Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты
Шрифт:
Ранак халодзіць змакрэлыя штаны: Стах так і не “ўзяў” яе – забыўся, зацалаваўся... Нічога, будзе новы вечар. Цяпер – будзе...
Шчасьце – хіба ж можна схаваць яго ад маці, якая ўжо ня сьпіць, зьбіраецца ісьці даіць карову:
— Дзе ты да самага ранку валэндаўся? — буркліва.
Дзе-дзе... Нідзе-е... Апусьціўшы вочы, затуліўшы твар, моўчкі – у ложак.
Спаць... Але хіба ж тут засьнеш...
7б.
Спаць?..
Што ты кажаш, які сон, калі побач, у лічаных міліметрах, такое жаданае, чаканае... Ірына адказвала на пацалункі – то млява, то горача... Але завісчэлі тармазы, аўтобус пахіснуўся на рэзкім павароце і павольна падкаціўся пад павець чарговае аўтастанцыі. Пасажыры заварушыліся, і Стах, ня маючы сілаў заставацца ў салоне, выйшаў на вуліцу, на прахалоду, каб крыху астыць.
Ён вырас у такіх умовах, што жанчыны здаваліся яму боскім стварэньнем: нечым чыстым, сьвятым. Ён абагаўляў жанчыну. Гэтак яго выхоўвалі. Хіба можна такую слабую і такую пяшчотную істоту крыўдзіць? Гвалтам дамагацца ад яе чагосьці? Аказваецца, можна. Часам, яна і сама таго хоча. І падштурхоўвае, спакушае мужчыну. Жанчыны – найвялікшыя здраднікі. Вось і гэтая: пару гадзінаў таму тулілася да заручонага, з якім праз тры тыдні вясельле, а цяпер цалуецца з першым сустрэчным, з чужым, абсалютна невядомым, незнаёмым, выпадковым чалавекам... Псі-хо-лаг называецца... Як так можа быць? Як можна ўсім ім пасьля гэтага верыць?..
Разам са Стахам з аўтобуса выйшаў толькі адзін мужчына гадоў сарака – стаяў каля дзьвярэй, паліў прагна, узацяжку, але нясьпешна. Астатнія пасажыры спалі альбо сонна вызіралі ў вокны і пацепвалі плячыма ад уяўнага холаду. Стах падыйшоў да мужчыны і папрасіў цыгарэтку. Той нехаця палез у кішэню тэніскі, дастаў пачок, зазірнуў у яго і сказаў: “Апошняя... А апошнюю...”, – Стах не даслухаў яго, ён і не хацеў паліць, ня ўмеў, і не паліў ніколі апроч аднаго выпадку ў першым класе, калі яны з сябрам купілі ў краме на сэканомленыя дзесяць капеек пачок “Паміру” – падманулі прадаўшчыцу: “бацька папрасіў” – і выкурылі яго ўвесь пасьля школы ў прысадах. Ён памятае, як прыплёўся дамоў, кінуў ранец, залез на печ, дзе заўсёды па восені вісела цыбуля, зьеў адну – каб мама паху не пачула – і адключыўся: усё, больш нічога не памятае. І пасьля таго ён ніколі не спрабаваў паліць. Ад адное думкі пра гэта ў горле падымаўся непрыемны камяк і яму рабілася брыдка. А цяпер вось – закурыў бы. Ды – няма...
Так, ён зараз вернецца ў аўтобус да Іры. Яна чакае яго. Прызнаецца сабе ў тым ці не, але – чакае. Трошкі нахабства – і яе можна браць голымі рукамі, трошкі нахабства – і яна твая. Альбо – ты яе. Ня трэба скідваць гэтага з рахунку. Яна – львіца. Яна – гаспадыня: царыца... Толькі – ніякіх сумненьняў, ніякіх ваганьняў. Усе гэтыя львіцы – проста коткі, ласкавыя кошачкі. Непрыступна-даступныя. Крэпасьці з высачэзнымі сьценамі і расчыненымі насьцеж варотамі. Ня кідайся, ня лезь на сьцены, зайдзі ў дзьверы...
Але ж – страціць нявіннасьць у аўтобусе, у антысанітарных умовах...
У аўтобусе, які нясецца з хуткасьцю сто кіламетраў у гадзіну...
Рамантыка...
З гэтай прыгожанькай сучкай...
Бы пад плотам...
7в.
Могілкі пачынаюцца з аднаго крыжа. Першага. Адзінага. Адзінокага. Але ў іх яшчэ ўсё жыцьцё наперадзе. І будуць яны густымі ад крыжоў і цеснымі ад сьвежых магілаў. Будуць.
А ці бачылі вы могілкі, якія паміраюць?
Жудасная зьява.
Так бывае, калі спачатку памірае вёска, з якое на гэтыя могілкі людзей везьлі спачываць.
Моладзь вёску пакідае, застаюцца толькі старыя, якія нібыта па пэўнай чарзе, паступова, перабіраюцца пад рыжыя сосны суседніх могілак. І тады могілкі, са сьвежымі магіламі, з дагледжанымі сваякамі магілкамі, здаюцца больш жывымі, чым вёска, дзе даўно пахіліліся, абрасьлі мохам платы, дзе ўтравела вуліца, дзе зарастаюць сьцяжыны да калодзежаў, дзе абсыпаюцца і гніюць несабраныя нікім яблыкі і грушы ў садах, дзе дзічэюць пакінутыя гаспадарамі на галодную сьмерць каты і сабакі...
