Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
На самай справе, можа, і саранкі пастаяць яшчэ трохі. А калі пасохнуць, то карані іх захаваюцца ў зямлі.
І Таня шырокім нажом выкапала ў зямлі некалькі ямак на градцы і пасадзіла саранкі.
Тыгр хадзіў паміж градак і абнюхваў іх. А потым падняў сваю вялікую галаву і глянуў угару на плот. Таня таксама паглядзела туды.
На плоце сядзеў Філька. Ён быў босы, у адной майцы, без гальштука, і твар яго гарэў ад хвалявання.
— Таня, — выгукнуў ён, — бяжы хутчэй да нас! Бацька падарыў мне сапраўдных ездавых сабак.
Але Таня не кінула капаць, рукі яе былі чорныя ад зямлі, твар ільсніўся.
— Не можа быць, — адказвала яна, — ты маніш. Калі ён паспеў гэта зрабіць? Мы ж сёння разам прыйшлі ў горад.
— Гэта праўда, — сказаў Філька. — Ён прывёў іх у горад яшчэ тры дні назад і трымаў у гаспадыні ў хляве. Ён падарыў іх мне і кліча, каб ты паглядзела.
Таня ўважліва паглядзела на Фільку.
Зрэшты, гэта магло быць і праўдай. Дораць жа дзецям такія рэчы, пра якія яны мараць. І робяць ім падарункі бацькі, як яна пра гэта чытала.
Яна кінула нож на градку і выйшла за вароты на вуліцу.
Філька жыў праз двор. Яго вароты былі зачынены.
Ён адчыніў іх перад Таняй, і яна ўбачыла сабак.
Побач з сабакамі на зямлі сядзеў Фількаў бацька і курыў. Люлечка яго хрыпела гучна, як і ў лесе ля вогнішча, а твар яго быў прыветны. Алень стаяў, прывязаны да плота. А сабакі ляжалі ўсе разам, з круглымі хвастамі, сапраўдныя лайкі. Не падымаючы вострых пыс, выцягнутых на зямлі, яны па-воўчы глядзелі на Таню.
Паляўнічы засланіў яе ад звяроў.
— Яны злыя, друга, — сказаў ён.
А Філька дадаў:
— Гэта табе не аўстралійскі сабака дзінга.
— Я добра ведаю такіх сабак, — сказала Таня. — Але ж гэта не дзікі сабака дзінга. Калі ласка, запражыце іх.
Паляўнічы быў крыху азадачаны. Запрэгчы сабак улетку? Гэта была такая неразумная забава. Але і сын папрасіў. І паляўнічы вынес з хлява лёгкую нарту і вупраж і падняў сабак на ногі. Забурчаўшы, сабакі падняліся.
А Таня залюбавалася іх прыгожай вупражжу, зробленай з сукна і скуры. Султанчыкі на галовах сабак развяваліся, як белыя мяцёлкі павейніка.
— Які багаты падарунак, — сказала Таня.
Паляўнічы быў рады пахвале сваёй бацькоўскай шчодрасці, хаця выказала яе ўсяго толькі дзяўчынка.
Яны пасядзелі ў нарце, і Таня патрымала каюр — доўгую палку з ясеню, акаваную на канцы жалезам.
Сабакі круціліся, налягаючы на заднія ногі, — збіраліся бегчы, цягнуць нарту па голай зямлі. Паляўнічы даў ім за старанне юколу. Ён дастаў з-за пазухі яшчэ дзве сушаныя рыбкі, дзве маленькія карушкі, зіхоткія на сонцы, працягнуў іх сыну і Тані. Філька пачаў гучна грызці, а Таня адмовілася. Але скончылася тым, што і яна з'ела сваю рыбку.
Паляўнічы пачаў збірацца ў дарогу. Пара было пакінуць гэты горад, дзе яго алень цэлы дзень стаяў някормлены. Ён загнаў сабак у хлеў і распрог там нарту. Потым адвязаў ад плота аленя і даў яму з далоні солі. Паклажа была гатова даўно.
За варотамі паляўнічы развітаўся з дзецьмі.
Ён падаў Тані руку, спачатку адну, потым другую, як падаюць на развітанне суседу, і запрасіў па снезе прыехаць на сабаках у госці.
Сына абняў за плечы.
— Будзь, калі зможаш, добрым паляўнічым і вучоным, — сказаў ён. — І, відаць, успомніўшы скаргі начальніка на сына, дадаў задуменна: — І насі сваю хустку на шыі, як гэта трэба.
Вось ён падышоў да павароту, ведучы аленя за повад, і павярнуўся яшчэ раз. Яго цёмны твар, нібыта зроблены з дрэва, і здалёк здаваўся прыветным. І Тані стала шкада, што ён так хутка знік.
— Добры ў цябе бацька, Філька, — сказала яна ў роздуме.
— І я яго люблю, калі не б'ецца.
— Хіба ён біў цябе калі-небудзь?
— Вельмі рэдка, і толькі тады, калі п'яны.
— Вось як! — Таня паківала галавой.
— А твой бацька хіба цябе ніколі не біў? І дзе ён? Я ніколі яго не бачыў.
Таня паглядзела яму ў вочы — ці няма там цікавасці альбо ўсмешкі. Яна ніколі не гаварыла з ім пра свайго бацьку.
Але Філька глядзеў ёй проста ў твар, і ў вачах яго была адна прастадушнасць.
— Ніколі, — сказала яна, — ён мяне не біў.
— Ты, мусіць, вельмі любіш яго.
— Не, не люблю, — адказала Таня.
— Вось як, — прамовіў у сваю чаргу Філька. І, памаўчаўшы крыху, крануў Таню за рукаў: — Чаму?
Таня нахмурылася.
І адразу ж у Фількі скончыліся ўсе словы, быццам яму адрэзалі язык. Здавалася, ніколі ўжо ён нічога не запытае ў яе.
Але раптоўна Таня пачырванела.
— Я яго не ведаю зусім.
— Хіба ён памёр?
Таня павольна паківала галавой.
— Дык дзе ж ён?
— Далёка, вельмі далёка. Можа, нават за акіянам.
— Значыць, у Амерыцы?
Таня кіўнула галавой.
— Я ўгадаў!.. У Амерыцы? — паўтарыў Філька.
Таня моўчкі павяла галавой справа налева.
— Дык дзе ж ён? — спытаў Філька.
Тоўстыя губы Фількі адтапырыліся. Па праўдзе кажучы, Таня здзівіла яго.
— А ты ведаеш, дзе Алжыр і Туніс?
— Ведаю. У Афрыцы. Значыць, ён там?
Таня зноў адмоўна заківала галавой, гэтым разам з большым сумам, чым раней.
— Не, Філька. Ведаеш, ёсць такая краіна — Марасейка.
— Марасейка? — паўтарыў за ёй задуменна Філька. Гэтая назва спадабалася яму. — Відаць, прыгожая краіна — Марасейка.
— Так, Марасейка, — ціха прамовіла Таня, — дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. Ён там.
І яна знікла ў сваім двары.
А Філька застаўся адзін на вуліцы. Ён усё больш дзівіўся з Тані. Калі казаць праўду, ён быў зусім збіты з панталыку.
— Марасейка, — сказаў ён.
Можа, гэта востраў, пра які ён забыўся за лета? Гэтыя праклятыя астравы ніяк не трымаліся ў яго памяці. Ён быў толькі звычайны школьнік, хлопчык, які нарадзіўся ў глухім лесе ў скураным будане звералова. Ну навошта яму тыя астравы!
III
Вада лілася з дзежкі ў бляшаную палівачку з такім цудоўным шумам, нібыта гэта была не старая вада, замкнутая ў гнілой дзежцы, а маленькі вадаспад, які нарадзіўся высока ў гарах пад каменнем.