ЖАНРЫ

Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне

Фраерман Рувім

Шрифт:

Так праз паўгадзіны яны паволі падыходзілі да бацькавага дома.

Дом быў крайні з усіх, дзе жылі камандзіры. Акропленае вапнай каменне ўсцілала дарожку, але і скрозь вапну выбівалася трава, крыху пабеленая на кончыках сваіх пёрак. Тут было ціха. І шкляныя дзверы былі заўсёды адчынены. Праз гэтыя шкляныя дзверы Таня заходзіла ў хату, а сабака заставаўся ля дзвярэй. Як часта Таня хацела сама застацца ля дзвярэй, а сабака каб увайшоў у дом!

А між тым у гэтым доме ўсе былі з ёю ласкавыя. Надзея Пятроўна першая сустракала Таню на парозе. Ціхая, простая ў абыходжанні, з мілым тварам, яна кратала Таню за плячо ці цалавала ў галаву, кожны раз паўтараючы:

— Ага, вось і Таня прыйшла!

І хаця голас яе здаваўся мяккім, Таніна сэрца міжволі перапаўнялася цераз край недаверам.

«Навошта яна глядзіць на бацьку, калі цалуе мяне? — думала Таня. — Ці не каб паказаць яму: „Вось бачыш, я пешчу тваю дачку, і цяпер ты нічога не зможаш сказаць мне, і яна таксама нічога не зможа сказаць“».

Пры адной гэтай думцы ў Тані адбірала мову і вочы не слухаліся яе — яна не магла паглядзець бацьку проста ў твар.

І толькі калі падыходзіла да яго, адчуваючы яго руку ў сваёй, яна спакайнела. Тады яна магла сказаць і Колю:

— Добры дзень!

— Добры дзень, Таня! — адказваў ён прыветліва, але не раней і не пазней той хвіліны, калі яна кіўне яму галавой.

Бацька ж не гаварыў нічога. Ён толькі кранаўся злёгку яе шчакі і прыспешваў абедаць.

Абедалі весела. Елі бульбу з аленінай, якую куплялі самі ў праезджых тунгусаў. Сварыліся з-за лепшых кавалкаў, смяяліся з Колі, які засоўваў цэлую бульбіну ў рот, і лаялі яго за гэта, а бацька, бывала, нават удараў яго пальцамі па носе так моцна, што нос аж прыпухаў.

— Татка, — гаварыў тады Коля, нахмурыўшыся, — што гэта за жарты! Я ўжо не маленькі.

— Сапраўды, шалапут, ты не малы, — гаварыў бацька. — Усе вы ўжо вялікія. Так проста цераз вас не пераскочыш. Паглядзім толькі, што вы заспяваеце, калі пададуць піражкі з чаромхай.

І бацька хітра паглядаў на Таню.

А Таня думала:

«Што піражкі з чаромхай, калі я ведаю, што ён ніколі не будзе мяне так любіць, як Колю, ніколі не назаве шалапутам, не ўдарыць па носе, не адбярэ лішняга кавалка! І я сама ніколі не назаву яго „дурным таткам“, як гэты нікчэмны падліза. Няўжо піражкамі з чаромхай можна мяне падмануць?»

І сэрца яе зноў сціскала крыўда.

І ў той жа час усё ёй падабалася тут. І голас жанчыны, паўсюды чутны ў доме, яе стройны стан і добры твар, звернуты да Тані заўсёды з ласкай, і бацька вялікі, з яго рамянямі з тоўстай бычынай скуры, кінутымі на канапе, і маленькі кітайскі більярд, на якім яны ўсе гулялі, пазвоньваючы жалезным шарыкам па цвіках. І нават Коля, заўсёды спакойны хлопчык з упартым поглядам вельмі чыстых вачэй, вабіў яе да сябе. Ён ніколі не забываў пакінуць костку яе сабаку.

Але пра яе, здавалася Тані, ён ніколі не памятаў, хаця хадзіў з ёю разам у школу, і абедаў, і гуляў на більярдзе. І ўсё ж ён не меў часу думаць пра яе хаця б адну хвіліну ў дзень, хаця б дзеля таго, каб ненавідзець яе так, як яна ненавідзела яго.

Дык чаму ж тады згадзілася яна пайсці з ім лавіць рыбу і паказаць мясціну, дзе бярэ лешч?

VIII

Таня любіла зоркі — і ранішнія, і вячэрнія, і вялікія лэтнія зоркі, што гараць нізка ў небе, і восеньскія, калі яны стаяць высока і іх вельмі многа. Добра тады ісці пад зоркамі ціхім горадам да ракі, каб убачыць, што і ў рацэ поўна гэтых самых зор, нібы наскрозь свеціцца імі цёмная і ціхая вада. А потым сесці на гліну на беразе, прыладзіць вуды і чакаць, калі пачнецца клёў, і ведаць, што ні адна хвіліна, адпушчаная законам палявання табе на лоўлю, не прапала марна. А світанку ўсё няма, і сонца яшчэ не хутка працягне туман над ракой. Яшчэ будуць клубіцца ў тумане дрэвы, а пасля ўжо задыміцца вада. А пакуль можна думаць пра што хочаш: пра тое, чым заняты пад кустом бурундук, ці спяць калі-небудзь мурашкі і ці бывае ім зябка пад раніцу.

Так, добра было на світанку.

Але сёння, калі Таня прачнулася, зорак было ўжо мала: адны зніклі зусім, а іншыя бледна гарэлі на краі небасхілу.

«Відаць, не будзе сёння дабра, — падумала Таня. — Коля сабраўся з намі».

І тут жа пачула яна стук. Гэта ў акенца стукнуў два разы Філька.

Таня ў цемнаце апранула сукенку, накінула на плечы хустку і, расхінуўшы акно, саскочыла проста ў двор.

Філька стаяў перад ёю. Яго вочы ў бледных прыцемках былі дзіўнага колеру, блішчалі, як у шалёнага, а вуды ляжалі на плячы.

— Ты што так запазніўся? — спыталася Таня. — Увечары чарвякоў не накапаў?

— А ты паспрабуй накапай іх у горадзе! — хрыпла сказаў Філька. — Яшчэ не позна, якраз прыйдзем.

— Так, — сказала Таня, — з чарвякамі ў нас кепска. Вуду маю ўзяў?

— Узяў.

— Дык пойдзем? Чаго чакаць!

— А Коля? — запытаў Філька.

— А, Коля! — І Таня нават паморшчылася ў цемры, быццам зусім забыла пра Колю, быццам не ўспамінала пра яго ў тую самую хвіліну, калі прачнулася і паглядзела ў акно на зоркі. — Мы пачакаем яго ў завулку на набярэжнай, — сказала яна і ціха свіснула свайму старому сабаку.

Той нават не зварухнуўся пад сенцамі, не перамясціў нават лапы. Толькі зірнуў на Таню, нібы хацеў сказаць ёй: «Хопіць! Хіба мала я хадзіў з табой улетку на рэчку за рыбай, зімой на каток, і хіба не я так часта цягаў у зубах твае канькі! А цяпер досыць. Ты падумай толькі, куды я пайду ў такую сляпую рань!»

І Таня зразумела сабаку.

— Добра, — сказала яна, — ляжы.

«А можа, кошка пойдзе?»

Таня клікнула:

— Казак!

Кошка паднялася і пайшла разам са сваімі кацянятамі.

— Нашто яна табе? — спытаў Філька.

— Маўчы, маўчы, Філька, — сказала Таня. — Яна лепей за нас з табой ведае, чаго мы ідзём на раку.

І яны пайшлі, усё паглыбляючыся ў раніцу, як у чароўны лес, што вырастаў перад імі раптоўна. Кожнае дрэўца ў гаі здавалася клубам дыму, кожны дымок з коміна ператвараўся ў мудрагелісты куст.

На рагу, каля спуску, яны пачакалі Колю.

Ён доўга не ішоў, і Філька дзьмухаў сабе на рукі: холадна было ўначы здабываць чарвякоў — капацца ў астылай зямлі.

А Таня са зларадствам маўчала. Але і яе азяблая постаць з голай галавой, тонкімі валасамі, якія ад вільгаці закруціліся ў кольцы, нібыта гаварылі: «Вось паглядзіце, які ён, гэты Коля».

Нарэшце яны ўбачылі яго. Ён выходзіў з завулка. Ён зусім не спяшаўся. Ён падышоў, гучна тупаючы нагамі, і зняў вуду з пляча.

— Выбачайце, калі ласка, — сказаў ён, — я спазніўся. Учора мяне зацягнула да сябе Жэня. Яна паказвала мне розныя рыбы. Толькі трымае яна іх у акварыуме. А ёсць прыгожыя. Адна ўся залатая з доўгім чорным хвастом, падобным на сукенку. Я заглядзеўся на яе… Так што даруйце мне, калі ласка.

Поделиться с друзьями: