ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Птушынае малако. Калька з грэч. м. (gala omithon, літаральна «малако птушынае»). Ужыв. са значэннямі ‘птушкамлечнік’, ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра ежу)’ і ‘вельмі смачны торт, a таксама цукеркі асобнага гатунку’.

Гл. ілюстрацыі да гэтых значэнняў і гістарычна-этымалагічную даведку пра фразеалагізм на с. 13–15.

Пудзіла агароднае. Уласна бел. Непрыгожа адзеты ці пусты, варты смеху чалавек. — Дурніца! Пудзіла агароднае! Што нарабіла?! — з кулакамі кінуўся Анатоль да Пігулеўскай, але тут жа ачомаўся, выскачыў за дзверы (А. Кандрусевіч. Кругі на Белай паляне).

Утвораны праз супастаўленне чалавека з пудзілам, якое выстаўляецца ў агародзе для адпуджвання птушак.

Пужаная варона. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пуганая ворона, укр. лякана ворона). Залішне асцярожны чалавек, які з-за перажытых выпрабаванняў баіцца нават таго, што не пагражае яму небяспекай. — Хто Васіля пабіў, га, Шылькевіч? — Нея… — Дарэмна білі. Васіль нічога не ведаў. Тут вам верхавод, хаця і папаў па галаве, моцна прамахнуўся. — Пужаная варона… (У. Шыцік. Ускосныя доказы).

Паходзіць з прыказкі Пужаная варона куста баіцца.

Пуп зямлі. Калька з грэч. м. Самы важны, самы галоўны; лепшы за ўсіх. Нічога — гэта не самае лепшае, безумоўна, аднак лепш, чым задзіраць нос і думаць, што ты пуп зямлі (І.Шамякін. Крыніцы).

Мяркуюць, што ў грэч. м. выраз трапіў з талмуда. Паводле старажытнаяўрэйскіх рэлігійных уяўленняў, пуп, або цэнтр, зямлі ў Іерусаліме, y алтары храма; адсюль Бог, кінуўшы ў мора камень, пачаў стварэнне свету. Такое ўяўленне пра святое месца, пуп зямлі, знаходзім і ў некаторых старажытнарускіх літаратурных помніках («Хождение в Иерусалим игумена Даниила»).

Пусканне пылу ў вочы. Агульны для ўсходнесл. м. Стварэнне падманлівага ўражання пра сябе з выхвальваннем і паказам чаго-н. Падобныя нараканні, апрача непатрэбнай мітусні і пускання пылу ў вочы, ніякай рэальнай карысці не маюць і ўвогуле з 'яўляюцца справай марнай і пустой (Я. Лецка. Згода…).

Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пыл пускаць у вочы (гл.), мае катэгарылльнае значэнне прадметнасці і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Пускаць (пусціць) пробны шар. Калька з франц. м. (envoyer un ballon d’essai). Разведваць, высвятляць што-н., ужываючы якія-н. прыёмы, хітрыкі. — Ну як?.. —Ды паступова разгортваецца клубок, — невядома з якой прычыны пусціў я пробны шap. — Але да канца ўсё яшчэ далёка (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў аэрастатыцы. Шар, напоўнены газам, лягчэйшым за паветра, пускаюць для выпрабавання ўмоў палёту.

Пускаць пыл у вочы каму. Гл. пыл пускаць у вочы каму.

Пустая малатарня. Уласна бел. Чалавек, які займаецца не справай, a пустымі размовамі; балбатун, пустаслоў. Гэта ж у нас з масавіком-забаўнікам як было?.. Пустая малатарня. Толькі і клёку, што язык па-за вушшу ходзіць (А. Петрашкевіч. Трывога).

Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з пустой малатаркяй, якая, калі яе барабан не запоўнены сцёбламі збажыны, пачынае прарэзліва гусці.

Пусціць чырвонага пеўня <каму, куды, дзе>. Агульны для ўсходнесл. (руск. пустить красного петуха, укр. пустити червоного півня) і польск. (pu'sci'c czerwonego koguta) м. Вобраз чырвонага пеўня лёг у аснову адпаведнага выразу ў чэшск. (posadit cerveneho kohouta na strechu), y ням. (den roten Hahn aufs Dach setzen) мовах. Выраз абазначае ‘зламысна падпаліць што-н.’ У жніўні сорак другога мы зрабілі нядоўгі рэйд за Дняпро. Мелі мэту — сарваць акупантам хлебанарыхтоўкі, пусціць чырвонага пеўня на іх склады (І.Шамякін. Снежныя зімы).

Узнікненне фразеалагізма звязваецца з тым, што ў славян сімвалам бога агню быў певень. Быў і звычай ахвяравання пеўня, каб залагодзіць, зрабіць літасцівым бога агню.

Пуцёўка ў жыццё. Паўкалька з руск. м. (путевка в жизнь). Ужыв. са значэннямі: 1) падтрымка на пачатку якой-н. дзейнасці, 2) веды, навыкі і пад. як магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю, 3) права на прыгоднасць да выкарыстання. Дапамагчы выпускнікам школы знайсці сваё месца ў жыцці закліканы педагагічныя калектывы, органы народнай асветы… (Настаўн. газ. 5.06.1976). Плоткінай я даў пуцёўку ў жыццё. Трэці разрад мае (В. Мыслівец. Задняпроўцы). Калі такое слова дасць новую фарбу, новае сэнсавае адценне, дык яму можна даць пуцёўку ў жыццё (К. Крапіва. Аб некаторых пытаннях беларускай мовы).

Гэта фразеалагізаваны крылаты выраз, ідзе ад аднайменнай назвы першага савецкага гукавога фільма (1931, сцэнарый М. Эка і А. Столпера). У фільме паказваецца шлях былых беспрытульнікаў да працоўнай камуны, да карыснай дзейнасці. Усе значэнні гэтага полісемантычнага фразеалагізма так ці іначай звязаны з першапачатковым ‘паваротны момант у жыцці, які дае права на карысную дзейнасць’.

Пуцяводная зорка. Фразеалагізм з такой жа вобразнасцю ёсць амаль ва ўсіх славянскіх мовах (параўн. y ням. м.: складаны назоўнік Leitstern — пуцяводная зорка). Першае значэнне фразеалагізма — ‘тое, што накіроўвае чыё-н. жыццё, дзейнасць’. Памяць роднай зямлі стала пуцяводнай зоркай у жыцці і Ягора Захаравіча (Полымя. 1983. № 3). У фразеалагізме развілося і другое значэнне — ‘чалавек, які вызначае чыё-н. жыццё, дзейнасць’: У жыцці ты будзь мне зоркай пуцяводнай (Я. Журба. Маё жаданне).

Склаўся на аснове евангельскай легенды. Паводле аднаго з хрысціянскіх міфаў, вешчуны, убачыўшы на небе зорку, якая была знакам таго, што нарадзіўся Ісус, пайшлі шукаць яго. «I зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, нарэшце прыйшла і спынілася над месцам, дзе было дзіця».

Пушку(-і) заліваць каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, пускаць пагалоскі. Згубы-ы захацелі… Нішчыце народ… A нам пушку заліваеце-э… (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Утварыўся, відаць, y выніку кантамінацыі рускага выразу лить пушку і дзеяслова заліваць y значэнні ‘хлусіць, ілгаць’. Гісторыя выразу ліць пушку такая ж, як і ў фразеалагізма заліваць кулі (гл.). Іншая магчымая трактоўка: выраз, як мяркуе В. М. Макіенка, мог утварыцца шляхам нарашчэння слова пушка да дзеяслова заліваць (ліць) ‘ілгаць’ пры адначасовай рэалізацыі і значэння ‘рабіць што-н. з расплаўленага рэчыва’.

Поделиться с друзьями: