Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты
Шрифт:
Стах жа, нават калі заставаўся з дзяўчынаю сам-насам, баяўся абняць яе, а ня тое што пацалаваць.
Тую дзяўчыну, пэтэвэшніцу, звалі Ірка... Таксама, дарэчы, Іра. Бывае ж такое, што па жыцьці суправаджаюць жанчыны з адным і тым жа імем. (Гэта потым яго вучыў старшакурсьнік-клоўн, што каханку трэ выбіраць з імем жонкі: тады ў ложку не памылішся...) Ірка мужна, штовечар, выхадзіла з ім колькі тыдняў – самае большае за руку патрымацца ды ў вочы пазазіраць – слухаючы расповяды пра зоркі, пра цікавосткі жыцьця вясковага, пра сьмешныя выпадкі са Стахавага такога кароткага вопыту... і нарэшце не вытрывала і сказала яму пры разьвітаньні: “Ты мне падабаешся...” Для яго гэта было нечакана, але не зьдзівіла: а як жа іначай, калі яны столькі часу “ходзяць”... І яна яму таксама падабаецца... Яны стаялі каля падворку яе бабулі, і ён моўчкі лыпаў на Ірку, не выпускаючы ейныя рукі, сьціскаючы іх усё мацней і мацней. І тады яна вызваліла рукі, прыгарнула яго да сябе і пацалавала. Лёгка, аднымі сухімі вуснамі. У цішыні пачулася: “Па-а-а...” – чмокнулі яе губы... Цалуючы, Ірка ўкалола-кранулася яго пругкімі ў станіку ўзгоркамі сваіх грудзей, і ён ледзь не самлеў ад гэтага дотыку. А яна прашаптала: “Бывай...”, і пабегла дамоў.
6б.
Такім чынам, яна назвалася Ірай. Ён – Стахам (“Якое незвычайнае імя!” – Караткевіча, відаць, не чытала). Яна ехала праведаць бабулю, у якой некалі жыла кожнае лета. Вёска яе была далекавата ад ягонай – у іншым раёне. І бачыцца яны раней ніяк не маглі. Праводзіў яе жаніх, з якім яна заручылася і ў ліпені будзе вясельле. Іра і сапраўды студэнт-ка – перайшла на апошні курс. Вучыцца ня любіць. Лічыць, што ўся кар’ера для жанчыны – удала выйсьці замуж. Разумна. Выгадна. Будучы муж – сын дыпламата і сам стане дыпламатам... Стах слухаў яе і адразу забываў, што яна кажа, бо словы цяпер нічога ня значылі. Ён не заўважыў, як яе рукі апынуліся ў ягоных. Ён трымаў іх – маленькія, кволыя, цёплыя – і ня мог натрымацца. Ён кахаў яе – так, кахаў, хіба для гэтага трэба шмат часу? – гэтую чужую жанчыну. Ён пакахаў яе з першага погляду, яшчэ там, на пероне, калі праходзіў паўз іх з хлопцам у аўтобус. Ён тапіўся цяпер у ейных бліскучых, вільготных, вялікіх вачах, у якіх прабягала сьвятло рэдкіх сустрэчных. Стах паднёс яе рукі да вуснаў і пацалаваў. Ён дзівіўся сабе: раней ніколі ня змог бы адважыцца на такую сьмеласьць. Іра дрогнула – страпянулася так тонка, быццам нябачная хваля прабегла па ейным целе – але рукі не забірала. І Стах адчуў сябе зусім хлопчыкам у параўнаньні з гэтай жанчынай, з гэтай ільвіцай, якая ў любы момант можа яго разарваць на кавалкі, можа ўзьняць, узвысіць, а можа апусьціць, выкінуць, зруйнаваць, зьнішчыць... Стах разумеў, што і яна гэта ведае, што ягоны лёс, ягоная будучыня цяпер у гэтых маленькіх руках, якія ён трымае ў сваіх. Яна ўжо адчула, што можа дыктаваць яму ўмовы, і ёй гэта спадабалася: чаму б не пагуляцца з нявопытным шчанючком... Ноч, глухая ноч. Іх двое. Ён хваравіта гарыць, палае. Людзі вакол для яе – ня больш чым манекены, антураж, ён жа іх увогуле не заўважае. Мілы, наіўны вясковы хлапчук, які, напэўна, у жыцьці яшчэ нічога ня бачыў, толькі што вырваўся ў сьвет са сваёй вёсачкі... Чаму б не завесьці яго... Тым больш, што ноч, сумна і спаць ня хочацца, тым больш, што ў любы момант гульню гэтую можна перапыніць...
Стаха прываражыла гэтая жанчына, як ніхто раней, ён не валодаў сабою, ня мог спыніць сябе, нібыта і сапраўды прыйшоў ягоны час. Яна была так блізка і здавалася такой даступнай. Яму хацелася большага і большага... Ён закахана глядзеў у яе вочы, і яна разумела, што гэта не акцёрства, не гульня, што гэта шчыра, што і ў яе, мусіць, такога яшчэ не было і наўрад ці калі будзе... І яна таксама моўчкі, крыху стомлена, пазірала ў ягоныя вочы, якія глядзелі шырока-шырока... Крыху стомлена глядзела, але быццам бы дазваляльна-заахвочвальна... Прынамсі, яе бліжэй, адчуў ейнае цела – яно зноў страпянулася, затрымцела, чуйна напялася, як леска, калі рыбіна кратае нажыўку... Вочы яе яшчэ больш заблішчэлі, пакрыліся туманам... Пажадай? Жаданьнем? Прагай?.. Стах ня думаў пра гэта. Ён думаў толькі: “Якая ж ты прыгожая, Ірынка...”, і праз паўзу: “Як жа я цябе хачу...”
Іра раптам адабрала ў яго свае рукі, адсунулася на край крэсла, грубавата адштурхнула ад сябе – і настойліва, працяжна, бы зьмяя ў мульціку, прашаптала: “Сьпі-і-і!” Стах не зьдзівіўся гэтай нечаканай перамене. Са свайго невялікага вопыту ён ведаў ужо, што гэта своеасаблівая лакмусавая паперка: праверка мужчыны на трываласьць, што гэта і ёсьць дазвол жанчыны ісьці далей, пераступаць мяжу... Ён пяшчотна абхапіў яе галаву, прыцягнуў да сябе і пацалаваў гарачымі вуснамі ў шчаку, у вусны, у шчаку, у вушка, вушка, вушка... Прагна, па-даросламу, як не цалаваў яшчэ нікога.
— Сьпі-і, сьпі-і, — шаптала яна, і дыханьне яе зьбівалася, — сьпі-і..., — бо вусны ня слухаліся яе і лавілі ягоныя, — сьпі-і..., — і грудзі шалёна, адчайна ўздымаліся, — сьпі-і...
6в.
Асалода – гэта самападман.
І каханьне – самападман.
Любое імкненьне шукаць асалоду – хвароба. Але любое імкненьне атрымаць асалоду ёсьць нармальная зьява, незалежна ад таго, якім чынам гэтая асалода даецца. Няма нічога забароненага. Як можна забараніць тое, ад чаго чалавеку добра? Галоўнае, каб пры гэтым было добра кожнаму паасобку і ўсім разам. І ніякога гвалту. Ні над кім. Ніколі. Усё толькі па згодзе.
І тады любыя спосабы і любыя варыянты атрыманьня асалоды мажлівыя. Рознаполыя, аднаполыя, калектыўныя...
Толькі – ні кроплі прымусу, зьдзеку, гвалту, падману, хітрыкаў. Усё па добрай згодзе: “Табе “калясо” і мне “калясо”...
Вам добра? Ну дык – “упярод”.
Стаха ж цікавілі выключна жанчыны. Яго задавальняў толькі адзін варыянт: мужчына+жанчына. Ён шукаў яго. І гэта было адзінае, што жыцьцё магло супрацьпаставіць ягонай самоце. Жанчына не давала яму быць адным. Адзіным – так, але не адным... Жанчыны – вось што ўрэшце рэшт разьбіла ягонае ўяўленьне пра адзіноту. Пакуль ёсьць жанчыны – ён не самотны...
І цягнецца адная адзінота да другой. І разам ім добра.
Жанчыне добра – пакуль добра, пакуль ідзе “працэс трэньня”. Мужчыну добра – пакуль ня выштурхне з сябе семя. Жанчына схопіць імпульс звышдобрага і зноў вяртаецца да ранейшага – да проста добра. І так да бясконцасьці. І ў любы момант гэтай даброты яна можа адпіхнуць мужчыну, устаць, абцягнуць спаднічку, паправіць прычоску, падфарбаваць вусны, і як ні ў чым ні бывала сысьці... Жанчына можа не заўважыць “разрыву”, перайсьці ад стану трэньня да стану спакою амаль імгненна. Гэтаксама лёгка яна можа падняць спаднічку, растуліць ногі і быць гатовай прыняць порцыю асалоды...
Жанчына больш дасканалая істота, чым мужчына, бо менш тонкая.
Жанчына адзінокая заўсёды. І да таго, і пасьля. Адзінокая і няшчасная. Падманутая сама сабой. І найбольш адзінокая яна якраз тады, калі носіць у сабе другое – новае – жыцьцё...
Мужчына ж не супакоіцца, пакуль ня выкіне з сябе семя. Ён будзе страшэнна пакутаваць, калі гэта не здарыцца, пакуль гэта не здарыцца. А калі ўсё адбудзецца – гэтчаснае расслабленьне, млявасьць, санлівасьць, абыякавасьць. У аднаго бывае так пасьля першага разу, у другога хай сабе і – дзясятага... Але бывае абавязкова. Ізноў мужчыну агортвае адзінота. Яшчэ большая, чымсьці да таго. І пачуцьцё віны. Без віны вінаватага...
Ці не таму, што Бог выгнаў Адама з Раю пасьля першага, самага першага, спазнаньня жанчыны.
7a.
Наступным разам Ірка вучыла Стаха цалавацца. Ноч была не па-летняму чорнаю і ярка-зорнаю. Проста над ягонаю, пахіленаю ў пацалунку, галавою вісела сузор’е Ліры і Вега была зьдзіўлена-вялікаю, велізарнаю, бы зоркавае вока, што бачыць усё, вялізнаю, як срэбны рубель, як асалода, як шчасьце ніколі не каштаванае ім у такой колькасьці.
Было хваляваньне, быў мандраж, быў, нарэшце, сорам. Але толькі напачатку. Потым усё забылася. З мулкай лаўкі яны ўпалі на мяккую, халодную, яшчэ ня росную траву, качаліся па ёй і Стах, калі быў зьнізу, і калі шырока расплюшчваў вочы, бачыў толькі аграмадную Вегу, што бессаромна зазірала проста ў ягонае нутро. Вялізная, як сонца, Вега – сімвал ягонага шчасьця. Першы пацалунак: паэма і няскончаны, скамечаны вершык – разам... Вусны ня слухаюцца, вусны драўляныя, вусны нічога ня ўмеюць, вусны сухія-сухія, гарачыя-гарачыя...
Ірка была непадобнай да сябе. Нястрымнаю, палкаю, шалёнаю... Яна літаральна ўпівалася, усмоктвалася ў яго, рассоўвала языком вусны, трапятала ў руках, білася, як рыбіна... Потым супакойвалася, і, лежачы пад ім, вучыла, як цалавацца “па-школьнаму” – цнатліва... “як муж з жонкаю”... “як з каханкам”... проста – “узасос”... Затым па “Камасутры” – пацалунак “лёгкі”... “паветраны”... “трапяткі”... Ён не дзівіўся – адкуль яна гэта ведае, ён ня думаў ні пра што, ён бачыў толькі яе, нават нічога не бачачы...
Цемра – вочы заплюшчваць ня трэба, а вочы заплюшчваюцца самі і шныпараць па тваім нутры і зьдзіўляюцца, не пазнаючы цябе...
Гарачыя вусны, гарачае дыханьне, гарачае цела... Гарачыя зоркі, гарачая трава, гарачая ноч... Такая кароткая летняя ноч. Запалаў усход, пазначыліся на ім цені хмарак, даўно сьпяваюць пеўні: гучна-гучна... Сонца пасьпела аббегчы зямлю і да нас вярнулася. Хоць бы ты яшчэ на трошкі затрымалася... Але – час разьвітвацца, час ісьці дамоў. Нацалаваныя вусны – гараць. Абадок чырвоны вакол іх – палае. У Іркі, пэўна ж, і ў яго. Сарамлівае “бывай”, “да вечара”...