ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Склаўся на аснове фразеалагізма як перст з заменай устарэлага слова-кампанента перст (гл. як перст).

Як папа Карла рабіць, працаваць. Паўкалька з руск. м. (как папа Карла). Напружана, высільваючыся. У кожнага свой лёс. Я ў свой час рабіў як nana Карла… Цяпер бачу, што многія мае равеснікі паспіваліся, а я хоць чагосьці, але дасягнуў y гэтым жыцці (М. Рандзюк. Хоць чагосьці дасягнуў…).

Склаўся пад уплывам аповесці-казкі А. Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» (1935) і тэлевізійнага фільма па гэтай аповесці.

Адзін (адна, адно) як перст. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как перст, укр. як перст). Ужыв. са значэннямі ‘зусім (адзін), без сям’і’ і ‘у поўнай адзіноце’. Як перст ён [Мікіта] адзін, небарака… (Я. Колас. Суд у лесе). Зараз зіма, холадна, яна адна ў пустой няпаленай кватэры. Адна як перст (А. Наварыч. Месячнай ноччу).

Узнік з параўнальнага звароту, дзе перст—устарэлая назва вялікага пальца рукі, які стаіць асабняком ад іншых чатырох пальцаў адкрытай далоні, што і стала асновай параўнання.

Як піліп з канапель. Запазыч. з польск. м. (jak filip z konopi). Зусім нечакана, знянацку, раптоўна (выскачыць, з’явіцца). [Язва: ] Прашу слова для нечарговай заявы. [Галасы: ] Як гэта бястактна! — Хто ён такі? — Выскачыў як піліп з канапель (К. Крапіва. Мілы чалавек).

Часам узнікненне фразеалагізма звязваюць, услед за П. Шпілеўскім, з легендай: аднойчы на сейміку магната Радзівіла нечакана і недарзчна выказаўся шляхціц Піліп з Канапель (так называўся засценак на Чэрвеньшчыне) і быў востра абсмеяны. Больш пераканальным варта лічыць наступнае меркаванне. У польск. м. слова filip і сёння — другая, народная назва зайца. Выраз склаўся ў асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль. Забыццё першапачатковай вобразнасці прывяло да пераасэнсавання слова піліп, якое нярэдка ўспрымаецца як уласнае імя і беспадстаўна пішацца з вялікай літары. I ў ТСБМ (т. 2, с. 616) чытаем: як Піліп з канапель. Узнікшы як параўнальны зварот, выраз ужываецда з абавязковым прыфразеалагічным словам выскачыць, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: ‘выбегчы’ і ‘недарэчна ўмяшацца ў што-н.’.

Як піць даць. Паўкалька з руск. м. (как пить дать). Абавязкова, бясспрэчна. Звядуць яго з пуці. Гэта ўжо як піць даць (К. Крапіва. З народам).

У некаторых працах гэты выраз кваліфікуецца як агульны для ўсходнесл. м. Аднак больш лагічна лічыць яго рускім паводле паходжання. Застылы ў інфінітыўнай форме кампанент даць раней спрагаўся, дапасоўваючыся да суб’екта дзеяння (они как пить дадут, он как пить даст і г.д.). Як адзначаецца ў літаратуры, сучаснае значэнне і форма звароту как пить дать склаліся ўжо к сярэдзіне XIX ст. Можна пагадзіцца з мерканваннем М.С. і М. Г. Ашукіных, што першаснае значэнне звароту было «как дать пить яд, действие которого несомненно». У пацвярджэнне аўтары даюць прыклады з мастацкіх тэкстаў, апублікаваных y 1830-х гадах.

Спаць як пшаніцу (пяньку) прадаўшы. Уласна бел. Вельмі моцна. — A Колік яшчэ спіць, — гаварыў Лапінка, — як пшаніцу прадаушы, ні аб чым галава не баліць… (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Абагульнена-вобразнае значэнне фразеалагізма не вынікае непасрэдна з параўнання як пшаніцу прадаўшы, калі не мець на ўвазе і падтэкст — намёк на барыш пасля продажу пшаніцы. У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча выраз пададзены ў форме як пяньку прадаўшы з такім тлумачэннем: «Кажуць пра таго, хто моцна спіць, як бы, прадаўшы пяньку, выпіў на барышах». У сучаснай літаратурнай мове гэты фразеалагізм рэалізуецца з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: як пшаніцу (пяньку, проса, муку, лыка) прадаўшы. Відаць, напачатку ў якой-н. мясцовасці склаўся адзін з гэтых варыянтаў. Перанёсшыся ў іншую мясцовасць, дзе пашыраным прадметам гандлю была не пшаніца ці пянька, a мука, лыка, проса, фразеалагізм адпаведным чынам пераафармляўся. Так паступова развіваўся варыянтны рад.

Патрэбна як пятае кола ў возе. Агульны для бел., укр. (як п’яте колесо до воза (у возі) іпольск. (jak piate kolo u wozu) м, Зусім не, ніколькі не (патрэбны хто-н. ці што-н. каму-н.). Іх бацюшка будзе вянчаць, a не ты, малеча! Патрэбны ты там як пятае кола ў возе! (Л. Ялоўчык. Вясельныя сустрэчы).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на сумяшчэнні несумяшчальных паняццяў (воз і пятае кола ў ім). Гэты акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм, кампаратыўны па форме, склаўся пад уплывам назоўнікавага выразу, аналагічнага па кампанентным складзе, але без кампанента-злучніка «як». Такі фразеалагізм са значэннем ‘лішні, непатрэбны чалавек’ бытуе ў шмат якіх мовах: ням. das f"unfte Rad am Wagen (літаральна «пятае кола ў возе»), франц.. une cinqui`eme roue d’un carrosse (літаральна «пятае кола ў карзце»), руск. пятое колесо в телеге, чэшск. p'ate kolo u vozu i інш.

Як рукой зняло што. Відаць, калька з франц. м. (pter le mal comme avec la main, літаральна «зняць зло як рукой»). Што-н. зусім знікла, прапала, прайшло (пра хваробу, сон, пачуцці, перажыванні). Той узнёслы настрой, з якім Міця ляцеў да даўняга сябра, як рукой зняло (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).

Хутчэй за ўсё, з’яўленне выразу мае сувязь з лячэннем хворага шаптунамі, знахарамі, якія праводзілі па балючым месцы рукой.

Патрэбны, трэба як рыбе парасон. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Думаеш, патрэбен ты ёй? Думаеш, пойдзе яна за цябе? Як рыбе парасон ты ёй патрэбен! (У. Мехаў. Важны сваяк).

Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, y аснове якога нерэальны вобраз, пабудаваны на спалучэнні прадметна-лагічна неспалучальных слоў.

Як сабак нярэзаных каго. Паўкалька з руск. м. (как собак нерезаных). Вельмі многа. Я чуў, што калісьці і ў нашай вёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных (І.Сяркоў. Мы з Санькам у тыле ворага).

У руск. м., як засведчана У.І.Далем, быў назоўнік нерезь са значэннем ‘некастрыраваны кныр, самец свойскай свінні’ (параўн. беларускае, блізкае гучаннем кнораз). Лёгка зразумець каламбурны характар фразеалагізма як сабак нярэзаных, калі мець на ўвазе, што ў ім прыметнік нярэзаны, утвораны ад названага назоўніка, спалучаецца са словам сабака (сабак ніхто не пакладае, не лягчае). Першапачатковае значэнне выразу — ‘як сабак на сабачым вяселлі’.

Патрэбны, трэба як сабаку пятая нага. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Сідар адклаў лыжку і засмучана паглядзеў y акно. — Трэба мне гэтая служба як сабаку пятая нага (І.Навуменка. Сідар і Гараська).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на спалучэнні слоў, якія прадметна-лагічна не спалучаюцца.

Глядзець, берагчы і пад. як <сваё> вока. Агульны для бел. і ўкр. м. Вельмі старанна, клапатліва. Хто яго ведае, ці пабачымся больш. Беражы Сяргейку як сваё вока (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).

Узнік, відаць, пад уплывам сэнсава тоескага фразеалагізма як зрэнку вока (гл.) — паўкалькі з царк. — слав. м.

Як свет светам. Агульны для бел., укр. (як світ світом) і польск. (jak 'swiat 'swiatem) м. Ужыв. са значэннямі ‘заўсёды, спрадвечна, усё жыццё’ і ‘ніколі’. Ні я, ні ён, ніхто не можа ведаць, што заўтра можа быць. Гэта як свет светам, гэта заўсёды так, і ніхто гэтага не перайначыў (К. Чорны. Зямля). Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара… (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).

Поделиться с друзьями: