Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты
Шрифт:
“Усё сваё жыцьцё мы не набываем сяброў, а толькі страчваем іх”. Мы ня цэнім іх, пакуль яны побач, і пачынаем разумець, што яны значылі для нас, толькі калі яны далёка, альбо іх ужо няма.
Па сваёй натуры чалавек – істота статкавая. Маўглі губляюць сваю чалавецкасьць за некалькі гадоў і так ніколі потым яе і не набываюць.
Шчасьце і адзінота – несумяшчальныя. Адзінокі можа быць шчасьлівым толькі калі ня ведае, што недзе ёсьць іншыя людзі.
Хрыстос у пустэльні ня быў адзінокім.
Адам у раі да зьяўленьня Евы ня быў адзінокім. Што ёсьць адзінота, Ён зразумеў не тады, калі Яна зьявілася, а калі Яна на хвілю зьнікла з вачэй.
Адзінота і ёсьць пекла на зямлі.
Адзінота – шырокая рака, што паўстае раптам на тваім шляху і не абыйсьці яе, не пераплыць. Застаецца толькі чакаць Харона, які перавязе цябе на другі бераг.
Якім жа адзінокім будзе апошні чалавек на планеце Зямля!
3a.
Дзяўчына чытала нейкі раман. Нібыта ўважліва. Стаха ж па-ранейшаму, нат краем вока, не заўважала. Мо і ня бачыла зусім? Не, як хутка ён, аказваецца, забыўся – падышоўшы да яго, яна спынілася і спытала: “Тут сямнаццатае месца?” Прыгожым танклявым і разам крыху грудным (мо яшчэ не астылым ад нядаўняе жарсьці разьвітаньня) голасам спытала і сьлізганула па ім кароткім і вопытным (так-так, вопытным – Стах гэта адразу адчуў) поглядам. Імгненна ацаніла, ня ўтойваючы сваёй цікаўнасьці, ён нават уціснуўся глыбей у крэсла пад гэтым рэнтгенаўскім позіркам, дачакалася маўклівага кіўка галавой, і паставіла сумку каля крэсла. Стах злавіў сябе на тым, што ўвесь гэты час, як зачараваны, як заяц, загіпнатызаваны рухамі зьмяі, ня можа адвесьці вачэй ад дзяўчыны, а яна, заклапочаная хіба тым, што пад вакном стаіць яе каханы, спакойна села і падняла разьвітальна маленькую далоньку...
Стах адкінуў сьпінку крэсла, разьняволіўся, бы сабраўся спаць. Але і ня бачачы дзяўчыну, адчуваў яе блізкасьць. Ён хутка стаміўся паўляжаць гэтак. Яму было нязручна, бо ўсё цела напятае, бо ўсім левым бокам ён лавіў прысутнасьць дзяўчыны. Яму стала горача. Ён адарваў сьпіну ад крэсла, сеў, стамлёна паклаўшы рукі на калені, потым вырашыў зьняць пінжак. Зьняў і адчуў, што ў аўтобусе прахалодна, нават холадна. Стала лягчэй. Бакавым зрокам згледзеў, што і дзяўчына неўпрыкмет, цішком назірае за ім. Быццам чытае, аднак... Стах яшчэ раз прыкінуў, як спакусьліва-далёка аголеныя яе ногі: спаднічка, калі дзяўчына села, зрабілася яшчэ карацейшай. Кароткая спадніца – мода. Ды і лета на двары – сярэдзіна чэрвеня. Дзяўчына, пэўна, была старэйшая за яго. Гады на два. Ня болей. І прыгожая... Стах пераканаўся ў гэтым яшчэ раз. Русявыя валасы да плячэй, вялікія вочы, крыху выцягнуты твар, сьвежая-сьвежая скура – нібы ня вечар на вуліцы, ня ноч. Маленькае вушка – дзіцячае проста. Бачыў Стах яе ў профіль і яму неймаверна моцна захацелася пацалаваць яе ў крыху прыўзьняты, бы ва ўсьмешцы Моны Лізы, куточак пульхных вуснаў. Пульхных – разагрэтых нядаўнімі пацалункамі – вуснаў.
Стах зноў заплюшчыў вочы, каб пастарацца забыць пра дзяўчыну. Апошнія тыдні ў яго былі надзвычай трывожнымі: яму трэба было здаць усе іспыты на “выдатна”, каб атрымаць павышаную стыпендыю, бо бацькі асабліва не маглі дапамагаць яму вучыцца. Здаў, на апошнім, які быў сёнь-ня, парваўшы троху нерваў. “Гісторыя КПСС” давалася яму з цяжкасьцю. А тут яшчэ тэма: “Роля асобы ў гісторыі”. Ніякая яна, гэтая роля, калі меркаваць па марксісцка-ленінску: усё вырашаюць масы. Ён не пагаджаўся з тым. А Аляксандр Македонскі, а Напалеон, а сам Ленін, урэшце... Масы ж – быдла, статак, хай сабе і такі абучаны, як войска ці дысцыплінаваны, як партыя... Аднак мусіў адказваць так, як патрабаваў падручнік. Выкладчык заўважыў слабінку, раскусіў яго і крыху пазьдзекаваўся “наваднымі” пытаньнямі. Але “пяцёрку” паставіў. Стах вылецеў з аўдыторыі і адразу кінуўся на вакзал па квіток. У Менску заставацца не хацелася больш ні дня. Квіткі былі толькі на гэты – начны рэйс.
Стах расплюшчыў вочы. За вакном – цемра, суцэльная чарнота, пэўна, лес. Але калі зірнуць наперад, можна ўбачыць, як фары асьвятляюць-выхопліваюць край дарогі, як імкліва нясецца аўтобус. Белыя начныя матылькі разьлятаюцца перад ім, як адзінокія сьняжынкі. Стах вярнуў позірк у салон. Квола-жоўтае сьвятло на падлозе ледзь пазначала праход, большасьць пасажыраў спала. Чыталі яшчэ двое – бачна было гэта па сьвятле, што падала на іх зьверху. Дзяўчына таксама быццам драмала: загорнутая кніга ляжала на каленях і вялікі палец левай рукі быў у ёй закладкаю. Галаву дзяўчына паўадвярнула ад Стаха – і валасы адкрылі вушка, агалілі край шыі, тое асаблівае мейсца ў жанчын, што пад вухам – аксамітна-пяшчотнае, вабнае – гледзячы на якое, Стах заўжды нямеў, млеў ад замілаваньня, і сэрца ягонае пачынала вырывацца з грудзей...
Дзяўчына ня спала. Стах бачыў гэта па тым, як зьлёгку ўздрогвалі ёйныя павекі, па той асаблівай напрузе твару, якой не бывае ў людзей, што сьпяць. Але – як яму карцела дакрануцца да яе, нахіліцца над ёю і... Не, не, не... Трэба супакоіцца. Што тут такога. Чужая дзяўчына. Хай і побач. Чужая!.. Чужая?.. А што, калі паддацца гайданьню аўтобуса, даць волю сваёй левай назе... і прытуліцца на імгненьне да такой блізкай, такой даступнай, такой спакусьлівай нагі дзяўчыны...
І што яму гэтак далося калена дзяўчыны?.. Чым яно яго прываражыла? Што ў ім такога спакусьлівага? Блізкае, даступнае... Хіба што. Ну ты даеш! Даступнае... А па мордзе не хацеў? Але... Але – як бязвольна пагойдваецца нага дзяўчыны, крыху адстаючы ад калыханьня аўтобуса. І спыняецца ў нейкім міліметры ад ягонай нагі. Яшчэ трошкі, яшчэ... Дапамагчы? Не, не, не...
Ніколі раней не жадаў Стах нічога падобнага, хоць амаль год ад’езьдзіў у “самых сэксуальных у сьвеце” – так пісала адная газета – менскіх аўтобусах і тралейбусах, вечна перапоўненых у “гадзіны пік”. Людская хваля часта прыбівала-прыціскала яго да вабнага дзявочага цела, але ён стараўся адсунуцца, саромеўся, а тут… Колькі разоў у такіх вось начных экспрэсах ён ехаў разам з файнымі дзяўчынамі, бывала і знаёмымі, але ніколі, ніколі не апаноўвалі ім такія думкі, такое неспатольнае, нясьцерпнае жаданьне.
Няўжо, няўжо прыйшоў ягоны час?..
Стах расплюшчыў вочы – твар дзяўчыны паружавеў, пакруглеў, быццам яна відочна паправілася. Заснула, пэўна, заснула…
І тады Стах зрабіў выгляд, што паварочваецца да вакна. Няёмка так, няспрытна. І пры павароце – міжволі! – зусім таго не жадаючы, проста па неасьцярожнасьці, крануўся сваім каленам нагі дзяўчыны...
3б.
Калі прыходзіла цемра і бабулькі, перамацаўшы бяззубымі ртамі дзённыя падзеі, разыходзіліся, сагрэтыя імі лавачкі займалі хлопцы і дзяўчаты. І распачыналі новыя гульні, у якіх ня зьмест быў важным, ня сэнс. Галоўнае, на лавачках можна было сядзець побач з дзяўчатамі, а лавачкі заўсёды былі кароткімі, мейсца ўсім не хапала – цяснота неймаверная. Цяснота салодкая... Чутно, як тахкае сэрцайка тваёй суседкі, як дрыжыкі праходзяць па ейным целе... А можна, быццам неўпрыкмет, абняць яе за плечы, за талію – цесна ж, няма куды рукі падзець: такая дробная хлапечая хітрасьць. Дзяўчына заўважыць, сьцепанецца, крутнецца, каб адсунуцца, але – куды ж падзенешся – цяснота, і здасца...
А колькі гульняў было цудоўных, “лавачных”. “Садоўнік”... “Я садоўнікам назваўся, не на жарты раззлаваўся, усе кветкі мне абрыдлі, апроч... апроч (выбірай!!!)… апроч васілька...” “Васілёк” адгукаўся – усе бралі сабе імёны кветак, а калі зазяваўся поруч з суседачкай, табе – фант. І сканчалася ўсё тым, што за фанты хлопцам і дзяўчатам прызначаліся розныя выпрабаваньні, самым цяжкім (і частым!) сярод якіх было – пацалавацца... Так і Стах некалі ўпершыню ткнуўся вуснамі ў вусны дзяўчыне. Яго выбрала на год меншая суседская Нінка. Наўмысна. Ён няўмела і саромеючыся – хоць і цёмна, але здаецца, што ўсе ўсё бачаць – падставіў твар, і яна гэтаксама нясьмела і ня дужа ўмела чмокнула яго: а што ж – фант такі выпаў...
А вось жа, памятаецца – было ў тых гульнях столькі чысьціні і непасрэднасьці! І ні каліва бруду. Нават той жа Сёмка-Гец хацеў здавацца лепшым, чым ёсьць, і матам пры дзяўчатах ня лаяўся ніколі.
Адсюль, з такіх гуляў, Стах некалі ўпершыню правёў дахаты дзяўчыну. Каго? Вядома ж, Нінку. Выбар у яго быў ня дужа вялікі. Зрэшты, чаму ж. Выбар быў. Асабліва ўлетку, калі да бацькоў прыязджалі на адпачынак з гарадоў нядаўнія вяскоўцы са сваімі дзецьмі. Тады вёска ажывала. Доўгімі вечарамі мужчыны зьбіраліся на лавачках перакінуцца ў “дурня”, бабы – папляткарыць, а дзеці пагуляць пакуль відно – у “пікура”, у “клёца”, у “штэндара”... а калі сьцямнее – у “садоўніка”...
Зьбіраліся звычайна бліжэй да цэнтру вёскі, паблізу той самай пусткі. Большыя хлопцы ў гульні ня ўдзельнічалі, стаялі збоку, пакурвалі і зіркалі на дзевак. Чакалі пакуль скончацца гулі, каб потым разабраць дзяўчат. Стах, скажам, сядзеў каля аднакласьніцы Галі – пругкай, гарачай... і ведаў, што вунь стаіць Алік Атаманаў, які нярвова чакае яе, а Галя нібыта стараецца аддаліць той момант, калі пойдзе з Алікам, дазваляе Стаху прыціснуцца да яе... Яна хітрыць... Дзяўчаты ўвогуле хутчэй за хлопцаў робяцца дарослымі, а ў вёсцы – тым болей. Мажліва таму, што страх працягу роду да іх прыходзіць раней...