Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Узнік з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Ліпавае лыка выкарыстоўвалася ў гаспадарцы: з яго плялі лапці, рабілі посуд. Лыка з ліпы вельмі чыста і гладка абдзіралася.
Як лунь сівы, белы. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім (сівы). Гасцей сустракае начальнік штаба злучэння Багун, маленькі, мітуслівы, увесь як лунь сівы (І.Навуменка. Асеннія мелодыі).
Узнік з параўнальнага звароту. Лунь — драпежная птушка з шаравата-белым апярэннем. У палявога дарослага луня пер’е зверху светла-шэрае, a знізу белае.
Як мага. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі хутка, імкліва (бегчы, спяшацца, уцякаць і пад.)’, ‘у найвышэйшай ступені (рабіць што-н.)’ і ‘наколькі магчыма, па магчымасці (хутчэй, больш, менш, далей і пад.)’. Маленькі нядошлы конік, прыціснуўшы вушы і цягнучы за сабою ўчарнелы сноп, ад удараў гарапніка як мага ўцякаў y сасоннік (М. Лобан. На парозе будучыні). Стараліся ўвесь мінулы месяц як мага (К. Чорны. Броня Казакевіч). Трэба было навучыцца як мага болей пратрымацца пад вадой (Я. Маўр. Слёзы Тубі).
Кампанент мага, неўжывальны па-за межамі гэтага фразеалагізма, з’яўляецца ўтварэннем ад дзеяслова магчы. Гэта — перажыткавая форма кароткага дзеепрыметніка незалежнага стану цяперашняга часу ў назоўным скл. мужч. р. адз. л.
Як Мамай прайшоў дзе. Паўкалька з руск. м. (как Мамай прошел), Дзе-н. поўны беспарадак, неразбярыха. A na хаце як Мамай прайшоў Усё раскідана, усё не на сваім месцы, брудныя лужыны вады на падлозе, гразныя вёдры, венікі, палавікі (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).
Утвораны з параўнальнага звароту, звязанага з гістарычнай падзеяй — апусташальным нашэсцем на Русь y XIV ст. татар пад кіраўніцтвам хана Мамая.
Як манны нябеснай. Агульны для ўсходнесл., польск. і чэшск. м. Ужыв. пры дзеяслове чакаць і абазначае ‘з нецярпеннем’. Ураджай — справа такая: яго трэба зрабіць. Ён не прыходзіць да тых, хто яго чакае склаўшы рукі, як манны нябеснае (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Склаўся на базе біблейскага аповеду (Ісход, 16,14–16,31): «Сыны Ізраілевы елі манну 40 гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю запаветную»; манну, калі іудзеі ішлі пустыняй, кожную раніцу нібыта пасылаў з неба Бог.
Як Марка па пекле. Агульны для бел. і ўкр. м. Бесперастанку (рухацца, блукаць, часам без толку). A што ж вы, разумныя?.. Таўпехаецеся як Марка па пекле… і больш нічога (Я. Купала. Раскіданае гняздо).
Выраз склаўся на аснове легенды пра Марку Пякельнага (занатавана ў 2-м томе «Матэрыялаў…» П. В. Шэйна; 1893). У ёй расказваецца, як сялянскі хлопец Марка многа дзён едзе па пекле на кані і ўвесь час са шкадаваннем і болем назірае, якія розныя пакуты церпяць грэшнікі, але нічым не можа ім дапамагчы.
Як Марку па пекле ганяць. Агульны для бел. і ўкр. м. З аднаго месца ў другое, y розных напрамках. Праца ў газеце ганяла як Maрку па пекле з калгаса ў калгас, з раёна ў раён… Для творчасці сапраўднай, якой Антон лічыў мастацкую літаратуру, — аставаліся выхадныя дні ды ночы (Б. Сачанка. Дарога ў Хатынь).
Склаўся (як і выраз як Марка па пекле хадзіць, блукаць, сноўдацца і пад.) на аснове той самай легенды пра Марку Пякельнага, які на працягу многіх дзён мусіў ездзіць па пекле ў розных напрамках з аднаго месца ў другое.
Як мыла з’еў (з’еўшы). Агульны для бел. і ўкр. (як мила з’ів) м. З незадаволеным, кіслым выглядам, y дрэнным настроі. Гаспадыня бразнула дзвярамі, a Журавінка з двара пайшоў як мыла з’еўшы (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Спроба І.І.Насовіча вытлумачыць паходжанне фразеалагізма сувяззю паміж словамі мыла і абмыліцца, памыліцца наўрад ці пераканальная. У параўнальным звароце, які стаў фразеалагізмам, мелася на ўвазе, відаць, не мыла, a мыльная трава (параўн. y рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі»: «— Тады як хочаце, — разгублена паціснуў плячамі Раман Сёмачкін і, нібыта наеўшыся якой мыльнай травы, падаўся да Рахіма)». Мыла — народная назва некаторых раслін; напрыклад, мыльнік (Saponaria) называюць мылам, сабачым мылам, увярэднік (Pedicularis) — мылам, зязюльчыным мылам. Калі карова з’есць такога мыла, то, як засведчана ў даведніках па ветэрынарыі, становіцца вялая, прыгнечаная: яно дзейнічае на розныя органы, на цэнтральную нервовую сістэму. Выток фразеалагізма — падабенства з’яў.
Як на <гарачым> вуголлі. Відаць, калька з франц. м. (sur des charbons andents). У стане крайняга хвалявання, непакою, трывогі і пад. (сядзець, стаяць і інш.). Увесь апошні дзень Сцяпан правёў як на гарачым вуголлі і, можа, дарэмна не ўстрымаўся, даў волю нервам (В. Карамазаў. Бярозавыя венікі).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання.
Як на дзяды. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) выдатна, уволю (наесціся, пад’есці), 2) чаго, вельмі многа (пра яду). [Скіба: ] Ну як, таварыш Бадыль, накармілі вас? [Дзед Бадыль: ] Дзякую. Наеўся як на дзяды (К. Крапіва. Партызаны). Хоць любіў Сцёпка, каб яды было як на дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю (Ядвігін Ш. Зарабіў).
Дзяды — старадаўняе памінанне нябожчыкаў, a таксама дзень, калі адбываўся гэты абрад. На дзяды гатавалася сем — дзесяць страў (куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса і інш.). Пасля малення гаспадар выходзіў з хаты і заклікаў на вячэру «дзядоў»-нябожчыкаў. Сям’я ела з перапынкамі, кладучы час ад часу лыжкі на стол, каб імі сімвалічна маглі пакарыстацца «дзяды». На іх долю яшчэ адлівалі і адкладвалі ад кожнай стравы ў асобны посуд. Пасля вячэры не прыбіралі са стала: пакідалі нібыта для нябожчыкаў. Як на дзяды — водгалас памінальнага абраду.
Як на дражджах расці Агульны амаль для ўсіх слав. м. Вельмі хутка і добра. — Павел Іванавіч, проса на Топалі не праполана. A проса добрае. — Усё расце як на дражджах, a людзей не хапае (І.Шамякін. Крыніцы).
Выраз успрымаецца як матываваны — праз супастаўленне з уздзеяннем дражджэй пры пячэнні хлебных вырабаў, прыгатаванні піва і г.д.
Як на духу. Агульны для ўсходнесл. м. Шчыра, не ўтойваючы. Урэшце, калі гаварыць як на духу, то мала хто з разумных людзей верыў y тое, што пісалі апошні раз пра яе… (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).