А ці бачылі вы, як паміраюць чарнобыльскія вёскі? Не, ня тыя, дзе выкапалі вялізныя ямы і ссунулі ў іх хаты бульдозерамі. А тыя, што засталіся за калючым дротам на радасьць марадзёрам, дзяжурным міліцыянтам, зьбеглым зэкам, бамжам, і проста адпрэчаным Богам людзям... Гаспадары думалі, што вернуцца сюды праз дзень, тыдзень, месяц – так ім тлумачылі. Зачынілі хаты са звычайным скарбам на замкі, а з сабою ўзялі толькі дакументы...
За першы год зарасьлі бур’яном і пустазельлем незасеяныя па вясьне агароды – “соткі”. Вокны ў хатах выбітыя, вырваныя “з мясам” замкі. З пакояў вынесенае ўсё: тэлевізары, лядоўні, сталы, ложкі... і вывезенае куды – у “чыстую зону”, кім – тымі ж міліцыянтамі, марадзёрамі, бамжамі... Зьедзеныя ўсе прыпасы, што пакінулі гаспадары – бульба, збожжа, сала... У пошуках прыхаванага самагону ўзламаныя падлогі...
За другі год на селішчах зарасьлі ўсе сьцяжыны да хлявоў, да пограбаў, да сьцёпак, да лазьняў... Трава цесна абступіла асфальт, што пакладзены пасярод вуліцы. З некаторых хатаў ужо зьняты – тымі ж людзьмі: дайшлі рукі – і прапіты шыфер, правальваюцца дахі, абсыпаюцца ад сырасьці столі, развальваюцца печы, грубкі...
За трэці год кустоўе, якога летась яшчэ не было відаць з высокае травы, пачынае тырчэць паверх яе і пераходзіць у свой пераможны наступ ад платоў – да хатаў і дарогаў. Слупы, як клічнікі, чарнеюць уздоўж вуліцы – дрот з іх зьняты і прапіты. Вецер гуляе ў расхрыстаных хатах без рамаў, без дзьвярэй, дождж залівае іх, сьнег засыпае іх...
Людзям сюды ўжо можна не вяртацца – лепш будавацца на новым месцы. І добра яшчэ, калі сухім летам не пракоціцца пушчаны чыёсьці злою рукою (а можа, і добраю, бо няма сілаў глядзець, як рабуецца і разбураецца – памірае – вёска) сьляпы і бязьлітасны пажар – тады застаюцца тут толькі ўчарненыя цагляныя сьцены ды коміны...
Зрэшты, час няўмольны, і – адныя цагляныя сьцены ды коміны застануцца тут праз пятнаццаць гадоў. Зрубы асунуцца ўніз, згніюць, сатлеюць без догляду, маладыя дрэўцы цесна абступяць былыя котлішчы і толькі цэгла з-за іх чырванее, як кроў, толькі крэйда бялее, як бінты на месцы ранаў нядаўняга селішча. Па асфальтаванай дарозе, аброслай кустоўем і ладнымі дрэўцамі акацыі, можна заехаць ці зайсьці глыбока ў памерлую вёску, а зьвярнуць на неасфальтаваны завулак, па якім хадзілі некалі людзі, на якім гуляла ў пяску дзятва, ужо нельга – няма яго...
8a.
Справядлівасьць і праўда, гонар і сумленьне – для Стаха былі ня проста словамі, а сэнсам жыцьця. І пакуль ён быў малым, пакуль ён жыў у вёсачцы, яму ўдавалася ня толькі самому ня здраджваць гэтым прынцыпам, але і патрабаваць таго ад іншых. Дарослыя “падыгрывалі” яму, і да пары да часу ён ня бачыў, ня ўмеў бачыць падману, хітрасьці, хцівасьці, здрады. Ён верыў усім. І толькі пазьней пачаў разумець сваю наіўнасьць, сваю піянерска-камсамольскую шчырасьць, што не падобны гэтым да іншых, і што яму цяжка будзе жыць правільна ў гэтым няправільным сьвеце.
Першае расчараваньне, першы падман, зразуметы Стахам – запомніўся. Дзядзька Віця паабяцаў, што возьме яго на рыбалку. Ён сам напрасіўся, і дзядзька сказаў: “Ідзі пасьпі, а я цябе раненька разбуджу”. Стах паверыў і заснуў. А прачнуўся, калі ўжо ўзыйшло сонца. Зразумеў, што яго пад-ма-ну-лі і заплакаў.
Але гэта быў яшчэ не падман, хоць Стах моцна перажываў. Падманы і здрады былі потым, наперадзе. Сяброў і... жанчын... – тых, ад каго гэтага не чакаеш...
Тым ранкам, пасьля той ночы пацалункаў, Стах так і не заснуў. Праваляўся ў ложку колькі гадзінаў з неспакойным сэрцам, з вобразам Іркі ў вачах: змружыш павекі – і вось яна, тут... Прагныя вусны, трапяткое цела... Хіба ж засьнеш?..