Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

Марыля спыняецца пасярод дарогi й, задыхаючыся ад хуткага бегу, крычыць:

– Фёдар! Каханы мой!
– твар яе пламенiцца, вочы iскрацца, i высока ўздымаюцца грудзi...

Ваявода на поўным скаку асаджвае каня й, нiзка перагнуўшыся ўбок, падхоплiвае яе ў сядло...

– Як гэта?
– зьбянтэжана аглядаецца Васiль, ня верачы сваiм вачам. Марыля... Ваявода... Хто-ж бы сказаў?... А я?... Вось табе й маеш! Не, як-жаж гэта?...

А шчасьлiвая маладая пара ўжо скача далей, шчыльна прытулiўшыся адно да другога. Моцная рука Фёдара пяшчотна трымае дарагую ношу, а Марыля, плачучы ад радасьцi, углядаецца ў яго мужны й прыгожы твар.

– Фёдар...
– шапоча яна.
– Ты мой?...

– Твой, мая каханая!... Твой, да скананьня!...

Прасьлязiўся й стары Бай, разабраўшыся ў здарыўшымся. Забыты вянок споўз яму амаль на нос i казыча пад вокам намоклымi ад сьлёз пялёсткамi. Зоська, падабраўшы спаднiцу, саскочыла з возу й, сама ня ведаючы чаго, схавалася за атарапелых дзяўчат...

Не апрытомнеўшы яшчэ Васiль, адчуў, як на плячо яму лягла цяжкая рука, i голас Кандрата Тура прамовiў:

– Ну вось, а цяпер будзем дзеўку прапiваць! Цi што?...

– Ды яно нiбы так...
– пагадзiўся Васiль.
– Толькi як-жа яно атрымоўваецца? Калi-ж яны? Так цi што?

– Тады, як мы i ты спаў!
– супакоiў Кiрым.

– На гэтым i маё сватаўство канчаецца!
– задаволена накручваючы вуса, прамовiў, пад'яжджаючы, Князь Жыгiмонт.
– Але рушнiка ўсёроўна не падарую! Такi ўжо звычай!
– i, трохi памаўчаўшы, павярнуўся да Архiрэя Рыгора.
– А цяпер, няхай Ваша Прэасьвяшчэнства не марудзiць, бо й мне ня церпiцца за вясельны стол сесьцi, дый iм...
– усьмiхаючыся, паказаў ён на аддаляючыся вiхрык пылу, падняты капытамi Фёдаравага скакуна...

30. ТУТ I ТАМ

Вясельле было гучнае. Гасьцям ня ведалi лiку. У Слуцку, Грозаве й Копылi два тыднi не змаўкалi песьнi й покатам валялiся п'яныя. Тады йзноў два тыднi апахмялялiся. Навакольны народ чатыры тыднi пiў бяз просыпу.

На вясельных турнiрах i гонках - удзельнiчалi паўсотнi ведамых Драбаў i Рыцараў. Шаснаццаць зь iх было цяжка параненых i чатыры забiтых. Мова аб вясельлi разышлася па ўсёй Лiтве, а чужаземцы вынесьлi яе ў далёкiя куткi Эўропы, i нават Палястыну.

Васiль усё нiяк ня мог паверыць у здарыўшаеся й, абдымаючыся зь Князем Жыгiмонтам, мармытаў:

– Як-жаж так?... Нечакана, негадана!...

– Так яно й бывае... Як зь неба...
– ледзь варочаючы языком адказаў Князь, забыўшыся, што ведаў аб рыхтаваным сватаўстве, i нават, што сам быў сватам.

Сенька з Пагосту квартамi пiў мёд i пiва, i загадаў свайму напаўжывому ад хмелю пачоту, каб насiлi за iм, праз увесь час вясельля, хмяльныя напоi ў вёдрах. Дзе зьяўляўся ён, там пiлi да безпрытомнасьцi.

З ганцом выслалi ў Трокi скiбу караваю й баклагу старога мёду.

* * *

А ў Троках кiпела зусiм iнакшае жыцьцё. Ганцы, паслы й дарадчыя, удзень i ўночы соўвалiся па Замку. Нясьлiся па дарогах конна, прабiралiся пушчамi, палямi, пераапранутыя жабракамi, мнiхамi, гандлярамi... Вiтаўт - Гаспадар Зямлi Лiтоўскае, працаваў. Нiхто ня бачыў яго адпачываючым, нiхто ня ведаў, калi ён сьпiць...

Спатканьне ў Гораднi, але затым у Вiльнi. Ягайла пры вiдзе моцы Лiтоўскае, мусiў адрачыся ад пасаду Вялiкага Княства Лiтоўскага, i вызнаць на вякi вечныя пасад гэты за Вiтаўтам Кейстутавiчам - на ўцеху й радасьць усёй Лiтвы, Жамойцi, Лiвонii й Земляў Кiеўскiх ды Валынскiх.

Станiслаў быў пазбаўлены Ваяводзтва Крэўскага, i яму быў забаронены ўезд у межы Лiтвы.

У Мальборку, Крыжацкая Капiтула, пачуўшы гэтыя весткi, у поўным складзе сабралася й доўга слухала апраўданьняў Камандора Кройцэнбэрга аб яго няўдачы. Куно фон Лiхтэнштайн у душы радаваўся правалу пляну Кройцэнбэрга, i намячаў свае пляны.

Ульрых фон Юнгiнген скрыгатаў зубамi - ён прагнуў вайны. А Вялiкi Магiстар Ордэну Конрад, з надзеяй i ўдзячнасьцю малiўся Богу - вайны зь Лiтвой ён баяўся, i яе адцягваў, хаця добра ведаў, што яна няўхiльная.

– Чым даўжэй ня будзе вайны, - прамовiў ён, - тым даўжэй будзе служыць Богу наш Ордэн! Вайна не прынясе нам нiчога. Лiтва моцная й непераможная! На ёй Масква паламала зубы, на ёй Арда Мангольская разьбiлася, яе баiцца Iмпэратар Рымскi!... Польшчы, мы яшчэ далi-б раду, нават i з Мазурамi разам, а вось Вiтаўта ня зломiм. Гэта не гарэх, а камень!

– Але на камень ёсьць молат!
– запальчыва ўскрыкнуў Ульрых фон Юнгiнген, якому прамова брата зусiм не спадабалася.

– Не па нашаму молату гэты камень!
– супакоiў яго Конрад.
– Ярылам ён створаны, Пяруном гартаваны, а Збаўцам душою надзелены!...

Канец Першае часткi

ЗАЎВАГI

1. Вавель - Каралеўскi Замак у Кракаве.

2. Камандор - Вышэйшы ступень у Рыцарскiх Ордэнах.

3. Тэмплiеры - Рыцары Храма, хаўрусьнiкi Крыжакоў, удзельнiкi Крыжовых паходаў у Палестыну. У 14-м стагодзьдзi Ордэн канчаткова заняпаў. Адзнакi: Чырвоны плашч i белы крыж.

4. Прыёр - Настаяцель Манастыра.

5. Мiзэрыкордыя - Цi "Ласка Божая", доўгi тонкi кiнжал, служыць для дабiваньня паваленага ворага праз краты забрала.

6. Капiтула - Ордэнская Рада.

7. Магiстар - Вярхоўны кiраўнiк Рыцарскага Ордэну.

8. Мальборк - Марыенбург, Сталiца Крыжацкай Прусii й сядзiба Магiстра.

9. Сотня Рыцараў - Разам з пачотамi тварыла добра ўзброены полк звыш за 1000 чалавек.

10. Здабыў шпоры й пас - Быў пасьвечаны ў Рыцары (У Лiтве - у Драбы).

11. Доннэр вэтэр - Нямецкi Праклён. Даслоўна: доннэр - гром, вэтэр пагода.

12. Брат - Памiма кроўнага сваяцтва мiж Вiтаўтам i Ягайлай, iснуе й да сёньня звычай, што Гаспадары Краiн называюць адзiн аднаго Братам.

13. Банiфацыi - Зямельныя абшары, падораныя Гаспадаром Царкве цi Манастыру.

14. Крупэр i нагруднiк - Сталёвы панцыр, закрываючы грудзi й зад (круп) каня.

15. Ня ўзяў лупу - Па праву, да пераможцы пераходзiць у форме "лупу" (здабытку) узбраеньне, конi й маёмасьць пераможанага, быўшая зь iм.

16. Панцырныя баяры - Сяляне, атрымаўшыя зямельны надзел з Гаспадарскiх рэзэрваў. У адплату павiнны па першаму зову зьявiцца ў Вялiкакняжую Дружыну з канём, са зброяй i ў панцыры (адсюль i назоў гэты). Мелi свае прывiлеi.

Поделиться с друзьями: