Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Вiтаўт зыйшоў з падвышэньня, i, наблiзiўшыся да Сыча (цi Якуба), абмацаў яго. Сумлiву не магло быць - гэта стаяў жывы Якуб, з плоцi й крывi, а ня прывiд. Абмацалi Сыча й усе Дастойнiкi Суда...
Паступова зьдзiўленьне ўлеглася. Вiтаўт iзноў узыйшоў на падвышэньне й прамовiў:
– Сыч з Пушчы неспадзявана абярнуўся ў Якуба Вадзянiка зь перавозу, - i, павярнуўшыся да Сыча, запытаў: - Чаго адразу не прызнаўся, хто ты?
– Хацеў захаваць таямнiцу, Ваша Высокасьць, бо нiхто з нашага роду нiколi ня быў у апрышках цi ў якiх iншых беззаконьнях заблытаны!
– Як-жа ты туды трапiў?
– голас Вiтаўта гучэў ужо зусiм iнакш, чым у часе Суда.
– Разказвай!
Сыч, хвалюючыся ўсё болей i болей, падрабязна разпавёў пра загiбель сваёй сям'i. Пачаўшы з таго, як перавезьлi вечарам Ваяводу Станiслава праз Прыпяць, як начаваць прыйшлося ў хляву. Як ранiцай, панёсшы дровы ў хату, застаў там ксяндза, зьдзiраючага са сьценаў абразы. Як, грымнуўшы дравамi аб падлогу, кiнуўся на ксяндза й сапхнуў яго з лавы, на якой той стаяў. Як усьлед за гэтым - воi Станiслава кiнулiся зь мячамi, але, дзякаваць Богу, удалося выскачыць з хаты. Як пасьля кароткага бою, ён упаў, падбiты стралой. Больш нiчога ня бачыў, а калi прачухаўся, то быў у будзе ляснога прыхiльнiка Ярылы. Выдужаўшы, вырашыў знайсьцi й адпомсьцiць забойцу, аднак, ня будучы пасаваным Драбам, ня мог i думаць, каб выклiкаць яго на ўтаптаную зямлю, ды ў дадатак ня ведаў ягонага ймя. Таму й абраў такi шлях, на якiм, вандруючы, дапамагаў-бы пакрыўджаным людзям, i ў канцы спадзяваўся-такi спаткаць свайго ворага, што й сталася пад Камянцом, аднак злавiць яго не ўдалося...
Вiтаўт, выслухаўшы гэтае апавяданьне, цяжка задумаўся: "Адпусьцiць Якуба на волю нiяк нельга, а пакараць - шкада..."
Над пляцам iзноў запанавала цiша. Дастойнiкi Суда нецярплiва пазiралi на Гаспадара:
– Што ён вырашыць?
Нарэшце, Вiтаўт, павярнуўшыся да Князя Жыгiмонта Карыбута, нерашуча спытаў:
– Як ты скажаш? Што зь iм рабiць?
– Пусьцi яго да мяне ў Дружыну, Гаспадарэ, i не пашкадуеш!
– паўтарыў сваю прозьбу Князь.
– А ты, Князь Глiнскi, што ты скажаш?
– Даруйце яму, Ваша Высокасьць! Адкупiў ён свае грахi, пад Камянцом... Хай iдзе куды хоча!
– А ты?...
– павярнуўся Вiтаўт да Пасаднiка Вiленскага.
– Волю, Ваша Высокасьць! Дайце яму волю!
– А ты, Сiла?
– Волю, Ваша Высокасьць!
I так, па парадку, усе Дастойнiкi Суда высказалiся за апраўданьне Якуба. Нi адзiн не прамовiў слова супраць. Толькi й чуваць было: Волю! Волю! Волю!...
Вiтаўту й самаму хацелася адпусьцiць Якуба, але трэба было неяк абмежаваць яго волю, каб адчуваў, што за беззаконьнi свае кару нясе. I вось, прагучэў вырак:
– У працоўныя Дружыны - на будову дарог, мастоў i ўмацаваньняў! Усiх! Сыча й апрышак! Да нашага наступнага загаду.
Буйныя крыкi радасьцi заглушылi шчырую падзяку Якуба.
Ваявода Фёдар зьбег з падвышэньня й абняў узрушанага былога атамана апрышак, а цяпер працоўнага дружыньнiка...
Не падзяляў агульнай уцехi толькi адзiн чалавек - Прышынскi. Прымасьцiўшыся з тылу радаснай грамады апрышак, ён курчыўся ад праймаючага страху. Цэлую ноч, седзячы ў вязьнiцы, ён надумваў, што будзе казаць на Суду. Як давядзе сваю нявiннасьць, выставiць вiнаваўцам усяго Ваяводу Фёдара й Станiслава. Давядзе, што Крыжацкую Харугву здабыў у жорсткiм баю зусiм сумленна, а грошаў нiякiх i ня бачыў... Шмат плянаў перабраў ён у галаве, i ўсе яны былi адзiн аднаго лепшыя. У марах бачыў, як Вiтаўт ласкава падасьць яму руку, як верне назад у Камянец i прызначыць тамтэйшым Войтам. А Ваяводу Фёдара кiне ў падзямельле, закутага ў кайданы, i разам зь iм таго воя, што сьведчыў пра здарэньне пад Готэсвэрдэ. Разгулянае ўяўленьне малявала яму, што абвiнавачаны Ваявода Фёдар упадзе перад iм, Войтам Прышынскiм з Камянца, на каленi й будзе малiць аб лiтасьцi, а ён, горда адвярнуўшыся, са ўсяго размаху вытне яму нагой у твар i, зварочваючыся да Вiтаўта, прамовiць: "Няма лiтасьцi, i быць ня можа, над здраднiкам i йлгуном!"...
Але, вось зараз, калi настаў час адказваць, Прышынскi здрантвеў i разгубiў усе пляны. Застаўшыся самотна на пляцоўцы падсудных, ня вытрымаў пад суровымi вачамi Гаспадара ды Высокiх Дастойнiкаў, i ўпаў на каленi зь енкам:
– Лiтасьцi... Каюся...
Канцлер iзноў выступiў уперад i прачытаў Скаргу. Яна была кароткая, але забойчая. I допыт, таксама, быў кароткi.
Прышынскi ў адчаi прызнаў сваю правiну, спадзяючыся гэтым зьмякчыць вырак. Мiж iншым разказаў i пра Платона Скабеля, якому даваў прытулак у сваiм Замку, хаця й ведаў, што ён займаецца рабункам i душагубствам...
Судзьдзi выслухалi яго споведзь моўчкi, з агiдай адвяртаючыся, каб не сустракацца зь яго молячым позiркам. На запытаньне Гаспадара, кожны з Дастойнiкаў станоўча прамовiў:
– Сьмерць!
Толькi Ваявода Фёдар, а за iм i Сенька з Пагосту, запрапанавалi пазбавiць яго маёмасьцi, ды "няхай iдзе куды хоча..."
Прышынскi з надзеяй глядзеў на Вялiкага Князя...
Вiтаўт устаў i прамовiў:
– За здраду, за хлусьню, ты мусiш памерцi!
– Не магу!...
– закрычаў бядак.
– Ваша Высокасьць, не магу!... Я жыць хачу... Лiтасьцi...
– i папоўз к падвышэньню...
– Ён ня можа сам! Занадта палахлiвы!
– у гневе ўказаў на яго рукой Вiтаўт i, зiрнуўшы на варту, загадаў: - Узяць гэту брыдоту! Зьняць галаву й закапаць у гной!...
Падхапiлi вартаўнiкi Прышынскага й пацягнулi прэч. Доўга яшчэ чулiся яго крыкi й маленьнi...
Суд скончыўся. Гаспадар, аглядзеўшыся й прыкмецiўшы Кандрата й Кiрыма, знакам паклiкаў iх да сябе. I, калi абодва наблiзiлiся, прыветна прамовiў:
– Кандрат Тур, ты ўжо другi раз паслужыў мне. А верную службу й адвагу трэба ўзнагароджваць спаўна, пагэтаму... Укленч!
I, праз кароткi час, стары шукач прыгод Кандрат Тур цалаваў руку Вiтаўта, трымаючы залаты пас i шпоры. У дадатак пайшоў маёнтак у Быстрыцы.
Кiрым з гонарам прыняў ад Гаспадара ўпрыгожаны самацветамi меч i залаты нашыйны ланцуг, але адхiлiў прапанову перайсьцi Сотнiкам у Татарскi полк пад каманду Хана Саладзiна, а зажадаў застацца пры Ваяводзе з Грозава ў якасьцi збраяносца[41].
Мiколку, з волi Вiтаўта, прыгарнуў Архiрэй Цамбляк i паабяцаў у Наваградку аддаць да навукi. Хлапец з уцехi нават забыўся й падзякаваць.
28. НА ВЯЧЭРЫ
Васiль весела падганяе каня. У празрыстым палудзенным апары ўжо адзначылiся вежы й Царкоўныя купалы Полацку. Старадаўняя сiвая Сталiца купаецца ў зеленi прысадаў i зiхацiць золатам у праменьнях вяснавога цёплага сонца. Белакаменныя муры Замку й Сабораў, ласкава, i ў той-жа час паважна, клiчуць здалёк сваiм урачыстым хараством. Сталёвым бляскам прамянее магутная Дзьвiна, i як-бы пераконвае разгуляўшуюся Палату.
Мiмаволi наплывае ў душу гордасьць i радасны ўздым. Крадком, Васiль кiдае позiрк на свае шпоры - як пышна яны блiшчаць. Здаецца, вось такая маленькая рэч - залатыя шпоры, а якога духу яны надаюць. Шчасьлiвы той, хто мае гонар iх насiць! Зь iмi прыходзяць: пашана, гонар, багацьце й упэўненасьць у самiм сабе. Васiль радуецца! А зь iм, здаецца, радуецца й увесь Сьвет.
– Ну!
– гукае ўбуджаны Драб з Копыля.
– За мной!
– i пускаецца ўскач з узгорка.
Зь лязгатам i гiкам нясуцца сьледам: збраяносец, стрэмяны й поўтузiна вояў пачоту. Вiхурой праносяцца па слабадзе й выяжджаюць к беламу гарадзкому муру.
Вартавыя ў браме пачцiва салютуюць. Дзясяцкi прыветна ўсьмiхаецца...
Дарогу разпытваць ня трэба. Васiль ведае Полацак так, як свой родны Копыль. Таму, не затрымваючыся, кавалькада выносiцца на брукаваную вулiцу й заварочвае к Верхняму Замку. Прахожыя аглядаюцца ўсьлед запаленым коньнiкам, i сэрца Васiля напаўняецца яшчэ большым гонарам (ён яшчэ не прызвычаiўся да свайго новага стану). З вокнаў, час ад часу, высоўваецца прыгожая галоўка маладзiцы, i доўга махае хусткай белая ручка, усьлед усьмехненым воям. Хай бы цяпер забачыла...