ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд, выкліканы гэтым станам.

Рабіць (зрабіць) добрую міну пры дрэннай гульні. Паўкалька з франц. м. (faire bonne mine `a mauvais jeu). Старацца схаваць за знешнім спакоем ці весялосцю сваё незадавальненне, непрыемнасці. Гітлераўцы, як відаць было з нямецкіх газет, што траплялі ў нашы рукі, усё яшчэ рабілі добрую міну пры дрэннай гульні (Я.Міско. Было яно калісьці).

Узнік y асяроддзі карцёжнікаў. Першапачаткова выразам характарызавалі паводзіны гульца, які, маючы на руках дрэнныя карты, стараўся быць вясёлым, каб не выдаць сябе.

Рабіць (зрабіць) з белага чорнае (белае чорным). Калька з лац. м. (candida de nigris vertere). Падаваць што-н. y іншым выглядзе, беспадстаўна перайначваць. Чаго толькі не зложаць? 3 белага могуць зрабіць чорнае (С. Баранавых. Межы).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

Рабіць (зрабіць) з камара каня. Уласна бел. Беспадстаўна перабольшваць што-н., надаваць чаму-н. нязначнаму вялікае значэнне. Іхто цягнуў мяне за язык? A цяпер людзі з камара зрабілі каня, a бацькам перажывай за «вучанага», але неразумнага сына (В. Шырко. O, sancta simplicitas).

Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма рабіць (зрабіць) з мухі слана (гл.), прычым склаўся не пад пяром якога-небудзь аўтара, a непасрэдна ў жывой народнай мове. Яго занатаваў М. Федароўскі: з камара зрабілі каня.

Рабіць (зрабіць) пагоду <у чым, дзе>. Недакладная калька з франц. м. (faire la pluie et le beau temps, літаральна «рабіць дождж i добрую пагоду»). Мець рашаючае значэнне, выконваць самую істотную ролю ў чым-н. Апранаючыся ісці дадому, Ігнатовіч падумаў: «Пагоду ў класе робяць хлопчыкі» (Я. Ермаловіч. Зазімак).

Узнікненне фразеалагізма звязана з дзейнасцю астролагаў, якіх трымалі пры французскім каралеўскім двары, бо яны нібыта маглі не толькі прадказваць пагоду, але і ўплываць на яе.

Радзімая пляма чаго. Недакладная калька з ням. м. (Muttermal, літаральна «матчына пляма»). Недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго-н. Абарчук бачыў ліслівасць, вераломства, пакору; жорсткасць. Ён называў гэтыя рысы радзімымі плямамі капіталізму (Звязда. 19.12.1987).

Выраз з «Крытыкі Гоцкай праграмы» (1891) К. Маркса, які, гаворачы пра сацыялізм, сцвярджае, што ён «захоўвае яшчэ радзімыя плямы старога грамадства, з нетраў якога ён выйшаў».

Рад не рад. Агульны для ўсходнесл. м. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. Івыходзіць — рад не рад — папраўляйся, Якаў, брат! (К. Крапіва. Біблія).

Відаць, утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам воляй-няволяй, які з’яўляецца калькай з лац. м. (volens nolens).

Радыё АБС. Агульны для ўсходнесл. м. Пагалоска, няпэўныя пачутыя звесткі. Аўтар звальвае з хворай галавы на здаровую. Часам крыніца сцвярджэнняў для яго — радыё АБС (адна баба сказала) (Каша слова. 27.10.2000).

Выраз каламбурнага паходжання, заснаваны «на ўнутраным кантрасце, этымалагічнай неадпаведнасці» (В.У.Вінаградаў). Узнік па аналогіі, напрыклад, з такім спалучэннем, як радыё Бі-Бі-Сі.

Разарвацца на часткі. Гл. разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі).

Разбіраць па костачках каго. Гл. перабіраць (перабраць; разбіраць, разабраць) па костачках каго.

Разбітае карыта. Агульны для ўсходнесл. м. Няспраўджаныя надзеі ў сувязі са стратай ранейшага набытку. [Кусонскі:] Урад даўно трэба было б сфарміраваць толькі з ваенных. Каб так зрабілі ў свой час — мы сёння не бедавалі б над разбітым карытам (К. Губарэвіч. Галоўная стаўка).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад прыслоўнага выразу ля разбітага карыта (гл.) ‘без нічога, страціўшы ўвесь ранейшы набытак (заставацца, апынуцца, сядзець)’, які з’яўляецца паўкалькай з руск. м. (у разбитого корыта) і сваім паходжаннем звязаны з «Казкай пра рыбака і рыбку» А. С. Пушкіна.

Разбіць лёд <чаго, паміж кім>. Агульны для ўсходнесл. і польск. (skruszy'c 1ody) м. Ліквідаваць нацягнутасць у адносінах паміж кім-н. Таццяна не стрымала ўсмешку, і гэта разбіла лёд сур’ёзнасці. Жэнька пад’ехаў да яе і працягнуў руку (І.Шамякін. Глыбокая плынь).

Дзеяслоўны выраз, утвораны на аснове суадноснага з ім фразеалагізма, структурна арганізаванага як двухсастаўны сказ і скалькаванага з франц. м. — лёд разбіты (гл.).

Разбойнікі пяра. Запазыч. з руск. м. Прадажныя, беспрынцыповыя рэакцыйныя пісакі. Адвакат па сваёй адукацыі, містэр Ніксан не пнуўся павучаць разбойнікаў пяра, як высмоктваць з пальца сенсацыю ў кожны нумар газеты (Вожык. 1986. № 13).

Выраз належыць рэакцыйнаму пісьменніку Б. М. Маркевічу, які ўжыў яго ў 70-х гг. XIX ст. y «Московских ведомостях» у адрас некаторых прагрэсіўных журналістаў. Пасля прадстаўнікі перадавога друку пераадрасавалі гэты выраз журналістам рэакцыйнай прэсы.

Разведка боем. Агульны для ўсходнесл. м. Спроба высветліць што-н. y выніку непасрэднага дзеяння. Раманіст вядзе настойлівую, глыбокую, вельмі працаёмкую «разведку боем», імкнецца паказаць новае ў побыце, адносінах, чалавечых лёсах (У. Гніламёдаў. Шырокі фронт пошукаў).

Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім y маўленні ваенных называюць здабыванне звестак аб праціўніку шляхам вядзення бою.

Разводзіць (развесці) антымоніі. Агульны для ўсходнесл. м. Весці пустыя, непатрэбныя размовы. Пішы. Чаго там разводзіць антымоніі! (І.Шамякін. Трывожнае шчасце).

Поделиться с друзьями: