. Гутаркi й сьпевы, сваркi й лаянка доўга не змаўкалi ў духаце напаўцёмнае пiўнушкi.

Цяпло, вiнны апар i стома хiлiлi Януша да сну, i нарэшце перамаглi. Стары ваяка апусьцiў галаву на сагнутую руку, ды, так седзячы, i заснуў, соладка насьвiстваючы адагрэлым носам.

Прачнуўся ён ад моцнага ўструсу. Здавалася, што вось толькi на момант заплюшчыў вочы, толькi так сабе прыкархнуў. Аднак у карчме было цiха - нi гоману, нi сьпеву. Толькi ў супрацьлежным куту, каля печы, пахрапваў на лаве купец, ды сапцелi насамi ягоныя служкi, паўкладаўшыся покатам на падлозе. За вакном чарнела ноч.

Пан Януш памацаў капшук, зброю, i толькi тады зiрнуў на двох мужчын, стаяўшых за сьпiнаю. Першы быў карчмар з васковай сьвечкай, другi - незнаёмы, дужы й зграбны, апрануты ў скураную падзьдзеўку i зь лёккiм мячом пры баку.

– Лазiнскi...
– прамовiў цiха незнаёмец.
– З Камянца. Пан мяне клiкаў.

– Пэўна клiкаў, пся маць! Чаго так доўга?

– Дарога далёкая, Яснавяльможны Пане, - з павагай адказаў Лазiнскi, на якога ўзбраеньне й вопратка Януша зрабiлi належнае ўражаньне.
– Пакуль ганец туды, ды я сюды, дык i ноч надышла.

– Давай мёду!
– павярнуўся Януш да карчмара.

Пакуль непаваротны карчмар злазiў у склеп, абодва суразмоўцы моўчкi разглядалi адзiн аднаго. Першаму карцiла даведацца, чаго яго так сьпешна выклiкалi, другi - вывучаючы й мяркуючы, на колькi можна даверыцца.

Нарэшце падагрэўшыся мёдам, Януш спытаў:

– Яснавяльможнага Пана Станiслава, Ваяводу Крэўскага, ведаеш?

– Пэўна ведаю! Ня раз ужо службу служыў яго мiласьцi саслужыў. Але вось дайсьцi да яго нiколi не пашчасьцiла. Ён дык, хiба, i ня чуў пра мяне?

– Каб ня чуў, пся маць, дык не выпраўляў бы мяне сюды!
– запярэчыў Януш.

– Дык, чуў? Ведае? О, хвала Ўсявышняму!

– Ведае. Кажа мне: "Едзь у Берасьце. I з карчмы "Залаты рог" хай клiчуць пана Лазiнскага!"

– Так i сказаў "Пана Лазiнскага"?

– Так i сказаў... А ты што, пся маць, мне ня верыш?

– Баранi Божа, Яснавяльможны Пане! Як ня верыць?

– Эгэ, брат! Я выдумляць не люблю, не маёй галавы гэта справа, ды ня мой звычай! Дык вось паслаў ён мяне да цябе й загадаў...
– Януш азiрнуўся на сьпячых i нахiлiўся да суразмоўцы.

– Што загадаў?
– падсунуўся й Лазiнскi блiжэй.

– Загадаў, каб выставiлi варту на ўсiх шляхах, што вядуць з Кракава ў Лiтву, i пiльнавалi, калi будзе варочацца з пасольства Фёдар, Ваявода з Грозава!
– Лазiнскi ўвесь напружыўся ад шэпту Януша, а той працягваў - Пакуль будзе ехаць Кароннымi землямi, хай сабе едзе, нават сьцерагчы варта, каб нiчога зь iм не сталося. А як мяжу пераедзе, ды падасца на Вiльню, тут яго трэба й узяць!... Але жыўцом! Яснавяльможны Пан Станiслаў зь iм гутарыць жадае...

А як з пачотам?
– перабiў Лазiнскi.

– Выцяць у пень, пся маць! Каб i духу не засталося!

– Добра! А цi вялiкi пачот?

– Ня ведаю, цi вялiкi, але зацяты, пся маць! Зьнянацку iх трэба браць, бо ў адкрытую наўрацьцi пакладзем.

– Пакладзем!
– запэўнiў Лазiнскi рашуча.

– Не хвалiся прадчасна! Бачу з гарачага ты заводу - глядзi, каб не перахвалiўся, - спынiў Януш.
– Спачатку скажы, цi ёсьць тут зацiшнае мейсца з добрым скляпом?

– Ёсьць - у Турна. I Турнаўскi ўласьнiк нашы...

– А людзей збройных цi ёсьць дастаткова?

– Ёсьць i людзi! Гайдукi Турнаўскiя й Камянецкiя, а як забракуе гэтых, то можна й апрышак клiкнуць. Досыць будзе!

Пан Януш задумаўся. Ён хаця й верыў словам Лазiнскага, аднак пабойваўся за посьпех прадпрыемства, якое ў выпадку няўдачы вяло проста пад сякеру ката.

– Трэба як найхутчэй выслаць ганца ў Ёзерск, - прамовiў ён.
Каб прывёў з сабой тузiн халопаў, усё пэўней будзе.

– А калi Яснавяльможны Пан ганца хоча пасылаць?

– Дык хоць зараз, пся маць! Чаго марудзiць?

– Зараз?... Добра!
– Лазiнскi ўстаў i выйшаў з карчмы.

Праз кароткi час ён вярнуўся з дужым малайцом у дарожным адзеньнi.

– Гайдук з Камянца... Свой!

Януш даў гайдуку ўказаньнi - куды ехаць i што рабiць. Зьявiўся йзноў карчмар. Маўклiва выслухаў загад Лазiнскага, i павёў ганца, каб вывесьцi яго патаемным ходам за сьцены Берасьця.

– Ну, а зараз, вось што, - iзноў загутарыў Януш.
– У Берасьцi я заставацца не магу, каб не прыцягнуць увагу. Таму трэба кагось iншага пакiнуць тут пiльнаваць Ваяводу Грозаўскага, а мне, пся маць, прэч з вачэй!

– Я так думаю, - запрапанаваў Лазiнскi пасьля нядоўгага разважаньня - што Вяльможнаму Пану найлепей будзе выехаць у Турна, ды, там падрыхтаваўшы гайдукоў - чакаць, а я застануся тут сачыць. Як што якое, то прышлю чалавека, альбо сам прыеду. Толькi...
– Лазiнскi з разгубленым выглядам замоўк.

– Што, "толькi"?

– Коратка ў мяне...
– i Лазiнскi выразна пацёр палец аб палец.

– Што коратка, пся маць?
– iзноў не зразумеў Януш.

Цяпер Лазiнскi зьбянтэжыўся зусiм i, адвярнуўшыся ўбок, ледзь чутна прашапацеў:

– Грошаў на доўга ня хопiць...

Януш моўчкi адвязаў капшук i адлiчыў пяць залатых.

– Бяры, пся маць, ды ўважай, каб Ваявода ня высьлiзнуў!

– Зловiм, лiха яго галаве! Нiдзе ён ня дзенецца!

Ранiцай, ледзь засьвiтала й паадчынялiся гарадзкiя брамы, пан Януш, у суправодзе Турнаўскага гайдука, выбраўся ў дарогу. Берасьце прачыналася, але нi варта, нi мяшчане не зьвярнулi ўвагi на Рыцара з маладым збраяносцам, пасьпяшаючага па Наваградзкай дарозе...

Лазiнскi даў карчмару адзiн залаты, закупiўшы сабе гэтым мёд i пастой на даўжэйшы час, але нi паўсловам не нацякнуўшы аб неспадзяванай шчодрасьцi пана Януша. Дый па што? Карчмар застаўся задаволены й так. Дапамагаў ён Ваяводзе Станiславу часта, але ня часта даставаў ад яго ўзнагароду. А калi й здаралася, што Ваявода рашчодрыцца, дык нiколi болей за срэбную грыўну не даваў. Цяпер-жа, загарнуўшы залатоўку й лiкуючы ў душы, мог-бы разсыпацца цэлым патокам удзячнасьцi, каб ня ўроджаная маўклiвасьць.

Поделиться с друзьями: