ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Зыходнай формай выразу варта лічыць канструкцыю з параўнальным злучнікам як: як рукой падаць (да чаго). Зрэдку выраз і сёння ўжываецца ў поўнай, нескарочанай форме: «Ад Рыгі як рукой падаць узмор’е» (Ц. Гартны); «За гэтым мастком сама Галынаўка як рукой падаць» (А. Якімовіч); «Як рукой падаць мая радзіма, — лес, лугі, вада» (М. Пракаповіч); «Як падаць рукою цяпер да вечнасці яму» (А. Каско); «Вунь ужо і родная Турбінка — як рукой падаць…» (А. Бароўскі). Ва ўкр. м. аналагам гэтага фразеалагізма выступае дістати рукою. I яго зыходная форма — параўнальны зварот, які сустракаецца і ў бел. м.: «Як рукой дастаць тапырылі голле алешыны» (В. Быкаў), «Да іх — як рукою дастаць» (Ф. Янкоўскі). Параўн. y М. Федароўскага (с. 31): «Блізка, хоць рукою дастаць». У фразеалагізме як рукой падаць, як і ў некаторых іншых, узніклых з параўнальнага звароту, злучнік як адпаў, рэдукаваўся, бо зварот пачаў займаць слабую, непрыдзеяслоўную пазіцыю.

Рукой пайсці. Уласна бел. Добра весціся, гадавацца (пра жывёлу, птушку, пчол). Не купляй ад аканома скацінкі,—рукой не пойдзе, на крадзеным, баш, аўсе ўскормлена (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты).

Паходзіць з даўняга павер’я пра добрую, «лёгкую» руку: купленае з такой рукі будзе добра пладзіцца, весціся. А. Я. Багдановіч y этнаграфічным нарысе «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895) піша: «Калі прадаеш каня ці карову, наогул што-небудзь жывое, і жадаеш, каб „пайшло рукой“, то не трэба перадаваць іх новаму гаспадару голымі рукамі: не будзе пладзіцца. У такім разе „б’юць па руках“ і перадаюць купленае „касматай рукой“, г. зн. захінуўшы руку крысом адзення». Параўн. прыказку, y якой ускосна выказаны негатыўныя адносіны да названага павер’я: Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою.

Рылыца ў пушку ў каго. Запазыч. з руск. м. Хтосьці мае дачыненне да чаго-н. нядобрага, заганнага. Думалася, што ў мясістага дырэктара рыльца ў пушку, дык ён і паддобрываецца, як можа (Р. Сабаленка. Дырэктарава бакоўка).

Аўтар крылатага выразу — І.А. Крылоў. У яго байцы «Лісіца і Сурок» выраз выкарыстаны двойчы. Першы раз — з прамым значэннем слоў. Лісіца была «суддзёй над курамі», яе асудзілі за хабар на высылку, і яна скардзіцца Сурку (пераклад К. Крапівы):

«Мне хабар браць? Ці ж я, кумок, рашуся? Ці ж ты б сказаў, я на цябе спашлюся, Што вінавата я y гэтым хоць крыху? I ў галаву табе не прыйдзе гэта думка!» — «Ох, часцяком я бачыў, кумка, Што рыльца у цябе ў пуху».

У маралі байкі аўтар зноў вяртаецца да гэтага выразу, ужываючы яго пераносна ў дачыненні да тых, хто «паціху ды патрошку то дом збудуе, то купіць сабе вёску».

Хаця ў судзе і не дакажаш, Ды як жа не сагрэшыш і не скажаш, Што рыльца у яго ў пушку.

Рыхтык у рыхтык падобны. Уласна бел. Вельмі моцна, абсалютна. Адразу ж ззаяе плячэй выйшлі два сыны, абодва трактарысты і падобныя, як кажуць, рыхтык у рыхтык адзін да аднаго (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).

Выраз пэўным чынам сэнсава таўталагічны з прыметнікам падобны, бо, як пазначана ў ТСБМ (т. 4, с. 741), рыхтык y сваім 2-м значэнні — гэта «выліты, падобны на каго-н.’». Магчыма, склаўся пад уплывам і на ўзор сінанімічнага з ім фразеалагізма кропкаў кропку (кропля ў кроплю).

Рыцар без страху і дакору. Калька з франц. м. (le chevalier sans peur et sans reproche). Смелы, велікадушны чалавек. Дастойны, скажу вам, быў служкаТакімі людзьмі род багацее… Але… прапаў, як рыцар без страху і дакору (В. Быкаў. Кар’ер).

Спачатку ў Францыі гэтым выразам называлі канкрэтных гістарычных асоб: мужнага рыцара П’ера дзю Тэрайля Баярда(1476–1524) і яго сучасніка, выдатнага палкаводца Луі Трэмуйля (1460–1525). Пра першага з іх расказваецца ў кнізе «Найпрыемная, забаўная гісторыя, напісаная сумленным слугой пра падзеі і ўчынкі, поспехі і подзвігі добрага рыцара без страху і дакору, славутага сеньёра Баярда…» (1527). Пасля выраз фразеалагізаваўся і стаў выкарыстоўвацца для характарыстыкі любога чалавека высокіх маральных якасцей.

Рыцар журботнага вобраза. Калька з іспан. м. (ei Caballero de la Triste Figura). Наіўны, бясплённы летуценнік. — Чытаеце думкі на адлегласці? — засмяялася дзяўчына. — Тады прачытайце!.. — Тадывам… адзін рыцар журботнага вобраза прапанаваў руку і сэрца… — Не-е… (В. Блакіт. Вяселле ў Беражках).

Выраз з рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615). Так аднойчы называе пабітага, пацярпелага, упрыгожанага сінякамі Дон Кіхота яго збраяносец Санча Панса.

Рыцар на час. Запазыч. з руск. м. Слабавольны чалавек, няздольны да працяглай барацьбы дзеля высакародных мэт. Я пачаў патрабаваць сабе тое, што, па сутнасці, мне не належала. Вось і атрымаўся з мяне рыцар на час, герой міжволі, які вельмі хутка пацярпеў крах (А. Кобец-Філімонава. Агні за перавалам).

Выраз з аднайменнага верша (1863) М. А. Някрасава. Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам каліф на час (гл.).

Рыцар ночы. Уласна бел. Злосны вораг прагрэсу; цемрашал. На нас узнімаюцца рыцары ночы, іх сочаць у цьме нашы зоркія вочы (К. Крапіва. Ворану вышай арла не лятаць).

Выраз з абразка З. Бядулі «Прытуліся ка мне» (1913), ужыты ў такім кантэксце: «А мо і праўда, што ў розных там замчышчах крыштальных ваююць паміж сабой рыцары дня з рыцарамі ночы?» 3 экспрэсіўна-стылістычнага боку гэта кніжны выраз і выкарыстоўваецца ў творах на грамадска-палітычныя тэмы: «Апошнія здзірае з плеч старых кашулі распасвены, вясёлы рыцар цёмнай ночы» (Я. Купала); «Рыцары ночы са скуры вылузваліся, каб нацягнуць на сябе скуру авечак» (І.Сіманоўскі).

Рэжа (рэзала) вочы <каму, чые, чым>. Агульны для ўсходнесл. м. Рэзка выдзяляцца, выклікаючы да сябе адмоўныя адносіны. У паветры стаяла барва і рэзала вочы святло (М. Лобан. На парозе будучыні).

У фразеалагізме праз кампанент рэжа перадаецца не толькі зрокавае адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вачэй.

Рэжа (рэзала) вушы. Агульны для ўсходнесл. м. Непрыемна раздражняе слых. Уразіла слова «з’ёмныя», уразіла ненатуральнасцю. Вушы рэжа яно, бо штучнае, робленае (В. Рабкевіч. Шукаю слова).

У фразеалагізме праз дзеяслоўны кампанент перадаецца не толькі слыхавое адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вушэй.

Рэч у сабе. Калька з ням. м. (das Dingansich). Хтосьці загадкавы ці штосьці загадкавае, сапраўдная сутнасць каго- ці чаго-н. не раскрытая, не зразумелая. Дзякуй табе, maтa, што ты быў тады поруч са мною. Каб ты ведаў, як я шкадую, што не паспеў дасягнуць таго веку, калі мая і твая душы маглі б ператварыцца ў злучаныя між сабою ёмістасці: ты так і застаўся для мяне рэччу ў сабе (У. Арлоў. Мой радавод да пятага калена…).

Поделиться с друзьями: